Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуск Шклоўскага заводу газэтнай паперы сарваны


Учора на Шклоўскім заводзе газэтнай паперы меліся запусьціць папераробную машыну і атрымаць першую прадукцыю. Таго, аднак, не адбылося.


Афіцыйных камэнтароў адносна праблем, якія не дазволілі запусьціць абсталяваньне, пакуль няма. Ва ўпраўленьні ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму паведамілі, што завод пачне працаваць 30 сьнежня. Пра праблемы на заводзе ва ўпраўленьні ня чулі.
Высьветліць у кіраўніцтва, што адбываецца на заводзе, не ўдалося. На тэлефанаваньні ніхто не адказваў.
Пры канцы кастрычніка, калі завод наведваў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, яму абяцалі, што прадпрыемства запрацуе 20 сьнежня.
З публікацыяў у афіцыйных газэтах вядома, што зрыў запуску завода адбыўся нібыта праз тэхнічныя хібы.
Тым часам работнікі прадпрыемства кажуць, што набытае італьянскае абсталяваньне не адпавядае беларускай сыравіне, бо працуе на яловых піламатэрыялах. Да канца году прадпрыемства не запрацуе, перакананыя на заводзе.
“Ад пачатку паставілі лініі дрэвапераапрацоўчыя, а яны шчапу не прымаюць. Усе ведаюць, што гэтая машына яшчэ не гатовая. Кажуць, што закупяць паперу замест шчапы ды паспрабуюць запусьціць. Нават сьмех такі быў, наматаюць там паперы, нібыта яна адтуль выйшла”, — паведаміў “Свабодзе” адзін з работнікаў заводу.
Паводле ягоных словаў, пакуль на заводзе стабільна працуе толькі цэх піламатэрыялаў. Зарабляюць на прадпрыемстве ад 300 да 500 тысяч рублёў. Усе чакаюць, што заробкі павысяцца, калі пусьцяць завод.
Спэцыялісты лясной гаспадаркі кажуць, што дзеля патрэбаў шклоўскага заводу газэтнай паперы засеялі цэлыя яловыя плянтацыі:
“Вырастуць яны ня хутка. Гэта неразумная трата дзяржаўных сродкаў. Ня трэба было набываць абсталяваньне, якое працуе на яловай сыравіне, а трэба было – на ліставых пародах дрэваў. У нас недавыкарыстаная разьліковая лесасека ліставых парод”, – паведаміла супрацоўніца ўправы лясной гаспадаркі Магілёўшчыны Валянціна Пляскевіч.

На будаўніцтва шклоўскага заводу газэтнай паперы было выдаткавана 250 мільярдаў рублёў. На прадпрыемстве працуе каля 1000 чалавек. 50 замежных спэцыялістаў вядуць пусканаладачныя работы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG