Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шклове вуліцу Савецкую пераймянуюць на адзін дзень


Іна Студзінская, Менск Штогод у першую нядзелю верасьня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Звычайна сьвята праходзіць у гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, цэнтрах асьветы, культуры і кнігадрукаваньня. Сталіцамі Дня беларускага пісьменства былі Полацак, Тураў, Наваградак, Нясьвіж, Ворша, Пінск, Заслаўе, Амсьціслаў, Мір, Камянец, Паставы. Сёлета сьвята пройдзе ў Шклове. Карэспандэнтка Свабоды высьвятляла, што там чакаецца і хто запрошаны.

У гiстарычных сьведчаньнях Шклоў упершыню ўзгадваецца ў данясеньнi польскага каралеўскага амбасадара Сыгiзмунда Гербэрштэйна ў 1526 годзе. Менавіта ў Шклове зьявіўся першы ў Беларусі тэатар Сямёна Зорыча, які стаў асновай трупы знакамітага Марыінскага імпэратарскага тэатру. Да таго ж, фаварыт Кацярыны II генэрал Зорыч адкрыў у Шклове 7 мануфактур і шляхетную вучэльню для хлопчыкаў. Таму адной з самых цікавых падзеяў Сьвята будзе адкрыцьцё помніка Сямёну Зорычу ў гарадзкім парку. Да сьвята вуліцы Ўрыцкага і Маркса перайменаваныя ў вуліцы Янкі Купалы і Якуба Коласа – дарэчы, гэта была ініцыятыва гараджанаў. А вуліца Савецкая на адзін дзень стане вуліцай “Духоўнасьці, асьветы і культуры”.

Што больш за ўсё радуе мясцовых жыхароў? Распавядае шклоўскі краязнаўца Аляксандар Грудзіна:

“Урэшце ў Шклове адчыняецца раённы гісторыка-краязнаўчы музэй. Знайшлі будынак былога “Дзіцячага сьвету”, і ў горадзе ўжо будзе добры двухпавярховы краязнаўчы музэй. Я аматар краязнаўства, нават нейкія рэчы каштоўныя перадаваў, дапамагаў супрацоўнікам музэю, таму менавіта для мяне гэта прыемная навіна: як кажуць, дачакаўся. Адбудуцца “Шклоўскія чытаньні”. Прыемна, што ўзгадваем, што мы беларусы, не забываемся на сваю пісьменнасьць. Я выкладчык ліцэю, будзе лягчэй распавядаць нашым дзеткам на занятках”.
”Арганізатары гэтага мерапрыемства ацэньваюць літаратараў не па творах, якія яны напісалі, а па прыналежнасьці да адпаведнай суполкі”
Натуральна, штосьці адрамантавалі, пафарбавалі – усяго прыводзіцца ў парадак больш за 50 аб’ектаў. На падрыхтоўку Шклова да Дня беларускага пісьменства за кошт розных крыніц накіравана каля 15 мільярдаў рублёў.

Будзе шмат культурніцкіх мерапрыемстваў, навуковыя канфэрэнцыі, сустрэчы зь пісьменьнікамі. Вось толькі на сьвята запрошаныя члены аднаго – праўладнага – Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які ачольвае генэрал Мікалай Чаргінец. Літаратараў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які ўзначальвае Алесь Пашкевіч, на сьвяце ня будзе. Не запрасілі нават ініцыятара правядзеньня сьвята, так бы мовіць, “хроснага бацьку” Ніла Гілевіча, які будучы старшынём камісіі па культуры Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, прапанаваў праводзіць Дзень беларускага пісьменства.

“Мяне не запрасілі, гэта дакладна, – гаворыць паэт Генадзь Бураўкін. – Баюся, што з нашага Саюзу нікога не запрасілі, бо гэта ўжо становіцца такой невясёлай, дзіўнай традыцыяй. Арганізатары гэтага мерапрыемства чамусьці ацэньваюць літаратараў не па творах, якія яны напісалі, а па прыналежнасьці да адпаведнай суполкі”.

• Шклоў: Дзень пісьменства адзначаць на вуліцах, названых па-расейску, 10.08.2007 • Сябраў СБП не запрасілі на Дзень беларускага пісьменства ў Паставы, 2.09.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG