Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распрацаваны альтэрнатыўны плян разьвіцьця Шклоўшчыны


Радыё Свабода Над стратэгічным плянам разьвіцьця Шклоўшчыны працавала група мясцовых грамадзкіх актывістаў на чале з кандыдатам эканамічных навук Пятром Мігурскім і палітыкам Рыгорам Кастусёвым. Цягам двух год распрацоўшчыкі зьбіралі інфармацыю пра эканамічны й палітычны стан раёну. Неўзабаве з друку выйдзе другая частка кнігі “Шклоўскі раён: стратэгія разьвіцьця”. У ёй прэзэнтаваны плён двухгадовай працы актывістаў.

Грамадзкія актывісты прапануюць сваё бачаньне разьвіцьця раёну. Яно заснаванае на рынкавай эканоміцы і магчымасьцях рэалізацыі ініцыятыў тамтэйшага насельніцтва. Іншыя шляхі, на думку распрацоўшчыкаў, вядуць у тупік. Хоць сёньня Шклоўшчыну афіцыйна лічаць хіба што не эталёнам эканамічнай палітыкі кіраўніцтва Беларусі.

“Калі прааналізаваць эканамічны стан Шклоўскага раёну, мы прыйдзем да несуцяшальнай высновы – насамрэч ганарыцца няма чым. Гэта тычыцца і эканомікі, і сацыяльнай сфэры, асабліва сапраўдных даходаў насельніцтва і ўзроўню беспрацоўя, як і пэрспэктыў таксама”, – зазначае Пётар Мігурскі.

Навуковец сьцьвярджае, што ўзровень беспрацоўя тут 25 %. Хоць на радзіме Аляксандра Лукашэнкі цяпер 22 тысячы эканамічна актыўнага насельніцтва, толькі 12 тысяч працуюць у рэальным сэктары эканомікі.

Між тым паводле афіцыйнай статыстыкі беспрацоўнымі ў раёне лічацца ўсяго 100 чалавек.

Пётр Мігурскі прагназуе зьмяншэньне вытворчасьці малака і бульбы ўжо бліжэйшым часам, бо колькасьць насельніцтва імкліва скарачаецца. Штогод у раёне вымірае адна вялікая вёска колькасьцю 500 чалавек. У Магілёў і Воршу зьяжджаюць высокакваліфікаваныя кадры.

На думку палітыка Рыгора Кастусёва, рэгіянальная эканоміка цяпер занадта залежыць ад мясцовай вэртыкалі, якой нестае сыстэмнасьці ў кіраваньні эканамічнымі працэсамі.

“Пэрспэктывы, як мы назіраем, вельмі змрочныя. Паводле нашых прагнозаў, у 2008-2009 гадох адбудзецца калі не суцэльны крах, то ў многіх вытворчасьцях чакаецца крах”, сьцьвярджае Рыгор Кастусёў і дадае:

“У Шклоўскім раёне склаўся “канаплёўскі клан”. Калі Канаплёў пойдзе зусім у адстаўку, зьявіцца іншы дэпутат ад улады – гэта яшчэ больш паспрыяе ператасоўцы кадраў ня толькі ад старшыні райвыканкаму, а нават тых людзей, якія стаяць рангам ніжэй”.

Першую частку кнігі актывісты перадалі і ў Шклоўскі райвыканкам. Знайсьці там чыноўніка, які чытаў дасьледаваньне, не ўдалося.

• Грамадзкія актывісты напісалі кнігу пра Шклоўшчыну, 10.01.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG