Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Што рабіць з выбарамі-2024 у Беларусі, навошта завялі справу на Раду БНР і ці мае эфэкт прапаганда Лукашэнкі?


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Што з выбарамі-2024? У Беларусі ісьці на іх небясьпечна, а за мяжой няма куды...

— Па ідэі беларускія дэмакратычныя сілы за мяжой маглі б правесьці свае выбары, электронныя, у якіх маглі б удзельнічаць таксама выбарцы ў Беларусі. Пры добрай арганізацыі яўка будзе значна большая, чым на амонаўскіх «выбарах».

Атрымаецца нешта накшталт дзьвюх Карэяў: Паўночная імітуе фіктыўнае галасаваньне, а Паўднёвая праводзіць рэальныя выбары парлямэнту ў выгнаньні. Падаецца, што ў беларусаў, якія апынуліся за мяжой, і «аб’ёму» і кампэтэнцыі для такой кампаніі дастаткова.

— Чаму даўнейшыя эмігранты-беларусы часта ня вераць у тэрор на радзіме?

— Па-першае, бо ў гэта і «немагчыма паверыць» з гледзішча нармальнага чалавека. Па-другое, бо нацыя не атрымала прышчэпкі пасьля ранейшых, сталінскіх, ленінскіх, мураўёўскіх рэпрэсіяў, праўда пра якія схаваная ў архівах. Па-трэцяе, можа быць, і вы б у гэта не паверылі яшчэ ў 2019 годзе.

Менавіта таму трэба зьбіраць кожны факт тэрору — для беларускага Нюрнбэргу, які калісьці абавязкова адбудзецца па факце расейскіх, камуністычных і лукашэнкаўскіх злачынстваў супраць чалавечнасьці, пагатоў гэта адна справа, расьцягнутая ў часе. Тады павераць усе.

— Навошта завялі крымінальную справу на Раду БНР, усё адно ж з-за мяжы не дастануць?

— Рада БНР — захавальніца сакруму незалежнасьці Беларусі, найвялікшага дасягненьня нацыі, калі нашы пасіянарныя героі зрабілі, здавалася б, неверагоднае: заявілі ўсяму сьвету, што Беларусь ёсьць і што яна роўная сярод іншых краін. Лукашэнка бачыць незалежнасьць тоеснай сваёй уладзе, пакуль ён кіруе, ён незалежны, а там хоць трава не расьці. Той, хто жыве «по понятиям», ня здольны зразумець каштоўнасьці сакруму, і, як той бальшавіцкі багаборац, лезе зь сякерай на бажніцу — скідаць крыжы. Нічым добрым для багаборца гэта звычайна не сканчаецца, а крыжы вяртаюцца на месца.

— Пра што параіце напісаць кнігу?

— Пра сябе. То бок пра тое, што вы найлепей ведаеце і пра што хацелі б даведацца яшчэ болей. Пісьменьніцтва, апроч іншага, гэта і спосаб пазнаньня. Чым болей там будзе фактаў, сюжэтаў і назіраньняў з вашага асабістага жыцьця, тым больш непаўторнай і каштоўнай можа стаць ваша кніга. Пішучы пра сябе, вы ствараеце сваё прыватнае адлюстраваньне сьвету вакол вас.

Незьдзяйсьняльная, на жаль, мара — мець бібліятэку такіх кніг ад сваіх сваякоў, продкаў, сяброў і знаёмцаў.

— Ці мае эфэкт цяперашняя прапаганда Лукашэнкі?

— Задача прапаганды — фармаваць грамадзкую думку. Для гэтага мусяць быць два складнікі: нэгатыўны і пазытыўны. Напрыклад, у савецкія часы прапагандысты кляймілі імпэрыялізм, але пры тым абяцалі «сьветлую будучыню», выкрывалі «ворагаў народу», якіх трэба зьнішчыць, але тлумачылі, дзеля чаго: дзеля камунізму, на аўтар якога павінны быць пакладзеныя ахвяры. Для вялікай часткі народу гэта спрацоўвала.

Цяперашняя ж прапаганда другога складніку пазбаўленая, таму эфэкту мець ня можа. «Геній Лукашэнкі» на пазытыўную пэрспэктыву як «сьветлая будучыня», згадзіцеся, ня цягне.

— Адкуль узялося немілагучнае слова — аграгарадок?

— Яшчэ ў часы Сталіна ў нас плянавалі стварыць «аграгарады», але ў выніку нічога ня выйшла.

Лукашэнка ўвёў «аграгарадкі», каб сьцерці спрадвечныя беларускія словы «вёска» і «мястэчка». Вынік той самы. Як узор, мне згадваецца Астроўна, сярэднявечнае мястэчка з магдэбурскім правам, ратушай, з рыцарскім замкам, кляштарам, сынагогай... Радзіма вялікага канцлера Льва Сапегі. Цяпер гэта «аграгарадок» з руінай замка і аднастайнай беднай забудовай. Тыповая карціна для ўсёй Беларусі.

Народ, між іншым, разьвіў лексычны шэраг, дадаўшы да «аграгарадка» словы «аграфюрэр» і «агратрэш».

— Чаму Лукашэнка зьнішчае помнікі палякам?

— Бо жывыя польскія школы і арганізацыі ён ужо ліквідаваў, польскіх актывістаў разагнаў ці пасадзіў у турму, засталіся помнікі. Такім чынам ён сымбалічна руйнуе эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі на карысьць азіяцкага выбару і крамлёўскага ўтрыманьня. А, як вядома, хто плаціць, той замаўляе музыку.

У Расеі зьнішчэньне польскіх помнікаў толькі набывае татальны размах. Тым часам у Беларусі яшчэ застаецца Мэмарыял савецка-польскай баявой садружнасьці ў мястэчку Леніна Горацкага раёну, які можна лічыць сымбалем сёньняшняй незалежнасьці — на колькі яе засталося.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG