Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Чаму Эўропа не плянуе ісьці на Маскву, як распазнаць агента КДБ і пра жыцьцё «па маскоўскім часе»


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці можна беларусаў лічыць мэнанітамі?

— Калі казаць пра адмову браць у рукі зброю, дык гэта для беларусаў не характэрная рыса нацыі, а справа заўсёды сытуацыйная. За каго ці за што ваяваць? Прыклад Андрэя Зэльцара, які цалкам законна бараніў свой дом ад бандытаў, узыходзіць да традыцыяў сярэднявечнай шляхты, якая сьвядома ваявала менавіта за канкрэтнае сваё і сваіх. Урэшце, мэнаніт — той, хто сам сябе такім лічыць, а для таго хоць бы ведае гэтае слова.

— Ці вас не бянтэжыць, што мы зноў жывем «по московскому времени»? Ці нам гэта выгадна?

— Выгадна жыць не па «маскоўскім» ці якім іншым часе, а па сваім. У кожным разе мы зьвязаныя з суседнімі краінамі і вызначаем сваё незалежнае месца паміж імі.

Адлегласьць ад Менску да Варшавы (546 км) меншая, чым да Масквы (718 км), а розьніца ў часе ў нас з Варшавай 2 гадзіны, з Масквой — нуль. Асабліва недарэчна гэта выглядае на памежных пераходах, дзе разумееш, што «маскоўскі час» для нас — гэта чыстая палітыка і прапаганда нашай залежнасьці ад Расеі.

На здаровы розум беларускі час мусіць мець гадзіну розьніцы з Варшавай і гадзіну з Масквой.

— Ці згодны асабіста Вы са сьцьверджаньнем, што найважнейшы чалавек у Вашым жыцьці — гэта Вы сам?

— Гэта формула эгацэнтрызму. За жыцьцё чалавек пражывае некалькі жыцьцяў, некалькі пэрыядаў, калі зьяўляюцца розныя найважнейшыя людзі: мама і тата, настаўнік, дабрадзей, сужэнец-сужэнка, дзеці.

Пашанцавала таму, хто можа сказаць — вось чалавек, дзеля якога я працую, змагаюся, жыву. А вось той, за каго я, не раздумваючы, аддам сваё жыцьцё. Самае вострае разуменьне, што гэты чалавек для цябе найважнейшы, прыходзіць тады, калі ты яго страціў. Варта цаніць разумны эгаізм, а эгацэнтрызм — ня варта.

— Як вы ставіцеся да ідэі перайменаваньня Беларусі ў Літву?

— Ёсьць спакуса бачыць у зьмене назвы панацэю ад усіх нашых бед. Але ёсьць рацыя і ў прымаўцы «Хоць гаршком назаві, толькі ў печку ня стаў»...

Гэта канфрантацыйная ідэя. Бо назва айчыны вырастае зь любові да яе і з братэрства ў самой нацыі. Калі мы дыстанцуемся ад імпэрскай Расеі, мы зблізімся зь літоўцамі аж да разуменьня таго, што мы адзін народ нашчадкаў ВКЛ з адным мэнталітэтам і гістарычным лёсам. Хіба што мовы розныя.

Калі Беларусь уступіць у Эўразьвяз і зьнікне мяжа зь Літвой, пытаньне нашае назвы адпадзе само сабой. Заўважце, што сёньняшнія «літвіны», як правіла, расейскамоўныя прыхільнікі так званага эўразійства.

— У нас некаторыя апазыцыйныя дзеячы называюць іншых агентамі КГБ. Як распазнаць агента?

— А навошта? Вы ацэньваеце чалавека: ці натуральна ён сябе паводзіць, ці яго асоба выклікае ў вас давер, ці яго словы і пазыцыя адпавядаюць вашым чаканьням. Калі вы пераканаліся, што гэты палітык — ваш, пытаньне адпадзе само сабой. Нават калі ён сапраўды агент.

Вось даказалі, нібыта, што Лех Валэнса быў агентам, і што з таго? Хто цяпер кіне камень у стваральніка Салідарнасьці? То бок, выкрыцьцё агента — гэта ваша маніпуляцыя з самім сабой. Ня так і шмат трэба жыцьцёвага досьведу, каб распазнаць чалавека прыстойнага. А гэта ў апазыцыйным асяродку нашмат важней, чым выкрыць агента (што амаль ніколі нельга даказаць).

— Чаму Эўропа не плянуе ісьці на Маскву?

— Думаю, што Эўропа плянуе самыя розныя варыянты. Напаўшы на Ўкраіну, Масква спаліла ўсе масты. Эўропа адчувае адказнасьць за чалавечую цывілізацыю, у якой Масква ня ўдзельнічае.

Калі б і Эўропа зрабіла тое самае, што Масква, мы ўсе апынуліся б у рэальнасьці ўсеагульнай вайны, чаго, здаецца, і дамагаецца Крэмль («Нашто нам такі сьвет, калі ў ім Расеі ня будзе?»). «Ісьці на Маскву» сёньня — гэта гуляць па апакаліптычных «правілах» Крамля, то бок самім у тую Маскву і ператварыцца.

— Ці можна зьвязваць сусьветны посьпех Алексіевіч, якая ажывіла «красного человека», з паходам Масквы на Ўкраіну?

— Яна яго «ажывіла», каб ён пабачыў сябе і жахнуўся таму, якой карыкатурай на чалавека ён выглядае. Але найперш жахнуўся заходні чытач. А расейскія эліты, сапраўды, быццам вылезьлі раптам зь ейных кніг і рушылі ў свой сьмерцяносны паход.

Асьлепленыя, яны самі ня бачаць сябе з таго боку, займаць які калісьці вучыла іх мама. Не чытаюць яны кніг Алексіевіч. Не чытаюць і іншым не даюць. Алексіевіч у іх, напэўна, у чарзе на забарону пасьля Салжаніцына.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +380502605369

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG