Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Ці ёсьць беларуская нацыя, што можна зрабіць для палітвязьняў і чаму многія беларусы давяраюць БТ


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму Лукашэнка крайне нэгатыўна ставіцца да гомасэксуалаў?

— Бо ён вызнае «традыцыйныя каштоўнасьці»: хатні гвалт, пазашлюбныя дзеці і ўсё тое альфа-самецкае свавольства, якое ён практыкуе і якое, на ягоную думку, у параўнаньні з гомасэксуальнасьцю — норма.

Ён паталягічна ненавідзіць закон, які вышэйшы за яго; правы чалавека, якія, апроч яго, мае нехта яшчэ; гуманізм.

Усе гэтыя здабыткі цывілізацыі ён імкнецца запхаць у абалонку пад назваю «гомасэксуалізм», які ў ягонай глыбока савецкай галаве асацыюецца выключна з турэмным згвалтаваньнем («опущением»).

— Ці ёсьць беларуская нацыя? Калі ёсьць, то як гэта відаць?

— Самы просты спосаб — паехаць у Маскву, дзе вам, які гаворыць па-расейску, адразу скажуць, што вы беларус. Акцэнт вам здрадзіць, а мова вас пакажа, дакажа, што вы ёсьць, і ўрэшце абароніць. Мова — першая зьнешняя прыкмета, па якой беларусаў відаць.

Далей — тэрыторыя і адзінства гістарычнага лёсу. Гэта бесьперапыннае вызваленьне сябе ад расейскага захопу, пачынаючы ад Касьцюшкі — да 2020 году, у якім нацыю было відаць, як ніколі раней. Ад сталіцы да кожнай вёскі беларусы выйшлі пад сваімі сьцягамі супраць гвалту над сабою.

— Ці хочуць беларусы аб’яднаньня з Украінай?

— Думаю, ня хочуць цяпер і не захочуць тады, калі адчуюць смак уласнае самабытнасьці і жаданьне яе разьвіваць. Калі захочуць свабоднага жыцьця і ні з кім не падзеленай адказнасьці за сябе і за сваё. А тады зьявіцца і павага да чужога і жаданьне ўзяемадзейнічаць зь іншымі на роўных. Так, як цяпер збольшага жывуць народы і краіны ў Эўразьвязе, так мы будзем жыць з Украінай, напрыклад, у Белтыйска-Чарнаморскай супольнасьці.

— Што можна зрабіць для палітвязьняў зараз? Ці сапраўды для іх вызваленьня робіцца недастаткова?

— Трэба далей рабіць тое, што робіцца. Я пра падтрымку і дапамогу. Калі казаць пра вызваленьне... Трэба зразумець: калі той, хто нясе зло, гуляе бяз правіл, дык нічога не павінна стрымліваць і таго, хто нясе дабро.

І вось тут псыхалягічны бар’ер, перад якім грамадзтва цяпер спынілася. Той, хто нясе дабро, працягвае трымаць сябе ў рамках правіл. Маўляў, беларусы схільныя да парадку.

Рэжым свавольна садзіць палітвязьняў, а ўсе астатнія, патэнцыйныя палітвязьні, вобразна кажучы, трымаюць сябе за кратамі самі. Гэта вельмі трывалая ўнутраная ўстаноўка. Не зьмяніўшы яе, на ваша пытаньне, думаю, і не адкажаш.

— Ці можа аўтар, які піша па-расейску, называцца беларускім пісьменьнікам?

— І ня толькі па-расейску, на розных мовах... Па-першае, вырашае сам аўтар. Гэта як выбар нацыянальнасьці для сябе — кім я сябе ўсьведамляю.

Па-другое, вырашае твор — якім ён сябе выяўляе. І толькі па-трэцяе вырашаюць чытачы. Бо тут ужо гаворка ідзе не пра выбар пісьменьніка, а пра ягоны вобраз, які склаўся ў публічнай прасторы ў выніку творчасьці і дзейнасьці аўтара.

— Чаму многія беларусы давяраюць БТ? Чаму яны дазваляюць, каб іх дзецям расказвалі хлусьню?

— Рэч не ў даверы найперш, а ў бясьпецы. БТ — прапагандысцкая зброя палітычнай паліцыі. БТ не фармуе сьветапогляд, а наганяе страху. Скажы дзе-небудзь «я не давяраю БТ» і можаш апынуцца ў каталажцы. Каму тое трэба? БТ не давяраюць, БТ баяцца. Дзеці наўрад ці глядзяць, а пагатоў давяраюць БТ. У іх свае гаджэты.

Іншая рэч — бацькоўская адказнасьць за здаровы розум уласных дзяцей. Ні дазволіць, ні забараніць хлусьню БТ бацькі ня могуць. Але каб дома не расьлі зомбі, адказныя бацькі павінны расказваць дзецям праўду. Пры тым абавязкова вучыць дзяцей рэальна ацэньваць свае рызыкі.

— Як рэагаваць, калі настаўнік гісторыі кажа дзецям на занятках, што ва Ўкраіне ўладу захапілі фашысты?

— Калі праўда становіцца рызыкай, прыстойны чалавек можа, прынамсі, не трансьляваць хлусьню. Гэта называецца няўдзел у подласьці.

Расказаць журналістам, выказаць пратэст дырэктару ці прыватна пагаварыць зь гісторыкам. Вы самі ацэньваеце вашы рызыкі. У кожным разе трэба тлумачыць дзецям праўду.

Ва Ўкраіне прэзыдэнт і яго партыя на раўнапраўных выбарах аглушальна перамаглі дзейнага прэзыдэнта, а не «захапілі ўладу», як гэта адбылося ў Беларусі.

Фашызм — не ярлык, а злачынства, якое пачынаецца з узвышэньня сваёй нацыі над іншымі. Пра «вялікую Расею» вы чулі. Пра «вялікую Ўкраіну» — не.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце вашае пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus_bot; Signal: +380502605369

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG