Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра Новы год, «калектыўны Захад» і калі беларусы-уцекачы змогуць вярнуцца дадому


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Дык што гэта было 17 верасьня 1939 году?

— Кажуць, што Беларусь узьядналася, хоць і пад калгасна-бальшавіцкай уладай. Узьядналася — так, але ці значыла гэтае ўзьяднаньне хоць што-небудзь, калі гіганты дзялілі сфэры ўплыву пасьля вайны і калі Беларусь аб’ектыўна разглядалася як цэлая Беларусь — краіна пад савецкай уладай, а Польшча — пад савецкім уплывам? Ды нічога гэта ня значыла. Таму я для гэтага дня у 1939 годзе выбраў такую фармулёўку. У гэты дзень у беларускай гісторыі пачалася ІІ сусьветная вайна. Не з нападу на Польшчу, а менавіта з прыходам калгасна-бальшавіцкай улады ў Беларусь прыйшла тая вайна.

— Ці сапраўды выдаўцы кнігі «Я выходжу» здымкамі з маршаў падставілі людзей?

— Думаю, гэта «ўкід» саміх насілавікоў, каб рассварыць людзей. Такіх здымкаў процьма з розных крыніц. І самі насілавікі здымалі ўсё і ўсіх на фота-відэа. Насамрэч тут пытаньне не да выдаўцоў, а да нас. Калі мы выходзілі, мы былі перакананыя, што ня робім нічога супрацьпраўнага і верылі ў Асноўны закон, у якім дзяржава гарантуе нам права на мірны марш. Хіба мы зьмянілі сваю думку? Шанцаў не засьвяціцца не было ні ў кога.

Бо ў большасьці мы не прыйшлі туды хавацца. Тады, у 2020-м, людзі часта самі ішлі у аўтазак, «каб заняць чыёсьці месца» — так яны казалі. Вядома, ня варта лішні раз дражніць гусей. Але гэта ня той выпадак.

— Што рабіць людзям, якія ня маюць магчымасьці зьехаць?

— Трэба прыняць рэальнасьць вайны. Імавернасьць таго, як для ўкраінца, ці прыляціць заўтра ракета ў твой дом, такая самая, як для беларуса, ці ўломіцца да цябе ГУБАЗіК.

Вайну разьвязаў і вядзе «русский мир». Розьніца ў тым, што ва Ўкраіне ўлада з народам, а ў Беларусі рэжым супраць народу і выкарыстоўвае гэтую вайну, каб адпомсьціць усім, хто гэтай «уладыу» не выбіраў.

Ня трэба спадзявацца, што раптам вернецца нармальнасьць. Трэба рэальна ацэньваць свае небясьпекі. Як на вайне. Хтосьці памяняў тэлефон, хтосьці ўвесь час мяняе сваю дыслякацыю, хтосьці засеў на хутары... Галоўнае — ня мець ілюзіяў, лішні раз не рызыкаваць і пазьбягаць даносаў.

— Ці вораг беларусам «калектыўны Захад»?

— Найперш трэба разабрацца, з кім «мы сабраліся варагаваць». Што такое «калектыўны Захад», калі маецца на ўвазе ў тым ліку Японія? Ці Аўстралія. Ужо ня Захад. Але «вораг». Раней краіны «калектыўнага Захаду» называлі «цывілізаваным сьветам». Але прызнаць яго ворагам Масква не насьмелілася, бо тады прызнала б сябе сьветам нецывілізаваным, то бок, барбарскім. Беларусы ж збольшага лічылі і лічаць сябе сьветам цывілізаваным. А вось Лукашэнка барбарам сябе прызнаў яшчэ ў 1996-м, сказаўшы «Я своё государство за цивилизованным миром не поведу». І не павёў.

— Калі беларусы-уцекачы змогуць вярнуцца дадому?

— Як ні парадаксальна гэта гучыць, тады, калі перастануць мець на гэта надзею — надзею на цудоўныя перамены. Калі будуць спадзявацца толькі на сябе і сваіх блізкіх, а гэта значыць, калі будуць мацаваць супольнасьць, пераходзіць на беларускую мову і рабіць добрыя справы, хоць бы і самыя дробныя, але кожны дзень.

— Зь якім настроем беларусы будуць сустракаць Новы год?

Мне прыгадалася, як у 1980-я гады Алесь Бяляцкі знайшоў у архіве вершы Максіма Гарэцкага, перапісаў іх і прынёс мне, а я апублікаваў у ЛіМе, пасьля ў кнізе «Практыкаваньні». Сэнсацыя была такой моцы, як «Вершы Быкава», але ня дурасьць і ня фэйк, а рэальныя паэтычныя спробы клясыка. І вось быў там верш, які запомніўся на ўсё жыцьцё:

Дзядзька Міхалка дзелае бочкі, Вялізныя бочкі на продаж. З ранку да ночкі бочкі ды бочкі.

Па-мойму, настрой вельмі сугучны сёньняшняму: не рабіць «плянаў на краіну», дбаць пра настрой блізкіх людзей і рабіць сваю справу — «дзелаць бочкі».

— Што можна зрабіць беларусам у цудоўную навагоднюю ноч?

— Давайце ўсе разам папрацуем з нашым калектыўным несьвядомым, у нашай антрапасфэры. Гэта магчыма, калі вялікая колькасьць беларусаў па ўсім сьвеце слушна і дакладна выкажуць агульнае крэда. Хай гэта будзе навагодняя ноч, 24 гадзіны менскага часу, калі ўсе прамовяць: «Я ствараю мір у Беларусі». Гэта будзе не ілюзія, ня вера ў цуд на розныя лады, а менавіта практычны ўплыў на тое, што адбываецца.

Задайце вашае пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus_bot; Signal: +380502605369

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG