Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра русыфікацыю ў Беларусі, якой павінна быць ідэальная ўлада і чаму многія расейскія артысты — за вайну


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Для мяне было проста шокам, што «Чайф» ці Агуцін, ці многія іншыя расейскія артысты, таленавітыя, разумныя, эстэты — за вайну. Як такое можа быць?

— Яны іншыя. Яны ўсе з маленства перакананыя, што Расея нічога дрэннага зрабіць ня можа, яна бязгрэшная. Бо Расея ня нацыя, а імпэрыя.

Нацыянальная пэдагогіка нармальнай краіны вучыць ня толькі ганарыцца сабой, але і саромецца. Гэта звычайны балянс для здаровай псыхікі. У беларусаў гэты сорам часам зашкальвае да таго, што хочуць быць расейцамі...

Каб умець саромецца, трэба паглядзець на сябе з боку. А як ты з боку ўбачыш сваю краіну, калі яна «необъятная» для вока? Таму і навыку сораму, крытычнага погляду на Расею ў расейцаў няма. Нават у самых дасьціпных ці эстэтаў. А тым, у каго такі навык ёсьць, няма месца ў самой Расеі.

— Ці не занадта далёка зайшла русыфікацыя Беларусі? Цяжка ўявіць, каб усе загаварылі па-беларуску.

— Русыфікацыя не сама сабой адбываецца натуральным чынам. Гэта доўгі (200 гадоў яму) і вельмі накладны працэс, на які штодня працуюць і ў Расеі, і ў Беларусі. Ён магчымы толькі калі Беларусь у сфэры ўплыву Расеі.

У адрозьненьне ад РФ, Беларусь заўсёды была мультыкультурнай краінай, дзе ўсе гаварылі на некалькіх мовах і добра разумелі адны адных. Русыфікацыя падобная на гвалтоўны разварот ракі, якую бульдозэрамі прымушаюць цячы ў адваротны бок.

Каб беларусы загаварылі, ня трэба ні грошай, ні структур, ні штодзённых высілкаў, ні 200 гадоў. Трэба вывесьці Беларусь з расейскага ўплыву, і наша рака вернецца ў сваё прыроднае рэчышча.

— У які бок цяпер зьмяняецца беларуская літаратура?

— Яна адкрываецца сьвету. Пісьменьнікі сталі гаварыць на розных мовах, маюць шмат жывых кантактаў найперш з эўрапейскімі калегамі, пазбавіліся ад рэшткаў савецкай зацюканасьці. Вырас агульны ўзровень і адаптыўнасьць твораў, адпаведна, зьніклі межы самавыяўленьня і кнігі цалкам упісваюцца ў сусьветны кантэкст. Гэтаму моцна спрыяе і праца перакладчыкаў зь іншых моваў на беларускую — яна вырасла якасна.

Не скажу, што ўсё гэта зьвязана толькі з вымушанай эміграцыяй творцаў, бо рух у гэты бок нарастаў ужо гадоў дзесяць. Іншая рэч, што на бацькаўшчыне ўсё гэта цяпер затармазілася. Думаю, справа ў свабодзе, дзе яе болей, а дзе, наадварот, стала меней.

— Якой, па-вашаму, павінна быць ідэальная ўлада?

— Зусім ідэальная такая, якой не відаць і не чуваць.

Калісьці ў Лёндане мы доўга хадзілі, глядзелі горад, і мяне зьдзівіла, што так і не сустрэлі ніводнага паліцыянта. Вялізнае места, шматлюдна, рух ва ўсе бакі. Мясцовыя спадарожнікі мне растлумачылі: як толькі спатрэбіцца дапамога паліцыі, яна за сэкунду будзе на месцы. Напрыклад, калі трэба будзе зьняць коціка, які сам ня можа спусьціцца з фасада высокага будынка (пазьней мы пабачылі такую сцэну).

Добра, вядома, калі ты абазнаны ў палітыцы. Але ідэальна, калі ты можаш ня ведаць імя прэзыдэнта і як ён выглядае, а пры тым усе мэханізмы дзяржавы працуюць зладжана і, самае галоўнае, — для цябе.

— Навошта беларусам з расейцамі «адна айчына», якая «можа абрынуцца» і тады «мы ўсе загінем»?

— Згадваю зь дзяцінства, калі нашай айчынай лічыўся СССР і айчыну належала любіць, мы, школьнікі, часам жартавалі адзін з адным: раскажы, як ты любіш Сыктыўкар... Сёньняшняя «адна айчына» выглядае як працяг той школьнай гісторыі.

Аб’ектыўна калі ў нас і была з кім «адна айчына», дык толькі зь літоўцамі. Беларусь і Літва пражылі ў адной дзяржаве 500 гадоў, ніколі міжсобку не ваявалі, пасьпяхова разьвіваліся, а ў ролі галоўнага агрэсара заўсёды мелі на ўсходзе Масковію. Наогул жа для беларусаў іх айчына — Беларусь, што, згадзіцеся, цалкам лягічна.

— Чаму ў нас судзяць за данаты рэпрэсаваным? Гэта ж добрая справа — дапамагаць людзям у бядзе?

— Гэта важны складнік палітыкі русіфікацыі — ператварэньня беларусаў у расейцаў на тым узроўні, які, можа быць, і ня бачны воку. За мінулыя гады беларусы самі зьдзівіліся таму, які магутны патэнцыял салідарнасьці і чалавечнасьці яны маюць. Беларус беларусу беларус. У расейцаў гэтага няма.

Асабіста я ня раз пераконваўся, што за мяжой, напрыклад, расейцы не гуртуюцца, а часта цураюцца адны адных. «Расіянін расіяніну расіянін» і ня скажаш. Вось жа нашы рэжымныя «судзьдзі» даказваюць, што салідарнасьці не існуе ў прыродзе, а калі і ёсьць, дык гэта зло. І ў Беларусі павінна быць так, каб чалавек чалавеку стаў ваўком, а ня сябрам, таварышам, братам.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG