Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра народныя песьні, новую Беларусь і «генацыд беларускага народу»


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму беларусы, у адрозьненьне ад суседзяў, не сьпяваюць сваіх народных песень?

— Яшчэ ў 1970-80-я гады ў Беларусі сьпявала вёска. Усё было, як у суседзяў. Яны гэтую традыцыю перавезьлі ў горад. Дзяржава падтрымала.

У Беларусі нараджэньне моладзевага руху ў 1980-м пачалося менавіта з народных сьпеваў. Але дзяржава тыя суполкі называла «нефармаламі», лічы, апазыцыянэрамі. І пасьля, да сёньняшняга дня, беларуская песьня, якую людзі сьпяваюць гуртам і «самі» (без дазволу) з гледзішча дзяржавы ўспрымаецца як то больш, то менш жорсткая апазыцыя, амаль што антыдзяржаўная дзейнасьць. Пры тым, што саму нашу незалежнасьць тыя самыя сьпеўныя суполкі, па вялікім рахунку, і стварылі, прынамсі, запачаткавалі.

— Збоку нам здається, що Білорусь — країна «ябатек». А як Ви бачите свою країну?

— Ідэйных «ябатек» няма і ня можа быць у прыродзе, бо няма такой ідэалёгіі. Гэта хутчэй стан душы: сумесь рабскай пакоры і «русского мира». Гэта чыста чалавечыя якасьці, не палітычныя, а маральныя. Дакладней, амаральныя.

Казаць, што Беларусь краіна амаральных людзей, няма падставаў, гэтаксама як і пра кожную іншую краіну сьвету. Узровень палітычнай культуры цяперашняга рэжыму настолькі нізкі, што менавіта амаральныя людзі найперш складаюць ягоны кадравы патэнцыял. Але адначасова яны робяць сыстэму няўстойлівай. Таму гэта часовая зьява, якая ня мае падтрымкі ў большасьці беларусаў. Як, дарэчы, і вайна.

— Чаму ў Беларусі адносіны да ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага — як да злачынцы?

— Рэч у тым, што нобэлеўскімі прэміямі традыцыйна «мераюцца» ня людзі і не рэжымы, а менавіта краіны і народы. І прэмія Бяляцкага важная менавіта для Беларусі, для яе іміджу незалежнай, паважанай і заслужанай краіны і нацыі. Так гэта ўспрымаюць у нармальным сьвеце. А стаўленьне як да злачынцы — самахарактарыстыка рэжыму, які сілаю захапіў у Беларусі ўладу і ўсё што ні робіць — насуперак нармальнасьці, сусьветным традыцыям і самому сабе. Ён, як хвароба на целе краіны і нацыі, сам набліжае свой канец.

— Прагнаўшы вялізную колькасьць разумных, прыстойных людзей, ці не баіцца Лукашэнка, што яны за межамі краіны створаць новую Беларусь?

— Думаю, каб баяцца гэтага, яму ня хопіць ні фантазіі, ні межаў уласнай кар’еры. Яго мэтады кіраваньня «народцам» і «лапікам зямлі» не зьмяніліся з часоў дырэктарства ў саўгасе. А там не павінна быць столькі разумных і прыстойных людзей.

Новую Беларусь людзі вывезьлі ў сваіх розумах і сэрцах. І ў іх якраз хапае фантазіі і няма абмежаваньня ў часе, каб марыць пра яе ў будучыні. Таму ўвесь канфлікт вымяраецца часам. З аднаго боку, кар’ера Лукашэнкі рана ці позна закончыцца, з другога — новая Беларусь можа быць толькі ў самой Беларусі.

— Калі ўжо скончыцца паток мігрантаў праз нашу мяжу? Усе яны ведаюць, што зараз ужо немагчыма папасьці ў Эўропу. Каму гэта патрэбна?

— Мігранты нічога не вырашаюць, яны проста гатовыя на ўсё дзеля лепшага жыцьця. Але ёсьць бізнэс, які займаецца пераправай людзей на Захад. Ёсьць РФ, якая выкарыстоўвае гэты бізнэс, як частку «вайны Расеі супраць НАТО», для дэстабілізацыі Эўропы. Ёсьць інтарэс рэжыму РБ, які апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы і дагаджае Расеі ў яе зьнешнепалітычных памкненьнях. Думаю, паток скончыцца тады, калі скончыцца агрэсія Расеі.

— Чаму рэжым узяўся за генацыд беларускага народу ў часе мінулай вайны? Ці пракурорам няма больш чым заняцца?

— У параўнаньні з часамі нямецкай акупацыі цяперашні тэрор, на думку пракурораў, выглядае нармальнай стабільнасьцю. Хоць масавыя «хапуны» па сутнасьці нічым не адрозьніваюцца што тады, што цяпер. На парадку дня імкненьне рэжыму татальна пазбавіць волі ўсю беларускую нацыю.

Зьвярніце ўвагу, што ў новых крымінальных артыкулах не даецца вызначэньня «генацыду беларускага народу», як няма і дэфініцыі «экстрэмізму». А калі ўлічыць сёньняшнюю прэзумпцыю вінаватасьці, дык пад гэтымі словамі можна мець на ўвазе ўсё, што табе прымярэсьцілася.

— Як вы ставіцеся да таго, што расейцы лічаць Беларусь часткай Расеі? А некаторыя ўжо называюць нас беларускай вобласьцю.

— Гэтыя погляды ў іх не мяняліся на працягу стагодзьдзяў. Апошнім часам чалавечая цывілізацыя рухалася ў бок палітыкі добрасуседзтва. Нічога лепшага паміж краінамі проста не прыдумаеш. Але ў падмурку такой палітыкі ляжыць добрасуседзтва паміж людзьмі.

Дэмакратыі адна на адну не нападаюць, каб адабраць чужое. Расейскі народ, які лічыць сябе вялікім і асаблівым, ня мае досьведу добрасуседзтва і не культывуе гэтую якасьць ні на міжчалавечым, ні на міжнародным узроўні. Няма рацыянальнага пытаньня да сябе: навошта нам столькі зямлі, калі мы не апрацоўваем і таго, што маем?

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

❓ Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG