Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра нацыянальны колер Беларусі, сваркі ў дэмакратычным асяродку і выцясьненьне з ужытку расейскай мовы


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Украінцы пішуць нам, каб мы захавалі сваю родную мову і выцесьнілі расейскую. Гэта дазволіць нам захавацца беларусамі і стаць свабоднымі. Ці вы згодны з гэтым?

— Гэта пытаньне выбару каштоўнасьцяў: быць беларусам ці расейцам. Агульначалавечыя каштоўнасьці, у тым ліку свабода, узрастаюць толькі на нацыянальнай глебе.

Помню, герой аднаго фільма, эстонец, моцна зьдзівіў другога героя, чачэнца, калі сказаў: «Слова эстонца!» Чачэнец ускіпеў: «Гэта мы, чачэнцы, трымаем слова!» На што эстонец махнуў рукой: «Якая розьніца: эстонец, чачэнец...» Агульныя каштоўнасьці ніколі не ўзрастаюць на імпэрскай глебе, бо імпэрац заўсёды бачыць сябе вышэйшым за іншых, «вялікім».

— А хто ў сучаснай беларускай літаратуры самы важны, каб ведаць школьнікам? Пяць імёнаў, з жывых.

— Пяць ніяк не атрымаецца, мінімум удвая болей. Тыя, хто пры ўсіх іншых талентах і даробках стала прысутнічае ў публічнай прасторы, то бок «імёны на слыху», веданьнем якіх можна пахваліцца: Уладзімер Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Ева Вежнавец, Адам Глёбус, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Уладзімер Някляеў, Ганна Севярынец, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева.

Зразумела, тых, каго варта ведаць і чытаць, разоў у пяць ці дзесяць болей.

— Беларусь стала разьдзімаць «халодную вайну» — для чаго?

— Важна называць рэчы сваімі імёнамі. Беларусь ніколі ў гісторыі гэтага не рабіла, ня робіць і, перакананы, ня будзе рабіць.

Нельга нам нашу краіну, якую мы можам толькі любіць, атаясамліваць зь цяперашнім рэжымам, які толькі і ўмее, што разьдзімаць халодныя і гарачыя войны ў першую чаргу супраць беларушчыны і беларусаў, пры тым нічога агульнага зь Беларусьсю і беларусамі ня маючы, які дзейнічае выключна ў інтарэсах пэрсанальнай улады аднаго чалавека і Крамля датуль, дакуль Крамлю яго дзейнасьць здаецца выгаднай.

— Які нацыянальны колер Беларусі? Замежнік спытаў, я падумаў і пра чырвоны, і пра белы, і пра зялёны

— Наш знакаміты дызайнэр Міхал Анемпадыстаў казаў пра шэры. Ёсьць ягоная кніга, якая так і называецца «Колер Беларусі». Ён казаў так: «Альбо, скажам, шэры: у народнай культуры зьвяркі — героі калыханак, казак — усе шэрыя. Шэры — як абярэг, як зона спакою, бясьпекі».

Нездарма цяперашнія колеры рэжыму беларусы называюць агратрэшам. Ніякага спакою і суцэльнае ўвасабленьне бяды, небясьпекі. Міхал казаў: «Шэры колер — самы прыгожы. А сьцяг — бела-чырвона-белы». Так і перадайце замежніку.

— Вы сказалі, што найбліжэйшыя мэнтальна для беларусаў літоўцы. А чым яны ад нас адрозьніваюцца, калі не казаць пра мову?

— Літоўцы даражаць сваёй папуляцыяй. Ня толькі таму, што іх утрая менш за нас. Берагчы саміх сябе як беларусаў мы перасталі ў выніку 200 гадовай русіфікацыі. У Літве, напрыклад, пайменна ведаюць усіх, каго вывозілі ў Сібір або забілі бальшавікі, хто змагаўся за свабоду — літаральна ўсім ім пастаўленыя мэмарыялы.

У нас такое ўявіць немагчыма — сам заклік берагчы сябе як народ гучыць крамольна. А вось і вынік: за гады праўленьне Лукашэнкі беларусаў стала на адзін мільён (!) менш. Колькасьць літоўцаў збольшага не зьмянілася.

— Як спыніць сваркі ў дэмакратычным асяродку?

— Трэба дбаць пра палітычную гігіену. Зразумела, што многія сваркі інсьпіруюць правакатары. Але найчасьцей, як ні дзіўна, прычына ў нашай беларускай цярплівасьці або непераборлівасьці.

Калі, напрыклад, нехта сказаў пра іншага відавочную хлусьню ці сьвядома абразіў, такому ня можа быць веры і ў іншых рэчах. З такім увогуле ня можа быць узаемадзеяньня. На жаль, гэтае правіла часта ігнаруецца, што і прыводзіць урэшце да скандалаў.

Дэмакратычны асяродак фармуецца як калектыў і не адзін. І дбаючы пра адзінства калектыву і супольную творчасьць, нельга ігнараваць маральную неахайнасьць. Інакш ня будзе ні калектыву, ні творчасьці.

— Што павінна зьмяніцца ў расейцах, каб яны перасталі хацець вайны?

— Трэба, каб яны перасталі ўяўляць сябе выключнымі, а сталі нармальнай нацыяй. Для гэтага яны мусяць знайсьці сваю неімпэрскую ідэнтычнасьць. Маскоўцы, уральцы, як кажа Пуцін. Толькі ён гэтага баіцца, а для ўсяго сьвету гэта выхад з вайны.

Праўда, ніякіх прыкметных рухаў у гэтым накірунку не відаць. Бо рухі пачнуцца тады, калі розныя часткі Расейскай імпэрыі, тыя ж уральцы, пачнуць адгукацца на гэтую назву, шукаць у гэтым новыя магчымасьці і яднацца.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG