Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра дэтэктар хлусьні для журналістаў, масавыя ўцёкі пасіянарыяў на Захад і  «адмену» расейскай культуры


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Як вы ставіцеся да выкарыстаньня журналістамі «дэтэктара хлусьні»?

— Калі ёсьць такая «цацка», дык чаму б зь ёй не пагуляцца, калі гэта цікава. Адно варта падкрэсьліваць, што гэта гульня, а ня лёс, які «падмануць немагчыма» (насамрэч хібнасьць паліграфа 20%).

Канчатковы вынік называюць «інтэрпрэтацыяй паліграфоляга» і адносяць да «ўскосных доказаў», якія служаць хіба што для арыентацыі сьледзтва і суду. У адмысловай інструкцыі МУС пра «дэтэктар хлусьні» сказана, што вынікі апытаньня на паліграфе маюць «вероятностный характер», ня больш за тое. У сеціве, між іншым, ёсьць парады на тэму «як падмануць паліграф».

— Ці можа быць карысьцю ад вайны памяншэньне колькасьці тых, хто гатовы ісьці забіваць за свае барбарскія ідэі і, так бы мовіць, паскораная эвалюцыя расейскага грамадзтва ў выглядзе пазбаўленьня ад найбольш агрэсіўнай яго часткі?

— Думаю, што загіблыя ва Ўкраіне расейцы ні на што не ўплываюць і іх нельга назваць найбольш агрэсіўнай часткай грамадзтва. Нявольнікі, якія бароняць сваё рабства, сядзяць, у першую чаргу, у тэлевізары і ў Крамлі, а не ў акопе, куды адпраўляюць «расходны матэрыял», у якога няма ніякіх навыкаў кіраваць уласным лёсам.

— Люблю аўтарскую журналістыку, але яе робіцца ўсё меней. Чаму?

— Гэта чыста беларуская сытуацыя. Сапраўды, ёсьць аўтары, якіх чытаеш абавязкова, незалежна ад тэмы ці загалоўка. Таму мяне асабіста моцна бянтэжыла, калі яскравыя матэрыялы сталі публікавацца ананімна. Вядома, для бясьпекі. Хоць на гэты выпадак ёсьць псэўданімы. Пасьля прыйшоў крытэр ацэнкі працы СМІ — лайк. Стала не да кантэкстаў і стылю. Нарэшце ўся журналістыка мусіла пакінуць Беларусь, бо прафэсію назвалі злачынствам.

Але прыярытэты ў журналістыцы зьмяняюцца. Вернецца некалі і аўтарская журналістыка. Між іншым, у дэмакратычных краінах яна нікуды і не зьнікала.

— Старшыня КГБ шукае ў Беларусі амэрыканскіх шпіёнаў, а ягоная нявестка зьбіраецца ў Маямі (ЗША) адпачываць. Як такое магчыма?

— Бо сёньня існуюць дзьве рэальнасьці: нармальная і «наша», перакручаная, якую пабудаваў у РБ цяперашні рэжым. Яго прадстаўнікі разумеюць, які сьвет нармальны, а які не. Пры гэтым сябе яны бачаць з таго, нармальнага боку калючага дроту, пакідаючы ўсяму астатняму народу долю вязьняў свайго канцлягеру.

— З чым у гісторыі можна параўнаць масавыя ўцёкі пасіянарных людзей на Захад і як гэта скончылася?

— Масавы сыход пасіянарыяў адбыўся пасьля захопу Расеяй ВКЛ і паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Тады маскоўская ўлада адабрала ў шляхты маёнткі, шляхецкія сем’і рушылі ў бок Бяшчадаў (цяпер паўднёвая Польшча), а там хто асеў, а хто разьехаўся па сьвеце. Пасьля сьмерці цара Паўла ягоны наступнік Аляксандар дазволіў уцекачам вярнуцца дадому. Адбылося гэта ў 1801 годзе (без пакаяньня і пракурорскай камісіі).

Калі вы верыце ў магію гістарычнай цыклічнасьці, то вось вам тэрмін — на эміграцыі нашы пасіянарыі пражылі больш-менш 5 гадоў, каб неўзабаве масава далучыцца да паходу Напалеона на Маскву.

— Як вы ставіцеся да «адмены» расейскай культуры?

— Расейскую культуру ў гэтым кантэксьце часта разумеюць як творчасьць і творцаў. А гэта ня тое самае.

У Расеі ёсьць творчасьць і творцы, прычым геніяльныя. А вось культуры няма. Няма ў Расеі культуры побытавай, палітычнай, працоўнай, прававой, сямейнай і ўсякай іншай. Таму менавіта русіфікацыя, якую ў Беларусі праводзіць Лукашэнка — гэта па сутнасьці і ёсьць адмена культуры, вайна з культурай, з тым досьведам суіснаваньня і ўзаемадзеяньня людзей, які нашы продкі напрацавалі за стагодзьдзі.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG