Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я палякаў не караю...» Зьнішчэньне польскіх магілаў як апошні аргумэнт Лукашэнкі


Сёньня ў гэта нават цяжка паверыць, але да Лукашэнкі маладая беларуская дзяржава мела дружалюбныя і прыязныя адносіны з усімі суседзямі.

Цяпер жа і на поўдні, і на захадзе, і на поўначы — ворагі. І самым люты і зацяты зь іх, ва ўяўленьні менскага рэжыму — Польшча, замежны вораг нумар адзін, які сквапна і хціва пазірае з-за Буга на заможную і шчасьлівую «краіну для жыцьця», прагнучы праглынуць яе.

Беларусь не ўпершыню апанавала антыпольская прапаганда. У міжваеннай БССР галоўным дзяржаўным сьвятам лічыўся дзень 11 ліпеня — гадавіна «вызваленьня ад белапольскіх акупантаў». Антыпольскія настроі ўсяляк заахвочваліся. Камуністычны рэжым тысячамі выкрываў польскіх «шпіёнаў» і «дывэрсантаў», зьнішчаў польскія газэты і школы, уводзіў у школьныя праграмы антыпольскія літаратурныя творы. Але нават тады не даходзіла справа да зьнішчэньня польскіх могілак. Пры Лукашэнку — дайшла.

«Мы сваіх палякаў любім, паважаем і цэнім»

У сваім апошнім інтэрвію для замежнага СМІ (AFP, 21 ліпеня 2022 г.) Аляксандар Лукашэнка згадваў Польшчу ці не часьцей, чым Расею і Украіну. Абвінавачваючы, зьневажаючы і высьмейваючы.

Па-першае, яшчэ раз паўтарыў сваё перакананьне, што Варшава выношвае пляны агрэсіі супраць Беларусі:

«Мы ва ўсёй красе цяпер бачым, напрыклад, якую палітыку праводзіць Польшча. Вы хацелі, каб я спакойна глядзеў, як Польшча бачыць у сваіх уладаньнях, у сваім складзе, цытую іх, усю Беларусь?»

Каго цытуе Лукашэнка? Хто зь дзейных польскіх палітыкаў агучваў падобныя экспансіянісцкія пляны, абсурдныя для сучаснай Эўропы? На гэтыя пытаньні адказаў не было.

Па-другое, паведаміў пра сваё нібыта прыхільнае стаўленьне да беларускіх палякаў:

«Я ж палякаў зараз не караю за тую палітыку, якую праводзіць Польшча ў адносінах да нас. Я заўсёды кажу: у нас ёсьць палякі этнічныя, але гэта „мае“ палякі. Яны маюць усе правы, як і беларусы. Мы іх любім, паважаем і цэнім. І яны паводзяць сябе дастойна ў асноўным».

Вызваленыя зь беларускіх турмаў пад умовай забароны ўезду ў Беларусь дзеячы Саюза палякаў Белаурсі Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава. Варшава, чэрвень 2021
Вызваленыя зь беларускіх турмаў пад умовай забароны ўезду ў Беларусь дзеячы Саюза палякаў Белаурсі Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава. Варшава, чэрвень 2021

Дзіўная «любоў» да палякаў, праявы якой — татальнае закрыцьцё польскіх школ, зьнішчэньне польскіх газэт і грамадзкіх арганізацый, арышт і перасьлед актывістаў. Ці ён лічыць, што «ягоных» палякаў гэта ніяк не кранае і не турбуе?

Па-трэцяе, яшчэ раз прадказаў хуткі крах дзейнай польскай улады:

«Там жа ўладам давяраюць 15-20%. І, калі сумленна пройдуць выбары, проста цяперашнія дуды-маравецкія будуць зьмеценыя. І так і будзе».

Гэта гаворыць лідэр краіны, у якой за 28 гадоў ягонага кіраваньня не было ніводных сумленных выбараў. Але справа ня толькі ў гэтым. Нават калі ў Польшчы зьменіцца ўлада — ніякіх асаблівых дывідэндаў Лукашэнка з гэтага не атрымае: яго і ягоную палітыку не падтрымлівае ніводная зь дзейных апазыцыйных партый Польшчы.

Адметна, што якраз у гэты час, калі Лукашэнка разважаў пра сваю любоў да беларускіх палякаў, у Заходняй Беларусі працягвалася санкцыянаванае ўладамі зьнішчэньне месцаў польскай нацыянальнай памяці — пераважна могілак і брацкіх магілаў польскіх салдатаў і партызанаў, удзельнікаў паўстаньняў. Зьнішчаны альбо пашкоджаны надмагільлі і помнікі ў Богданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ёдкевічах...

Самыя апошнія выпадкі, зафіксаваныя ўжо ў ліпені, — зьнішчэньне мэмарыялаў на брацкіх магілах салдатаў Арміі Краёвай у Мікулішках Ашмянскага раёну і ў Стрыеўцы, недалёка ад Горадні.

Ненавісныя магілы

Чым такія ненавісныя гэтыя магілы Лукашэнку? Хто знайшоў у іх свой апошні спачын?

Размова ідзе пераважна пра пахаваньні салдат Арміі Краёвай. Падчас Другой сусьветнай вайны мясцовыя жыхары на Віленшчыне і Горадзеншчыне адных партызанаў, якія дзейнічалі тут, называлі «польскімі», другіх — «рускімі». Спачатку і тыя, і другія змагаліся зь нямецкімі акупантамі, здаралася — нават сумесна. Часта гэта былі хлопцы з суседніх мясцовых вёсак, якія добра ведалі адзін аднаго.

Першы амбасадар Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова ускладае кветкі да мэмарыялу польскім салдатам Арміі Краёвай. Стрыеўка Горадзенскі раён, 1992
Першы амбасадар Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова ускладае кветкі да мэмарыялу польскім салдатам Арміі Краёвай. Стрыеўка Горадзенскі раён, 1992

Жыцьцёвыя шляхі разыходзіліся з розных прычынаў: адзін мог паходзіць з заможнай каталіцкай сям’і, мець адукацыю, працаваць у мінулым настаўнікам ці доктарам — і лічыць сябе польскім патрыётам; другі — зь сям’і малазямельных праваслаўных сялян, з сымпатыямі да камуністаў, якія абяцалі яму чужую зямлю, — ішоў у партызаны савецкія.

Помнік на магіле салдат АК у Стрыеўцы пад Горадняй да і пасьля зьнішчэньня
Помнік на магіле салдат АК у Стрыеўцы пад Горадняй да і пасьля зьнішчэньня

Польскія партызанскія атрады, як правіла, былі складовай часткай Арміі Краёвай (АК) — найбуйнейшай арганізацыі польскага Супраціву падчас Другой сусьветнай вайны (у пэрыяд найбольшага размаху — больш за 380 000 чалавек). Адна з найбольш гучных яе апэрацый на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі — «Бура» ў 1943-1944 гадах, распрацаваная сумесна з польскім эміграцыйным урадам. У ёй удзельнічала больш за 100 тысяч салдат. Разьлік быў на тое, што, разгарнуўшы адначасова з наступам саветаў масавую партызанскую барацьбу ў тыле, атрады АК першымі ўвойдуць у вызваленыя Вільню, Горадню, Варшаву — яшчэ да таго, як туды ўступяць часткі Чырвонай Арміі. І такім чынам паставяць Маскву перад фактам, прымусяць лічыцца з сабой як з органамі ўлады новай дэмакратычнай Польшчы.

У Масквы і Сталіна былі зусім іншыя пляны і на будучыню Польшчы, і на лёс АК. Савецкім партызанам у Польшчы быў аддадзены загад на барацьбу з польскімі партызанамі АК 22 чэрвеня 1943 году. Масква ў сваіх дырэктывах загадвала «выціскаць польскія атрады з гэтых тэрыторый», «укараняць у польскія атрады сваіх агентаў, дэмаралізаваць, разлагаць іх знутры», «бяз шуму ліквідоўваць кіраўнікоў польскага падпольля». Усё гэта непазьбежна вяло да канфліктаў, узброеных сутычак і ахвяраў, у тым ліку сярод мірнага насельніцтва, частка якога падтрымлівала адзін, а частка — другі бок. Зь вясны 1943-га па ліпень 1944-га толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласьці савецкія партызаны расстралялі за супрацоўніцтва з АК больш як 500 мясцовых жыхароў. Адпаведна, польскія партызаны перасьледавалі тых, хто супрацоўнічаў з камуністамі, з савецкімі партызанамі.

Мая бабуля, якая жыла на Віленшчыне, успамінала: здаралася, за адну ноч у вёску наведваліся і адны, і другія партызаны (і «польскія», і «рускія») — пераважна па харчы і вопратку. Каб выжыць, даводзілася дзяліцца апошнім і з аднымі, і з другімі. І нікому асабліва не пярэчыць.

Армія Краёва была афіцыйна распушчаная пад ціскам Масквы 19 студзеня 1945 года. Лічылася, што гэта дазволіць пазьбегнуць узброенага канфлікту з Чырвонай арміяй і магчымай грамадзянскай вайны. Аднак яшчэ раней НКВД, СМЕРШ і падпарадкаваныя ім службы бясьпекі новага польскага пракамуністычнага рэжыму распачалі маштабныя рэпрэсіі супраць «акаўцаў» і іхных сем’яў. Як падлічылі польскія навукоўцы, з тэрыторыі Беластоцкага, Віленскага і Наваградзкага ваяводзтваў у савецкія лягеры і ссылку трапілі каля 80 тысяч тых, каго падазравалі ва ўдзеле ў польскім супраціве.

Для ўсіх — чужыя

Так паўсталі «выклятыя салдаты» («Żołnierze wyklęci»). Яны аказаліся ворагамі і для савецкага рэжыму, які зноў усталёўваўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, і для прамаскоўскай ПНР, што паўставала на месцы колішняй Другой Рэчы Паспалітай. І тут, і там іх чакалі арышт, турма, пакуты і пагібель. Усімі праклятыя і, здавалася, нікому не патрэбныя... Для іх заставаліся два шляхі: ці эміграцыя на Захад, ці працяг узброенай барацьбы з камуністычным рэжымам. Многія выбралі другое. Узброеная барацьба з камуністычным рэжымам працягвалася да канца 1950-х гадоў. Сярод іхных акцый былі напады на турмы, у якіх камуністы трымалі палітзьняволеных, замахі на супрацоўнікаў карнага апарату камуністычнай Польшчы, спробы вызваленьня палітвязьняў. Апошні вядомы «выкляты салдат» Юзэф Франчак быў адсочаны ў засадзе і застрэлены толькі ў 1963 годзе. Дзясяткі тысяч іх прайшлі праз турмы, катаваньні, зьдзекі.

Іхную барацьбу многія лічылі бессэнсоўнай і бескарыснай. Іхныя імёны і самаахвярныя ўчынкі працяглы час выкрэсьлівалі з гісторыі і ганьбілі. Іхныя магілы раўнялі зь зямлёй. Тым ня менш настаў момант, калі гэтыя апошнія салдаты свабоднай Польшчы былі прызнаныя героямі. Іхныя імёны вяртаюцца зь нябыту, імі называюць вуліцы і плошчы польскіх гарадоў, у гонар іх узводзяць манумэнты.

Вуліца «Выклятых салдатаў» («Żołnierzy wyklętych») ў Варшаве
Вуліца «Выклятых салдатаў» («Żołnierzy wyklętych») ў Варшаве

Ці не такі ж лёс чакае і тых беларусаў, якія сталі палітычнымі ахвярамі векапомнага 2020-га і якія сёньня нясуць свой пакутніцкі крыж, многімі на ўласнай радзіме не зразуметыя, забытыя, асуджаныя таталітарным рэжымам на зьдзекі і прыніжэньні?

Могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках, зьнішчаныя ўладамі ў ліпені 2022. Выгляд да нішчэньня.
Могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках, зьнішчаныя ўладамі ў ліпені 2022. Выгляд да нішчэньня.

Могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках Горадзенскай вобласьці пасьля зьнішчэньня
Могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках Горадзенскай вобласьці пасьля зьнішчэньня

На што разьлічвае Лукашэнка

На што разьлічвае Лукашэнка, зьнішчаючы магілы тых, каго ў Польшчы лічаць сваімі героямі? Магчыма, на тое, што яна адкажа падобным жа чынам (люстэркава), распачаўшы зьнішчэньне тых магілаў, якія так шануюць у Менску і Маскве? Тут варта мець на ўвазе: на тэрыторыі Польшчы — больш за 700 могілак савецкіх салдатаў Другой сусьветнай вайны. У польскай зямлі знайшлі свой спачын каля 1 мільёна 300 тысяч чырвонаармейцаў. Пераважная большасьць іх (800 000) — у лягерах ваеннапалонных, яшчэ 500 000 — падчас наступальных апэрацый Чырвонай Арміі ў 1944–1945 гадах. Такія могілкі — амаль у кожным польскім горадзе, а таксама ў многіх вёсках і мястэчках. І ўсе дагледжаныя і акуратныя.

Так, Варшава ў апошнія гады, асабліва пасьля прыняцьця закону аб забароне прапаганды камунізму, пасьлядоўна зносіла ўсе сымбалі, помнікі, скасоўвала назвы, што нагадвалі пра СССР, Чырвоную армію і яе дзеяньні. Але гэта ніяк не датычылася вайсковых могілак, дзе пахаваны салдаты Чырвонай Арміі.

Калі зьнішчаюць магілы польскіх жаўнераў на Горадзеншчыне ці Берасьцейшчыне, то чаму Польшча ня можа адказаць зьнішчэньнем савецкіх могілак на Падляшшы ці ў Мазовіі? Зусім магчыма, што менавіта на такую рэакцыю і разьлічваў Лукашэнка, санкцыянуючы зьнішчэньне могілак салдат Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі (сам ці на загад з Масквы — гэта пытаньне адкрытае).

І можна толькі здагадвацца, як адрэагаваў бы Крэмль, калі б Варшава наважылася адказаць Лукашэнку зьнішчэньнем на зьнішчэньне. Савецкія магілы для Масквы — балючы пункцік. Калі б дайшло да ліквідацыі савецкіх могілак у Польшчы, гэта магло б стаць падставай для самых нечаканых дзеяньняў у адказ. І размова магла ісьці ня толькі пра зьнішчэньне мэмарыялаў польскіх вайскоўцаў у Катыні і Медным на тэрыторыі РФ. Ідэалягічнае абгрунтаваньне для агрэсіі, для ўзброеных правакацыяй вельмі зручнае. Асабліва ўлічваючы цяперашні стан расейскага грамадзтва, напампаванага мілітарысцкай прапагандай і «победобесием».

Якой можа быць рэакцыя Варшавы

Але рэакцыя Польшчы аказалася надзіва стрыманай. 30 чэрвеня МЗС выказала «сур’ёзную заклапочанасьць усё больш частымі актамі апаганьваньня месцаў польскай нацыянальнай памяці» і зьвярнулася да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, бо «ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі гэтае пытаньне павінна быць цалкам выключана зь бягучых палітычных спрэчак». Чым адказаў Менск?

У ліпені зьявіліся паведамленьні пра новыя зьнішчэньні магілаў польскіх салдатаў на Горадзеншчыне — спачатку ў Мікулішках на Ашмяншчыне, потым у Стрыеўцы, што каля Азёраў Горадзенскага раёну.

Аднак вонкава стрыманая рэакцыя зусім не азначае, што ў Польшчы паблажліва ставяцца да гэтага. Насамрэч і грамадзкае абурэньне, і рашучы настрой уладных эліт прыкметныя. Іншая справа, што адказаць «люстэркава» (зьнішчэньнем на зьнішчэньне магілаў) тут ніколі не наважацца. Іншы мэнталітэт, іншае стаўленьне да пахаваньняў (незалежна ад таго, хто пахаваны, — свае ці чужынцы), да надмагільных крыжоў, падняць руку на якія ўвогуле лічыцца нечуваным блюзьнерствам. Гэта розьніца ў мэнталітэце асабліва адчувальная, калі параўнаць выгляд могілак (асабліва вясковых) у Польшчы і ў Беларусі (ня кажучы ўжо пра Расею). Гэта, дарэчы, тое, што асабліва кідаецца ў вочы кожнаму, хто прыяжджае ў Польшчу з Усходу.

Палітык ці дзяржаўны дзеяч, які наважыўся б аддаць загад на зьнішчэньне крыжоў на чыіх бы то ні было магілах, у Польшчы можа адразу забыць пра сваю палітычную кар’еру і будучыню.

Але гэта зусім не азначае, што ў Польшчы моўчкі праглынуць крыўду ў такім адчувальным, датклівым для сябе пытаньні, як магілы польскіх герояў. Гэтага не забудуць і не даруюць. Іншая справа, што адказ, відавочна, будзе не імгненным і «асымэтрычным» — зусім не такім, як таго, відавочна, чакае апанаваны пачуцьцём нянавісьці і помсты Лукашэнка, які ў сваім неўтаймоўным жаданьні зьняважыць і прынізіць ненавіснага суседа дайшоў да таго, да чаго рэдка даходзяць нават непрымірымыя ворагі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG