Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Чаму Прыгожына пахавалі без пашаны, што ня так са словамі папы Рымскага пра Расею і ці трэба цалкам закрываць межы


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Жыву ў Вільні і дзіўлюся беларускім навінам: кожны дзень аранжавы ўзровень небясьпекі, штармавое папярэджаньне... Да мяжы ўсяго 30 км, а нічога такога ў Літве не адбываецца. Чаму так?

— Міжволі падумаеш пра сувязь надвор’я ў соцыюме з надвор’ем у прыродзе. Штарміць у небе, у СМІ, у жыцьці. Відаць, Лукашэнка нешта робіць зь небам, памятаеце, ён паабяцаў дождж і «даў» дождж. Простая заканамернасьць: калі «жэстачайшае» напружаньне ў грамадзтве, дык тое самае (штучна ці натуральна) адбываецца і ў прыродзе. Паказальна, што ў Літве самая вострая праблема — правакацыі на мяжы з боку Беларусі.

— Пасьля зьмены рэжыму што мусіць адбыцца, каб мы сказалі, што Беларусь вярнулася да нармальнага жыцьця?

— Вызваленьне палітвязьняў, сыход расейскіх войскаў, візавая мяжа з РФ, рэальныя выбары, вяршэнства закону і правоў чалавека, дзяржаўны статус беларускай мовы і нацыянальнай сымболікі, рэформа сыстэмаў бясьпекі і адукацыі, уступленьне ў NATO і Эўразьвяз, дэрусыфікацыя і дэкамунізацыя, Шэнгенская прастора, адкрытыя межы (4 з 5), транспартныя сувязі, кваліфікацыя замест ідэалёгіі...

Усё можа адбыцца хутка і залежыць ад палітычнае волі народу і новае ўлады.

— З чаго вы ўзялі, што ўсе ў Беларусі хочуць у Эўразьвяз? Няўжо мы ня ў стане быць незалежнымі ад любога ўплыву?

— Узяў з аб’ектыўнай рэальнасьці. Гаворка не пра хочуць — ня хочуць (ніхто і не спытае), а пра тое, што сёньня Беларусь цалкам залежная ад Расеі. Былыя савецкія рэспублікі Балтыі ўцяклі ад гэтай залежнасьці ў Эўразьвяз і маюць, між іншым, найлепшы з усіх былых рэспублік узровень бясьпекі і дабрабыту людзей, вяршэнства закону і выбарнасьць улады, захавалі сваю мову і культуру.

Наш выбар: зьнікнуць у складзе тыранічнай Расеі або захаваць сябе ў складзе аб’яднанай Эўропы. Трэцяга сёньня ня дадзена.

— Раней выходзілі кнігі — палітычныя біяграфіі Лукашэнкі. А пасьля 2010-га — цішыня, хоць і Лукашэнка нікуды ня дзеўся. Чаму так?

— Напэўна, аўтарам няма чаго дадаць, бо герой нічога новага не зрабіў і не сказаў. Хоць, папраўдзе, усе гэтыя гады пазначаныя адным сюжэтам — падзеньнем яго легітымнасьці і стратамі для незалежнасьці Беларусі.

Тэрор штодня фіксуюць СМІ, а для кнігі патрэбная разьвязка, фінальная сцэна біяграфіі. Апроч таго, ніводзін з тых аўтараў ня мае ўмоваў пісаць кнігу: хто забіты, хто выжывае ў турме або эміграцыі. Верагодна, наступную кнігу напішуць ужо ня сьведкі-аналітыкі, а гісторыкі новага пакаленьня.

— Што ня так з цытатай папы Рымскага, якой абураецца Кіеў?

— Папа сем разоў паўтарыў слова «вялікі» ў дачыненьні да Расеі, яе імпэрыі, культуры і нават чалавечнасьці... Калісьці, мне было крыху за дваццаць, я спытаўся ў Васіля Быкава: адкуль бярэцца фашызм? Ён адказаў: з узьвелічэньня адных над іншымі...

Не бывае культураў вялікіх і невялікіх. Проста адныя больш разьвітыя за кошт прыдушэньня іншых. Наконт чалавечнасьці ў імпэрыі, якая так заўзята ваюе з правамі чалавека, то бок дзе само права на жыцьцё — гэта «заходнія каштоўнасьці», лепей увогуле памаўчаць.

— Ці трэба цалкам зачыніць мяжу з Эўропай?

— Дзеля чаго? Каб пакінуць беларусаў сам-насам з восамі, медзьвядзямі і вагнэраўцамі? А пасьля яшчэ і ядзерную бомбу ўзарваць дзе-небудзь пад Менскам...

Самае прыкрае ў вашым пытаньні тое, што мяжу будуць зачыняць не «з Эўропай», а — ад Беларусі. Ад кантрабанды людзьмі і цыгарэтамі, якая на дзяржаўным узроўні ідзе шырокім патокам з нашага боку. Ад неадэкватнага рэжыму, які даўно атабарыўся па-за межамі дабра і зла і трымае ў закладніках цэлую нацыю, для якой адкрытая мяжа — сёньня адзіны спосаб уратаваць сваё жыцьцё, свабоду і сваю нармальнасьць.

— Чаму Прыгожына пахавалі без пашаны, амаль таемна?

— Хтосьці трапна назваў гэтыя хаўтуры «спэцыяльнай пахавальнай апэрацыяй». То бок: вайна ва Ўкраіне — гэта не вайна, а СВА. І пахаваньне Прыгожына — не пахаваньне, а СПА... Адразу здымаецца ўсякі публічны рэзананс. І народ, які сабраўся глядзець відовішча, разыходзіцца са словамі: «ня ўсё так адназначна», «мы ня можам усяго ведаць». Калісьці Васіль Быкаў даў гэтай зьяве назву «ружовы туман».

Кажуць, падтрымка Пуціна ад гэтага толькі вырасла. Даўняя правераная практыка расейскіх правіцеляў. Яе сутнасьць у тым, што ніякай праўды няма і ня можа быць.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG