Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне завяршылі расьсьледаваньне справы аб расстрэле пратэстоўцаў на Майдане ў 2014 годзе


Акцыя памяці Нябеснай сотні ў Кіеве, лістапад 2021
Акцыя памяці Нябеснай сотні ў Кіеве, лістапад 2021

Абвінавачаньні выставілі Віктару Януковічу і сілавікам.

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны (ДБР) завяршыла расьсьледаваньне найбуйнейшай справы Эўрамайдану аб расстрэле сілавікамі ў лютым 2014 году мітынгоўцаў, якіх пасьля сталі называць «Нябеснай сотняй». Пра гэта паведаміла прэс-служба ведамства.

У зьдзяйсьненьні гэтага злачынства ДБР абвінаваціла экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і прадстаўнікоў усяго тагачаснага сілавога блёку, у тым ліку міністраў абароны і ўнутраных спраў краіны, кіраўніка СБУ, а таксама кіраўнікоў сілавых падразьдзяленьняў, у тым ліку камандзіра спэцпадразьдзяленьня «Беркут».

Усім фігурантам паставілі ў віну незаконную перашкоду правядзеньню мітынгаў і дэманстрацый, перавышэньне службовых паўнамоцтваў, наўмысныя забойствы і нанясеньне наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, а таксама арганізацыю тэрарыстычнага акту.

«Яны 18–20 лютага 2014 году аддавалі загады і прымалі адпаведныя рашэньні па прымяненьні работнікамі праваахоўных органаў без адпаведных падстаў і з парушэньнем нормаў дзейнага заканадаўства спэцыяльных сродкаў, вайсковай тэхнікі, агнястрэльнай зброі для сілавога процідзеяньня і разгону дэманстрантаў у цэнтры сталіцы і спыненьня акцый пратэсту», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Таксама чыноўнікі, паводле зьвестак ДБР, арганізавалі штурм Майдана пад выглядам «антытэрарыстычнай апэрацыі», а раніцай 20 лютага 2014 году загадалі расстрэльваць мітынгоўцаў. Гэтыя дзеяньні, як адзначылі ў ведамстве, прывялі да масавых ахвяр сярод удзельнікаў акцый пратэсту, у тым ліку да сьмерці 67 цывільных асоб.

Усяго ў выніку злачынных дзеяньняў Януковіча і сілавікоў, як падкрэсьлілі ў ДБР, пацярпелі 887 мітынгоўцаў і 132 праваахоўнікі.

Зыходзячы з таго, што ўсе названыя фігуранты справы цяпер знаходзяцца не ва Ўкраіне, ім выставілі завочныя абвінавачаньні, а суд прызначыў ім меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай. Максымальнае пакараньне паводле злачынстваў, у якіх абвінавачваюць Януковіча і іншых фігурантаў справы, — пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG