15 студзеня прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер сустрэўся з Марыяй Калесьнікавай, паведаміла DW .
Ён прыняў яе ў сваёй рэзыдэнцыі ў палацы Бэльвю.
Калесьнікава пакінула запіс у кнізе ганаровых гасьцей, дзе раней такі ж запіс пакідала нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.
«Цудоўна зноў бачыць вас на волі», — сказаў Франк-Вальтэр Штайнмаер Калесьнікавай перад журналістамі.
13 сьнежня 2025 году Марыю Калесьнікаву вызвалілі з калёніі ў Беларусі пасьля перамоў з ЗША разам з 122 іншымі палітычнымі зьняволенымі. Беларускія ўлады вывезьлі іх ва Ўкраіну, пасьля чаго яны змаглі зьехаць у краіны Эўрапейскага зьвязу.
Марыю Калесьнікаву і Віктара Бабарыку афіцыйна прыняла Нямеччына.
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава — былая палітзьняволеная, палітык, музыка, якая стала адным з галоўных сымбаляў мірных пратэстаў 2020 году.
Марыя была кіраўніцай перадвыбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Калі яго не зарэгістравалі і затрымалі, яна разам з камандамі Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы аб’ядналася. Калі ў краіне пачаліся масавыя мірныя пратэсты, Марыя засталася ў Беларусі і стала адным з найбольш бачных лідэраў гэтага руху.
У верасьні 2020 году яе затрымалі сілавікі. Марыя адмовілася пакінуць краіну, разарвала свой пашпарт. Пазьней суд прыгаварыў яе да 11 гадоў турмы. Праваабарончыя арганізацыі і міжнародныя палітыкі шмат разоў заклікалі да яе вызваленьня, адзначалі цяжкія ўмовы ўтрыманьня, абмежаваны кантакт зь сям’ёй і сур’ёзныя праблемы з здароўем.
23 сьнежня 2025 году пасьля больш як 5 гадоў зьняволеньня Марыя Калесьнікава была вызвалена разам зь іншымі палітычнымі зьняволенымі і вывезена з Беларусі.
Форум