Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевяць гадоў таму ў Кіеве загінуў Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня беларускага Героя Ўкраіны


Партрэт Міхаіла Жызьнеўскага на Мэмарыяле Героям Нябеснай Сотні ў Кіеве
Партрэт Міхаіла Жызьнеўскага на Мэмарыяле Героям Нябеснай Сотні ў Кіеве

22 студзеня 2014 году падчас Эўрамайдану ў Кіеве быў забіты беларус Міхась Жызьнеўскі. Пазьней яго прызнаюць Героем Украіны, у 2017-м экс-прэзыдэнт Парашэнка перадасьць Зорку Героя бацькам. Забойца дагэтуль ня знойдзены.

Ніна Жызьнеўская, маці героя Нябеснай сотні Міхася Жызьнеўскага, памерла 4 траўня 2018-га на 62-м годзе жыцьця. Менш як празь месяц пасьля таго, як пахавалі ейнага мужа, 73-гадовага Міхаіла Жызьнеўскага.

Арыгінал публікацыі за 22 студзеня 2019 году тут.

«Нарэшце!» — так сацыяльныя сеткі ва Ўкраіне адрэагавалі на ўганараваньне званьнем Героя Ўкраіны беларуса Міхася Жызьнеўскага. У 2017 годзе залатую зорку героя атрымалі бацькі — Міхаіл і Ніна Жызьнеўскія — у Кіеве падчас сустрэчы з экс-прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага і экс-прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Перадача ордэну Героя Нябеснай Сотні, дадзенага Міхаілу пасьмяротна, 28 лістапада 2014 году
Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага і экс-прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Перадача ордэну Героя Нябеснай Сотні, дадзенага Міхаілу пасьмяротна, 28 лістапада 2014 году

​Менавіта бацькі набліжалі гэты дзень, неаднаразова зьвяртаючыся да ўкраінскіх уладаў з просьбай ушанаваць свайго сына пасьмяротна найвышэйшай узнагародай Украіны. Такім чынам яны хацелі спыніць хвалю абразаў і абвінавачаньняў у «бандэраўшчыне», якія пасыпаліся ў Беларусі на іхную сям’ю адразу пасьля гібелі Міхася.

Магіла Міхася Жызьнеўскага пад Гомлем, архіўнае фота
Магіла Міхася Жызьнеўскага пад Гомлем, архіўнае фота

«Забілі Локі!»

Міхась Жызьнеўскі стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў удзельнікаў Эўрамайдану зь міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Беркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разьбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей.

Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжаньня Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызьнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацьвёра зь іх — ад агнястрэльных раненьняў у грудзі, шыю і галаву. Раненьні атрымалі каля 200 пратэстоўцаў.

У штабе нацыянальнага супраціву, дзе аказвалі мэдычную дапамогу параненым, нават не адразу ўдалося высьветліць прозьвішча беларуса — актывісты былі разгубленыя з прычыны гібелі замежнага грамадзяніна. Яго ведалі як Аляксея. Часам ён прадстаўляўся як Локі. Казаў, што выбраў гэтае імя са скандынаўскай міталёгіі — так звалі бога хітрасьці і падману, які быў адначасова станоўчым ды адмоўным героем.

Паведамленьне прэсавай службы УНА-УНСО пра гібель Міхася Жызьнеўскага
Паведамленьне прэсавай службы УНА-УНСО пра гібель Міхася Жызьнеўскага

Міхась Жызьнеўскі браў удзел у акцыі пратэсту зь першых дзён — ён уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Эўрамайдан. А прыехаў ва Ўкраіну яшчэ ў 2005-м, калі яму было 17 гадоў.

Уцёкі ва Ўкраіну

Як расказвала ягоная маці Ніна Жызьнеўская, кіраўнік рыцарскага клюбу, у якім займаўся Міхась, узяў яго з сабою ў якасьці «жывога шчыта»: нібыта пазычыў грошы на выраб сярэднявечных дасьпехаў, але пазыку не вярнуў і вымушаны быў уцякаць, хаваючыся ва Ўкраіне. Але сам Міхась пераконваў сяброў з УНА-УНСО, што зьехаў зь Беларусі праз палітычны перасьлед.

Міхась Жызьнеўскі на Майдане
Міхась Жызьнеўскі на Майдане

Міхась спачатку спрабаваў замацавацца ў Данецку, потым у Крывым Рогу і Кіеве. Урэшце спыніўся ў Белай Царкве, што за 90 кілямэтраў ад украінскай сталіцы. Там працаваў зваршчыкам і мантажнікам вокнаў. Ягоныя сябры сьцьвярджалі, што гэтая праца для Локі была толькі сродкам заробку — ён працягваў цікавіцца гісторыяй, міталёгіяй, вайсковай справай і рыцарскім рухам. Міхась займаўся страйкболам і, дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму захапленьню далучыўся да УНА-УНСО — у гэтай арганізацыі была выдатная страйкбольная каманда.

Пасьля ўцёкаў ва Ўкраіну Міхась Жызьнеўскі не кантактаваў зь сям’ёю на працягу 7 гадоў. Што праўда, у 2014-м плянаваў паездку да бацькоў у Гомель.

Разьвітаньне ў дзень нараджэньня

У дзень нараджэньня, калі Міхасю Жызьнеўскаму павінна было споўніцца 26 гадоў, зь ім разьвітваліся ў Міхайлаўскім саборы Кіева. Пасьля паніхіды, на якую прыйшлі каля 10 тысяч чалавек, труну пад выгукі «Герой» і «Жыве Беларусь!» несьлі па некалькіх вуліцах Кіева, праз майдан Незалежнасьці да барыкадаў на вуліцы Грушэўскага, дзе ён загінуў.

Самы вядомы герой Нябеснай сотні

У часе Рэвалюцыі годнасьці загінулі больш як 100 украінцаў. Усе яны пасьмяротна ўганараваныя званьнем Героя Ўкраіны. За выключэньнем двух замежных грамадзян — беларуса Міхася Жызьнеўскага і грузіна Давіда Кіпіяні. Для ўкраінцаў яны ўсё роўна заставаліся героямі, хоць і бяз зоркі. Абодва сталі рыцарамі ордэна Герояў Нябеснай сотні — узнагарода была заснаваная ў 2014 годзе, ужо пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне.

Помнік героям Нябеснай сотні ў Кіеве
Помнік героям Нябеснай сотні ў Кіеве

Можна сьцьвярджаць, што Міхась Жызьнеўскі стаў адным з самых вядомых герояў ва Ўкраіне. Яго памятаюць і шануюць.

У 2015 годзе была заснаваная ўкраінска-беларуская літаратурная прэмія памяці Міхася Жызьнеўскага «Воін сьвятла». Яе штогод прысуджаюць украінскаму і беларускаму аўтару за стварэньне вобраза героя, які адстойвае свабоду і справядлівасьць.

У 2016 годзе імя Міхася Жызьнеўскага надалі вуліцы, якая дагэтуль насіла імя Германа Цітова, у горадзе Оўручы Жытомірскай вобласьці.

У Кіеве на вуліцы Грушэўскага ёсьць два помнікі беларусу, у тым ліку на месцы ягонай гібелі пасярод праезнай часткі вуліцы Грушэўскага, а таксама памятная дошка на вуліцы Беларускай і іншыя памятныя знакі з партрэтам Міхася.

Помнік Жызьнеўскаму пасярод праезнай часткі вуліцы Грушэўскага. На невялікім пастамэнце, створаным з дарожнай пліткі, стаіць вялікі фотапартрэт Міхася Жызьнеўскага, абапал якога лунаюць тры сьцягі — бел-чырвона-белы і два чорна-чырвоныя, якія зьяўляюцца сымбалямі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Міхась Жызьнеўскі быў актывістам гэтай арганізацыі.
Помнік Жызьнеўскаму пасярод праезнай часткі вуліцы Грушэўскага. На невялікім пастамэнце, створаным з дарожнай пліткі, стаіць вялікі фотапартрэт Міхася Жызьнеўскага, абапал якога лунаюць тры сьцягі — бел-чырвона-белы і два чорна-чырвоныя, якія зьяўляюцца сымбалямі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Міхась Жызьнеўскі быў актывістам гэтай арганізацыі.

У лістападзе 2014 году непадалёк ад меркаванага месца гібелі Міхася Жызьнеўскага паставілі мармуровы помнік. Ён знаходзіўся на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага. Помнік быў створаны і ўсталяваны за кошт ахвяраваньняў грамадзкасьці. На ягонае афіцыйнае адкрыцьцё тады прыехалі бацькі Жызьнеўскага.

Гэтае месца стала сымбалічным для беларусаў — тут праходзілі шматлікія акцыі салідарнасьці і ўшанаваньня памяці Жызьнеўскага, а таксама ўручалі літаратурную прэмію «Воін сьвятла». Прэмія заснаваная ў 2015 годзе і ўручаецца ў дзень народзінаў Міхася Жызьнеўскага ля помніка, пастаўленага ў Кіеве побач зь месцам ягонай гібелі. Ініцыятарам стварэньня літаратурнай прэміі стаў украінскі пісьменьнік Уладзімір Даніленка, які цяпер узначальвае Кіеўскую арганізацыю Саюзу славянскіх пісьменьнікаў Украіны. Гэтую ідэю падтрымаў і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

У жніўні 2021 году па рашэньні кіеўскай гарадзкой улады гэты помнік зьнесьлі, а на ягоным месцы паставілі мэмарыяльны комплекс героям-кіеўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Гэты мэмарыял ініцыяваў мэр Кіева Віталь Клічко.

Свабода зьвярнулася да кіеўскай улады з афіцыйным запытам, у якім папрасіла паведаміць месца, куды перанесьлі помнік Герою Ўкраіны Міхасю Жызьнеўскаму і ці плянуецца зносіць стыхійны помнік, які пакуль яшчэ стаіць пасярод вуліцы Грушэўскага. Згодна з украінскім заканадаўствам, улады мусілі адказаць на запыт цягам пяці працоўных дзён, але цягам некалькіх месяцаў яны і не адказалі.

Адкрыцьцё помніка беларусам, якія загінулі за Ўкраіну, 28 сакавіка на Беларускай вуліцы, 22, у Кіеве. Кіеў, 28 сакавіка 2016 году
Адкрыцьцё помніка беларусам, якія загінулі за Ўкраіну, 28 сакавіка на Беларускай вуліцы, 22, у Кіеве. Кіеў, 28 сакавіка 2016 году

Шлях да зоркі

Ва Ўкраіне больш як тры гады ішлі дыскусіі, як ушанаваць вышэйшай узнагародай замежных грамадзян, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці. У парлямэнт накіроўваліся некалькі варыянтаў адпаведнага законапраекту.

Міхась Жызьнеўскі пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам герояў Нябеснай сотні
Міхась Жызьнеўскі пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам герояў Нябеснай сотні

І толькі ў красавіку 2017 году Вярхоўная Рада ўхваліла зьмены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах», згодна зь якімі званьне Героя Ўкраіны можа прысвойвацца як выключэньне тым замежным грамадзянам, якія ўжо «ўзнагароджаныя ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, а таксама за зьдзяйсьненьне выключнага геройскага ўчынку, зьвязанага з адстойваньнем канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабод чалавека падчас Рэвалюцыі годнасьці (лістапад 2013 — люты 2014 году)».

З 2016 году бацькі — Міхаіл ды Ніна Жызьнеўскія — атрымлівалі і пажыцьцёвую пэнсію, прызначаную ўказам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі на ўшанаваньне памяці іхнага сына. Бацька памёр у красавіку 2018-га на 73-м годзе жыцьця, а менш як празь месяц, у траўні 2018-га, у 61 год памерла маці.

У 2022 годзе Рада БНР абвесьціла пра ўзнагароджаньне Міхася Жызьнеўскага мэдалём Ордэну Пагоні пасьмяротна.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай ускладаюць кветкі да помніка Міхасю Жызьнеўскаму ў Кіеве
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай ускладаюць кветкі да помніка Міхасю Жызьнеўскаму ў Кіеве

Няпросты выбар для Лукашэнкі

Ад пачатку акцыяў пратэсту ва Ўкраіне дзяржаўныя СМІ Беларусі выкарыстоўвалі факт гібелі Міхася Жызьнеўскага ў прапагандысцкіх фільмах, малюючы нэгатыўны вобраз Эўрамайдану. Дый сам Аляксандар Лукашэнка, калі закранаў тэму ўдзелу беларусаў у ваенных дзеяньнях на Данбасе, выказваўся даволі рэзка, хоць і пазьбягаў згадваць імя гамельчука.

Дома ў бацькоў Жызьнеўскага. Партрэты Міхася
Дома ў бацькоў Жызьнеўскага. Партрэты Міхася

«З тымі, хто ваюе, мы разьбяромся, калі яны вернуцца ў краіну. Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэньне: калі ты пайшоў ваяваць (гэта значыць забіваць) — ня важна, на баку Данбаса ці супраць яго, — мы зь цябе спытаем. Гэта адзінкі, можа, нейкія два дзясяткі чалавек. Адзін на Майдане паваяваў — труп прывезьлі», — заявіў ён у 2015 годзе падчас наведваньня Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне.

Наведваньне мэмарыялу на алеі Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве стала пратакольным захадам для ўсіх афіцыйных замежных дэлегацый. Аднак Аляксандар Лукашэнка ў часе сваіх візытаў ва Ўкраіну ніводнага разу сюды не наведваўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG