Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацьку Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага пахавалі побач з сынам


Міхаіл Жызьнеўскі каля магілы сына Міхася, архіўнае фота
Міхаіл Жызьнеўскі каля магілы сына Міхася, архіўнае фота

Жызьнеўскаму-старэйшаму ішоў 73-і год, ён на чатыры гады перажыў сына, забітага стрэлам у сэрца 22 студзеня 2014 году ў Кіеве падчас Рэвалюцыі годнасьці. Праводзіць яго ў апошні шлях прыехалі сваякі і грамадзкія актывісты.

Міхаіл Пятровіч раптоўна памёр 8 красавіка. Ніна Жызьнеўская сказала Свабодзе, што муж скардзіўся на боль у сэрцы і суставах, крывяны ціск. Але прымаў таблеткі і працягваў займацца сваімі справамі.

«Была ж сьветлая Нядзелька Хрыстова. Ён прылёг на канапе і глядзеў тэлевізар. Я таксама была зь ім у пакоі. Драмала на другой канапе. Хвілінаў можа на пятнаццаць заплюшчыла вочы. Расплюшчваю, бачу — ні грудзі, ні жывот у майго Пятровіча як бы й не варушацца», — кажа Ніна Жызьнеўская.

З суседняга пакоя прыбегла дачка і стала рабіць бацьку штучнае дыханьне. Празь дзесяць хвілінаў прыехала «хуткая», мэдыкі канстатавалі сьмерць.

«Мяне толькі накалолі ўколамі, каб падтрымаць. Я во сяджу са сваімі хваробамі, а яго няма», — плача Ніна Жызьнеўская.

Яна кажа, што Міхаіл Пятровіч быў жвавым чалавекам, але шмат здароўя ў яго забрала гібель сына на Майдане.

«Я ня бачыла, каб мужчына так моцна плакаў. Калі на людзях Пятровіч яшчэ трымаўся, то дома даваў волю сьлязам. Мы пасьля гібелі сына на Майдане месяцы два не маглі апамятацца», — кажа Ніна Васільеўна.

Міхаіл Жызьнеўскі нарадзіўся 1 верасьня 1945 году ў Навабеліцкім раёне Гомля. У маладыя гады па камсамольскай пуцёўцы працаваў на лесасеках Карэліі. Калі вярнуўся ў Гомель, доўгі час рабіў сьлесарам-сантэхнікам. На пэнсію канчаткова выйшаў толькі ўвосень 2015-га, маючы за плячыма поўныя 70 гадоў.

Ніна Жызьнеўская кажа, што муж даглядаў сына і дачку — немаўлятаў, бо ў яе на заводзе быў вышэйшы заробак: «Ён за мяне быў больш у дэкрэтным адпачынку, чым я».

Дачка Натальля і жонка Ніна Жызьнеўскія
Дачка Натальля і жонка Ніна Жызьнеўскія

Ніна Васільеўна кажа, што бацькоўскі боль Міхаіла Пятровіча крыху суцяшала стаўленьне ва Ўкраіне да памяці герояў Нябеснай сотні, у тым ліку іхнага сына.

Міхаіл Жызьнеўскі на цырымоніі ўзнагароджаньня мэдалём «За ахвярнасьць і любоў да Ўкраіны», Кіеў, Міхайлаўскі сабор, ліпень 2015 году
Міхаіл Жызьнеўскі на цырымоніі ўзнагароджаньня мэдалём «За ахвярнасьць і любоў да Ўкраіны», Кіеў, Міхайлаўскі сабор, ліпень 2015 году

Сустрэча з прэзыдэнтам Украіны ў 2015 годзе ўразіла Жызьнеўскага-старэйшага. Высьветлілася, што Пятро Парашэнка асабіста знаў Міхася Жызьнеўскага.

«Я адчуў гонар за сына. Адчуў гонар і за Беларусь, дзе вырас такі герой, які ахвяраваў жыцьцё за свабоду Ўкраіны. Для Мішы Ўкраіна стала другой радзімай, і сын не саромеўся пра гэта казаць».

Бацькі на магіле сына Міхася Жызьнеўскага 14 чэрвеня 2017 году
Бацькі на магіле сына Міхася Жызьнеўскага 14 чэрвеня 2017 году

У чэрвені 2017 году ўкраінскі прэзыдэнт уручыў Міхаілу і Ніне Жызьнеўскім зорку Героя Ўкраіны. Іх сын Міхась стаў першым замежным грамадзянінам, якога ўганаравалі гэтым званьнем.

Пасьля сьмерці Міхаіла Пятровіча пасол Украіны Ігар Кізім патэлефанаваў Ніне Жызьнеўскай, каб выказаць ёй і дачцэ Натальлі спачуваньне ад імя прэзыдэнта Украіны і сябе асабіста.

Міхаіла Жызьнеўскага пахавалі побач з магілай сына ў вёсцы Сьцяг Працы, што пад Гомлем. Над магілай луналі бел-чырвона-белы і жоўта-блакітны сьцягі. Бел-чырвона-белым сьцягам была накрыта і труна Міхаіла Пятровіча.

Прамаўляе Ўладзімер Кацора
Прамаўляе Ўладзімер Кацора

«Хоць і кажуць, што героямі не нараджаюцца, а імі становяцца, аднак у герояў ёсьць бацькі, — сказаў у разьвітальным слове палітык Уладзімер Кацора. — Ведаючы Жызьнеўскіх, асабіста Міхася Пятровіча, як людзей ад народу, скажу, што менавіта ў такіх семʼях і нараджаюцца героі. Прыйдзе час, і тут будзе мэмарыял Жызьнеўскіх, да якога, упэўнены, не зарасьце народная сьцежка».

Магіла Міхаіла Жызьнеўскага побач з сынавай
Магіла Міхаіла Жызьнеўскага побач з сынавай

Герой Украіны Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG