Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы прыйшлі на плошчу Незалежнасьці ў Кіеве павіншаваць беларусаў зь юбілеем БНР


У цэнтры ўкраінскай сталіцы на плошчы Незалежнасьці распачалася акцыя, прымеркаваная да 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Акцыю ладзяць прадстаўнікі Беларускага цэнтру «Сябры», Тактычная група «Беларусь», дабрачынная арганізацыя «Міжнародны фонд «Валошка» ды руху салідарнасьці «Разам».

Да сьвяткаваньня далучыліся каля 100 украінцаў ды беларусаў. Салідарнасьць зь беларусамі выказаў лідэр добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў»​ Мікола Каханіўскі:

«Мы выказваем падтрымку патрыятычным беларусам, бо Беларусь таксама мае акупанта і палітвязьняў».

Мікола Кахніўскі
Мікола Кахніўскі

Падчас акцыі гучалі песьні беларускага добраахвотніка Алеся Чаркашына, які загінуў на ўсходзе Ўкраіны, Андруся Мельнікава.

Сярод удзельнікаў шмат украінцаў адзначылі, што сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР ёсьць вельмі важным, бо краіна мусіць быць вольнай. «Мы разам маем быць і падтрымліваць адзін аднаго», — сказаў кіяўлянін, які адмыслова прыйшоў на акцыю.

Пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці ўдзельнікі акцыі ўскладуць кветкі да помнік Міхаілу Жызьнеўскаму і Герою Нябеснай сотні Якаву Зайку — беларусу паводле паходжаньня, але грамадзяніну Ўкраіны. Апроч таго, будзе ўшанаваная і памяць Вячаслава Чарнавіла, які быў галоўным ідэолягам і заснавальнікам Народнага руху Ўкраіны.

Удзельнікі акцыі прайшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі з плошчы Незалежнасьці да вуліцы Грушэўскага — месца гібелі беларуса Міхайла Жызьнеўскага і ўсклалі кветкі.

У сквэры «Добраахвотнік» да 100-годзьдзя БНР узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг як сымбаль удзелу беларускіх добраахвотнікаў у падзеях на Данбасе. Гэты сквэр адкрыты ў 2016 годзе ў адным са спальных раёнаў Кіева.

Фінансавыя выдаткі па ўсталяваньні флягштоку ўзяла на сябе дабрачынная арганізацыя «Міжнародны фонд «Валошка» ды Тактычная група »Беларусь«. Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых добраахвотнікаў хвілінай маўчаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG