Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла маці Жызьнеўскага — беларуса, які стаў Героем Украіны

абноўлена

Ніна Жызьнеўская, архіўнае фота
Ніна Жызьнеўская, архіўнае фота

Ніна Жызьнеўская, маці Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага, памерла ў шпіталі інвалідаў вайны на 62-м годзе жыцьця, паведаміла Свабодзе ейная дачка Натальля. Напярэдадні Ніну Васілеўну адвезьлі ў шпіталь на «хуткай» – жанчыне стала блага, была высокая тэмпэратура.

Гэта адбылося менш як празь месяц пасьля таго, як пахавалі ейнага мужа, 73-гадовага Міхаіла Жызьнеўскага. Міхаіл Пятровіч раптоўна памёр 8 красавіка, пахаваны побач з сынам у вёсцы Сьцяг Працы, што пад Гомлем.

Пахаваць Ніну Жызьнеўскую зьбіраюцца заўтра, побач з магіламі мужа і сына.

Бацькі Жызьнеўскага атрымлівалі ад Украіны грашовую дапамогу, іх у Кіеве асабіста прымаў прэзыдэнт Пятро Парашэнка, казаў зьвяртацца асабіста ў выпадку праблемаў. Яшчэ 17 лютага амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім адмыслова прыехаў у Гомель, каб перадаць Ніне Жызьнеўскай ад імя Парашэнкі інвалідны вазок. Яна мела праблемы з нагамі і з сэрцам яшчэ чатыры гады таму.

Герой Украіны Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня

Міхась Жызьнеўскі стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў удзельнікаў Эўрамайдану зь міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Бэркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разьбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей. Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжаньня Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызьнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацьвёра зь іх — у выніку агнястрэльных раненьняў у грудзі, шыю і галаву. Каля 200 пратэстоўцаў атрымалі раненьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG