Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны перадаў інвалідны вазок маці беларускага героя Нябеснай сотні


Украінскі амбасадар Ігар Кізім перадае вазок Ніне Жызьнеўскай
Украінскі амбасадар Ігар Кізім перадае вазок Ніне Жызьнеўскай

17 лютага амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім адмыслова прыехаў у Гомель, каб перадаць ад імя ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі інвалідны вазок Ніне Жызьнеўскай, маці героя Нябеснай сотні Міхася Жызьнеўскага.

Сям’я Героя — на кантролі прэзыдэнта

Дом на вуліцы Дастаеўскага, дзе жыве сям’я беларускага Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага, добра знаёмы ўкраінскім дыпляматам. Яны прыяжджаюць сюды, каб ушанаваць памяць змагара ўкраінскай Рэвалюцыі годнасьці ды падтрымаць сям’ю героя.

Сёньня амбасадар Ігар Кізім разам з супрацоўнікамі амбасады ўручыў маці героя букет чырвоных ружаў ды перадаў ёй інвалідны вазок.

«Каб вы ведалі, Ніна Васілеўна, клопат пра вас і вашу сям’ю знаходзіцца на асабістым кантролі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Ён, калі даведаўся, што вы маеце патрэбу ў такім вазку, распарадзіўся набыць яго і перадаць вам. Для нас ваш сын — гэта справа Ўкраіны. Мы шануем сваіх герояў», — сказаў украінскі амбасадар.

Вазок зроблены ў Польшчы, ён трывалы і, што важна, — лёгкі, усяго пятнаццаць кіляграмаў. Першым «абкатаў» вазок Міхаіл Жызьнеўскі, муж Ніны Васільеўны.

«Такіх хударлявых, як я, двое памесьцяцца», — пажартаваў бацька героя.

Апрабавала вазок і сама Ніна Васілеўна:

«Нармальна, акурат як для мяне. Ажно ня верыцца. Увосень, калі Ігар Юр’евіч прыяжджаў наведаць магілу Міхася, я сказала аднаму з супрацоўнікаў амбасады, што мне надзвычай цяжка хадзіць. Не забыліся, вялікі дзякуй. Дзякуй і ўкраінскаму прэзыдэнту — ён трымае сваё слова», — узрадаваная падарункам кажа Ніна Васільеўна.

Амбасадар паведаміў таксама Ніне і Міхаілу Жызьнеўскім, што цяпер падбіраюць санаторый ва Ўкраіне, каб увесну яны маглі падмацаваць здароўе. І наказаў бацькам героя не саромецца, тэлефанаваць у амбасаду па любую падтрымку — гуманітарную, маральную. Нават калі трэба нешта вырашыць зь мясцовымі ўладамі.

Праз «шпіёнскія жарсьці»

Ігар Кізім зазначыў, што пасьля леташніх сустрэч украінскага й беларускага прэзыдэнтаў узаемным дачыненьням Украіны і Беларусі быў дадзены моцны імпульс. Відавочна, гэта прыйшлося не даспадобы трэцяму боку, якога амбасадар сьвядома не называе. Нечакана прападае ў Гомлі ўкраінскі маладзён Павал Грыб — яго пазьней знаходзяць арыштаваным у расейскім Краснадары. Узьнікае так званы «шпіёнскі скандал»: беларускі КДБ затрымлівае ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку, якога называюць «стваральнікам агентурнай сеткі» ў Беларусі. У Чарнігаве судзяць беларуса Юрыя Палітыку, падазраванага ў шпіянажы.

Такія акалічнасьці ўскладняюць узаемадачыненьні дзьвюх дзяржаваў. Тым ня менш, амбасадар Кізім лічыць, што альтэрнатывы «менскай пляцоўцы» дзеля ўрэгуляваньня расейска-украінскага канфлікту на Данбасе няма.

Менскай «пляцоўцы» няма альтэрнатывы

«Я тут пагаджаюся з заявамі кіраўніцтва Беларусі: усе гавораць, але ніхто нічога не прапаноўвае. Альтэрнатывы менскай перамоўнай пляцоўцы няма — гэта маё перакананьне. Менская пляцоўка працуе. Быў абмен ваеннапалоннымі. Калі б не было перамоваў, невядома што б там ужо здарылася», — кажа Ігар Кізім.

Паводле амбасадара, пазыцыя Расеі, якая заяўляе, што яна ня ўдзельнічае ў канфлікце на Данбасе, а толькі назірае, згубная. Яна вядзе ў нікуды. Міжнародны ціск на Расею будзе толькі павялічвацца:

«Расея мусіць разумець, што яна заплаціць такую цану, які мусіць заплаціць. Чым агрэсіўней яна будзе паводзіць сябе, тым большай будзе гэтая цана».

На думку амбасадара, робіцца ўсё больш відавочным, што без міратворчай місіі ААН ва ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе не абысьціся. Ці змогуць удзельнічаць у гэтай місіі беларускія вайскоўцы, сказаць нават дыплямату складана, бо пакуль няма адпаведнага мандату і невядома, якім ён будзе. Украінцам хацелася б, каб удзельнікі місіі былі не заангажаванымі.

Вырашэньне збройнага канфлікту на Данбасе дасьць магчымасьць украінскаму боку вызваліць значныя сілы й сродкі, у тым ліку і дзеля пашырэньня эканамічных, гуманітарных ды культурных стасункаў Украіны і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG