Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб украінскі прыклад быў для нас арыенцірам на перамогу над злом», — беларуская журналістка ў Кіеве


Вераніка Бягун
Вераніка Бягун

Госьця Свабоды Premium — Вераніка Бягун, беларуская журналістка, якая ўжо 23 гады жыве ва Ўкраіне і штодня вядзе хронікі вайны ў форме прыватнага дзёньніка.

Вераніка Бягун лічыць, што не павінна быць калектыўнай адказнасьці і калектыўнай віны за тое, што з тэрыторыі Беларусі ідуць расейскія войскі і ляцяць расейскія ракеты на ўкраінскія гарады.

Глядзець размову цалкам на відэа

Сьцісла

  • Апошнія дзьве ночы былі ціхія, але гэтая цішыня неспакойная. Памятаю ноч, калі выбухі былі вельмі блізка. Упершыню ў маім жыцьці было адчуваньне бездапаможнасьці, што сьмерць сапраўды вельмі блізка.
  • Калі ты ў сапраўднай небясьпецы і жыцьцё падзеленае на «да» і «пасьля», ты ня думаеш, колькі табе гадоў, колькі табе засталося, ты думаеш пра адзін дзень.
  • Вельмі хочацца, каб чалавечнасьць перамагла. Гэтага я найперш чакаю ад гэтай вайны. Для мяне будзе невыносна, калі зло пераможа. Самае цяжкае ў падзеях у Беларусі ў 2020 годзе — тое, што зло перамагло. На нейкім этапе, але перамагло.
  • Я б зараз спадзявалася на беларускіх вайскоўцаў, на іх сумленьне. Чакаю, што сярод іх знойдзецца вельмі моцны чалавек, які не пабаіцца рызыкаваць сваім месцам і жыцьцём.

«Я супраць калектыўнай адказнасьці»

— Вераніка, раскажы пра беларускую частку твайго жыцьця, як пераехала ва Ўкраіну, чым займалася ў мірны час...

— Я нарадзілася ў Беларусі, пражыла там амаль 32 гады. Скончыла БДУ, працавала ў журналістыцы, у БелТА, якая назвалася тады «Белінформ». У 1994 годзе, ужо пасьля таго, як Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, атрымала прапанову паспрабаваць сябе як піяр-мэнэджар у Беларускім фондзе Сораса. Праз тры гады фонд закрылі пры непасрэдным удзеле Лукашэнкі. Я атрымала запрашэньне ад цэнтральнаэўрапейскага офіса Фонду Сораса ў Будапэшце і працавала там да 1999 году.

Потым так атрымалася, што Кіеў быў для мяне і для майго мужа Пітэра Бэрна (тагачасны выканаўчы дырэктар Беларускага фонду Сораса, амэрыканскі грамадзянін. — РС) кампрамісным рашэньнем на той час. Мы затрымаліся ў Кіеве на 22 гады, тут нарадзілася наша дачка. Першыя часы працавала на Радыё Рацыя, але быць журналісткай ва Ўкраіне ў мяне не атрымалася...

Для мяне гэта вельмі злая іронія лёсу, што я, беларуска, цяпер на вайне ва Ўкраіне, і з тэрыторыі маёй краіны ідзе сапраўдная збройная дапамога іншаму боку гэтай вайны.

— Як ты, беларуска, сябе адчуваеш ад таго, што з тэрыторыі тваёй радзімы ідуць расейскія войскі і ляцяць расейскія ракеты на ўкраінскія гарады, і ты, і твая сям’я можаце стаць іх ахвярамі ў любую хвіліну? Ці варта казаць пра калектыўнае пачуцьцё віны і калектыўную адказнасьць?

— Я за пэрсанальную адказнасьць і супраць калектыўнай адказнасьці.

— Мы размаўляем на 12-ты дзень вайны Расеі супраць Украіны. Як прайшла ноч у Кіеве, што адбываецца цяпер?

— Апошнія дзьве ночы былі ціхія, але гэтая цішыня неспакойная. У мэдыя, сацсетках, паміж людзьмі адчуваецца трывога наконт магчымага разьвіцьця падзей. Памятаю ноч, калі выбухі былі вельмі блізка. Тады ўпершыню ў маім жыцьці было адчуваньне бездапаможнасьці, што сьмерць сапраўды вельмі блізка. Сёньня Пітэр пайшоў у офіс раніцай, казаў пра абсалютна пусты горад.

«Я паабяцала сабе, што ня буду плакаць»

— Які быў самы страшны момант для цябе за гэтыя 12 дзён вайны?

— Было два такіх. Першы — калі я даведалася, што дзяржава Беларусь дапамагае Расеі ваяваць супраць Украіны. Я дагэтуль гэта не перажыла, гэта вялізны боль. А другі — ноч, калі выбухі былі вельмі блізка.

— Ці былі ў цябе сьлёзы шчасьця за гэтыя 12 дзён?

— Я паабяцала сабе, што ня буду плакаць. Не таму, што я жалезная лэдзі, а таму, што мне вельмі цяжка, калі плачу. Да сьлёзаў шчасьця, на жаль, вельмі далёка. І калі становіцца спакойна, я вельмі яскрава ўяўляю, як я буду плакаць, калі ўсё гэта скончыцца. Падобнае адчуваньне ў мяне было, калі скончыўся Майдан. Я памятаю той ранак, калі Януковіч уцёк з краіны, калі было зразумела, што мы перамаглі. Гэта была неверагодная палёгка. Я вельмі чакаю такога адчуваньня цяпер і веру, што яно прыйдзе.

— А ў жніўні 2020-га ці было такое адчуваньне?

— Тады было неймавернае шчасьце, калі людзі выходзілі, калі я даведалася, што мая краіна абсалютна не такая, як я ўяўляла сабе ўсе гады з 1994 году. Палёгкі не было. Потым гэта зьмянілася суцэльным болем. І гэты боль заўсёды са мной. Вельмі шмат маіх знаёмых у турмах ці перажылі зьняволеньне. Да палёгкі вельмі далёка яшчэ.

«У першы ранак вайны першым імпульсам было — напісаць»

— Вераніка, калі чытаеш твой дзёньнік, то відавочна, што ён напісаны прафэсійнай журналісткай, але гэта не навіны, не рэпартажы, ён пра прыватныя рэчы, пра адчуваньне вайны, краіны, людзей у гэты драматычны час. І дзёньнік мае ўжо вялізарную аўдыторыю, тваіх хронік чакаюць, табе дзякуюць, ужо чакаюць кнігу па выніку. Чаму ты вырашыла ў такой форме зафіксаваць вайну?

Вераніка Бягун
Вераніка Бягун

— Гэта было абсалютна інтэнсіўна і спантанна. У першы ранак вайны першым імпульсам было — напісаць. Увесь дзень 24 лютага мне хацелася штосьці пісаць. У той дзень у мяне было 6 пастоў, была ўнутраная патрэба падзяліцца. Набіраючы літары, я адчувала, як мне лягчэй становіцца. Паступова далучыліся людзі, якія чыталі мяне, ня толькі мае фрэнды і падпісанты — сукурсьнікі, аднаклясьнікі, мае былыя калегі, шмат людзей з далёкага мінулага. І цяпер я адчуваю (апроч маёй сям’і) у фэйсбуку найвялікшую падтрымку, якую можна мець, атрымліваю столькі камплімэнтаў, колькі не атрымлівала ў жыцьці, напэўна. Мне сорамна, што я гэта адчуваю падчас вайны. Гэта вельмі ненатуральна, але калі гаварыць пра шчасьце падчас вайны, то я яго адчуваю ў такой падтрымцы.

«Перажыць гэты дзень, быць жывой, не звар’яцець і заставацца спакойнай»

— Што незваротна зьмянілася ў сыстэме тваіх жыцьцёвых прыярытэтаў за гэты час? Што стала зусім няважным, а што ты цэніш найбольш?

— За гэтыя дні я пачала абсалютна па-іншаму глядзець на людзей — знаёмых і незнаёмых. Быццам нешта неістотнае звалілася зь людзей. Такія выпрабаваньні дазваляюць людзям альбо быць гуманнымі, добрымі, адрозьніваць дабро ад зла, або ня быць чалавекам. Чорна-белы погляд. Я звычайна не люблю катэгарычнасьці, але зараз так адчуваю.

Другая тэма крыху сьмешная. Да вайны я вельмі хвалявалася пра свой узрост, шмат пра гэта думала. У мяне быў адмысловы тэлеграм-канал і блог у Інстаграме пра гэта. Я пісала, дзялілася сваімі фізычнымі і псыхалягічнымі адчуваньнямі, а цяпер гэта проста сьмешна. Бо ўзрост не вырашае нічога істотнага, калі ты ў сапраўднай небясьпецы і жыцьцё падзеленае на «да» і «пасьля», ты ня думаеш, колькі табе гадоў, колькі табе засталося, ты думаеш пра адзін дзень. Перажыць гэты дзень, быць жывой, не звар’яцець і заставацца спакойнай.

Галоўнае, што мяне хвалюе як жанчыну і як чалавека, — што людзі могуць быць такімі жорсткімі, забіваць, хацець забіваць, ухваляць гэта. Значна цяжэй перажыць, што жанчыны на гэтай зямлі ўхваляюць забойства.

— Твая сям’я ня зьехала з Кіева, напэўна, гэта была прынцыповая пазыцыя. Украіна пераможа ў гэтай вайне?

— Я абсалютна перакананая, што пераможа, але гэта не адзіная прычына, чаму мы засталіся тут. Я не пра ўсё магу казаць публічна. Але скажу для разуменьня тых, хто агулам абвінавачвае ўсіх беларусаў. Калі б я зараз была на мяжы Ўкраіны з Польшчай, ці выпусьцілі б мяне? Там вялікая чарга, былі гісторыі, калі беларусак зь дзецьмі, якія, як і я, шмат гадоў пражылі ва Ўкраіне, адштурхоўвалі з чаргі і прапускалі ў першую чаргу ўкраінцаў.

Гэта вельмі тонкая быкаўская рэч паміж віной, здрадай і чалавечнасьцю. Вельмі хочацца, каб чалавечнасьць перамагла. Гэтага я найперш чакаю ад гэтай вайны. Для мяне будзе невыносна, калі зло пераможа. І самае цяжкае ў падзеях у Беларусі ў 2020 годзе — гэта тое, што зло перамагло. На нейкім этапе, але перамагло. Я вельмі спадзяюся, што зараз гэта зноў ня здарыцца.

«Няслушна пасыпаць галаву попелам і караць сябе штодня, што мы ня так зрабілі»

— Што беларусам рабіць з гэтай несправядлівасьцю, калі часова зло перамагло ў Беларусі, і беларусаў у сьвеце, якія ўцяклі ад гэтага зла, якія змагаюцца з гэтым злом, атаясамліваюць з агрэсарам? Як гэта прыняць, магчыма, як на гэта ня крыўдзіцца, што з гэтым рабіць?

— Ня быць адной масай, калектывам, а кожнаму адказваць за сябе. Спрабаваць рабіць тое, што цябе асабіста будзе трымаць у нармальным псыхалягічным стане, рабіць усё, што можаш, каб дапамагчы беларусам, якія засталіся ў Беларусі, і беларусам, якія па-за межамі Беларусі знаходзяцца. Няслушна пасыпаць галаву попелам і караць сябе штодня, што мы ня так зрабілі ці не зрабілі. Для мяне арыенцір, як выжываць і змагацца, гэта Ганна Севярынец. Яна мая гераіня і прыклад.

— Што перамога Ўкраіны будзе азначаць для беларусаў? І калі гэтага не адбудзецца, што гэта будзе азначаць для беларусаў?

— Пра другое не хацелася б думаць. Я ўпэўненая, што калі Ўкраіна пераможа, мы будзем наступнымі, хто стане вольнымі. Ня ведаю, колькі часу гэта зойме. Чакаю, што ў Эўропе пасьля перамогі Ўкраіны ня будзе больш ніякіх дыктатараў, што гэта будзе прыкладам таго, як можна перамагчы. Я супраць абагульненьняў, але агульнае ўражаньне ад майго жыцьця ва Ўкраіне, што ўкраінцы адрозьніваюцца ад нас сілай духу ў першую чаргу. Можа, прычына ў гісторыі, у тым, што ў іх большая тэрыторыя, іх увогуле болей, ня ведаю, але бачу гэта як факт. Мы, беларусы, ня зможам быць такімі, але гэта і не патрэбна, у нас ёсьць свае моцныя бакі і перавагі. Але хачу, каб украінскі прыклад быў для нас арыенцірам на перамогу над злом, якое пануе ў нашай краіне.

«Беларусы цяпер у перасоўным канцлягеры»

— Што беларусы могуць зрабіць дзеля свабоды Ўкраіны? Вакарчук казаў у інтэрвію, што словаў мала, патрэбныя дзеяньні.

— Беларусы цяпер у перасоўным канцлягеры. Я б сёньня спадзявалася на беларускіх вайскоўцаў, на іх сумленьне. Чакаю, што сярод іх знойдзецца лідэр, вельмі моцны чалавек, які не пабаіцца рызыкаваць сваім месцам і жыцьцём, нешта зрабіць, арганізаваць і адмовіцца ад удзелу ў гэтай вайне з боку Расеі. Дзе гэтыя сьмелыя людзі? Так хочацца іх пабачыць. Я б ганарылася, калі б у маёй краіне знайшоўся такі чалавек і такія людзі, якія б здолелі такое зрабіць.

Што да беларусаў у Беларусі. Я ня веру, што выхад на вуліцы ці забойства нешта вырашыць. Ведаю шмат сумленных і разумных людзей па ўсёй Беларусі, якія застаюцца на радзіме. На іх месцы я б ня ведала, што рабіць. Я таксама разумею, што калі б я была ў Менску, не было б гэтай размовы, у мяне не было б сьмеласьці мець чырвона-белы манікюр і размаўляць пра нашу будучыню. Таму я ўсіх разумею...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG