Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр гурту «Океан Ельзи» Вакарчук: Беларусы, ня бойцеся, змагайцеся, мы дапаможам вам. ВІДЭА


Сьвятаслаў Вакарчук на канцэрце ў Менску. 2019 год.
Сьвятаслаў Вакарчук на канцэрце ў Менску. 2019 год.

У эфіры Свабоды Premium легендарны ўкраінскі музыка, вакаліст і лідэр гурту «Океан Ельзи», грамадзкі дзяяч Сьвятаслаў Вакарчук заклікаў беларускіх вайскоўцаў ня ўдзельнічаць у вайне Расеі супраць Украіны, а беларускі народ — «перайсьці Рубікон» і змагацца за вольную незалежную Беларусь.

Сьцісла

  • Калі вас выйдзе мільён, улада ня зможа ўсіх забраць у турму. Пагатоў цяпер расейскія салдаты занятыя вайной ва Ўкраіне, і яны дакладна ня будуць займацца яшчэ і пратэстамі ў Беларусі.
  • Мне моцна баліць, што праз палітычны альянс Лукашэнкі і Пуціна ўвесь сьвет запісвае Беларусь у кампанію з Расеяй, уводзіць жорсткія санкцыі, адключае ад цывілізаванага сьвету, але адзіны спосаб гэта спыніць — гэта вы самі.
  • Мой зварот да беларускага народу — ня бойцеся, мы дапаможам вам і будзе цаніць кожны крок вашай падтрымкі, кожнае ваша слова і кожнае дзеяньне.
  • Расейцам штодня расказваюць у тэлевізіі, што гэта ўкраінцы самі бамбяць свае гарады. Гэта мне нагадвае кнігу Оруэла «1984». Сапраўды, жалезная заслона ўжо апусьцілася над Расеяй і, баюся, апускаецца над Беларусьсю.

«Калі мне кажуць, што людзі ў Расеі і Беларусі з намі, але нічога ня могуць зрабіць са сваёй уладай, я ня ведаю, што сказаць»

— Якім будзе дзясяты дзень вайны Расеі супраць Украіны для вас?

— Гэта першы дзень за тыдзень, калі я вярнуўся ў цэнтральную Ўкраіну. Сёньня я наведаю вайсковы шпіталь. Штодзень туды ежджу. Не магу сказаць, куды — з прычыны бясьпекі, але гэта будзе ў цэнтральнай Украіне. Потым паеду на дзень у Львоў. Заўтра ў таты, які нядаўна памёр, быў бы дзень нараджэньня, і я хацеў бы правесьці яго з маці. Разам з братам пойдзем на магілу да таты. А з панядзелка ізноў еду бліжэй да лініі фронту і буду рабіць тое, што рабіў, — сустракацца з салдатамі, падтрымліваць параненых і пэрсанал шпіталяў, рабіць інфармацыйныя сустрэчы, расказваць людзям пра тое, што адбываецца.

— Калі стала вядома, што мы з вамі дамовіліся на інтэрвію, вельмі шмат людзей папрасілі мяне — перадай Вакарчуку, бо яго любяць і слухаюць ва Ўкраіне, каб ён ведаў і перадаў украінцам, што беларусы з украінцамі, што яны супраць вайны, што яны выходзяць і на антываенныя акцыі ў сваім канцлягеры і садзяцца ў турму, што жанчын арыштоўваюць у царкве за малітвы за мір, што беларусы пачалі рэйкавую вайну, каб не пусьціць расейскія эшалёны ва Ўкраіну; перадай Вакарчуку, каб украінцы падзялялі Лукашэнку з памагатымі і беларускі народ. Дык я б такі мэсыдж ад нашай аўдыторыі вельмі хацела б да вас данесьці.

— Магчыма, скажу трошкі непрыемную рэч, але мушу гэта сказаць. З аднаго боку, сапраўды, мы дужа цэнім падтрымку звычайных беларусаў. Гэта адно з маіх улюбёных месцаў, куды я прыяжджаў даваць канцэрты. Памятаю канцэрт у Менску, які адбыўся ня так даўно. Я ведаю, як беларусы любяць «Океан Ельзи», і мне гэта было дужа прыемна. З другога боку, з тым, што адна рэч — народ, а другая — улада, я ня згодны, асабліва цяпер. Ёсьць такая знакамітая фраза: народ заслугоўвае тую ўладу, якую мае. Я не хачу нікога абразіць. Я лічу, што беларусы гераічна стаялі два гады таму, выходзілі на пратэсты, на майданы, і было вельмі жорстка. Але ў мяне адчуваньне, што вы не перайшлі Рубікон, калі трэба было быць гатовымі ісьці да канца, каб змагацца за сваю свабоду.

Украінцы паміралі за сваю свабоду на Майдане ў 2014 годзе, і ўкраінцы паміраюць за сваю свабоду і незалежнасьць цяпер, не задумваючыся аддаюць свае жыцьці за тое, каб зьберагчы жыцьці сваіх дзяцей і сваю краіну. Таму калі мне кажуць, што людзі ў Расеі і Беларусі з намі, але нічога ня могуць зрабіць са сваёй уладай, я ня ведаю, што сказаць.

Мы, украінцы, заўсёды ведалі, што зрабіць са сваёй уладай. У нас ніколі не было пытаньня: калі яна паганая, мы прыходзілі і зносілі яе. Так было некалькі разоў. Так было ў 2014 годзе, калі тагачасны прэзыдэнт уцёк у Расею, бо пасьмеў падняць зброю на ўласны народ. Так бывае падчас выбараў.

Таму я маю адзін мэсыдж да беларусаў, у якіх, я ведаю, ёсьць шчырае сэрца і добрая душа. Усё, што вам патрэбна, — гэта перайсьці той Рубікон. І зразумець, што за сваю будучыню трэба змагацца. А сваімі словамі падтрымкі вы сваю будучыню не збудуеце. Мы гэта прайшлі і мы вам кажам, што рана ці позна гэта будзе трэба рабіць.

Што для нас найбольш патрэбна ад Беларусі? Зрабіць так, каб ніводзін беларускі салдат і ніякая беларуская тэхніка не перасекла мяжу Ўкраіны. Няхай жанчыны стануць перад танкамі і ня пусьцяць іх, калі так будзе адбывацца.

Ці вы бачылі відэа, як у адным з украінскіх гарадоў жанчыны сталі на дарозе перад танкамі, і калі танк пачаў ехаць у іх бок, яны не сышлі? Калі пачалі страляць, яны не сышлі. Гэта ня проста гераізм, гэта сьвядомая пазыцыя. Гэта дух народу. Я перакананы, што беларускі народ мае ў сабе такі ж патэнцыял.

Другая рэч, якую вы можаце зрабіць — выходзіць на вуліцы сапраўды масава. Вы ж ведаеце, як гэта, вы ўжо не баіцеся, вы бачылі, як гэта бывае. І я ня думаю, што зараз тая сытуацыя, калі можна казаць напалову.

Мне моцна баліць, што праз палітычны альянс Лукашэнкі і Пуціна ўвесь сьвет запісвае Беларусь у кампанію з Расеяй, уводзіць жорсткія санкцыі. Беларусь адключаюць ад цывілізаванага сьвету, але адзіны спосаб гэта спыніць — гэта вы самі. Маю на ўвазе — ня вы канкрэтна, бо я ведаю, што вы (Радыё Свабода. — РС) робіце, а вы як народ. Таму мой зварот да беларускага народу — ня бойцеся, мы дапаможам вам і будзем цаніць кожны крок вашай падтрымкі, кожнае ваша слова і кожнае дзеяньне.

«Не страляйце ў тых, каго называеце сваімі братамі, не выконвайце злачынных загадаў»

— Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч сказала ў эфіры Свабоды, што ў цяперашніх умовах для беларускіх салдатаў гераізм — гэта не страляць. Што б вы сказалі беларускім вайскоўцам, якія цяпер стаяць перад цяжкім выбарам, калі іх адправяць ваяваць ва Ўкраіну?

— Лукашэнка казаў раней, што расейская армія ня пойдзе на Ўкраіну празь Беларусь. І што адбылося? Мая блізкая знаёмая, зь якой раней працавалі ў адной камандзе, у пятніцу ехала па вуліцы, і на адным блёк-посьце, паблізу тэрыторыі Беларусі, яе спыніў БТР з расейскімі салдатамі, паклалі яе на зямлю галавой уніз, навялі аўтаматы і сказалі, што заб’юць, калі не аддадуць тэлефоны. Гэтыя людзі прыехалі з тэрыторыі Беларусі, з раёну Гомля, куды я заўсёды езьдзіў на канцэрты да вас. Я не магу сябе ўявіць, што так стала.

Я магу сказаць беларускім салдатам адно — не страляйце ў тых, каго называеце сваімі братамі, не выконвайце злачынных загадаў, а калі для вас загад вашага дыктара самы важны, то будзьце гатовыя, што вас будуць забіваць.

— Абнародавалі вынікі незалежнага апытаньня пратэставай аўдыторыі ў Беларусі, і 98% апытаных лічаць вайну Расеі супраць Украіны катастрофай. Гэтых людзей ня трэба пераконваць, ім баліць, яны ня могуць спаць другі тыдзень праз вайну. А як можна ўзьдзейнічаць на тых, хто трымае ўладу ў Беларусі, на Лукашэнку, яго сілавы апарат? Эмацыйныя звароты на іх наўрад ці падзейнічаюць.

— Думаю, што ёсьць два спосабы. Першы спосаб народны, і вы паказалі летам 2020-га, што ведаеце і ўмееце гэта рабіць. Гэты спосаб ў Беларусі у памяці, ім трэба карыстацца. Выходзіце на плошчы і вуліцы масава. Калі вас выйдзе 3 тысячы, улады вас проста ўсіх забяруць у турму, калі вас выйдзе мільён, улада ня зможа ўсіх забраць у турму. У іх такіх сілаў няма. Пагатоў цяпер расейская ўлада, расейскія салдаты занятыя вайной ва Ўкраіне, і яны дакладна ня будуць займацца яшчэ і пратэстамі ў Беларусі.

Другая гісторыя. Беларускі народ мае зразумець, што ён будзе цярпець ад эканамічных санкцыяў з прычыны сваіх уладаў. Захад вельмі сур’ёзна настроены на эканамічныя санкцыі супраць Расеі, некаторыя зь іх будуць і па Беларусі. Узровень жыцьця будзе пагаршацца, і людзі, якія не хацелі выходзіць на вуліцу нават праз вайну, зразумеюць, што ўлада вядзе іх у тупік, і вымушаныя будуць такім чынам выказваць сваю незадаволенасьць.

Так ці інакш, будуць дзеяньні, якія вы можаце зрабіць, аднак дзеяньні, а ня словы, каб спыніць страшную агрэсію Расеі супраць Украіны, якая ідзе ў тым ліку праз тэрыторыю вашай краіны, якую мы, я асабіста так заўсёды любіў. Гэта вельмі важна, каб вы штосьці змаглі зрабіць. Украінцы таксама супраць вайны, украінцам таксама страшна, у ўкраінцаў таксама ёсьць жонкі і дзеці, яны таксама баяцца, што ў іх штосьці забяруць.

Але ўкраінцаў сёньня проста забіваюць, і яны гатовыя абараняць сябе, і ўся рэшта ім ня страшная. Паверце, няма нічога страшнейшага, — арышту, эканамічных санкцыяў — страшнейшых, чым калі забіваюць вашых дзяцей у вас на вачах.

— У пятніцу на вайне загінуў за свабоду Ўкраіну і беларускі добраахвотнік.

— Гэта вялікая трагедыя для абодвух народаў. Прыміце шчырае спачуваньне. Мы гэта высока цэнім. Мне гэта трошкі нагадвае часы, калі ў Гішпаніі была грамадзянская вайна, і колькі сьветлых і годных людзей з розных краінаў загінулі там за ідэалы свабоды. Зараз ХХІ стагодзьдзе, іншая сытуацыя. Я спадзяюся, што нам удасца пераканаць сьвет увесьці беспалётную зону над Украінай. А так украінская СПА будуць настолькі ўзмоцненая, што расейскія ракеты перастануць бамбіць мірныя гарады, але ўрэшце ўкраінская армія пераможа і так. Я перакананы.

«Быў пэрыяд, калі ўкраінцы лічылі, што Беларусь добра жыве»

— Паводле сацыялягічных апытаньняў, Лукашэнка шмат гадоў быў адным з найбольш папулярных палітыкаў ва Ўкраіне. Як бы вы маглі гэта патлумачыць?

— Быў пэрыяд, калі ўкраінцы лічылі, што Беларусь добра жыве, у іх усё добра, няма палітычных баталіяў, нэрваў, і яны намагаюцца сябраваць з усімі. Але гэты пэрыяд вельмі даўно скончыўся. Украінцы даўно расплюшчылі вочы, усё ведаюць, бачаць і разумеюць. Быў пэрыяд, калі ва Ўкраіне абсалютная большасьць людзей была супраць NATO, думала, што гэта варожы блёк. Сёньня 70% украінцаў хочуць уступіць у NATO, а 90% — у ЭЗ. І гэта зрабіў Пуцін, гэта яго заслуга.

«Я хачу, каб расейскія маці задумаліся пра гэта, калі яны не задумваюцца пра тое, што іх сыны забіваюць нашых дзяцей»

— Ці быў пачуты ваш зварот да расейскіх маці, якое ў вас адчуваньне?

— Не. Ня ведаю, што яны чуюць. У іх глушаць незалежныя СМІ. У чацьвер я даў інтэрвію тэлеканалу «Дождь», і гэта было апошняе інтэрвію, якое яны ўзялі. Іх закрылі. Ім штодня расказваюць у тэлевізіі, што гэта ўкраінцы самі бамбяць свае гарады. Гэта мне нагадвае кнігу Оруэла «1984». Сапраўды, жалезная заслона ўжо апусьцілася над Расеяй і, баюся, апускаецца над Беларусьсю.

Таму трэба штосьці з гэтым рабіць. Дагрукацца да іх мы можам толькі праз блізкіх і родных. Але нават і маленькія ручайкі праўды, што туды ідуць, могуць штосьці даць, я перакананы. Расея ўжо страціла тысячы салдатаў, яны ўсе вернуцца дадому з «пахаронкамі», у мяхах. Я хачу, каб расейскія маці задумаліся пра гэта, калі яны не задумваюцца пра тое, што іх сыны забіваюць нашых дзяцей.

— Якая цяпер роля людзей культуры? Што можна зрабіць словам, музыкай, мастацтвам?

— Я кожны дзень словам ваюю за Ўкраіну. Я на кожным блёк-посьце спыняюся, імкнуся пагаварыць, сфатаграфавацца з хлопцамі, каб яны бачылі, што ўся нацыя адзіная. Музыка таксама вельмі важная. Абсалютная большасьць украінскіх музыкаў, шоў-бізнэсу падтрымлівае ўкраінскі народ, многія з аўтаматам у руках змагаюцца за Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG