Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве падрыхтавалі Канцэпцыю грамадзянскай абароны, якая ўлічвае ядзерную катастрофу на БелАЭС


Беларуская АЭС, Астравец, архіўнае фота
Беларуская АЭС, Астравец, архіўнае фота

Дакумэнт прадугледжвае сярод іншага падрыхтоўку да ядзернай (радыялягічнай) катастрофы на Беларускай АЭС, разьвіцьцё сіл эвакуацыі.

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы з улікам «зьмененай геапалітычнай сытуацыі» падрыхтавала Канцэпцыю ўзмацненьня грамадзянскай абароны, у якой улічваюцца рызыкі ад ядзернай (радыялягічнай) катастрофы на Беларускай АЭС, паведамляецца на сайце ведамства.

Дакумэнт, паведамляецца ў прэс-рэлізе МУС, прадугледжвае напрамкі разьвіцьця грамадзянскай абароны да 2030 году і павінен стаць арыентырам для лепшага ўзаемадзеяньня органаў і службаў грамадзянскай абароны і ўмацаваньня здольнасьці дзейнічаць у крызісных, надзвычайных сытуацыях і ўмовах вайны, быць належным чынам падрыхтаванымі да папярэджаньня насельніцтва і яго эвакуацыі, а таксама дапаможа паклапаціцца пра асьвету жыхароў у пытаньнях грамадзянскай абароны.

Паводле міністаркі ўнутраных спраў Агне Білатайце, неабходнасьць зьяўленьня канцэпцыі зьвязана з тым, што сфэра грамадзянскай абароны ўжо шмат гадоў «знаходзіцца ў занядбаным стане»:

«Адсутнасьць адзінай і дакладнай стратэгіі, нізкае фінансаваньне, адсутнасьць кіраўніцтва на дзяржаўным узроўні выявілі сыстэмныя недахопы ў гэтай сфэры».

Дакумэнт прадугледжвае як раўназначныя прыярытэты мадэрнізацыю сыстэмы апавяшчэньня жыхароў, асьвету, вучэньні і навучаньне, падрыхтоўку да ядзернай (радыялягічнай) катастрофы на Беларускай АЭС, разьвіцьцё сіл эвакуацыі, супрацоўнікаў па забесьпячэньні гатоўнасьці, устаноўку бясьпечных працоўных месцаў у апэратыўных штабах, удасканаленьне функцый муніцыпальнай грамадзянскай абароны, разьвіцьцё сеткі сховішчаў.

Так, у прыватнасьці, сёлета ўрад выдзеліў 17,75 млн эўра на мерапрыемствы, зьвязаныя з пагрозамі, якія зыходзяць ад «небясьпечнай АЭС у Беларусі».
Паводле зьвестак МУС, на пяцігадовы пэрыяд на падрыхтоўку да магчымай аварыі на БелАЭС неабходна выдзеліць 91,5 млн эўра.

Урад краіны ў разьвіцьцё канцэпцыі зацьвердзіў плян падрыхтоўкі да магчымай радыялягічнай або ядзернай аварыі на беларускай станцыі.

«Калі мы хочам прарыву, мы павінны шмат інвэставаць у грамадзянскую бясьпеку ў наступныя восем гадоў. Папярэдняя патрэба ў сродках для рэалізацыі прыярытэтаў, абазначаных у канцэпцыі, на працягу гэтага пэрыяду складае каля 200 млн эўра», — падкрэсьліла МУС Літвы.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласьць) пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генэральным праектантам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ», якая зьяўляецца галаўной арганізацыяй інжынірынгавага дывізіёну «Расатама».

Першы блёк БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасьць у рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі 3 лістапада 2020 году, у камэрцыйную эксплуатацыю яго ўвялі 10 чэрвеня 2021 году.

У рэактар другога энэргаблёка 22 сьнежня 2021 году загрузілі ядзернае паліва, з чаго пачаўся этап яго фізычнага пуску. Камэрцыйнае выкарыстаньне блёка плянавалася пачаць да гэтага лета, аднак гэтага не адбылося.

Рамонт энэргаблёку пачаўся 25 красавіка. Міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч заяўляў, што гэты працэс зойме каля 80 дзён, аднак на справе прайшло 119 дзён. Аб завяршэньні рамонту энэргетычнае ведамства аб’явіла 22 жніўня, тады ж было заяўлена, што на абʼекце «выконваюцца рэглямэнтныя перадпускавыя апэрацыі з наступным наборам магутнасьці рэактарнай устаноўкі і ўключэньнем блёку ў сетку».

Разам з тым прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка на сустрэчы з генэральным дырэктарам расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым 30 жніўня ў Менску заявіў, што ідуць «апошнія дні плянава-папераджальнага рамонту першага энэргаблёку» БелАЭС.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG