На БелАЭС пачалі пусканаладачныя работы на другім энэргаблёку

Беларуская АЭС у Астраўцы, ілюстрацыйнае фота
Беларуская АЭС у Астраўцы, ілюстрацыйнае фота

Ключавы этап пусканаладачных работ — гарачая абкатка рэактарнай устаноўкі пачалася на другім энэргаблёку БелАЭС, паведаміла Мінэнэрга Беларусі.

«У працэсе гарачай абкаткі спэцыялісты правераць працаздольнасьць асноўнага абсталяваньня энэргаблёку на адпаведнасьць патрабаваньням праектнай дакумэнтацыі, уключаючы адпаведнасьць нормам бясьпекі пры эксплюатацыі», — гаворыцца ў паведамленьні.

У рамках абкаткі асноўнае і дапаможнае абсталяваньне рэактара выпрабоўваецца пры працоўных парамэтрах — тэмпэратура цепланосьбіту першага контуру рэактарнай устаноўкі дасягае 280 градусаў, ціск — 160 атмасфэр.

Беларусь завяршае будаўніцтва АЭС побач з горадам Астравец у Горадзенскай вобласьці. Узводзяць яе за кошт расейскага крэдыту і па расейскім жа праекце ВВЭР-1200.

АЭС у Астраўцы запрацавала 7 лістапада 2020 году, тады ж Лукашэнка назваў Беларусь «ядзернай дзяржавай». З таго часу АЭС неаднаразова спынялася. Праўда, першы энэргаблёк знаходзіўся на этапе досьледна-прамысловай эксплюатацыі. 12 ліпеня першы энэргаблёк быў адключаны ад сеткі аўтаматычнай абаронай генэратара, плянуецца зноў падключыць яго да энэргасыстэмы ў сярэдзіне жніўня. Цяпер на першым энэргаблёку праводзіцца рэвізія і дыягностыка абсталяваньня турбагенэратара.

19 красавіка 2021 году на БелАЭС даставілі ядзернае паліва для другога энэргаблёку, які плянуюць запусьціць у першым паўгодзьдзі 2022 году.

​
XS
SM
MD
LG