Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд арыштаваў на 10 сутак дыджэяў, якія ўключылі песьню «Перемен» на афіцыйнай імпрэзе ў Менску

абноўлена

Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў

Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Кірыла Галанава і Ўладзіслава Сакалоўскага вінаватымі ў «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаваньні міліцыі».

Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя, перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко.

Апоўдні 7 жніўня іх судзілі празь відэасувязь за «дробнае хуліганства» і «непадпарадкаваньне міліцыі» ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Кірыла Галанава асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, Уладзіслава Сакалоўскага — таксама на 10 сутак.

Маці Ўладзіслава Сакалоўскага (справа) і начальніца штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай Марыя Мароз
Маці Ўладзіслава Сакалоўскага (справа) і начальніца штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай Марыя Мароз

Кірыла Галанава судзілі ў адзін час з Уладзіславам Сакалоўскім, працэсы праходзілі адначасова на розных паверхах будынку суду. Абвінавачаных на працэс не прывозілі, разгляд справы адбываўся праз скайп.

На працэс прыехала прадстаўніца аб'яднанага штабу Марыя Калеснікава.​ Пасьля выраку яна пракамэнтавала журналістам прысуд.

Прадстаўніца аб'яднанага штабу Марыя Калесьнікава прыехала на суд над Кірылам Галанавым і Ўладзіславам Сакалоўскім
Прадстаўніца аб'яднанага штабу Марыя Калесьнікава прыехала на суд над Кірылам Галанавым і Ўладзіславам Сакалоўскім

«6 жніўня каля 19:00, знаходзячыся на вуліцы Кахоўскай, у прысутнасьці вялікай колькасьці людзей сьвядома сарваў правядзеньне заплянаванага сьвяточнага канцэрту, — гаворыцца ў першым пратаколе, складзеным на Галанава. — Уключыў музычную кампазыцыю, якая не адпавядала фармату праведзенага мерапрыемства. На заўвагі не рэагаваў. Чым праявіў яўную непавагу да грамадзтва».

Паводле іншага пратаколу, Кірыл Галанаў падчас затрыманьня аказаў непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

«Спрабаваў уцякаць, — агучыла пратакол судзьдзя. — Хапаўся за форменную вопратку».

Кірыл Галанаў пагадзіўся зь першым пратаколам, зьмест другога назваў хлусьнёй.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня адмовіла адвакату Кірыла Галанава Сяргею Зікрацкаму ў задавальненьні хадайніцтваў. Ён прасіў апытаць прадстаўнікоў адміністрацыі Цэнтральнага раёну, якія арганізоўвалі канцэрт, а таксама прасіў прадэманстраваць на паседжаньні запісы зь відэарэгістратара амапаўца, які затрымліваў Галанава.

Яшчэ Зікрацкі прасіў запрасіць у суд артыста Віталя Варанка, якому нібыта перашкодзілі выступаць дзеяньні Галанава і Сакалоўскага.

На Дзень адчыненых дзьвярэй устаноў дадатковай адукацыі ў Кіеўскім сквэры Менску прыйшлі людзі, якія не змаглі трапіць на мітынг-канцэрт кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, бо яго не далі правесьці ў парку Дружбы народаў паблізу — пляцоўку занялі вайскоўцы пад Дзень чыгуначных войскаў.

Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя, перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко. Пасьля гэтага хлопцы паднялі ўгару рукі зь белымі стужкамі. Іх учынак людзі сустрэлі авацыямі.

У дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Клішэвіча адбылася спрэчка з гукарэжысэрамі. Клішэвіч назваў дзеяньні маладзёнаў правакацыяй. Неўзабаве да стала з тэхнікай падышлі мужчыны ў касьцюмах і АМАП. Далейшы лёс дыджэяў быў невядомы да раніцы.

У жывым эфіры Свабоды Сакалоўскі казаў, што раніцай даведаўся, што мусіць працаваць на Дні дадатковай адукацыі ў Кіеўскім сквэры. Малады чалавек дамовіўся з напарнікам, каб уключыць песьню «Перемен» Віктара Цоя. Ён быў упэўнены, што гэта іх апошні працоўны дзень у Палацы дзяцей і моладзі.

Улады ў той дзень занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Менску, рознымі мерапрыемствамі. Гэткім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор.

Замест яго там сьвяткавалі Дзень чыгуначных войскаў. Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашыла пасьля гэтага наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім сквэры а 19-й гадзіне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG