Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Якая рука Масквы? Што за трызьненьне?» — Халезін пра жаночы твар і пра «бесаў» выбарчай кампаніі


Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

Стваральнік і кіраўнік Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін у размове са Свабодай кажа пра магчымасьць пераменаў у Беларусі, жаночы твар выбарчай кампаніі і аднолькавыя памылкі ўсіх дыктатараў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі


Сьцісла

  • Відавочна, што больш так жыць ня хоча большасьць беларусаў і што проста так Лукашэнка ня сыдзе.
  • Апошнія пару дзясяткаў гадоў я выступаю за жаночы сьвет, бо мужчынскі сьвет ніяк не даказаў, што ён пасьпяховы.
  • Альянс Ціханоўскай, Калесьнікавай, Цапкалы мне вельмі падабаецца, таму што яны ідуць не з асьцярожнасьцю, а менавіта зь беражлівасьцю, каб зьберагчы ўсіх, наколькі гэта магчыма.
  • Ніхто з сур’ёзных палітычных кансультантаў не працуе сёньня з гэтымі камандамі.
  • На мітынгах зусім іншыя твары. Гэта людзі, якія ня маюць дачыненьня да нашага 25-гадовага палітычнага бамонду.
  • Калі мы гаворым пра «Газпром» у назьве банку, ня трэба варʼяцець. Банк «Алімп» стаў «Белгазпрамбанкам» у 1997 годзе, калі Расея была больш дэмакратычнай дзяржавай, чым Беларусь.
  • Гэта «Бесы» Дастаеўскага. Лэдзі Канапацкая, якая франдзіруе. Чалавек ня можа, пабываўшы нават дэпутатам, выступаць такім фрыкам.
  • Лукашэнка пралічыўся са Сьвятланай, што можа быць такая канфігурацыя, ён думаў, што ўсе, як заўсёды, пасварацца, і застанецца яна адна.
  • Сытуацыя пачне мяняцца 10 жніўня. Можа, мы пабачым гэты фармат — міліцыя з народам.

«Кожны, хто зрабіў яркую карʼеру за мяжой, павінен вярнуцца зь нейкім падарункам»

— Мікалай, амаль 10 гадоў таму, пасьля разгрому Плошчы 19 сьнежня 2010 году і арышту вашага кандыдата Андрэя Саньнікава, вы разам з жонкай Натальляй Калядой былі вымушаныя ўцячы зь Беларусі ад перасьледу і атрымалі палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі. Ці ёсьць цяпер адчуваньне, што сёлета вы зможаце калі не вярнуцца, то прынамсі проста прыехаць у Беларусь?

— Парадокс у тым, што мы і не зьяжджалі. Тэатар усе гэтыя гады працуе ў Беларусі, мы ім кіруем у рэжыме 24/7. Мы ведаем беларускія рэаліі аж да цаны на адрэз тканіны ці кавалак хлеба. Гэта абсалютнае пагружэньне. У мяне няма адчуваньня, што мы зьехалі, таму што мы шмат жывём беларускімі праблемамі. Вяртаньне — не зусім геаграфічная катэгорыя і нават не размова пра зьмену рэжыму. Калі вяртацца, то трэба вяртацца зь нечым, каб вяртаньне стала падзеяй ня толькі для цябе, але для ўсіх, з кім цябе не было ўсе гэтыя гады.

Кожны, хто зрабіў яркую карʼеру за мяжой, павінен вярнуцца зь нейкім падарункам. Павінен прывезьці новыя для краіны веды, уменьні, сувязі, рэсурсы... Тады можна гаварыць пра паўнавартаснае вяртаньне. Адчуваньне веры ў вяртаньне цяпер значна ярчэйшае, чым было раней, бо вельмі шмат новых уводных, якіх гэтыя 26 гадоў не існавала. Не было такога раней, каб мы з жонкай некалькі дзён таму сядзелі на беразе ракі ў кавярні і раптам загаварылі пра тое, што, калі ўсё зьменіцца ў Беларусі, мы можам зрабіць для Беларусі там, акрамя таго, што робім цяпер. І, па сутнасьці, прагаварылі канцэпцыю міжнароднага, маштабнага тэатральнага цэнтру, які можна было б стварыць у Беларусі, які б дазволіў беларусам глядзець спэктаклі, канцэрты ды іншыя выканаўчыя мастацтвы не праз 10 гадоў, калі ўсё сыходзіць, а цяпер, калі глядзіць уся Эўропа. Калі мы пачалі пра гэта гаварыць, я зразумеў, што дапусьціў: зьмены могуць быць. Раней я гэтага не дапускаў.

«„Сабакі Эўропы“ Бахарэвіча найбольш адпавядаюць цяперашнім падзеям»

— Гэтая палітычная, выбарчая кампанія істотна адрозьніваецца ад папярэдніх, ня дзеяньнямі ўладаў (там усё традыцыйна), а рэакцыяй грамадзтва, новымі тварамі, агульным настроем і пэўнай непрадказальнасьцю. Як тэатральны чалавек — зь якім літаратурным творам, жанрам, фарматам ты мог бы параўнаць гэтую выбарчую кампанію?

— Жанр цяперашняга фрагмэнту — драма. Мы да яе прыйшлі, паспытаўшы на сваёй скуры самыя розныя жанры. Драма ў тым, што людзі пражылі і пражываюць 26 гадоў, якія для большасьці страчаныя для разьвіцьця і паўнавартаснага жыцьця. Гэта страшныя лічбы. У мяне за гэты час пры тым самым кіраўніку нарадзіліся, вырасьлі і атрымалі вышэйшую адукацыю дзьве дачкі. Неверагодна. Відавочныя дзьве рэчы. Першае — больш так жыць ня хоча большасьць беларусаў, і другая — проста так Лукашэнка ня сыдзе. Сыходзіць па-добраму за гэтыя гады ён так і не навучыўся.

Калі казаць пра літаратурны твор, то для мяне гэта «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Ён вельмі дакладна апісаў, хто мы, адкуль, чаму мы менавіта такія, і спрагназаваў, што з намі здарыцца, калі мы ня зробім мамэнтальных і вельмі радыкальных захадаў. Прагноз настолькі страшны, што гэты твор зрабіў вельмі моцны ўдар па мне. Я зразумеў, што ўсе жарты скончыліся. Менавіта таму мы ўзялі гэты раман у працу, і цяпер у Менску ідзе спэктакль «Сабакі Эўропы», які з захапленьнем прымаюць гледачы.

— Калі не памыляюся, палітычныя падзеі, пачынаючы ад выбараў 2001 году, станавіліся асновай для пастановак «Свабоднага тэатру», ад «Пакаленьня джынс», «Часу жанчын», і завяршаючы EVAlution, мастацкай акцыяй, накіраванай на падтрымку беларускіх палітвязьняў. Якім ты бачыш творчы і палітычны ўнёсак Беларускага свабоднага тэатру ва ўсё тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

— Сапраўднае мастацтва не дае адказаў ніколі. Яно можа толькі ставіць пытаньні. Мы, уласна, і займаліся ўсе гэтыя гады толькі тым, што ставілі пытаньні. Рана падсумоўваць вынікі пра Свабодны тэатар, бо, па сутнасьці, ён толькі цяпер пачынае ўваходзіць у фазу сталеньня. Толькі нядаўна ён быў зусім падлеткам, а цяпер дарослы, сьпелы, можа разумець, як фармуляваць далей. Па-мойму, мы дзьве рэчы змаглі прадэманстраваць і даказаць. Па-першае, што пры дыктатуры, аўтарытарным рэжыме можна паўнафарматна і паўнавартасна працаваць нават у такіх умовах. І па-другое, нават будучы выхадцам з такой праблемнай краіны, якой зьяўляецца Беларусь чвэрць стагодзьдзя, можна дабіцца сусьветнага прызнаньня.

Час жанчын. Пастаноўка Беларускага свабоднага тэатру.
Час жанчын. Пастаноўка Беларускага свабоднага тэатру.

Калі гаварыць пра грамадзкі ўнёсак, варта зьвярнуцца да нашага слогану «Свабодны тэатар — больш чым тэатар». Гэта заўсёды было больш чым тэатар, і тут мы падавалі прыклад ня толькі беларусам, але сусьветнай тэатральнай супольнасьці. Практычна ўсім нашым вялікім тэатральным пастаноўкам спадарожнічалі грамадзка-сацыяльныя кампаніі. Цяпер мы вядзем кампанію Iʼm With the Banned (Я — з забароненымі), якая закліканая сканцэнтраваць увагу на Беларусі. І ня толькі палітычную. Нам трэба падключыць як мага болей сусьветных зорак, каб яны сталі нашымі культурнымі пасламі, каб яны маглі прыцягваць увагу да праблемы, якая ёсьць у Беларусі. Гэта мастацтва, якое абапіраецца на сучасны дзень. Гэта, уласна, і выбар Свабоднага тэатру.

«Я выступаю за жаночы сьвет, таму што занадта шмат „напаролі“ мужчыны»

— Мікалай, добра памятаю твой допіс у Фэйсбуку пра тое, што табе жывецца ў сьвеце жанчын больш камфортна і арганічна, чым у мужчынскім. Як ты ўспрыняў абʼяднаньне штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы, увасабленьнем якога сталі Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала? З палітычнага, эстэтычнага, тактычнага пункту гледжаньня?

— Шчыра скажу, з захапленьнем. Апошнія пару дзясяткаў гадоў я выступаю за жаночы сьвет, таму што занадта шмат «напаролі» мужчыны, зашмат памылак, шчыльнасьць памылак неверагодная. І мужчынскі сьвет ніяк не даказаў, што ён пасьпяховы. Таму мне падаецца, што варта максымальна падзяліцца з жанчынамі і даць ім шанец нешта зрабіць для Беларусі. Для мяне гэты альянс — чацьвёрты доказ таго, што жанчыны ў палітыцы пасьпяховыя.

Першы доказ — кампанія «Мы памятаем», калі мая жонка Натальля Каляда пачала працаваць з жонкамі і дзецьмі скрадзеных і забітых палітыкаў. Яны стварылі кампанію, якая езьдзіла па сьвеце і спыніла чараду выкраданьняў і забойстваў. Там практычна не было мужчын. Другі доказ — кампанія Free Belarus Now у 2010 годзе, калі ўсе нашыя сябры апынуліся ў турмах. Лідэрамі кампаніі былі Натальля Каляда, Ірына Багданава (сястра Андрэя Саньнікава. — РС) і Ірына Красоўская. Тады ўдалося разгарнуць міжнародную кампанію, у тым ліку ўключыць усе рэжымы санкцый, дзякуючы таму, што працавалі на самым версе — з тагачаснай дзяржсакратаром Гілары Клінтан і з Уільямам Гэйгам, тагачасным міністрам замежных спраў Вялікай Брытаніі. І гэта спрацавала, таму што гэтыя жанчыны ня мелі ўласных палітычных амбіцый, яны дзейнічалі таму, што проста былі сумленныя.

Яшчэ адзін прыклад — стварэньне Беларускага свабоднага тэатру. На сёньня гэта самая пасьпяховая творчая структура ў сьвеце, калі казаць шчыра. У яго арганізацыі мужчына — адзін я. Усе астатнія ў кіраўніцтве гэтай структуры — жанчыны, і я вельмі рады, што зь імі працую. Яны ніколі не падводзілі, ніколі не хітравалі, ніколі не спрабавалі адна з адной і са мной спаборнічаць, а проста рабілі адну справу.

Я цяпер бачу, як працуе мая жонка, і я разумею, што я ня ў стане так працаваць. Я ня змог бы цяпер, паралельна займаючыся тэатрам, рабіць такі памер працы, кансультуючы ААН, NATO, Дзярждэпартамэнт, Кангрэс ЗША. Гэта велізарны памер інфармацыі і працы. І шчасьце, што са зборам інфармацыі нам дапамагаюць дзяўчаты, які жывуць у Беларусі, якія перапрацоўваюць велізарную колькасьць інфармацыі, і гэта дапамагае выйсьці на пэўныя рашэньні іншых краінаў адносна Беларусі.

Альянс Ціханоўскай, Калесьнікавай, Цапкалы мне вельмі падабаецца, таму што яны ідуць не з асьцярожнасьцю, а менавіта зь беражлівасьцю, каб зьберагчы ўсіх, наколькі гэта магчыма, ад кашмараў. І плюс эмацыйнасьць і шчырасьць, зь якой яны гэта робяць. Калі Сьвета Ціханоўская кажа, што я хачу стаць прэзыдэнтам, вызваліць палітвязьняў і прызначыць новыя выбары, каб мой муж удзельнічаў як паўнавартасны чалавек у сумленных і празрыстых выбарах, я ёй веру, таму што гэта — шчырая пазыцыя.

«Новая эстэтыка ўзьнікла, таму што прыйшлі новыя людзі»

— Многія, хто глядзеў першы агітацыйны мітынг за Ціханоўскую, заўважылі новую стылістыку — пачынаючы ад сурдаперакладчыка, завяршаючы зусім іншым спосабам кантакту зь людзьмі. Як вам падаецца, якія паліттэхнолягі стаяць за гэтым? Ці стаяць?

— Наколькі я ведаю, ніхто з сурʼёзных палітычных кансультантаў не працуе сёньня з гэтымі камандамі. Гэта і зразумела, паліткансультанты могуць працаваць ва ўмовах дэмакратыі і дакладнага разуменьня законаў. Ва ўмовах дыктатуры яны працаваць ня могуць. Бо гэта крызісная і непразрыстая сытуацыя. Новая эстэтыка ўзьнікла таму, што прыйшлі новыя людзі. На мітынгах зусім іншыя твары. Гэта людзі, якія ня маюць дачыненьня да нашага 25-гадовага палітычнага бамонду. Гэта новыя людзі, яны далёкія ад палітыкі. Моладзь, якая там, прыўносіць сучасны дызайн і погляд. Гэта тое, чаго не разумеюць сёньня ні беларускія ўлады, ні нашы статусныя палітыкі. Зьмяніўся час. Гэта мы пабачылі цяпер у Беларусі. У іншых краінах мы гэта назіралі раней. Час цалкам зьмяніўся. Калі ты не адпавядаеш гэтым зьменам, ты ня будзеш пасьпяховым, таму што не разумееш, пра што і як гаварыць з гэтымі маладымі людзьмі.

«Бабарыка — чалавек, які атрымаў усе магчымыя адукацыі ў Беларусі, нарадзіўся, жыў і працаваў у Беларусі»

— Днямі ты апублікаваў відэазварот у фэйсбуку з тлумачэньнем таго, чаму ў цяперашняй сытуацыі байкот выбараў не спрацуе. Што б ты мог адказаць крытыкам абʼяднаньня штабоў, тым, хто называе кандыдатуры Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы «рукой Масквы», «газпромаўскай афэрай»?

— Усурʼёз пра гэта не задумваўся, бо мяне гэтая сытуацыя сьмешыць. Давайце паглядзім на біяграфіі альтэрнатыўных кандыдатаў. Ціханоўскага не бяром, бо яго не запісвалі ў «руку Масквы». Валер Цапкала правёў усё сваё жыцьцё ў Беларусі, за выключэньнем таго часу, калі атрымліваў адукацыю ў МГИМО. Ён хацеў займацца вонкавай палітыкай, а тады атрымаць гэтую адукацыю ў іншым месцы не было дзе, толькі там. Потым вярнуўся, пайшоў у каманду Шушкевіча, потым перайшоў у каманду Лукашэнкі, але ўсё яго жыцьцё і праца былі зьвязаныя зь Беларусьсю.

Бабарыка — чалавек, які атрымаў усе магчымыя адукацыі ў Беларусі, нарадзіўся, жыў і працаваў у Беларусі. Калі мы гаворым пра «Газпром» у назьве банку, ня трэба варʼяцець. Калі чалавек знаходзіцца за мяжой, ён у стане зразумець, як банк «Алімп» стаў «Белгазпрамбанкам». Гэта адбылося ў 1997 годзе, калі Расея была больш дэмакратычнай дзяржавай, чым Беларусь, і калі ўсе хацелі атрымаць актывы газпромаўскіх структураў. Любы банк з задавальненьнем за гэта ўзяўся б, але атрымалася гэта ў «Алімпа», атрымалася ў Бабарыкі.

Я гатовы яму помнік паставіць за тое, што ён Парыскую школу вярнуў у Беларусь. Чаму «Ева» стала такім важным пэрсанажам? Таму што тое, што часткова нараджалася і ў Беларусі, што мы страцілі, вярталася дзякуючы яму. Якая рука Масквы? Пра што ідзе размова? Што за трызьненьне? Я не разумею, пра што гэта.

Калі казаць пра байкот або выбары, то ёсьць абсалютнае неразуменьне палітычнай структуры байкоту, на жаль, нават у палітыкаў. У нашым уяўленьні было, што байкот — гэта калі ты ляжыш на канапе і перамагаеш. Было тры спробы правесьці байкот, у асноўным парлямэнцкіх выбараў. Адзіная больш-менш пасьпяховая была ў 2000 годзе. Байкот — актыўнае дзеяньне. Людзі, якія падтрымліваюць байкот, павінны абʼяднацца ў адной кампаніі і пераканаць усё электаральнае поле ў тым, што ўдзельнічаць у выбарах — памылка. На кампанію байкоту трэба выдаткаваць у 3–4 разы больш сродкаў, чым на кампанію кандыдата. Плюс трэба мець палітычных кансультантаў, якія маюць досьвед працы менавіта з кампаніямі байкоту, сабатажу, «італьянскага страйку».

Кампанія байкоту павінна пачынацца як мінімум за год да плебісцыту. Адзіны варыянт цяпер — удзельнічаць у выбарах, спрабаваць рассадзіць назіральнікаў, стварыць сыстэму назіраньня і потым мець рэсурсы, каб абвясьціць пра гэта і данесьці інфармацыю. «Нас падманулі, я ўдзельнічаў у выбарах і бачу, што мой голас скралі, і я гатовы яго абараняць». Як? Гэта пытаньне тактыкі. Але немагчыма ляжаньнем на канапе зрынуць ненавісную ўладу.

«Калі мы гаворым пра гэтых трох пэрсанажаў, то гэта „Бесы“ Дастаеўскага»

— Пытаньне як да літаратара. Зь якімі літаратурнымі пэрсанажамі вы параўналі б іншых трох зарэгістраваных кандыдатаў на прэзыдэнта? А Аляксандра Лукашэнку?

— Калі мы гаворым пра гэтых трох пэрсанажаў, то гэта «Бесы» Дастаеўскага. Лэдзі Канапацкая, якая франдзіруе. Чалавек ня можа, пабываўшы нават дэпутатам, выступаць такім фрыкам. Сёньня ўсім сьмешна і няёмка. Жанчына, якая кажа, што акрамя яе і Лукашэнкі няма кандыдатаў. Дык чаму за цябе не выходзіць ніхто на вуліцу? Нават пяць чалавек не сабралася. Я ня веру, што гэтыя тры пэрсанажы сабралі подпісы. Я ведаю, што заўсёды Лукашэнка падбіраў сабе масоўку сам. Ён сам фармуляваў, хто яму патрэбны як канкурэнт на выбарах. Ён пралічыўся са Сьвятланай. Я думаю, што ён не разумеў, што можа быць такая канфігурацыя, думаў, што ўсе, як заўсёды, пасварацца, разыдуцца і застанецца яна адна. Дакладна не чакаў, што будзе такая падтрымка.

Трэба было разумець, што яе мужа падтрымліваюць таму, што ён — не Лукашэнка, а калі мужа пасадзілі за краты, а жонка за яго ўступілася, будуць гэтак жа падтрымліваць яе. Беларусы — народ добры, гатовы паставіцца з разуменьнем да такіх рэчаў. Асабліва пасьля 25 гадоў пякельнага досьведу. А гэтыя «бесы» — пустыя месцы, для мяне нулявыя людзі. Унясуць іх у сьпіс ці не ўнясуць, мне ўсё роўна. Я разумею, што ім могуць прыпісаць 5–6 працэнтаў, але рэальна яны зьбяруць 0,01%. Я ня вельмі разумею, хто гэтыя людзі і за якое месца іх «трымае» ўлада.

— А галоўны пэрсанаж, які ня хоча ўсьведамляць надыход восені?

— «Восень патрыярха», безумоўна. Гэта было падрабязна і ўцямна апісана. Усе гэтыя патрыярхі дапускаюць тыя самыя памылкі. Ніхто зь іх ніякіх новых памылак ня робіць. Спачатку пагражаюць, потым саджаюць за краты, потым хапаюцца за зброю, потым іх ці забіваюць, ці яны дажываюць жыцьцё ў невядомасьці. Нічога іншага ніколі не адбывалася. Ня ведаю, як яго абмяркоўваць, ён ужо не чалавек, ён — аргумэнт, ён стаў фігурай, будучыня якой зразумелая, не зразумелы пакуль толькі мэханізм зьмены.

«Адзінае, што ў вачах — удзячнасьць Аляксандру Лукашэнку за вызваленьне іх ад сельскагаспадарчых працаў»

— Чаму ў Беларусі не спрацоўвае лёзунг «міліцыя з народам»?

— Не ўспрымаю слова «міліцыя». Было народнае апалчэньне — міліцыя, цяпер гэта паліцыя, у беларускім варыянце народ зьвёў гэта ўсё да панятку «мянты». Ня памятаю, каб нехта называў чалавека міліцыянтам, усё больш дзіўна гучыць. Туды адбіралі людзей, як найбольш адданых уладзе. Адзінае, што ў іх ёсьць у вачах — удзячнасьць Аляксандру Лукашэнку за вызваленьне іх ад сельскагаспадарчых працаў. Астатняе — пустэча. Яны атрымліваюць добрыя заробкі, могуць зьезьдзіць у Турэччыну ці Эгіпет. Яны думаюць, што жывуць лепш за ўсіх у Беларусі, і ня хочуць ад гэтага адмаўляцца.

Так вядзецца, што гэтыя структуры ці не пераходзяць зусім, ці пераходзяць усе на другі бок, бо ў іх ёсьць вэртыкальнае падпарадкаваньне. Яны не павінны думаць, улада лічыць, што яны павінны толькі выконваць загады. «Ты павінен выканаць мой загад» — гэтак усе гэтыя гады Лукашэнка кажа ўсім сваім сілавым начальнікам. Калі цяпер яны пачалі выпускаць на вуліцу ўнутраныя войскі (што незаконна), значыць, сытуацыя сумная, таму што ня хопіць рэсурсу на тое, каб кантраляваць і ўтрымліваць сытуацыю па ўсіх гарадах. Гэта нерэальна.

Калі адбываліся падобныя плебісцыты і абвастрэньні, заўсёды міліцыю з рэгіёнаў звозілі ў Менск і абласныя цэнтры. На сёньня, калі людзі выходзяць падпісвацца за Бабарыку, Цапкалу, Ціханоўскую ў Лельчыцах, Ашмяне і Радашкавічах, ты ня ведаеш, дзе ў цябе «стрэліць». Таму я думаю, што паніка і сурʼёзныя праблемы ёсьць у асяродку міліцыі, але яны не праяўленыя. У мяне ёсьць знаёмы, які працуе ў сілавых структурах тэхнікам у адным абласным цэнтры, які кажа, што ва ўнутраных чатах супрацоўнікі кажуць, што трэба сысьці на бальнічны, але не адпускаюць. Частка кажа, што калі гэта прымусяць зрабіць, я звольнюся. Няма размовы, каб перайсьці на іншы бок, пакуль — толькі пра звальненьне.

Але мы паглядзім, што будзе адбывацца 10 жніўня. Не 9 жніўня. Сытуацыя пачне мяняцца 10 жніўня. Можа, мы пабачым гэты фармат — міліцыя з народам...

— А што будзе 9 жніўня?

— Дзень выбараў. Калі аналізаваць усе трансфармацыі ў Эўропе, то дата выбараў была стартавай, не фінальнай датай. Гэта ня значыць, што ў 20.00 9 жніўня ўсё зьменіцца. Гэта значыць, што 9 жніўня мы ўсьведамляем, што адбылося, а з 10-га пачынаюцца трансфармацыйныя працэсы. Якія? Ня ведаю, якую тактыку абяруць. Гэта можа быць што заўгодна, але я ня веру ў тое, што гэта можа рассмактацца. Калі людзі перастаюць любіць правадыра, гэты джын назад у бутэльку не залезе...

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG