Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да цябе ня можа прыйсьці міліцыянт». Свабодны тэатар паставіў спэктакль праз ZOOM


«Бліскуча», — напісаў у камэнтарах да трансьляцыі брытанскі актор і драматург Стывэн Фрай.

«Калі ты робіш спэктакль у ZOOM, да цябе ня можа прыйсьці міліцыянт», — жартуе пасьля прэм’еры галоўны рэжысэр Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Усясьветная прэм’ера «Школы для дурняў» па рамане Сашы Сакалова прайшла 1 чэрвеня ў Youtube. 12 актораў, 14 лякацый і 15 прыладаў выкарыстаныя ў пастаноўцы Свабоднага тэатру.

Апублікаваны ў 1976 годзе ў амэрыканскім выдавецтве «Ардыс» цяпер ужо культавы дысыдэнцкі раман Сашы Сакалова расказвае пра хлопца з падваеньнем асобы, які вучыцца ў спэцшколе. Галоўны герой спэктакля Вучань Такі-і-такі (акторы Аляксей Нарановіч і Раман Шыцько) жыве ў сям’і нэўратычнага пракурора (Аляксей Уразаў) і хатняй гаспадыні (Марына Якубовіч). Ягоны рэальны і ўяўны сьвет населены злосным дырэктарам Пэрыла (Аляксей Сапрыкін), любімым настаўнікам Нарвегавым (Сяргей Квачонак) і настаўніцай Ветай Акатавай (Анастасія Дубатоўка), у якую герой закаханы.

«Адзінае месца, дзе мы бачым галоўнага героя, гэта люстэрка, — кажа рэжысэр спэктакля Павал Гарадніцкі. — Таму што галоўны герой — гэта мы».

Калі б не абсурдысцкі маналёг пра купляньне піжамы ад жонкі дырэктара (Юлія Шаўчук), падавалася б, што Гарадніцкі вытрас з тэксту Сакалова ўсе адсылкі да савецкага. Бо злавесная фігура доктара Заўзэ (Юры Дзівакоў) пакуль безь перашкодаў перамяшчаецца з аднаго палітычнага рэжыму ў іншы.

Спэктакль звыкла пачынаецца ў прызначаны час і мае абмежаваную колькасьць гледачоў. Гэта не звычайная онлайн-чытка, якую падчас локдаўну ладзяць шмат якія тэатры, а сапраўдны спэктакль з дэкарацыямі, грымам, музыкай і тэхналягічна выбудаванымі мізансцэнамі.

Кожны з актораў фізычна знаходзіцца ў асобным месцы і ў асобным акенцы ў ZOOM віртуальна. Перад рэжысэрам Гарадніцкім стаяла мазгаломная задача дапасаваць кожнага да ўсіх, і, выглядае, ён даў ёй рады. У рэжысэркі трансьляцыі (Сьвятлана Сугака) дадатковы клопат — змагацца з тэхнічнымі праблемамі. Але ў локдаўне часова замарожаная карцінка або ня ў час уключаны мікрафон на экране ўспрымаюцца больш праўдападобна, чым спазьненьне цягніка мэтро.

«Калі я пачала глядзець спэктакль, мне стала страшна, бо для мяне быў свой Саша Сакалоў, і раптам я пабачыла шмат твараў гэтага Сашы Сакалова, — кажа на прэм’еры журналістка Маша Слонім, дзякуючы якой быў апублікаваны раман. — Раптам гэтыя героі канкрэтызаваліся, а да гэтага для мяне яны былі нейкія чароўныя словы. Але так зацягнула, што я паверыла, што гэта тэатральнае ўвасабленьне таго ж Сашы Сакалова. Дзякуючы форме, ZOOM’у, гэтым вакенцам зьявіўся новы сэнс, які нешта дадае да раману. Мне спадабалася».

Па ўсім сьвеце локдаўн заблякаваў тэатральную індустрыю, паставіўшы яе на мяжу выжываньня. Тэатры пазакрываліся, прэм’еры паадмяняліся, кантракты і пляны руйнуюцца. Пад пытаньнем апынулася і прэм’ера спэктакля Свабоднага тэатру паводле кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Яе меліся паказаць у траўні на самай галоўнай сцэне Вялікай Брытаніі — Barbican Centre.

«Праблемай зьяўляецца ўсё, — кажа галоўны рэжысэр Свабоднага тэатру Мікалай Халезін. — Тэатральная індустрыя аказалася абсалютна не гатовая да працы пры локдаўне. Ніводнай тэхнічнай інавацыі, якая дапамагла б ствараць такі спэктакль. Другая праблема — негатовасьць актораў працаваць з тэхналёгіямі».

«Але, на шчасьце, ня нашых, — дадае ён. — Мы ня можам кідаць нашу аўдыторыю, увесь час пра яе думаем».

Гэты досьвед тэатральнай працы ўжо атрымаў высокія ацэнкі ў міжнароднай прэсе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG