Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «Свабоднага тэатру» расказвае, як пандэмія мяняе яго самога, Лёндан і тэатральную індустрыю


Мікалай Халезін і Натальля Каляда. Сэлфі ў Лёндане на Westminster Bridge Road у часе пандэміі.

Заснавальнік і кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін апавядае Свабодзе пры жыцьцё ў Лёндане ў часе пандэміі, спартовыя, кулінарныя і мастацкія адметнасьці карантыннага жыцьця; разважае пра сумныя пэрспэктывы тэатральнай індустрыі і неабходнасьць фарматных зьменаў, а таксама пра тое, як расьце эмпатыя і чаму палітыкі дэманструюць бясьсільле, а звычайныя людзі — цуды самаарганізацыі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

  • Скептыкі кажуць, лепей бы дактарам далі грошай, чым аплядавалі. Я высунуся з акна, буду сьвістаць, пляскаць і крычаць, як і ўся мая вуліца. Гэта не фальшывы патас.
  • Калі твой тэатар ня можа існаваць, ты павінен ведаць, у якую сфэру імкнуцца. У нас такіх сфэраў дастаткова шмат.
  • У часе пандэміі ведаеш, што будзем некалькі месяцаў штодня разам вячэраць, і пачынаеш складаць мэню на тыдзень.
  • Цалкам адмовіўся ад моцных напояў. Ты ня можаш у экстрэмальны пэрыяд сябе нагружаць, бо гэта адбіваецца і на сьне, і на прадукцыйнасьці (а працы стала нашмат болей).
  • Не магу бачыць фатаздымкі зь Беларусі, з гэтых храмаў, дзе шмат народу. Не магу бачыць гэтага лідэра.
  • Пандэмія сьвінога грыпу ў 2009-м — апошняя немэдыйная пандэмія ў сьвеце

«За ўвесь пэрыяд карантыну і пандэміі ніводнага разу не памераў тэмпэратуру»

— Ці хто-небудзь з твайго блізкага атачэньня ў Брытаніі і Беларусі захварэў на каранавірус?

— З родных здаровыя ўсе. Маці Наташы (Натальля Каляда — жонка Мікалая, заснавальніца і кіраўніца «Свабоднага тэатру». — РС), якая жыве з намі, мае іншыя праблемы са здароўем. Лячэньне ўскладняецца, бо ўсе шпіталі знаходзяцца ў рэжыме барацьбы з каранавірусам і адмаўляюцца рабіць ці зацягваюць многія працэдуры. Захварэла шмат знаёмых мне людзей, у тым ліку наш добры сябра, журналіст The Guardian Люк Хардынг, які вельмі цяжка перанёс хваробу. У яго была доўгая барацьба і доўгі аднаўленчы пэрыяд, які працягваўся значна больш, чым сама хвароба. Таксама захварэў наш сябар Оскар Юстас, арт-дырэктар Public Theater у Нью-Ёрку.

— Ці баісься заразіцца сам? Ці ёсьць страх сьмерці ад каранавірусу?

— У мяне ў 2007 годзе быў інсульт, я ў групе рызыкі, як усе людзі пасьля інсульту ці інфаркту ў Брытаніі. Раз на паўгода я павінен прыходзіць да лекараў на абавязковае абсьледаваньне і аналізы, і доктар адсочвае, як я купляю свае лекі ў аптэцы. Калі я спазьняюся выкупіць іх, ён адразу зьвяртае ўвагу на гэта.

— Ці быў у цябе, як у многіх, этап частага мераньня тэмпэратуры і трывогі, што вось гэта ён, каранавірус?

— Я за ўвесь пэрыяд карантыну і пандэміі ніводнага разу не памераў тэмпэратуры. Уся сям’я прытрымліваецца вельмі жорсткіх правілаў бясьпекі. У нас пэўны фармат існаваньня. Калі мы ідзём на 10-кілямэтровую прагулку з Наташай (цяпер Лёндан пусты, лёгка пазьбягаць людных месцаў), то, акрамя харчовых крамаў, нікуды і не заходзім. У краме ці там, дзе ёсьць людзі, надзяваем маскі, дэзынфікуем рукі; мыем рукі ўвесь час. Усе, без выключэньня, прадукты, якія прывозяць дадому, праціраем антыбактэрыяльнымі сурвэткамі. Гэта жорсткія захады, бо дома знаходзіцца 82-гадовы чалавек. Нават калі ня думаць пра сябе, то мы абавязаныя захаваць яе здароўе любымі спосабамі. Мы жывём у адной кватэры ўпяцёх — я, Наташа, яе маці і дзьве дачкі.

— Не пасварыліся за гэты час?

Натальля Каляда і Мікалай Халезін. Фота: Belarus Free Theatre
Натальля Каляда і Мікалай Халезін. Фота: Belarus Free Theatre

— Ніколі. Для многіх гэта дзіўна — знаходзіцца з сужэнцам разам доўгі прамежак часу, але мы так жывём усё жыцьцё. Першыя 15 гадоў сумеснага жыцьця мы практычна ні на дзень не расставаліся. Наадварот, мы цешымся ад таго, што мы ўсе разам. Мне падабаецца больш часу ў сямʼі праводзіць. Камусьці не. Найменш мы думаем пра канфлікты ўнутры. Яны могуць быць, але ня зьвязаныя з карантынам, нейкія гаспадарчыя дробныя гісторыі могуць быць.

«Мае жонка і дачка перахварэлі на сьвіны грып»

— Усе мы прайшлі розныя стадыі стаўленьня да каранавірусу ад сьнежня, пакуль хвароба была далёка, потым зусім блізка, і калі адчулі рэальную небясьпеку. Як мянялася тваё стаўленьне да пагрозы COVID-19?

— Я пэдантычна сачу за тэндэнцыямі ня толькі ў пытаньнях бясьпекі, але і што тычыцца зьменаў у модзе, мастацтве, сацыяльным жыцьці, палітыцы. Гэтая такая «цягліца», навык, які ўсё жыцьцё разьвіваўся. COVID-19 трапіў у зону, за якой я сачыў, і мая сямʼя таксама. Мы вывучаем лічбы і абмяркоўваем за вячэрай. Калі была эпідэмія сьвінога грыпу, на яго перахварэлі мая жонка і малодшая дачка, калі мы былі на гастролях у Лос-Анджэлесе. Яны даволі няпроста яго перанесьлі. А я не заразіўся, пры тым, што мы жылі ў адным нумары з Наташай. Я яшчэ тады сачыў за лічбамі — было больш за паўмільёна ахвяраў сьвінога грыпу. Гэта была апошняя немэдыйная пандэмія ў сьвеце. І я ня вельмі панікаваў наконт каранавірусу, таму што лічбы сьмяротнасьці ад каранавірусу былі прыкметна ніжэйшыя. І сёньня, калі параўнаць з паловай мільёна ахвяраў сьвінога грыпу, то сьмяротнасьць ад каранавірусу пакуль удвая ніжэйшая. Гэта велізарная лічба — чвэрць мільёна, але не такая, як тады.

Тады не было ні карантыну, ні спыненьня эканомікі, нічога падобнага. Зразумела, што сытуацыя была выключна зьвязаныя з мэдыя. На той момант у пачатковым стане быў «Фэйсбук», практычна не працаваў «Твітэр», не было «Інстаграму». Абмен інфармацыяй адбываўся толькі праз СМІ, а яны і самі не атрымлівалі шмат інфармацыі, і ўсё гэта было вяла, практычна як звычайная пандэмія грыпу. А ў выніку лічба атрымалася калясальная.

Цяпер абмен інфармацыяй хуткі, усе ўражлівыя; сьмерці, асабліва вядомых людзей, выклікаюць шырокі розгалас. Гэта іншы сьвет, у які мы ўступілі. І маё стаўленьне мянялася. Першапачаткова я разумеў, што гэта можна перажыць зь нейкімі захадамі. Цяпер я разумею, што зьмяніліся найперш мы, а ня сам сьвет і не вірусалягічная сытуацыя.

«Вялікая Брытанія можа проста пазбавіцца тэатральнай індустрыі»

— І як ты зьмяніўся?

— Расьце эмпатыя. Некаторыя скептычна кажуць, лепей бы дактарам далі грошай, чым аплядавалі. Так, людзі ў Лёндане аплядуюць, і я ў 8 гадзінаў высунуся з акна, буду сьвістаць, пляскаць, крычаць, як уся мая вуліца. І гэта не фальшывы патас. У нас ёсьць сябры-лекары; ёсьць тыя, хто перанёс каранавірус; ёсьць дактары, якія ўдзяляюць нам вялікую ўвагу, самі перажываючы хваробы і знаходзячыся ў цяжкай сытуацыі. Я хачу ім падзякаваць хаця б так. Так, мы пералічваем нейкія грошы ў нейкія фонды, спрабуем падтрымаць...

Што зьмянілася ўва мне? Калі раней я сачыў за тэндэнцыямі і зьменамі ў розных галінах, то цяпер гэта трэба памножыць на 10. Гэта завязваецца на існаваньне цябе, тваёй структуры, і ты павінен дакладна разумець, што адбываецца ў сьвеце, у тваёй індустрыі, як яна мяняецца, якія зьяўляюцца новыя пагрозы і як ад гэтага могуць пацярпець тыя людзі, зь якімі ты працуеш шмат гадоў.

Па нашай індустрыі пандэмія ўдарыла ці не мацней, чым па іншых. Вялікая Брытанія можа проста пазбавіцца тэатральнай індустрыі як такой, і ўсё давядзецца пачынаць ад самага пачатку, паводле новых правілаў існаваньня. Варта зацягнуць вяртаньне аўдыторыі ў залі на паўгода — і нічога не застанецца, таму што ўрад будзе фінансава дапамагаць толькі паўтара-два месяцы. Лёндан — эліта тэатральных прафэсій. Людзі гадамі іх засвойвалі, гэта паглынала іх цалкам, а цяпер прафсаюзы адкрыта кажуць: прыглядайцеся да іншых індустрыяў, прыглядайцеся да зьмены прафэсій.

«У траўні ў нас выходзіць спэктакль, створаны спэцыяльна для ZOOM»

— Як мяняецца і як будзе мяняцца «Свабоды тэатар» у выніку пандэміі? Што яму пагражае? Да якіх новых фарматаў і сфэраў прыглядаецеся вы?

Беларускі Свабодны тэатар у фармаце онлайн
Беларускі Свабодны тэатар у фармаце онлайн

— Мы ўжо распачалі вялікі пласт зьменаў, але пры гэтым усё яшчэ распрацоўваем новую стратэгію існаваньня. Мы вельмі шмат цяпер робім онлайн. Цяпер гэта казкі, якія чытаюць ня толькі беларускія акторы, акторы «Свабоднага тэатру» і нашы студэнты, але і ўсясьветныя зоркі — Сэм Уэст, Стывэн Фрай, Джульет Стывэнсан ды іншыя. Праз гэта ў Беларусі можна вучыць сваіх дзяцей ангельскай мове. Тры месяцы па выходных мы вядзём онлайн-трансьляцыі нашых 24 спэктакляў. У нас ёсьць інтэрнэт-сыстэма адукацыі. Сумесна з Эўрапейскай тэатральнай канвэнцыяй мы робім онлайн-праект Kitchen revolution — гатаваньне ежы з абмеркаваньнем актуальных праблем. Гэта будзе цікавы досьвед. Паглядзім, як зможам спрацаваць у новым фармаце. У траўні ў нас выходзіць спэктакль, створаны спэцыяльна для ZOOM. Пакуль гэта набор неманэтызаваных праектаў, але, тым ня менш, мы праводзім замеры, правяраем, як на гэта рэагуе аўдыторыя і наколькі гэта пэрспэктыўна.

— Як цяпер выжывае твая сямʼя? Ці ёсьць структуры, якія будуць падтрымліваць вас? У складаны час пандэміі гэтая падтрымка можа істотна зьменшыцца.

— Яна, безумоўна, зьменшыцца. Вялікая група вядучых тэатральных дзеячаў Вялікай Брытаніі (Натальля Каляда там прадстаўляе наш тэатар) увесь час абмяркоўвае сытуацыю; запрашаюць людзей, якія тлумачаць, што адбываецца, абмяркоўваюць паміж сабой будучыню гэтай індустрыі. А будучыня выглядае ня вельмі добра. Невядома, ці пойдуць людзі ў тэатар, нават ва ўмовах, калі ў залі будзе забясьпечана сацыяльная дыстанцыя. Фінансавая сытуацыя пагоршыцца, падтрымкі з боку дзяржавы на ўсіх ня хопіць.

Як я прыкінуў, каля 40% тэатраў Вялікай Брытаніі закрыюцца за наступных паўгода. Цяпер мяняецца канцэпцыя разьмеркаваньня сродкаў, якія ідуць ад розных фондаў і трастаў. Калі раней яны падтрымлівалі вялікія праекты, то цяпер гэта будуць малыя сумы для ўсіх, а гэта значыць, што многія калектывы ўсё роўна ня выжывуць. Яны пратрымаюцца некаторы час, а далей гэтых сродкаў проста ня будзе.

— Дык вы думаеце пра зьмену ня толькі фарматаў, але і кардынальную зьмену сфэры дзейнасьці?

Беларускі Свабодны тэатар у рэжыме онлайн
Беларускі Свабодны тэатар у рэжыме онлайн

— Разглядаем на працягу ўсіх 15 гадоў існаваньня «Свабоднага тэатру». Гэта досьвед нашага сацыяльна-палітычнага жыцьця. На несанкцыянаваным мітынгу ў Менску журналісты бачаць месца, куды будуць уцякаць у выпадку няштатнай сытуацыі. Калі ўзьнікне рэальны кашмар, трэба будзе кудысьці адступаць. І гэтае месца адступленьня, дзе цябе не дастануць, існуе ва ўсіх сфэрах дзейнасьці, і ў тэатральнай таксама. Калі твой тэатар ня можа існаваць, ты павінен ведаць, у якую сфэру імкнуцца.

У нас такіх сфэраў дастаткова шмат. Наш слоган: «Свабодны тэатар» — гэта больш, чым тэатар. Мы займаемся кіно, выдавецкім бізнэсам, канцэртнай дзейнасьцю, аналітычнай дзейнасьцю, выкладаньнем. Калі ты думаеш пра сябе, то можаш гэтае пытаньне вырашыць, а калі ў цябе ёсьць калектыў, зь якім ты працуеш 15 гадоў (а ён толькі цяпер выходзіць на найвышэйшы ўзровень прафэсіяналізму), думаеш і пра ўсіх чальцоў калектыву.

«Гатаваньне ўлюбёных страваў ператвараецца ва ўлюбёны час»

— Я захапляюся фоткамі прыгатаванай табой ежы, якія выстаўляеш на сваю старонку ў «Фэйсбуку». Што прыўнесла пандэмія ў кулінарыю?

— Пачыналася як захапленьне, але даўно выйшла за гэтыя рамкі. Мне давялося нават здаць іспыт у Вялікай Брытаніі на права гатаваць публічна. Кулінарыя — сфэра, у якой заўсёды хочацца ўдасканальвацца, і гэтаму няма межаў. Колькі б зорак мішленаўскіх ні меў, усё роўна хочаш рабіць нешта надзвычайнае. Спачатку гэта былі хатнія абеды і вячэры, на якія мы запрашалі гасьцей. Потым зьявіўся праект Kitchen revolution, на які людзі сталі купляць квіткі, як на шоў, і прыходзіць вячэраць у кампаніі каля 40 чалавек, абмяркоўваць актуальныя ўсясьветныя праблемы з запрошанымі зоркамі. Мы нават атрымлівалі прапановы адкрыць і адпаведную ўстанову.

Пандэмія дала разьвіцьцё, бо ты ведаеш, што ўсе сямейнікі будуць вечарам дома. Раней мы практыкавалі а 19-й гадзіне сямейную вячэру, але нехта мог адсутнічаць, зьехаць па справах. А тут ведаеш, што будзем некалькі месяцаў штодня разам вячэраць, і пачынаеш складаць мэню на тыдзень. Кулінарыя — гэта навык, тэхніка, таму трэба ўвесь час трэніравацца. За тыдзень гатуеш 5 новых страваў, якія трэба дыеталягічна выстраіць, каб не набраць вагу. Ты павінен дакладна разумець, што вугляводы будзеш есьці 1-2 разы на тыдзень, мучное — раз на тыдзень, дэсэрт — 1-2 разы на тыдзень. Трэба скласьці паўнавартаснае мэню, і гэта навык шэф-кухара.

— Якія ў цябе фірмовыя стравы?

— Раней я мог назваць некалькі страваў — ачму грузінскую, тонкія і смачныя бліны, нейкія цёплыя салаты, але чым больш ты гэтым займаесься, тым менш становіцца такіх страваў. Ты разумееш, што твой дыяпазон пашыраецца. Я магу прыгатаваць пасту немаведама якой колькасьці клясычных відаў, а магу крэатыўна падысьці і прыдумаць новы рэцэпт. Гатаваньне ўлюбёных страваў пераўтвараецца ва ўлюбёны час.

Раней я мог даволі часта выпіць рому, віскі, каньяку ці арманьяку, а цяпер цалкам адмовіўся ад моцных напояў. Можам выпіць па келіху віна за вячэрай ці на ноч, удзень выпіць апэроль ці іншы лёгкі кактэйль. Моцныя напоі выкарыстоўваем толькі для кулінарыі, калі брэндзі ці партвэйн трэба дадаць у соўс. Ты ня можаш у экстрэмальны пэрыяд сябе нагружаць, бо гэта адбіваецца і на сьне, і на тваёй прадукцыйнасьці, а працы стала нашмат болей. Раней у мяне быў 8-12-гадзінны працоўны дзень, а цяпер здараецца, што гадзін па 14 за суткі працуеш.

«У нас ніхто не набраў аніводнага кіляграма падчас пандэміі»

— Ці займаесься спортам? Як захоўваеш фізычную актыўнасьць у карантыне? Што робіш яшчэ, акрамя 10-кілямэтровых прагулак?

— Штодня займаемся спортам дома з дапамогай спэцыяльных праграмаў на тэлефоне. Спартовая заля, у якую мы хадзілі, зрабіла курс практыкаваньняў, на які мы падпісаныя як сталыя наведнікі. Гэта як з трэнэрам займацца. У звычайным жыцьці каля чатырох разоў на тыдзень я хадзіў у спартовую залю, цяпер усе займаемся дома. Гэта дазваляе трымаць форму. Акрамя гэтага, двойчы на тыдзень мы праходзім па 10 кілямэтраў, плюс невялікія прагулкі амаль штодня па сваім раёне. У нас ніхто не набраў аніводнага кіляграма падчас пандэміі.

— Ці зьмяніла неяк пандэмія густы? Якое кіно ня стаў бы ніколі цяпер глядзець?

— Я ж гляджу ня толькі таму, што хочацца глядзець кіно ці сэрыялы, але і таму, што гэта мая прафэсія. Мне трэба ведаць усе навінкі. Цяпер выйшаў сэрыял «Банды Лёндану», які мне трэба паглядзець з пункту гледжаньня сцэнару, а ён дастаткова цяжкі эмацыйна і з прычыны колькасьці сцэнаў гвалту, і сюжэтам. Наташа яго глядзець цяпер ня хоча, і я бачу, што ня вельмі хачу. Разумею, што паступова пагляджу, але гэта ня будзе запоем. Лепей глядзець больш лёгкія фільмы, як, напрыклад, сэрыял «Галівуд», які цяпер выйшаў. Бо гэта паглыбленьне ў альтэрнатыўную гісторыю, дзе ты ня чуеш пра хваробы і ня трэба думаць, як засьцерагчы блізкіх ад іх. Цудоўна глядзім цяпер кулінарныя шоў, і некаторыя стравы зь іх гатуем.

«У свой час я быў палітычным кансультантам, і мяне так не раздражнялі палітыкі, як раздражняюць цяпер»

— А што ці хто цябе цяпер моцна раздражняе? Калі ўключыш тэлевізар ці пабачыш навіну ў інтэрнэце, у якім выпадку адразу хочацца выключыць?

— У мяне ідыясынкразія на палітыкаў. Я ўсё жыцьцё быў палітычна актыўным чалавекам. Нават у дзяцінстве, калі быў абсалютны «савок», я ўсё роўна ведаў членаў палітбюро па прозьвішчах, нават цяпер магу назваць гэтыя імёны, якія мне зусім не патрэбныя. У свой час я быў палітычным кансультантам, і мяне так не раздражнялі палітыкі, як раздражняюць цяпер.

У Брытаніі трэці прэмʼер-міністар запар бесталковы. Яны бяруцца за тое, што ня могуць давесьці да нормы. Гэта раздражняе моцна. Я разумею, што імі рухае палітычная густаўшчына, калі трэба дагадзіць усім. Цяпер яны проста невыносныя, ня маюць ніякага пляну, гавораць пустыя словы, і ты разумееш, што гэта абсалютнае бясьсільле, пры тым што звычайныя людзі дэманструюць цуды самарэгуляцыі і самаарганізацыі, як, напрыклад, 100-гадовы вэтэран Другой усясьветнай вайны Том Мур, які сабраў 30 мільёнаў фунтаў для дактароў.

Калі казаць пра Беларусь, то я не магу бачыць гэтага лідэра. Я слухаю ўсе гэтыя прамовы. І ня скажаш, што гэта глупства і чалавек зьехаў з глузду. Гэта ня так. Гэта спроба адцягнуць людзей ад галоўнай думкі, што жыць цяпер у Беларусі небясьпечна. І таму чалавек гаворыць пра нейкія пацалункі, лазьню ці хакей. Гэта спроба адцягнуць увагу, каб эканоміка працягвала працаваць, бо Беларусь ня можа сабе дазволіць ніякіх карантынных захадаў з прычыны нядбайнага эканамічнага кіраўніцтва. Гэта раздражняе. Многія не разумеюць, лічаць, што ён як дурань, гаворыць абы-што. Не, гэта цынічнае выкарыстаньне пастулятаў, каб іх абмяркоўвалі, а ня тое, як захавацца ў гэты час. Я не магу бачыць фатаздымкаў зь Беларусі — з гэтых храмаў, дзе шмат народу; з вуліц, дзе людзі бяз масак сядзяць на лаўках...

«За ўсе гэтыя дні не пабачыў ніводнага прыгожа апранутага чалавека ў Лёндане»

— Дарэчы, а ў якіх вы масках ходзіце? Цяпер вялікі выбар на рынку...

— У самых звычайных. Брэнды робяць крутыя маскі і прадаюць іх па касьмічных цэнах, але ты не ўяўляеш, як цяпер апранутыя людзі ў Лёндане. Адчуваньне, што ты ідзеш на нейкую піжамную вечарынку. Лёндан — адзін з трох самых модных гарадоў сьвету, дзе людзі заўсёды надавалі ўвагу адзеньню. Цяпер гэта набор нейкіх пантофляў, трэнікаў, шортаў, маек і бэйсболак. Жанчыны без макіяжу. Мы з Наташай ходзім у спартовым адзеньні, думаем, надзяваць трыко ці шорты. Адчуваньне, што стылю ў горадзе зусім ня стала. Ні разу ніхто з нас не зазірнуў на сайты продажу адзеньня. Наташа толькі замовіла дастаўку трыко для заняткаў спортам. Усім пляваць, хто як апрануты. За ўсе гэтыя дні я не пабачыў ніводнага прыгожа апранутага чалавека.

— Па чым найбольш сумуеш?

— Па тым, каб зайсьці ў свой мясцовы паб і проста выпіць пінту піва ці проста схадзіць у рэстаран. Час ад часу да нас сябры прыяжджалі на вячэру, і цяпер так хочацца зь імі пабыць не ў фармаце онлайн-вечарынкі. Не хапае ціхай вячэры з сябрамі і ціхага пабу, каб пасядзець зь півам, паглядзець на Тэмзу і пагартаць нешта ў «Фэйсбуку». Цяпер, нават калі выходзім прагуляцца, разумееш, што ёсьць элемэнт сацыяльнай кляўстрафобіі.

Лёндан, плошча Гілдхол у часе пандэміі.
Лёндан, плошча Гілдхол у часе пандэміі.

Лёндан — адзін з самых жывых гарадоў у маім жыцьці. Цяпер ты ідзеш па пустых вуліцах, Напрыклад, Оксфард-стрыт — шумная гандлёвая вуліца, а там цяпер няма людзей. Ты можаш зрабіць кадар, калі на гэтай вуліцы няма ніводнага чалавека. Я думаў зрабіць фатаздымкі пустога гораду і зразумеў, што не хачу фіксаваць яго ў такім выглядзе. Разумею, колькі фатографаў цяпер выкарыстоўваюць гэта, каб зьняць рэальную архітэктуру гораду безь людзей і машын.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG