Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віртуальны бар, аналіз гардэробу, рутына. Як не звар’яцець у карантыне


Ілюстрацыйнае фота.

У часе пандэміі каранавіруснай інфэкцыі шмат людзей ва ўсім сьвеце вымушаныя жыць ва ўмовах карантыну ці самаізаляцыі. Якія пазытыўныя і нэгатыўныя наступствы могуць быць у гэтай сытуацыі, і як пэўныя абмежаваньні можна пераўтварыць у перавагі? Практычныя парады даюць псыхолягі Вольга Андрэева і Дарʼя Альперн-Каткоўская.

Сьцісла

Вольга Андрэева:

  • Жанчыны, у якіх ёсьць сямʼя, дзеці, найчасьцей кажуць, што ў іх ня стала больш вольнага часу праз вымушанае знаходжаньне дома, хутчэй наадварот, клопату стала болей.
  • Для многіх жыцьцё было вельмі актыўным — падарожжы, адпачынкі ў розных краінах, пералёты. Цяпер мы адаптуемся да іншага стылю жыцьця, у якім ёсьць і свае перавагі.

Дарʼя Альперн-Каткоўская:

  • У многіх семʼях, дзе бацькі працуюць з дому абое, прыжылася ідэя пазьменнай працы — з 9 да 14 па ўсіх пытаньнях да таты, а з 14 да 19 — да мамы.
  • Вельмі важна ў карантыне мець нейкую рутыну. Падчас Галакосту выжывалі ў лягерах тыя, хто чысьціў зубы, сачыў за вопраткай, паходкай. Рутына вяртае страчанае цяпер адчуваньне бясьпекі.

Як адчуваць сябе камфортна ва ўмовах карантыну ці самаізаляцыі?

Вольга Андрэева
Вольга Андрэева

Вольга Андрэева: У кожнага з нас ёсьць асноўныя абарончыя мэханізмы, якія мы выкарыстоўваем у стрэсавых сытуацыях. Яны фармуюцца пераважна ў раньнім дзяцінстве і найчасьцей зьяўляюцца нашым несьвядомым адказам. Яны наступныя:

  • Адмаўленьне — калі чалавек адмаўляе праблему.
  • Пазьбяганьне — калі проста хаваецца, не адмаўляе, але робіць выгляд, што ўсё пройдзе міма.
  • Гіпэркампэнсацыя — калі празьмерная актыўнасьць: кідаецца ў крамы, скупляе грэчку і туалетную паперу.

І тут важна дапамагчы кліентам, сябрам ці сабе самім адказваць на стрэсы, не зыходзячы з гэтых абарончых мэханізмаў, а канструктыўна. А гэта значыць — зразумець, які наш узровень трывогі, ці можна яго вытрымаць, і калі ён празьмерна высокі, магчыма, спатрэбіцца дапамога. Некаторым спатрэбяцца нават прэпараты, якія можа прызначыць доктар-псыхатэрапэўт. І трэба гэтым карыстацца, калі з трывогай не спраўляесься. Трывога ўзмацняецца, калі высокі ўзровень няпэўнасьці. Тады мы павышаем пэўнасьць і шукаем тыя сфэры свайго жыцьця, дзе можам захоўваць кантроль.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

—​ Як спраўляцца са стрэсам у нетыповых умовах, калі не працуеш і вымушаны знаходзіцца дома?

Вольга Андрэева: Трэба дастаць свой сьпіс незавершаных справаў, а калі такога сьпісу няма, то скласьці яго. Гэта могуць быць пабытовыя рэчы, проста прывесьці ў парадак свой дом. Трэба быць нечым занятым, рабіць карысныя рэчы. Хаця насамрэч найчасьцей аказваецца, што ў жанчын, у якіх ёсьць сямʼя, дзеці, проста ня хопіць часу. Многія жанчыны кажуць, што ў іх ня стала больш часу праз вымушанае знаходжаньне дома, бо дзеці патрабуюць шмат увагі. Яны думалі, што ва ўмовах самаізаляцыі паглядзяць нейкія трансьляцыі спэктакляў, канцэртаў, будуць болей чытаць, але не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Але калі ёсьць вольны час, то яго варта скарыстаць для самаразьвіцьця.

«Адчуваньне ўнутранага эмацыйнага камфорту ад гэтай павольнасьці»

— Дарʼя, вы ў Ізраілі ўжо ня першы тыдзень жывяце і працуеце ва ўмовах карантыну, практычна не выходзіце на вуліцу. Якія перавагі гэтага вы бачыце як псыхоляг і як жанчына?

Дар'я Альперн-Каткоўская
Дар'я Альперн-Каткоўская

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Я не магу сказаць, што бачу перавагі. Я б хацела жыць тым жыцьцём, якім мы жылі да гэтага. Але, прынамсі, я бачу, што ў гэтым ёсьць больш плюсаў, чым здаецца напачатку. Я вельмі шмат часу праводжу зь дзецьмі. Акрамя працы, увесь час зь імі нешта робім — гатуем, у нешта гуляем, сталі тры разы на дзень есьці разам (раней мы толькі ўвечары разам елі). Гэта стала вельмі падобна да майго дашкольнага дзяцінства. У мяне цяпер адчуваньне ўнутранага эмацыйнага камфорту ад гэтай павольнасьці, ад таго, што ня трэба нічога пасьпяваць, што ўсё зразумела. Я не скажу, што хачу, каб жыцьцё так і працягвалася, але прынамсі ў гэтай сытуацыі ёсьць такая прыцягальная стабільнасьць і сямейнасьць.

— А для тых, хто дома адзін ці ўдвох, якія ёсьць перавагі?

— Залежыць ад ладу жыцьця. Часта той, хто жыве бяз пары, дастаткова засяроджаны на сабе і адпаведным чынам пабудаваў жыцьцё вакол сябе. Цяпер вялікая колькасьць розных бясплатных цікавостак у сеціве, розных курсаў. Можна проста чытаць кнігі, нешта гатаваць, рабіць нейкія практыкаваньні. Я думаю, што людзям, якія жывуць адны, усё ж цяжэй, чым тым, хто жыве ў сямʼі. Раней яны маглі рэгуляваць актыўнасьць — калі быць аднаму, а калі сустракацца зь іншымі, і цяпер тыя, хто на карантыне, пазбаўленыя магчымасьці рэгуляцыі. Цяпер яны толькі сам-насам з сабою.

Пры гэтым ёсьць магчымасьць нейкай сублімацыі, напрыклад, цяпер ёсьць такая магчымасьць, як віртуальны бар, куды можна зь сябрамі схадзіць. Сапраўды, людзям у адзіноце цяжэй, бо яны пазбаўленыя выбару. Бо калі жывеш сямʼёй, ёсьць магчымасьць пабыць аднаму і папрацаваць, гэта можна рэгуляваць, а ў іх стала менш сацыяльных кантактаў. У мяне ёсьць кліентка, якая пераехала да сваіх бацькоў, бо не хацела два тыдні ў карантыне сядзець адна дома.

«У карантыне можна рабіць skype party»

— Адна рэальная сытуацыя ў карантыне, якую апісвае калега: жонка зрабіла макіяж і пайшла піць каву ў іншым пакоі. Што б вы параілі жанчынам, якія хочуць адчуць сябе прыгожымі і дагледжанымі заўсёды?

Вольга Андрэева: Калі жанчыне падабаецца і яна прывыкла штодня рабіць макіяж, чаму ёй трэба пазбаўляць сябе гэтай прыемнасьці? Хай робіць, пераапранаецца. Каб гэта ўсе прыдалося, можна рабіць skype party ў фармаце канфэрэнцыі зь сябрамі. Сацыяльнае жыцьцё можа быць перанесенае ў онлайн. У мяне цяпер больш кантактаў з маімі даўнімі сяброўкамі, якія жывуць у іншых краінах. Дык якраз знайшоўся час даведацца, як яны перажываюць гэта, бо некаторыя жывуць ва ўмовах карантыну ў краінах, дзе сытуацыя цяжэйшая за беларускую.

Тое, што падабаецца, рабіце і атрымлівайце задавальненьне. Максымальна трэба захоўваць важныя для сябе рэчы. Што тычыцца фізычнай актыўнасьці, то нават у краінах, дзе ўведзены жорсткі карантын, ёсьць дазвол людзям выходзіць на прабежкі, бо фізычная актыўнасьць і сьвежае паветра патрэбныя. У каго ёсьць аўтамабіль, можна выехаць за горад і там зрабіць добрую прагулку.

— Падчас працы з дому ва ўмовах карантыну пачынаеш пераасэнсоўваць пэўныя рэчы, кшталту — навошта столькі вопраткі, якая ежа сапраўды патрэбная... Якія пераасэнсаваньні можна зрабіць у такой сытуацыі, і ня толькі побытавыя, але і больш глябальныя, сьветапоглядныя — што для нас насамрэч самае галоўнае?

Вольга Андрэева: Аналіз гардэробу — не сьветапоглядная рэч, хоць вельмі карысна перагледзець яго і вызваліцца ад лішняга. Гэта значыць — прывесьці ў парадак сваё жыцьцё, прыбраць нейкі хаос зь яго. Але для сьветапоглядных зьменаў яшчэ мала часу прайшло ў гэтым карантыне, тым больш у Беларусі і няма пакуль карантыну. Трэба больш у ім пасядзець. Пакуль мы толькі прызвычайваемся да сытуацыі, калі нашая сацыяльная актыўнасьць скарачаецца.

Для многіх з нас жыцьцё было вельмі актыўнае — падарожжы, адпачынкі ў розных краінах, пералёты, тусоўкі. Цяпер мы адаптуемся да slow life, павольнага жыцьця, іншага стылю жыцьця. Трэба навучыцца жыць і так, і тут ёсьць свае перавагі. Яшчэ ідзе першая рэакцыя, хутчэй эмацыйная, і рана казаць пра сьветапоглядныя зьмены.

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Я даўно працую з дому, і ў пляне касмэтыкі і вопраткі для мяне нічога не зьмянілася. Я стала менш выходзіць на вуліцу, але я стала больш цаніць, што ў нас ёсьць сабака, зь якім мы сталі гуляць больш. Гэта для мяне легальная магчымасьць выйсьці на вуліцу.

Для беларусаў замежжа складана перажываць, што няма як прыехаць у Беларусь да бацькоў, сяброў, сваякоў. Справа не ў адпачынках, а ў магчымасьці зьяднаньня сямʼі, што для многіх раней плянавалася двойчы на год. Гэта цяпер людзей хвалюе. Беларусаў замежжа хвалюе, што яны ня могуць уплываць на сытуацыю ў Беларусі, таму што захады ўладаў у Беларусі не такія, як у Ізраілі, і ёсьць трывога наконт бацькоў. Шмат у каго засталіся ў Беларусі пажылыя бацькі, якія цяпер у зоне рызыкі з пункту гледжаньня пандэміі.

Ці адрозьніваецца жыцьцё мужчыны і жанчыны ў карантыне, што да разьмеркаваньня абавязкаў?

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Усе розныя. Мой муж цяпер не працуе, бо ягоная праца ня можа адбывацца з дому. На яго цяпер лёг большы цяжар хатніх спраў. Але ў нашай сямʼі правіла такое — хто можа, той і робіць, у каго больш вольнага часу, той і робіць. Я ведаю, што ў семʼях, дзе абодва бацькі працуюць з дому, вельмі прыжылася ідэя пазьменнай працы. Дзецям патрэбная ўвага дарослых, тады ім з 9 да 14 па ўсіх пытаньнях да таты, а з 14 да 19 — да мамы.

Вельмі важна, калі мы сядзім у карантыне, мець нейкую рутыну. Памятаю, як чытала ўспаміны тых, хто выжыў у Галакосьце, і яны пісалі, што выжывалі ў лягерах тыя, хто чысьціў зубы, сачыў за сваёй вопраткай, паходкай. Гэты мінімальны клопат пра сябе вельмі падтрымлівае адчуваньне чалавечай годнасьці. Я прачынаюся больш-менш у адзін час, умываюся, пераапранаюся зь піжамы ў іншае адзеньне, прыбіраю ложак. У дзяцей ёсьць пэўны рэжым, і адчуваньне рутыны вяртае страчанае цяпер адчуваньне бясьпекі. Самае цяжкае — трывога пра тое, што незразумела, што будзе далей. А плянаваць дзень, падтрымліваць рутыну чалавечага існаваньня вельмі важна.

Што павінна стаць табу для жанчын ва ўмовах карантыну?

Вольга Андрэева: Гэта тычыцца і мужчын, і жанчын. Абсалютнае табу — зрывацца на сваіх блізкіх. Вядома, няпроста, асабліва ў маленькай прасторы, захоўваць раўнавагу, асабліва калі перажываеш, калі напружаньне нарастае. Самае галоўнае — захоўваць салідарнасьць, беражлівыя адносіны адзін да аднаго, ні на кім не зрывацца і не накручваць сябе. Нельга сядзець увесь час у інтэрнэце і чытаць жахлівыя, а часам і фэйкавыя тэксты. Трэба вельмі пільна фільтраваць інфармацыю, берагчы свой эмацыйны стан, берагчы блізкіх ад свайго раздражненьня і напружаньня. Гэта складана, асабліва ў малых кватэрах, таму што гэта само па сабе — крыніца стрэсу. Аднак — больш падтрымкі, спачуваньня, і тады мы лепей справімся з гэтым выпрабаваньнем.

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Адна зь відавочных небясьпек — інфармацыйная перагрузка, калі чалавек пачынае зашмат чытаць навінаў, асабліва эмацыйна нагружаных навінаў, а не парадаў ці паведамленьняў ураду. Гэта павялічвае трывогу. Калі шмат часу праводзіць у сеціве, цяжка вярнуцца ў стан, прыдатны для працы ці проста здаровага існаваньня. Патрэбны нейкі інфармацыйны дэтакс — выбраць пэўныя крыніцы, вызначыць час знаходжаньня ў сеціве, выбраць схему, як атрымліваць навіны.

Цяпер цяжкі час для людзей ва ўзросьце, многія зь іх не заўсёды могуць карыстацца дыгітальнымі магчымасьцямі, слухаць лекцыі, кантактаваць з роднымі празь відэасувязь. Міністэрства здароўя Ізраілю кажа пра небясьпеку абмежаваньняў для пэнсіянэраў, бо гэта можа прывесьці да дэпрэсій і нават суіцыдаў. Немагчыма іх цалкам ізаляваць. Трэба дапамагчы ім забясьпечыць хоць якую магчымасьць кантактаваць са сваякамі і сябрамі ва ўзросьце.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG