Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта абсалютна несправядліва». Пэнсіянэрку прымусілі выплачваць грошы за дачку-дэкрэтніцу, якая зьехала за мяжу


Belarus - New money, Minsk, 11Jul2016
Belarus - New money, Minsk, 11Jul2016

Дзяржава патрабуе вярнуць 8 тысяч рублёў. Грошы трэба сплаціць да канца году.

Дар’я Альперн-Каткоўская ў красавіку 2016 году нарадзіла другое дзіця — сына Давіда. Сям’я жыла тады ў Беларусі. Жанчыне выплацілі аднаразовую дапамогу, якая даецца пры нараджэньні другога дзіцяці, і яна пачала атрымліваць штомесяц так званыя «дэкрэтныя» (каля 300 рублёў) — дапамогу па доглядзе за дзіцем да трох гадоў. Празь некалькі месяцаў яе муж знайшоў працу ў Сэрбіі, і ўвосень сям’я перабралася ў Бялград.

«Я дастаткова часта прыяжджала зь дзецьмі, асабліва з малодшым, у Беларусь, таму што я вучылася ў Менску. І цягам наступных двух гадоў я бывала ў Беларусі амаль кожны месяц. Калі я ўжо жыла ў Сэрбіі, пачала даведвацца ад дзяўчат зь Беларусі, якія жылі за мяжой, што да іхніх бацькоў-пэнсіянэраў прыходзілі супрацоўнікі сацыяльнай абароны. У прынцыпе, я дапускала, што і да нас могуць прыйсьці, але пра гэта не задумвалася», — кажа Дар’я.

«З маёй маці ўзялі расьпіску, што яна будзе за мяне пагашаць доўг»

Дар’я Альперн-Каткоўская
Дар’я Альперн-Каткоўская

Выплаты скончыліся раптоўна, калі дзіцяці споўнілася 2 гады — летам 2018-га. Дар’я была ў той момант у Беларусі, але ўжо мелася зьяжджаць. І з органамі сацыяльнай абароны мусіла кантактаваць яе маці.

«Я так зразумела, што гэта звычайная сытуацыя, — працягвае Дар’я. — Калі ня могуць зьвязацца з жанчынай, якая атрымлівала дапамогу, пачынаюць ціснуць на бацькоў-пэнсіянэраў. Палохаць, што ў дзяцей будуць праблемы, яны ня змогуць выехаць за мяжу. Я сама юрыст і не зусім разумею, якія прававыя мэханізмы яны выкарыстоўваюць».

У выніку з маці Дар’і ўзялі расьпіску, што яна будзе выплачваць за дачку амаль 8 тысяч рублёў.

«Маці раз на месяц выплачвае 300 рублёў дзяржаве, пры гэтым на яе ціснулі, каб плаціла больш. Але мы зь ёй параіліся і вырашылі, што калі я атрымлівала 300 рублёў дэкрэтных у месяц, чаму цяпер я павінна вяртаць больш?» — пытаецца Дар’я.

«Я працавала ў Беларусі, плаціла падаткі і лічу, што зарабіла пэўнае сацыяльнае забесьпячэньне»

Усяго Дар’я Альперн-Каткоўская мусіць кампэнсаваць дзяржаве амаль 8 тысяч рублёў дапамогі, налічанай на дзіця. На сёньняшні дзень яна вярнула каля 5,5 тысячы рублёў, да канца году павінна выплаціць усе грошы. Плаціць яна не адмаўляецца. Бо як юрыст разумее, што ёсьць нормы закону і яны павінны выконвацца.

«Але гэта абсалютна несправядліва. Па-першае, усе гады я жыла ў Беларусі, працавала, плаціла падаткі. А заробак у мяне быў дастаткова высокі, я працавала ў юрыдычнай фірме і лічу, што зарабіла сабе і сваім дзецям пэўнае сацыяльнае забесьпячэньне. Дзеці — грамадзяне Беларусі.

Па-другое, чаму нельга зрабіць такую схему, як з пазьбяганьнем падвойнага падаткаабкладаньня? У Сэрбіі я не атрымлівала ніякіх грошай на дзіця ад дзяржавы, я была там проста замежніцай, мой муж працаваў па кантракце. А мая дзяржава ў гэты час пазбаўляе мяне дапамогі на дзіця», — разважае Дар’я.

«Усё гэта адладжана так, каб максымальна забраць грошай»

Але самае ганебнае, на яе думку, — гэта мэханізм разьліку.

«Усё гэта адладжана так, каб максымальна забраць грошай. Да прыкладу, я зь дзецьмі знаходзілася на працягу году сумарна ў Беларусі каля чатырох месяцаў. Але пры гэтым я вяртаю грошы за цэлы год. Таму што калі я не была ў Беларусі 1 чысла месяца, то мне скасоўваецца ўвесь месяц, нягледзячы на тое, што я прыехала, да прыкладу, 2-га і зьехала 29-га. Такім чынам мне налічылі, што я павінна вярнуць дзяржаве каля 8 тысяч рублёў», — кажа Дар’я.

Да таго ж маці Дар’і, якая штомесяц кампэнсуе нібыта незаконна выплачаную дапамогу на дзіця, скардзіцца, што большасьць плацяжоў можна правесьці праз АРІП, але для вяртаньня менавіта гэтай дапамогі няма коду, і штомесяц яна мусіць стаяць у чарзе ў Беларусбанку.

Што кажа Міністэрства працы і сацыяльнай абароны

Прэсавы сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Шцін пацьвердзіла, што сапраўды паводле Закону аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, выплаты могуць быць спыненыя, калі дзіця пераважна знаходзіцца па-за межамі краіны.

«У Законе ёсьць адмысловы артыкул 24 — «спыненьне выплаты дзяржаўных дапамог».

«Дапамога спыняецца ў выпадку выезду дзіцяці за межы Рэспублікі Беларусь на тэрмін больш як 2 месяцы (за выключэньнем дзяцей, бацькі якіх працуюць у дыпляматычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Беларусі, і дзяцей, якія выехалі з краіны для атрыманьня мэдычнай дапамогі)», — тлумачыць прэс-сакратарка Мінпрацы.

З 21 сьнежня 2017 году ў Палажэньні аб прызначэньні і выплаце дапамогі ўведзеная новая норма аб пераважным пражываньні дзіцяці ў Беларусі ці за яе межамі. Згодна з пунктам 17 пры выезьдзе дзяцей, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў Беларусі, за межы краіны менш як на 2 месяцы яны атрымліваюць дапамогу ў поўным памеры. Але ёсьць умова: яны павінны пераважна пражываць у Беларусі — то бок ня менш за 183 дні ў год. Калі маці зь дзіцем зьяжджае больш як на 2 месяцы, дапамогу выплачваць перастаюць да іх вяртаньня ў Беларусь.

Прычым калі бацькі загадзя не папярэджваюць органы сацыяльнай абароны, што зьяжджаюць больш як на 2 месяцы, інфармацыю сацыяльныя службы патрабуюць у памежнікаў.

А вось усе пытаньні зь вяртаньнем дапамогі неабходна вырашаць непасрэдна з тым, каму прызначана дапамога. Часьцей за ўсё гэта маці.

Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Шцін была вельмі зьдзіўленая, што прынамсі ва Ўпраўленьні сацыяльнай абароны Фрунзенскага раёну ў бабулі бралі расьпіску аб вяртаньні дапамогі на ўнука, хоць тая і не адмаўлялася.

«Трэба ўдакладняць, але гэта дзіўна. Такога быць не павінна», — сказала прэс-сакратарка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Шцін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG