Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль нянавісьць да мам зь дзецьмі ў самалётах


Здавалася б, у сучасным прагрэсіўным сьвеце грамадзтвы імкнуцца да максымальнай інклюзіі. Грамадзкія месцы павінны быць даступныя для ўсіх. І нібыта ёсьць негалоснае правіла, што ўсе мы адно аднаго можам часам раздражняць адным сваім існаваньнем, але з гэтым раздражненьнем дарослым людзям варта неяк мірыцца.

Але ж ня ўсё так проста!

Партал грамадзянскай авіяцыі MSQ.by напісаў у твітары, каб маці ня мучылі сваіх дзяцей і ня бралі іх з сабой у адпачынак, бо малыя замінаюць іншым людзям у самалёце. І ў гэтым звароце, як кажуць, цудоўна ўсё — і зьняважлівы зварот «яжмаць», і сам факт звароту толькі да жанчын, і ідэя пакідаць дзіця зь некім дома проста таму, што ў самалёце яно можа плакаць.

Гэта ўсё так звыкла і так агідна! Тут і адказнасьць за дзяцей кладзецца толькі на маці, і ўсіх жанчын, якія лятаюць з малымі дзецьмі, называюць абразьлівай мянушкай, і ўвогуле кампанія быццам бы праспала апошнія сто гадоў і ня ў курсе, што сацыяльная ізаляцыя маці з малымі дзецьмі больш ня ў трэндзе, і што жанчыны нават на паседжаньнях парлямэнту кормяць немаўлят грудзьмі.

Белсат зьвярнуўся па камэнтар у рэдакцыю парталу, і там даволі хутка адказалі. Праўда, дужа маніпулятыўна: «Мы не заклікаем наагул ня браць дзяцей на борт самалёта, як многія спрабуюць цяпер гэта прадставіць. І гэта адзначана ў посьце. Многае залежыць ад бацькоў, на якія пакуты яны гатовыя адправіць маленькае дзіця (палёт не заўсёды і дарослыя добра пераносяць), як яны на яго зьвяртаюць увагу і займаюць падчас палёту. Дзіцяці цяжка пераносіць пералёт і, на жаль, бацькі не заўсёды думаюць пра гэта. Натуральна дыскамфорт гэта надае пасажырам, уласна 30 сэкунд 4,5 гадзіннага палёту можна паслухаць на відэа».

Аказваецца, тыя, хто бяруць з сабой дзяцей — ня проста «яжмаці», але і сапраўдныя садысткі.

Дарэчы, рэдакцыя выкарыстала ў сваім адказе даволі распаўсюджаны рытарычны прыём — спачатку заявіла, што не заклікае ня браць дзяцей на борт самалёта, а потым падрабязна патлумачыла, чаму браць іх туды — няправільна.

Але ж разам з самой заявай партала цікава і тое, якую дыскусія яна выклікала. Тэма (не)дапушчэньня маці і малых дзяцей ў грамадзкія месцы заўжды прыцягвае шмат увагі. Нічога новага, зрэшты, я ў гэты раз у бясконцых трэдах на фэйсбуку не прачытала: адны кажуць, што зь нязручнасьцямі даводзіцца неяк мірыцца, бо грамадзкія месцы мусяць быць даступныя для ўсіх, іншыя адстойваюць сваё права на цішыню.

Клянуся, я ніколі не бачыла, каб права на цішыню і спакой так адстойвалі ў абмеркаваньнях п’яных пасажыраў ці цалкам цьвярозых дарослых, якія проста вядуць сябе па-хамску і замінаюць іншым. Гэта, вядома ж, вельмі проста тлумачыцца: раздражненьне трэба кудысьці падзець, і накіраваць яго на маці з малым дзіцём значна прасьцей і, што галоўнае, больш бясьпечна. Яна наўрад ці зламае ў адказ нос ці сківіцу.

Гэта традыцыйны ўжо і вельмі зручны выбар «штурхані слабейшых». Сумняваюся, што сварка з маці хоць раз дапамагла камусьці пабыць у цішыні ў самалёце. Але, калі ўжо называць рэчы сваімі імёнамі, тыя, хто сварацца ў такіх сытуацыях, шукаюць зусім не цішыні. Змагацца з шумам у грамадзкіх месцах дапамагаюць навушнікі ці бірушы. Яны выратуюць і ад дзіцячага крыку, і ад дарослага храпу, і ад астатняга шуму на борце.

Я асабіста бірушы вельмі не люблю — мне з імі нязручна, а праз пару гадзін могуць пачаць балець вушы. Але грошай на прыватны самалёт у мяне няма, так што даводзіцца карыстацца грамадзкім транспартам з усімі яго нязручнасьцямі. У тым ліку з — о, Божа! — непаседлівымі і гучнымі дзецьмі.

А для партала пра авіяцыю, калі яны так ня любяць жанчын зь дзецьмі, у мяне ёсьць пытаньне з зорачкай: як вы пракамэнтуеце дзеяньні жанчыны, якая, каб супакоіць немаўля, вырашыць пакарміць яго грудзьмі? Нешта мне падказвае, што такі варыянт вас таксама не задаволіць. Бо рэч увогуле не ў цішыні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG