Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ня так са сьпісам забароненых для жанчын прафэсій


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны плянуе скараціць сьпіс забароненых для жанчын прафэсій, якіх сёньня ў Беларусі 181. У верасьні стартуе ініцыятыва Беларускай арганізацыі працоўных жанчын «All jobs for all women in Belarus», накіраваная на поўную адмену сьпісу забароненых для жанчын прафэсій.

Чаго асьцерагаюцца ўлады, пакідаючы забароненыя прафэсіі для жанчын? Якія аргумэнты ў прыхільнікаў поўнай адмены гэтага сьпісу? Дыскутуюць кіраўніца «Гендэрнага маршруту» і старшыня Рады Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Саламаціна, блогерка Наста Захарэвіч, псыхоляг Сьвятлана Бергер і журналістка Алена Шчарбінская.

Сьцісла

  • Саламаціна: Забаронай парушаецца прынцып роўнасьці правоў мужчын і жанчын, бо няма ніякіх забаронаў, зьвязаных з рызыкай рэпрадуктыўнаму здароўю мужчын.
  • Бергер: Жанчына можа працаваць дальнабойшчыцай, пілётам авіялайнэра, але нейкія прафэсіі трэба пакінуць у сьпісе, хаця б для таго, каб адпаведныя структуры разумелі, што гэта — шкодныя прафэсіі.
  • Захарэвіч: Дарослыя жанчыны ў стане ацаніць рызыкі для фізычнага здароўя. Сёньня жанчыны ўжо працуюць на цяжкіх фізычных працах, якія вельмі кепска аплачваюцца.
  • Шчарбінская: На сёньня беларуска ня можа працаваць вадалазам, цесьляром, ня можа кіраваць міжнароднымі пасажырскімі аўтобусамі.

«Сьпісы забароненых для жанчын прафэсій — рудымэнт савецкай эпохі»

— Два гады таму Ўкраіна цалкам адмяніла сьпіс з 450 забароненых для жанчын прафэсій. У Расеі адбылося істотнае скарачэньне сьпісу — з 456 да 98, з 2021 году жанчыны там змогуць працаваць дальнабойшчыцамі, машыністкамі мэтро, вадалазамі ды ў іншых раней забароненых сфэрах. У Беларусі плянуецца скарачэньне, але не поўная адмена сьпісу. Ірына, вы шмат гадоў пасьлядоўна выступаеце за права жанчын пра працу ва ўсіх сфэрах. Якая ваша аргумэнтацыя?

Ірына Саламаціна, кіраўніца праекту "Гендэрны маршрут". Фота Марыны Бацюковай.
Ірына Саламаціна, кіраўніца праекту "Гендэрны маршрут". Фота Марыны Бацюковай.

Ірына Саламаціна: Сьпісы забароненых для жанчын прафэсій — рудымэнт савецкай эпохі, які дайшоў да нашага часу. Сьпіс носіць дыскрымінацыйны характар, дыскрымінацыя выдаецца за клопат аб рэпрадукцыйным здароўі жанчыны. Гэтая аргумэнтацыя не вытрымлівае ніякай крытыкі. Калі паглядзець апошнія дасьледаваньні Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, то там няма наўпроставай сувязі паміж здароўем жанчыны і прафэсіямі са сьпісу.

Жанчыны ў 21 стагодзьдзі маюць права самі вырашаць, што ім больш важна — быць маці (рэалізоўваць рэпрадуктыўную функцыю) або быць пасьпяховымі ў выбраных прафэсіях. Але жанчына можа быць і маці, і пасьпяхова рэалізавацца ў прафэсіі. Забаронай яны парушаюць прынцып роўнасьці правоў мужчын і жанчын. Бо не існуе ніякіх забаронаў, зьвязаных з рызыкай рэпрадуктыўнаму здароўю мужчын. Дзяржава не навязвае выбар мужчынам, але навязвае яго жанчынам, і гэта — дыскрымінацыя.

Намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак абгрунтоўвае наяўнасьць сьпісу забароненых для жанчын прафэсій у Беларусі тым што, жанчыны на рынку працы ўразьлівыя, і іх трэба абараняць менавіта таму, што ў іх рэпрадукцыйная сыстэма больш уразьлівая. Ён гаворыць пра здароўе жанчыны, як прыярытэт дзяржавы, на фоне існуючага дэмаграфічнага крызісу. А як наконт далейшых гарантый жыцьця з дзіцем для жанчыны? Чаму не згадваюцца ў зьвязку з рэпрадуктыўнай сыстэмай гарантыі для бацькоў?

Прыярытэт — сам факт магчымага мацярынства, але ніяк не глядзіцца на больш працяглую пэрспэктыву. Дзяржава ня думае пра тое, што частка гэтых прафэсій — высокааплатная, што з кампэтэнцый жанчын выводзіцца высокааплатная праца. Такога сьпісу не павінна быць, асабліва калі дзяржава заяўляе пра лібэралізацыю рынку працы.


«Дарослыя жанчыны ў стане ацаніць рызыкі для фізычнага здароўя»

— 4 гадоў таму ААН рэкамэндавала Беларусі скараціць сьпіс забароненых прафэсій. Існуе адпаведны дакумэнт, выдадзены пад эгідай ААН «Аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах жанчын». Кіраўніцтва Беларусі пакуль не выканала гэтыя рэкамэндацыі. Улады тлумачаць сьпіс забароненых прафэсій клопатам пра жанчын, іх здароўе, рэпрадукцыйную функцыю. Чаму гэты клопат ёсьць дыскрымінацыяй з вашага пункту гледжаньня?

Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Наста Захарэвіч: Называць такую пазыцыю дзяржавы клопатам — маніпуляцыя. Клопат — гэта надаваньне дадатковых правоў, фактычная рэалізацыя іх, а не забарона. Калі мы кажам пра забарону як клопат, то мы так можам казаць пра маленькіх дзяцей, якія яшчэ ня ў стане вызначыць самастойна, што слушна, а што не, што небясьпечна для жыцьця, таму мы забараняем дзецям нечым займацца.

Дарослыя жанчыны, калі мы кажам пра дзеяздольных жанчын, у стане зразумець, што на самой справе для нас важна, у стане ацаніць рызыкі для фізычнага здароўя. Сёньня жанчыны ўжо працуюць на вельмі цяжкіх фізычных працах, якія вельмі кепска аплачваюцца. Атрымліваецца, што дзяржава проста хлусіць, калі кажа, што гэта клопат пра жанчын. Гэта проста прыгожая казка, за якой хаваецца нядопуск жанчын у шэраг прафэсій. У выніку ствараецца замкнёнае кола, таму што жанчына пазбаўляецца магчымасьці даць лепшае жыцьцё самой сабе і тым дзецям, якія ў яе ёсьць.

Паглядзім на гарады, дзе ёсьць горадафармуючыя прадпрыемствы, напрыклад шахты. Часьцей жанчыны сутыкацца з сытуацыяй, што дзіця трэба выхоўваць самім, пры гэтым у іх горшыя фінансавыя пэрспэктывы, таму што шэраг высокааплатных працаў у гэтым горадзе для іх проста закрыты, і называць гэта клопатам, на мой погляд, цынічны зьдзек.

«У сьпісе ёсьць прафэсіі, якімі лепей не займацца ні жанчынам, ні мужчынам»

— Чаму вы выступаеце за захаваньне забароны пэўных прафэсій для жанчын?

Сьвятлана Бергер
Сьвятлана Бергер

Сьвятлана Бергер: Нам трэба імкнуцца рэальна глядзець на тое грамадзтва, у якім мы жывем. Мы часта адрываемся ад пераважнай большасьці людзей, якія нас атачаюць. Нашае грамадзтва вельмі патрыярхальнае. Зразумела, што забарона на прафэсію — дыскрымінацыя, тут няма з чым спрачацца. Але дакладна ў сьпісе сапраўды ёсьць прафэсіі, якімі лепей не займацца ні жанчынам, ні мужчынам, таму што гэта шкодна і не заўсёды добра аплачваецца. На мой погляд, ня трэба рабіць рэзкіх рухаў у гэтай тэме. Я за тое, каб сьпіс скарачаўся. Так, напэўна, жанчына можа працаваць дальнабойшчыцай, пілётам авіялайнэра, іншую працу рабіць, якую раней рабілі толькі мужчыны, але нейкія прафэсіі, напэўна, трэба пакінуць у гэтым сьпісе, хаця б для таго, каб структуры, якія займаюцца гэтым, хаця б разумелі, што гэта — шкодныя прафэсіі. З часам нашае грамадзтва, магчыма, будзе больш гатовае цалкам адмовіцца ад такой формы дыскрымінацыі.

Я слаба сабе ўяўляю жанчыну-шахтара глыбока пад зямлёй зь цяжкай фізычнай нагрузкай. Калі ёсьць тэхналёгіі, якія дазваляюць жанчыне нават глыбока пад зямлёй толькі націскаць на кнопкі, то так. Але, па-мойму, гэтая праца ўсё яшчэ вельмі цяжкая фізычна. Я слаба ўяўляю жанчыну за рулём БелАЗу. Нягледзячы на тое, што ў гэтых гіганцкіх самазвалах выкарыстоўваюцца самыя перадавыя тэхналёгіі, фізычна гэтая праца мне падаецца вельмі цяжкай.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на тое, што я веру ў дасканаласьць чалавечай прыроды, рэальна гледзячы вакол, у мяне мала веры ў тое, што любая жанчын здольная зрабіць адэкватны выбар. Улічваючы ўзровень разьвіцьця нашага грамадзтва, рэзкія крокі могуць прывесьці да зваротных вынікаў. Нават калі некалькі жанчын пасьля поўнай адмены забароны на прафэсіі пацярпяць, нават калі гэта будзе адна жанчына, якая, не падумаўшы, пойдзе выконваць працу, якая будзе ёй не па сілах, і яна праз гэта пацерпіць, я не магу за гэта галасаваць.

«Жанчынам забаронена зьбіраць плады з вышыні вышэй за 1 мэтар 30 сантымэтраў»

— Алена, вы працавалі ў рамках праекту «Яе справа», прысьвечанага ў тым ліку і забароненым прафэсіям для жанчын. Чым цяпер жанчынам у Беларусі забаронена займацца і чаму?

Алена Шчарбінская
Алена Шчарбінская

Алена Шчарбінская: На сёньня ў гэтым сьпісе 181 прафэсія, 42 рабочыя сфэры. Апошні раз сьпіс скарачалі пяць гадоў таму. Гэта ўсё паўмеры. Забароны тлумачацца клопатам пра жаночае здароўе. Я шукала даказальную базу пра шкоду гэтых прафэсій для жанчын. Яе не існуе. На сёньня беларуска ня можа працаваць вадалазам, цесьляром, ня можа кіраваць міжнароднымі пасажырскімі аўтобусамі з пэўнай колькасьцю месцаў і грузападымальнасьцю.

Некаторыя забароненыя прафэсіі падаюцца дзіўнымі і абсурднымі. Напрыклад, жанчынам забаронена зьбіраць плады з вышыні вышэй за 1 мэтар 30 сантымэтраў. Некаторыя забароны даўно састарэлі, бо тэхніка новая зьявілася. Жанчынам могуць быць даступныя праца па тушэньні пажараў, кіраваньне трактарамі, вадалазныя парцы. Спадзяюся, сёньня ўсе разумеюць, што прафэсійныя якасьці жанчын і мужчын — роўныя, а ў некаторых выпадках жаночыя нават пераўзыходзяць мужчынскія.

Гэты сьпіс дыскрымінуе ня толькі жанчын, а і мужчын. Калі мы кажам, што ён абараняе жанчын ад нейкага дрэннага выбару, то мы павінны казаць і пра мужчын, што ёсьць шмат прафэсій, якія робяць школу мужчынскаму здароўю. Ці мужчынскае здароўе і жыцьцё менш каштоўнае за жаночае?

Нядаўна ў адной эўрапейскіх краінаў на заводзе зь небясьпечнай хімічнай вытворчасьцю праводзілася дасьледаваньне, якое выявіла, што жанчыны ня ведаюць, калі трэба хадзіць да лекара, калі працуеш на шкоднай вытворчасьці. Высьветлілася, што праблема была не ў вытворчым фактары, а ў сацыяльным. Трэба вялікую працу праводзіць па інфармаваньні жанчын аб клопаце аб сваім здароўі, а не забараняць.

«Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, дзе ёсьць сьмяротнае пакараньне і сьпіс забароненых для жанчын прафэсій»

— Які міжнародны досьвед у змаганьні з гендэрнай дыскрымінацыяй на рынку працы? У якіх краінах няма сьпісу забароненых прафэсій?

Ірына Саламаціна: Калі паглядзець на эўрапейскую тэрыторыю, то Беларусь — адзіная краіна, дзе ёсьць сьмяротнае пакараньне і сьпіс забароненых для жанчын прафэсій. У Расеі ня тое што скарацілі сьпіс, яго сьціснулі за кошт таго, што некаторыя прафэсіі інакш падзялілі па сфэрам занятасьці. Нібыта скарацілі, але насамрэч неістотна. У Расеі зьнялі гендэрныя абмежаваньні з транспартнай і некаторых іншых сфэраў, але больш за 320-ці з 456-ці з дзеючага сьпісу забароненых прафэсій насамрэч застаюцца недаступнымі для жанчын. У Расеі, Беларусі, Азербайджане, краінах Цэнтральнай Азіі жанчынам заканадаўча забароненыя сотні прафэсій, у тым ліку прэстыжныя і высокааплатныя.

«Жанчыны ўжо працуюць на вельмі цяжкіх працах»

— Як бы вы адказалі на найбольш распаўсюджаны аргумэнт прыхільнікаў забароны пра вельмі цяжкую фізычную працу, якія жанчынам не па сілам.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Наста Захарэвіч: Я вельмі часта чую гэта аргумэнт. І вось мой контраргумэнт. Гэта санітаркі ў лякарнях. Цалкам дазволеная для жанчын прафэсія, пераважна жаночая. Яны вельмі небясьпечная, таму што гэта цяжкая фізычная праца. Санітаркі цягаюць пацыентаў, якія могуць шмат важыць. Яны могуць быць у зьмененым стане сьвядомасьці, могуць быць агрэсіўнымі. Санітарка атрымлівае 200-250 рублёў, і дзяржава ня лічыць такую працу небясьпечнай. І які тут клопат пра рэпрадукцыйныя здольнасьці? Жанчыны ўжо працуюць на вельмі цяжкіх працах.

«Мужчыны змогуць рэалізаваць свой патэнцыял толькі тады, калі жанчына зможа рэалізавацца цалкам»

— У многіх сфэрах, якія лічыліся традыцыйна мужчынскімі, зьяўляецца ўсё больш жанчын. Чаму гэты працэс трэба абмяжоўваць ці кантраляваць?

Сьвятлана Бергер: Ня трэба абмяжоўваць магчымасьці жанчын і кантраляваць іх выбар. Для нашай краіны важна пакінуць сьпіс забароненых прафэсій, шкодных для жаночага здароўя. Сама па сабе існаваньне сьпісу будзе прымушаць людзей, якія гэтым займаюцца, думаць пра здароўе людзей увогуле, пра жаночае і пра мужчынскае, у тым ліку і рэпрадукцыйнае. Калі не існуе гэтага сьпісу, значыць, усё добра. Чыноўнікі непрадказальныя. Калі скасаваць цалкам сьпіс, лёгіка ў іх можа быць такой, што ўжо няма шкодных прафэсій, створаныя ідэальныя ўмовы для таго, каб чалавек мог рэалізаваць свой патэнцыял.

Тое, што адбываецца з намі, жанчынамі, тое, якім чынам мы даказваем усяму сьвету, што мы здольныя на ўсё што заўгодна, што мы можам у многіх сфэрах нашмат больш чым мужчыны, гэты працэс незваротны. Мужчыны змогуць рэалізаваць свой патэнцыял толькі тады, калі жанчына зможа рэалізавацца цалкам. Калі-небудзь гэта будзе.

«Не апошні фактар — досьвед суседніх краінаў, у якіх было вырашана ад падобных сьпісаў адмовіцца»

— Ня так даўно ў Беларусі быў абвешчаны конкурс для жанчын на пасаду дальнабойшчыц. Як патлумачылі ў кампаніі, гэта было зроблена таму, што мужчыны ня хочуць працаваць, бо заробкі сталі ніжэйшымі. Ці не тлумачыцца скарачэньне сьпісу забароненых прафэсій і тым, што проста няма каму працаваць, таму ўжо і жанчынам можна дазволіць?

Алена Шчарбінская: Мне хочацца вераць, што здаровы сэнс — не апошні аргумэнт, калі прымалі рашэньне пра скарачэньне сьпісу. Сьпіс мяняўся апошні раз пяць гадоў таму. Створаны ён быў за савецкім часам. Зьмены сасьпелі. Спадзяюся, улады гэта таксама пачынаюць усьведамляць. Не апошні фактар — досьвед суседніх краінаў, у якіх было вырашана ад падобных сьпісаў адмовіцца. Спадзяюся, што паўплывала галоснасьць, бо ўсё часьцей чую незадаволенасьць з нагоды забароны жанчынам рабіць прафэсійны выбар самастойна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG