Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжарнасьць — гэта не хвароба


Ілюстрацыйнае фота

Жанчынам у Беларусі дазволілі сядаць за стырно на любым тэрміне цяжарнасьці, але гэта тычыцца толькі аўтамабіляў катэгорыі «В».

Усім, што цяжэй за легкавушку, можна кіраваць толькі першыя 12 тыдняў. Ідэя аб тым, што цяжарнасьць — гэта не хвароба, застаецца надта радыкальнай для нашых уладаў.

Пра сапраўдныя матывы гэтага абмежаваньня можна толькі здагадвацца, але якімі б яны ні былі, наступствы адны і тыя ж: дыскрымінацыя жанчын у працоўнай сфэры. Зрэшты, калі праглядзець сьпіс забароненых для жанчын прафэсій, складваецца ўражаньне, што проста быць жанчынай у Беларусі — гэта ўжо хвароба. А быць цяжарнай жанчынай, як бачым — проста катастрофа.

Пазл складваецца даволі проста: спачатку нам усяляк замінаюць уваходзіць у пэўныя прафэсійныя сфэры, а потым абвяшчаюць разьмежаваньне прафэсій на мужчынскія і жаночыя нечым натуральным і абумоўленым біялягічнымі асаблівасьцямі. А праблема ў тым, што першапачатковая аргумэнтацыя, чаму некаторыя сфэры — мужчынскія, а іншыя — жаночыя, адсутнічае як такая. Усе спробы біялягізатарства не вытрымліваюць крытыкі, бо разьмежаваньне не праходзіць па лініі паміж «фізычна цяжкай» і «фізычна лёгкай» працамі.

У мяне складваецца ўражаньне, што гэтая лінія ўвогуле праводзіцца «на авось», і спробы яе патлумачыць зводзяцца да вечнага «а раптам што?». А раптам цяжарнай жанчыне стане кепска за стырном? А раптам жанчына ня зможа сама вырашыць, што найлепш для яе здароўя? А раптам гарманальная няўстойлівасьць не дазволіць ёй думаць рацыянальна?

Багатая фантазія людзей, якія пішуць законы, можа вельмі кепска адбіцца на нашых жыцьцях. Тое, што жанчыны часта сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на рынку працы — увогуле не сакрэт: нас загадзя абвінавачваюць у тым, што мы будзем цяжарыць, кепска працаваць, пойдзем у дэкрэт, а па вяртаньні зь яго будзем часта сыходзіць на бальнічныя, што нам спатрэбіцца такі графік працы, які дазволіць адводзіць дзіця ў садок і забіраць яго адтуль, што мы ня зможам езьдзіць у доўгія камандзіроўкі, бо дзіця і мужа трэба карміць.

І хай у цяперашнім заходнім сьвеце падыход да мацярынства і бацькоўства моцна зьмяняецца, і жанчыны ўсё часьцей хочуць сумяшчаць мацярынства і кар’еру, а не абіраць нешта адно, працадаўцы працягваюць рабіць выбар, заснаваны на стэрэатыпных формулах. І абмежаваньне цяжарных жанчын у кіраваньні транспартнымі сродкамі — гэта яшчэ адна цэглачка ў вялізнай сьцяне дыскрымінацыі.

Чаму жанчыне пасьля 12-га тыдня цяжарнасьці нельга кіраваць грузавым аўтамабілем ці трамваем? Ёй замінае вялікі жывот? Але вялікі жывот бывае не толькі ў цяжарных. Для яе гэта шкодна? Па-першае, не зусім зразумела, чаму вадзіць легкавушку ня шкодна, а тралейбус — проста жах для здароўя, а па-другое, клопат мусіць выражацца ў дадатковых магчымасьцях, а не забароне. Цяжарныя жанчыны надта эмацыйныя, і гэта можа быць небясьпечна пры кіраваньні аўтамабілем? Высокая эмацыйнасьць мужчын, якая прыводзіць да вялікай колькасьці ДТЗ, нешта зусім не хвалюе заканадаўцаў. І пытаньне пра прынцыповую розьніцу паміж кіраваньнем аўтамабілем катэгорыі «В» і іншымі транспартнымі сродкамі застаецца адкрытым.

Тое, што хоць легкавушкі нам цяпер дазволілі вадзіць на любым тэрміне цяжарнасьці — вельмі добра. Але ўспрымаць гэта як вялікі прагрэс і наватарства было б вельмі дзіўна. Дзяржава працягвае адначасова заклікаць жанчын нараджаць і маргіналізуе цяжарнасьць дыскрымінацыйнымі законамі. Праўда, да пытаньня «а раптам жанчынам гэта ўсё надакучыць і яны зладзяць рэвалюцыю?» заканадаўцы пакуль не дайшлі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG