Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць прычын адмяніць сьпіс забароненых для жанчын прафэсій


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Зусім нядаўна ва Ўкраіне адмянілі сьпіс забароненых для жанчын прафэсій, і цяпер украінкі змогуць кіраваць цягнікамі мэтро і аўтобусамі і ўвогуле абіраць любы від прафэсійнай дзейнасьці. На жаль, беларускам усё яшчэ недаступныя 281 працоўная спэцыяльнасьць. Вось пяць прычын, чаму ганебны сьпіс трэба адмяніць і ў нашай краіне.

1. Гэты сьпіс супярэчыць Канстытуцыі

Сьпіс забароненых для жанчын прафэсій ідзе насуперак галоўнаму закону краіны. Артыкул 32 Канстытуцыі сьцьвярджае, што жанчынам забясьпечваецца прадастаўленьне роўных з мужчынамі магчымасьцей у атрыманьні адукацыі і прафэсійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэньні па службе (працы), у грамадзка-палітычнай, культурнай і іншых сфэрах дзейнасьці, а таксама стварэньне ўмоў для аховы іх працы і здароўя. Абсалютна відавочна, што ў той сытуацыі, якую мы маем цяпер, пра роўнасьць магчымасьцяў казаць нельга.

Часам цяперашні сьпіс называюць прыкладам пазытыўнай дыскрымінацыі, але я не магу пагадзіцца з такой ацэнкай: калі ў жанчын адбіраюць шэраг магчымасьцяў для прафэсійнай самарэалізацыі і заробку грошай, гэта нельга называць клопатам ці нейкімі іншымі пазытыўнымі зьявамі. Дыскрымінацыя заўжды шкодзіць тым, на каго накіраваная, нягледзячы на тое, якімі прыгожымі словамі спрабуюць прыхаваць ейную сутнасьць.

2. Дзеяздольныя жанчыны ў змозе самастойна абіраць від працы

Адзіная, бадай, агаворка ў гэтым правіле — прастытуцыя. Прыхільнікі і прыхільніцы легалізацыі прастытуцыі любяць называць гэты від эксплюатацыі чалавека працай, але ад таго, што мы назавем белае чорным, чорным яно не стане.

Што ж тычыцца менавіта працы, дык жанчыны так жа сама, як і мужчыны могуць самастойна абіраць, чым ім займацца, сыходзячы з асабістых талентаў, разьвітых навыкаў, фінансавай забясьпечанасьці на цяперашні момант і гэтак далей.

Асобна ўзятыя жанчыны і праўда могуць пазьбягаць пэўных прац, клапоцячыся пра здольнасьць зацяжарыць і вынасіць дзіця ў будучым, і гэта абсалютна нармальнае жаданьне. Прынцыпова важна тут тое, што жанчына сама абірае, як ёй жыць і што рабіць. Як толькі дзяржава пачынае дыктаваць нам, чым мы ня можам займацца, яна пазбаўляе нас суб’ектнасьці і сьцьвярджае, што мы ня здольныя самі зрабіць сьвядомы выбар і прыняць ягоныя наступствы.

3. Адмена сьпісу прывядзе да павелічэньня канкурэнцыі і аздараўленьня асобных сфэраў рынку працы

Калі на адны і тыя ж працоўныя пазыцыі зможа прэтэндаваць большая колькасьць людзей, гэта мусіць павысіць сярэдні ўзровень працоўных. Было б несправядліва і нават сьмешна сьцьвярджаць, нібыта заўтра прафэсаркі і топ-мэнэджэркі масава кінуць свае прэстыжныя пасады і пойдуць займацца нізкакваліфікаванай працай. Вядома ж, гэтага не адбудзецца. І калі сёньня на пэўныя працоўныя месцы прэтэндуюць збольшага кепска адукаваныя мужчыны, дык і жанчыны, якія складуць ім канкурэнцыю, будуць мець, хутчэй за ўсё, прыблізна той жа ўзровень адукацыі. Але канкурэнцыя ўсё адно стане мацнейшай, і для ўсіх прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак будзе мэтазгодным праявіць сябе яшчэ лепей, чым раней.

4. Форма геніталій не ўплывае на працоўныя здольнасьці чалавека

Ёсьць вельмі простае правіла, як адрозьніць хлапчуковую цацку ад дзявочай: трэба адказаць на пытаньне, ці задзейнічаныя непасрэдна ў працэсе гульні геніталіі дзіцяці. Калі не, значыцца, гэтая цацка добрая і для хлопчыкаў, і для дзяўчатак, а калі так, дык гэта ўвогуле не дзіцячая цацка. З працай усё выглядае прыблізна гэтак жа сама. На пасьпяховасьць той ці іншай працы могуць уплываць розныя фактары (і нават гармоны!), але дакладна не форма геніталій.

Сьпіс забароненых для жанчын прафэсій не прадугледжвае, што асобны ўзяты мужчына можа быць слабейшым за асобна ўзятую жанчыну, і што ягоны гарманальны фон можа быць больш набліжаны да жаночай нормы, чым у самой жанчыны. Гэты сьпіс ніяк не робіць структуру занятасьці насельніцтва больш эфэктыўнай. Адзінае, што ён робіць — гэта дыскрымінуе жанчын.

5. Адмена сьпісу — гэта сацыяльна арыентаваны крок

Можна доўга маніпуляваць тым, што сьпіс забароненых для жанчын прафэсій нібыта абараняе нас і нашае здароўе, але ў рэальнасьці жанчыны ўжо сёньня займаюцца вельмі цяжкімі відамі працы, якія кепска аплачваюцца і лічацца пры гэтым «традыцыйна жаночымі». Санітаркі ў лякарнях, сядзелкі, прыбіральніцы на заводах — гэта зусім не прафэсіі мары, яны кепска адбіваюцца на фізычным і псыхічным здароўі, кепска аплачваюцца і дазволены жанчынам у Беларусі. Больш за тое, пры пошуку працоўных на гэтыя пазыцыі працадаўцы частка адкрыта ўказваюць, што шукаюць жанчын.

Гэтыя жанчыны ўжо цяжка працуюць, і адмена ганебнага сьпісу наўрад ці дазволіць ім зьмяніць працу на больш лёгкую. Але, верагодна, яны змогуць пайсьці на настолькі ж цяжкую працу, што і цяпер, але з іншым, больш высокім заробкам. Тым больш, калі дзяржава і праўда так клапоціцца пра жаночае здароўе, дык скасаваўшы сьпіс забароненых прафэсій, яна мусіць паклапаціцца пра тое, каб умовы працы паляпшаліся. А гэта, між іншым, будзе добра для ўсіх: і для жанчын, і для мужчын.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG