Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі абмяркоўваюць злачынствы ў беларускім войску, ненавісьнікі фэмінізму часам кажуць пра так званую зваротную дыскрымінацыю — дыскрымінацыю мужчын. Але прымусовая служба ў войску, як і нежаданьне некаторых працадаўцаў адпускаць мужчын у адпачынак па даглядзе за дзіцём — гэта ніякая не зваротная, а самая звычайная дыскрымінацыя паводле палавой прыкметы.

Дыскрымінацыя — гэта сыстэмная зьява, і для яе функцыянавання трэба два бакі: тыя, хто прыгнятае, і тыя, каго прыгнятаюць. Звычайна прыгнятаюць жанчын, але бываюць сытуацыі, калі прыгнечанымі сябе адчуваюць і мужчыны. Тым ня менш, зваротнай дыскрымінацыяй гэта назваць нельга, бо суб’ект, які прыгнятае, заўжды адзін і той жа. І гэта, як бы банальна ні гучала, — патрыярхат.

Юнакоў прымусова адпраўляюць у войска не таму, што да ўлады прыйшлі страшныя фэміністкі.

Юнакоў прымусова адпраўляюць у войска не таму, што да ўлады прыйшлі страшныя фэміністкі, якія ненавідзяць мужчын і помсьцяць за ўсё былое. Прымусовая служба — гэта прадукт патрыярхальнай сыстэмы, у межах якой у мужчын і жанчын ёсьць вельмі дакладна прапісаныя ролі ў жыцьці грамадзтва і дзяржавы: мужчыны «абараняюць» дзяржаву да апошняга, а жанчыны нараджаюць новых абаронцаў.

Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Калі ў сучаснай Беларусі судзьдзя пры вызначэньні месца жыхарства дзіцяці пасьля разводу задае бацьку шмат пытаньняў пра памер вопраткі дзіцяці і пра тое, хто яго будзе адводзіць і забіраць са школы, гэта не вялікая жаночая змова. Гэта зваротны бок патрыярхальнага стэрэатыпу, нібыта клапаціцца пра дзяцей могуць толькі жанчыны.

У Беларусі мужчына ня можа пайсьці ў адпачынак па даглядзе за дзіцём, калі маці дзіця — беспрацоўная, але маці ня мае праблем з афармленьнем адпачынку, калі партнэр — беспрацоўны. Але гэта таксама не наступства таго, што жанчыны прыйшлі да ўлады і забаранілі мужчынам клапаціцца пра дзяцей. Гэта яшчэ адна частка карціны сьвету, дзе татава роля зводзіцца да фінансавага забесьпячэньня і нядзельных шпацыраў у парку.

Няроўнае стаўленьне да мужчын і жанчын прапісана і ў заканадаўстве.

Усім нам будзе лепей жыць, калі дыскрымінацыі ў сьвеце ня будзе ўвогуле: ні паводле палавой прыкметы, ні паводле любой іншай. Калі мы зможам абіраць жыцьцёвы шлях сыходзячы выключна з уласных здольнасьцяў і жаданьняў, а грамадзтва ня будзе ствараць нам штучных перашкодаў. Пакуль што з гэтым складана: няроўнае стаўленьне да мужчын і жанчын існуе ня толькі на ўзроўні традыцый і паўсядзённых стэрэатыпаў, а прапісана і ў заканадаўстве.

Вырашыць праблему на заканадаўчым узроўні нам дапаможа адмысловы антыдыскрымінацыйны закон. Але супраць стэрэатыпаў, празь якія мы не заўжды нават распазнаем сыстэмны прыгнёт, змагацца давядзецца яшчэ доўга. Тым не менш, галоўнае — правільна пазначаць акцэнты і разумець, дзе сапраўдная крыніца нашых бедаў.

А каб у войску было меней зьдзекаў і садызму, прымусовую службу варта замяніць кантрактнай і па-сапраўднаму дапусьціць да яе жанчын. Чым больш зацікаўленымі і матываванымі там будуць людзі, тым менш у іх будзе нянавісьці да ўсяго навокал.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG