Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэханізатарка з Крыўску паедзе да Лукашэнкі — каб ёй вярнулі імянны трактар


Галіна Кажанава
Галіна Кажанава

Галіна Кажанава, адна з найлепшых трактарыстак Гомельскай вобласьці, страціла сваю «Ластаўку» — МТЗ-82. Імянны трактар ёй уручылі за працоўныя посьпехі на «Дажынках-2017» у Жыткавічах. Праз звальненьне і канфлікт з кіраўніцтвам сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крыўск» жанчына засталася бяз тэхнікі. Цяпер яна хоча вярнуць трактар з дапамогай кіраўніка дзяржавы.

Начальства з райвыканкаму сьцьвярджае, што трактар — на балянсе гаспадаркі. Галіна даводзіць: тэхніку ўручылі менавіта ёй і ня мелі права забіраць.

«Я паеду ў Мінск, да Лукашэнкі. Ён мяне тры разы ўзнагароджваў. Нехта павінен за мяне заступіцца», — плача жанчына.

Прапанавалі звольніцца — разам з мужам

Галіна і яе муж Сяргей Казлоў рабілі ў «Крыўску» мэханізатарамі.

«Без выходных, без адпачынкаў. Хіба калі адпрашуся на нядзелю, каб хоць у хаце прыбраць, зварыць, папрасаваць», — кажа жанчына.

У канцы траўня іх тэрмінова выклікаў натарыюс — аформіць дакумэнты на дом. Заяву на адгул пакінулі ў дыспэтчарскай. Вярнуліся — дырэктар паведаміў, што звальняе іх за прагул, бо не падпісаў іхную заяву. Потым прыйшлі і па ключы ад імяннога трактара: аддавай, трактар ня твой.

З «Дажынак» імянны трактар прыгнаў муж

На мінулых «Дажынках» Галіне Кажанавай уручылі новы, імянны трактар. Так значылася і на лабавым шкле, і на сэртыфікаце, напісалі пра гэта і ў «СБ — Беларусь Сегодня».

«Галіна засталася ў Жыткавічах, там былі ўрачыстасьці, частавалі іх у рэстаране. Я пагнаў трактар у Крыўск. Ён быў упрыгожаны балёнікамі, сьцяжкамі! Так прыгожа было, як мы гналі калёну трактароў — 18 штук, што далі на нашу вобласьць, у суправаджэньні міліцыі. Ехаў каля трыццаці кілямэтраў у гадзіну, а адлегласьць больш за 300 кілямэтраў», — кажа Сяргей.

«Я той трактар даўно чакала, дабівалася, бо мне паложаны быў — яшчэ з працы пад Віцебскам. У прэзыдэнцкую камісію ў Гомель езьдзіла. Дабілася. А зараз забралі маю „Ластаўку“», — скардзіцца Галіна.

Яна кажа, што вельмі берагла сваю «Ластаўку».

«Вельмі люблю тэхніку. Іншыя мэханізатары кажуць: ат, чармет, не шкадуй! А мне шкада яго! Я і мыла, і глядзела яго, і чысьціла... Дадуць каму іншаму — яго проста дабʼюць, і ўсё», — жанчына плача.

Раённае і мясцовае начальства прапанавала ёй 5 чэрвеня вярнуцца на працу ў «Крыўск».

«Але я не змагу зь імі больш працаваць, ну як? Мне там ня будзе жыцьця. Прычапіліся, што мы паехалі дом афармляць з мужам, хоць мы і заяву пакінулі — але прымусілі звальняцца нас. Мы б пайшлі ў іншую гаспадарку — ды, напэўна, далі загад нікуды ня браць, бо я прасілася ўжо ў Марозавічы — спачатку бралі, а потым адмовілі. І што мне рабіць?» — пытаецца жанчына.

Яна верыць — Лукашэнка, які тройчы ўзнагароджваў яе, каб толькі даведаўся пра сытуацыю — заступіўся б за яе.

«Я паеду ў Мінск, буду дабівацца да яго. Каб толькі мне вярнулі трактар і далі магчымасьць працаваць, у любой гаспадарцы», — кажа мэханізатарка.

Пайшла вучыцца на трактарыстку, каб выйграць спрэчку з хлопцамі

Раней Галіна жыла на Віцебшчыне. У выпускным клясе яна паспрачалася з хлопцамі, якія выхваляліся, што дзяўчаты ня здольныя працаваць на трактары. Галіну гэта закранула. У мэханізатарскай вучэльні была адна ў групе сярод хлопцаў. Пасьля вучэльні адправілі ў калгас.

Першы трактар быў — ламачча, бяз мосту. «Усе сьмяяліся — няўжо я яго адрамантую? Але я дала рады», — кажа Галіна.

Новы іспыт — трактар КІР. Вялізны для маладой жанчыны.

«А там такія ўзгоркі на Віцебшчыне! Трактар нахіліўся на касагоры так, што я рукой зямлю магла дастаць. Спалохалася, пачала плакаць. А потым еду і думаю: прыеду на мэхдвор, а яны скажуць, што не магу на трактары працаваць. Узяла сябе ў рукі. Трэба вучыцца», — кажа Галіна.

Кажа, што арала так — ніхто ня мог дагнаць. Перамагала ў спаборніцтвах па ворыве.

«Падʼела, на трактар — і імчуся», — сьмяецца Галіна.

«Раз пайшла на працу, заправіла трактар, а мяне выклікаюць у дыспэтчарскую — там торт, вялізны, шампанскае, вялікі букет ружаў! Вось гэта чалавечае стаўленьне. Вось гэта было жыцьцё. Ніхто не прыніжаў», — кажа мэханізатарка. І міжволі параўноўвае з Крыўскам, дзе апошнім часам на працу ішла, як «на востры нож».

«Ня тое, каб працаваць ад душы. А прыйдзеш — і пачнуць цябе грызьці. Ня так, каб з павагай да чалавека, а толькі гыр, гыр», — кажа Галіна.

Пераехала пад Буда-Кашалёва з прычыны трагічных сьмерцяў блізкіх

На Віцебшчыне Галіна страціла спачатку мужа, потым — 23-гадовага сына.

«Што казаць. Муж піў, загінуў — разьбіўся на аўтамабілі. Адна гадавала сына. Трымала вялікую гаспадарку, каня», — узгадвае жанчына. Сын надумаў жаніцца, але паклапаціўся і пра маці — як яна будзе адна?

«Прапанаваў мне знайсьці якога чалавека праз інтэрнэт. Ат, кажу, сынок, усё гэта дурное, там адны пʼянтосы ды лайдакі. А ён кажа, што людзі розныя бываюць. І так пазнаёміліся праз інтэрнэт зь Сяргеем Казловым, з Гомельшчыны.

Паехалі з сынам да яго знаёміцца. А Жэня, сын, прапанаваў яму ўзяць бутэльку ды выпіць — правяраў так. Сяргей кажа — ці ты спаіць мяне хочаш, ці правяраеш?» — сьмяецца жанчына.

Сяргей Казлоў
Сяргей Казлоў

Неўзабаве трагічна загінуў сын. Гэта падштурхнула Галіну пераехаць да Сяргея. Бо заставацца на Віцебшчыне ёй было невыносна. Ня ўсе гладка і зразумела са сьмерцю маладога чалавека. Жанчына ня верыць, што ён так недарэчна загінуў — знайшлі яго на беразе ракі, ляжаў тварам у вадзе.

«Можа, забілі, можа, нехта „дапамог“. Я прасіла людзей, вешала абвесткі на слупах у Віцебску — можа, хто што бачыў, дапаможа», — плача яна.

Здавалася — на новым месцы загояцца раны. Цяжка было пачынаць усё спачатку — новыя праца, дом, гаспадарка, незнаёмыя людзі. Але побач быў Сяргей, таксама мэханізатар. Давалі рады. Пераехалі за працай у Крыўск, атрымалі калгасны, а потым набылі свой дом. Галіне далі новы трактар. Потым — імянны. Цяпер яна засталася бяз тэхнікі, бяз працы.

Даяркі на Гомельшчыне раз за разам паўстаюць супраць кіраўніцтва. І перамагаюць

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG