Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правы, а не мімозы». Што ня трэба рабіць 8 сакавіка

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

А на якія праблемы і тэмы трэба акцэнтаваць увагу ў Міжнародны жаночы дзень? Што ня варта рабіць і гаварыць 8 сакавіка? Як прыбраць сэксізм і надаць рэальны зьмест гэтаму дню?

Абмяркоўваюць кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» і сябра Нацыянальнай рады ў гендэрнай палітыцы Ірына Альхоўка, кіраўніца прытулку для жанчын-ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова, блогерка і журналістка Наста Захарэвіч.

Сьцісла

  • Гарбунова: Я не прымаю падарункі ў гэты дзень
  • Захарэвіч: 8 сакавіка — добрая нагода паказаць, што жанчыны маюць рэальна вялікі ўплыў.
  • Альхоўка: Для Беларусі самыя балючыя кропкі — сьпіс забароненых прафэсій, разрыў у аплаце працы, дыскрымінацыя пры прыёме на працу.

«Свабода, а не імітацыя»

Ганна Соўсь: Адзін са слоганаў сёлетняга адзначэньня 8 сакавіка «Правы, а не мімозы». Маглі бы вы працягнуць гэты шэраг.

Наста Захарэвіч: Свабода, а не імітацыя. Адмена сьпісу забароненых прафэсій, а не тульпаны. Закон аб барацьбе з хатнім гвалтам замест прыгожых віншаваньняў мужчын на 8-га сакавіка. Гэта рэчы, якія сапраўды важныя для якаснага жыцьця, а ня тыя дробязі, няхай яны могуць быць і прыемнымі. Тыя ж кветкі... Камусьці гэта можа быць прыемна, але ня варта падмяняць штосьці сапраўды глябальнае і важнае гэтымі прыемнымі дробязямі.

«Непрыемна чуць, што жанчыны — упрыгожваньне жыцьця»

Ганна Соўсь: Якія фразы, звароты, падарункі, учынкі для вас непрыемныя, непрымальныя альбо сьмешныя 8 сакавіка?

Ірына Альхоўка: Жанчыны — упрыгожваньне жыцьця, упрыгожваньне офіса, упрыгожваньне жыцьця мужчын. Вось вельмі непрыемна гэта чуць. Як я рэагую? Спрабую расказаць, які сапраўдны сэнс у гэтага дня. Магчыма, той выходны, які прадстаўляе ўрад, гэта ўскоснае прызнаньне таго, што жанчыны ўвесь год, усё жыцьцё працуюць так цяжка, што ім трэба выдзеліць спэцыяльны дзень, каб яны адпачылі. Для мяне гэтае сьвята хутчэй пра крывадушнасьць, чым пра рэальнае стаўленьне і павагу да жанчыны.

Вольга Гарбунова: Усе словы, якія так крывадушна падмяняюць сутнасьць і сэнс гэтага дня — гэта, праўда, ужо дастала. Што мяне зьліць? Бясконцыя акцыі. Напрыклад, апошняя акцыя менскага заапарку, для якой прыдумалі фатаграфаваць жонак, дзяўчат, партнэрак і высылаць гэтыя фота ў нейкай асацыяцыі з жывёламі. Для мяне гэта ўжо зусім мяжа. Усе астатнія кампаніі ў большасьці падтрымліваюць такі падыход, калі нам спрабуюць сказаць пра тое, што мамам ці жонкам трэба падараваць пральную машыну або нешта яшчэ для догляду за ўсёй сям’ёй. Я не прымаю падарункі ў гэты дзень.

«І гэтая бясконцая колькасьць электронных паштовак, віншаваньняў, безгустоўных вершаў»

Наста Захарэвіч: Для мяне найбольш сьмешна і абуральна гучаць пажаданьні жанчынам: «Будзьце добрымі, будзьце мілымі, будзьце клапатлівымі». Гэтыя пажаданьні можна перакласьці як «будзьце зручнымі». Яны не пра тое, каб жанчыне было лепш самой, а пра тое, каб яна лепш і зручней выглядала для навакольля, радавала нашы вочы, упрыгожвала калектыў. Людзі нават не задумваюцца, калі гэта кажуць. Гэта звычка, усё робіцца па інэрцыі. І гэтая бясконцая колькасьць электронных паштовак, віншаваньняў, безгустоўных вершаў, кветак...

Тульпаны проста запаланяюць прастору. Зразумела, што для бізнэсу гэта выдатна, нічога асабістага, гэта проста бізнэс. Але колькі патасу вакол гэтага будуецца і колькі несапраўднасьці ў віншаваньнях і ўва ўсім.

Як варта адзначаць Міжнародны жаночы дзень

Ганна Соўсь: Калі мэтазгоднасьць савецкага гендэрнага сьвята 23 лютага, так званага дня абаронцаў Айчыны, увогуле аспрэчваецца за яго непрывязанасьць да беларускіх рэалій і гісторыі, то дзень 8 сакавіка ўсё ж больш правамоцны. Дыскусіі выклікаюць той зьмест, які ўкладаюць у яго розныя людзі. Мімозы і тульпаны, падарункі дзяўчынкам у школе, традыцыйнае «дарагія жэншчыны» і набор сэксісцкіх стэрэатыпаў — традыцыйны набор. А пра што насамрэч трэба гаварыць 8 сакавіка, пра якія праблемы і шляхі іх вырашэньня, зь кім гаварыць і як?

Ірына Альхоўка: Афіцыйная назва сьвята — Міжнародны дзень жанчын і міру. Ён быў прыняты Генэральнай асамблеяй ААН у 1977 годзе, дакладней, у адной з рэзалюцый ААН прапанавала краінам адзначаць такі дзень. Ён задумваўся як нагода краінам паглядзець на становішча жанчын у тым ці іншым рэгіёне і ўспомніць пра тое, што роўнасьць — гэта не рэальнасьць для многіх жанчын. Трэба ўспомніць карані гэтага сьвята, калі больш за 100 гадоў таму першыя жанчыны ў ЗША выйшлі на вуліцу пратэставаць супраць небясьпечных умоваў працы. Магчыма, ня ўсе зь іх былі фэміністкамі, ці яны не былі фэміністкамі, і для іх не важна было права голасу, а за гэта змагаліся іншыя жанчыны...

Я б тут пытальнік паставіла, а ці сьвята гэта? Або гэта дзень, дата, якая нас сёньня змушае задумацца, што роўнасьць дагэтуль не наступіла. Паглядзіце нават на апошнюю справаздачу Сусьветнага банку «Жанчыны, закон і бізнэс». Там гаворыцца пра прагрэс за апошнія дзесяцігодзьдзі. Але ж калі не прымаць спэцыяльных захадаў, то мы дасягнем скарачэньня разрыву паміж заробкамі жанчын і мужчын на рынку працы толькі праз 108 гадоў. Такога часу ў нас няма. Такога часу няма ў жанчын, для якіх гэтая няроўнасьць — штодзённая рэальнасьць. Крывадушны бок гэтага сьвята палягае ў тым, што менавіта ў гэты дзень мы павінны зьвярнуць на гэта асобую ўвагу, а ў іншы дзень мы можам і не зьвяртаць.

Многія краіны сышлі наперад ад Беларусі, а многія краіны, яшчэ ня маюць такога заканадаўства, якое ўжо мае Беларусь. За тыя дзесяцігодзьдзі, якія аналізуе Сусьветны банк, мы бачым, што ў 35 краінах сьвету былі забароненыя сэксуальныя дамаганьні на працоўным месцы. Беларусі няма ў гэтым сьпісе, але там ёсьць Малдова, Пакістан, Аргентына, Нэпал і Аўганістан. У нас такое нават не разглядаецца. Па рэйтынгу Сусьветнага банку Беларусь са 100 пунктаў атрымала 78. Для нас самыя балючыя кропкі — сьпіс забароненых прафэсій, разрыў у аплаце працы, дыскрымінацыя пры прыёме на працу, калі жанчынам задаюць пытаньні аб іх сямейным статусе, пра жаданьне завесьці дзяцей, пра тое, як гэтыя дзеці хварэюць і як гэта адаб’ецца на працы. Калі 8 сакавіка дасьць дадатковую нагоду пагаварыць пра гэта, я буду толькі за.

Вольга Гарбунова: Сфэра маіх інтарэсаў, мая праца — гэта абарона жанчын, якія пацярпелі ад гвалту. У Беларусі не была ўхваленая канцэпцыя законапраекту аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, і закон не плянуецца да прыняцьця. Мяне гэта хвалюе. Ірына пералічыла важныя моманты, якія суправаджаюць жанчыну на любым этапе яе жыцьця, пачынаючы ад рознага падыходу да выхаваньня, гендэрных тэндэнцый у выхаваньні, працягваючы выбарам прафэсіі, сьпісам забароненых прафэсій, працаўладкаваньнем і г. д.. Праблем, пра якія можна гаварыць ня толькі ў 8-га сакавіка, але кожны дзень, у Беларусі вельмі многа.

Наста Захарэвіч: Ёсьць тэндэнцыя, што праблемы больш агучваюць у пэрыяд сьвята, але гэта не ўнікальная сытуацыя. Пра той жа Чарнобыль пішацца таксама збольшага ў раёне 26-га красавіка. Гэта нармальна. Я б хацела таксама згадаць праблему бачнасьці жанчын у гісторыі. Ёсьць цудоўная міжнародная акцыя «Жаночая гістарычная ноч», калі па гарадах расклейваюць партрэты ўплывовых жанчын з кароткімі апісаньнямі, чаму гэтыя жанчыны важныя для гісторыі. На жаль, у Менску гэтая акцыя праводзіцца вельмі сьціпла, але не праводзіцца зусім.

8 сакавіка — добрая нагода паказаць чарговым разам, што жанчыны маюць рэальна вялікі ўплыў на тое, у якім грамадзтве мы жывем, і на тое, у якіх умовах мы жывем, калі казаць пра матэрыяльныя рэчы і пра каштоўнасныя зьмены ў сьвеце. Сёньня нельга ігнараваць тую ролю, якую адыгрываюць жанчыны ў сьвеце. І 8-га сакавіка пра гэта можна казаць гучней і больш.

«Жанчынам — нараджаць, мужчынам — служыць». Чаму важна мець выбар

Ганна Соўсь: На нядаўняй «Вялікай размове» з прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на просьбу былой міністаркі працы Мар’яны Шчоткінай зьвярнуцца да жанчын напярэдадні 8 сакавіка, сказаў: «Проста нараджайце больш дзяцей... З мужыкамі бяда. Дзе мужыкоў браць, калі яны ў войску не былі... ».

Такім чынам роля жанчыны акрэсьленая — нараджаць, мужчыны — служыць. А ў чым вы бачыце ролю жанчыны ў 21 стагодзьдзі, акрамя нараджэньня дзяцей?

Ірына Альхоўка: Яна можа нараджаць, а можа не нараджаць, як раз у гэтым я бачу яе выбар. Самае галоўнае — выбар. Так, мы павінны ўспамінаць жанчын, чые імёны забытыя, хто ўнёс вялікі ўнёсак у гісторыю, культуру, навуку. Але праз шкодныя стэрэатыпы і недаацэнкі жаночага ўнёску мы больш ведаем вядомых мужчын, чым жанчын. І лішні раз гісторыю сваю не сьпяшаемся вывучаць, і з гэтых імёнаў не сьпяшаемся змахваць пыл. Таму трэба вяртаць у публічную прастору тых жанчын, якія шмат зрабілі для нашай краіны ў мінулым і сёньня робяць.

Сёньняшні сьвет прадстаўляе вялізарныя магчымасьці для самарэалізацыі. Рэпрадуктыўныя правы, паводзіны, каштоўнасьці — гэта ўсяго адзін з бакоў жыцьця. Ня ўсе жанчыны будуць мамамі, ня ўсе жанчыны хочуць мець дзяцей. Кіраўніка дзяржавы можна зразумець, таму што дэмаграфічная палітыка — адзін з прыярытэтаў. Нельга забываць, што жанчына прымае такое рашэньне не адна, прынамсі яна не павінна прымаць такія рашэньні адна.

Сёлета ААН сфармулявала тэму 8-га сакавіка: «Задумайся аб роўнасьці, стварай дальнабачна, распрацоўвай новыя мэтады дзеля зьменаў». Кажуць пра гендэрны лічбавы разрыў. Для Беларусі гэта адзін з прыярытэтаў — мэта ўстойлівага разьвіцьця, будаўніцтва лічбавай эканомікі і грамадзтва. Дык адкуль жанчыны прыйдуць у гэтыя тэхналёгіі, калі прафэсійная арыентацыя і ўсе грамадзкія меркаваньні наконт жанчын круцяцца вакол стэрэатыпаў? Твая справа толькі нараджаць, і ня важна, дзе ты будзеш працаваць, а лепш працаваць нянькай, тады будзеш усё пасьпяваць. І заробак маленькі атрымліваць. Дык трэба думаць пра тое, каб жанчыны прыходзілі ў тыя сфэры, дзе яны могуць рэалізавацца, забясьпечыць сябе, адчуваць сябе незалежнымі і зрабіць унёсак у разьвіцьцё грамадзтва нароўні з мужчынамі.

Будзь той, кім ты хочаш стаць. А для дзяржавы гэта азначае выкараняць сыстэмныя праблемы. Справа ня толькі ў тым, што чалавек ня можа, ня хоча, ня ведае, а ў тым, што мы жывем у такой сыстэме, якая дзеліцца на прыватнае і публічнае, і хутчэй абясцэньвае ролю і ўнёсак жанчын, а ўзносіць мужчын.

«Толькі жанчына можа сама сабе і іншым жанчынам вярнуць правы»

Вольга Гарбунова: На маю думку, роля жанчын — навучыць увесь астатні сьвет (атрымліваецца, мужчынскі сьвет) паважаць жанчын, дзяліць абавязкі, правы, рэсурсы і магчымасьці. Мне здаецца, што акрамя жанчын гэтага ніхто ня будзе рабіць. Мне хацелася б бачыць ролю жанчыны ў 21-м стагодзьдзі з той пазыцыі, што толькі жанчына можа сама сабе і іншым жанчынам вярнуць правы. Праявіць салідарнасьць, праявіць павагу, нагадаць пра ўсе гэтыя праблемы, якія мы абмеркавалі.

Жанчынам, якія былі ў нас у прытулку, няважна, ёсьць у іх дзеці ці няма, усё адно вельмі цяжка было прайсьці скрозь усе складанасьці, у якія трапляе такая сацыяльная група, як жанчыны, без прывілеяў, без улады, без магчымасьці ўплываць на рашэньні ўлады. З аднаго боку, канешне, здорава, калі кажуць, што падтрымаюць жанчын, якія будуць нараджаць дзяцей, з іншага боку мы памятаем словы прэзыдэнта, што біць гэта таксама часам нармальна. Тады мы разумеем, што акрамя жанчыны тут наўрад ці нехта зьменіць гэтую сытуацыю. Таму я лічу, што жанчына ў 21-м стагодзьдзі верне павагу жанчынам.

Наста Захарэвіч: Галоўнае, што дае 21-е стагодзьдзе — свабода і выбар. І чым больш у нас будзе гэтага выбару, тым больш будзе прасторы для ўплыву на сьвет. Сёньня дасьледаваньні паказваюць, што калі на прадпрыемстве няма жанчын на кіруючых пасадах, то такое прадпрыемства менш эфэктыўнае, менш зарабляе грошай. А калі жанчыны ёсьць на кіруючых пасадах, то прадпрыемства будзе больш эфэктыўным.

Калі мы, жанчыны, кажам, што хочам мець большы ўплыў, больш свабоды і магчымасьцяў для заняцьця высокіх пасадаў, шмат хто думае, што гэта пажаданьні для сябе, якія не абавязкова грамадзтву ўлічваць. Пры гэтым абсалютна губляецца той факт, што гэта і грамадзтву выгодна, каб было больш уплывовых жанчын, таму што штучна выкрасьліць з улады 50% насельніцтва — гэта ня вельмі разумная пазыцыя. Чым далей, тым больш мы бачым выпадкаў, што жанчыны становяцца прэзыдэнткамі, міністаркамі, займаюць розныя, самыя высокія пасады.

Пакуль гэта ўсё яшчэ зьяўляецца тэмай для асобнага абмеркаваньня, вось, паглядзіце, прэзыдэнткай гэтай краіны стала жанчына. Такія загалоўкі зьяўляюцца паўсюль у мэдыя. Я вельмі хачу, каб настаў той дзень, калі такіх загалоўкаў ня будзе, таму што жанчын ва ўладзе будзе столькі ж, як і мужчыны. І гэта перастане быць нейкай дзівосай, а будзе проста нармальнай зьявай. Падаецца, што будзе ў мяне магчымасьць гэта пабачыць у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі.

Ганна Соўсь: Цэлы тыдзень у Менску адбываецца шмат імпрэзаў да Міжнароднага жаночага дня, у якіх бярэ ўдзел у прытулак для жанчын-ахвяраў гвалту «Радзіслава» з імпрэзай «Не вінаватая». Раскажыце больш дэтальна, чаму варта далучыцца?

Вольга Гарбунова: Нас вельмі ўзрадавала, што сёлета аб’ядналася столькі цудоўных ініцыятыў, каб адсьвяткаваць гэты дзень і вярнуць яму першасны сэнс, нагадаць пра праблемы ў сувязі зь няроўным станам жанчын, і абмеркаваць разам шляхі вырашэньня. Мы вырашылі прыняць удзел у фэстывалі «Не вінаватая». Нам гэтая ідэя вельмі спадабалася, і ня толькі таму, што будзе канцэрт і збор сродкаў у падтрымку прытулку, а менавіта гэтым адукацыйным блёкам, дзе будзе магчымасьць розным праектам прадставіць свае інтэрактыўныя, дыскусійныя інструмэнты.

Мы ідзем туды з майстар-клясам па самаабароне. Будуць яшчэ імпрэзы, якія робяць арганізацыі «Яе правы» і Human Constanta, а таксама дыскусія на тэму, што такое 8 сакавіка і хто такія фэміністкі. Мне здаецца вельмі важна выкарыстаць гэты дзень як нагоду для сапраўдных і вельмі зразумелых іншых людзям дыскусій пра 8 сакавіка. І калі ў мяне пытаюць, які падарунак я зраблю на 8 сакавіка, або якія я люблю падарункі, я заўсёды адказваю: «Найлепшае, што мы можам у гэты дзень зрабіць — адкрыць гугл пра той горад, дзе мы жывем і працуем, знайсьці нейкую жаночую арганізацыю і пералічыць нейкае ахвяраваньне. Гэта маленькае, нязначнае, але вельмі важнае дзеяньне, каб праявіць салідарнасьць з жанчынамі, якія змагаюцца за свае, роўныя правы.

«Настаў час, каб жанчыны выйшлі на вуліцу і паказалі, як нас многа»

Ганна Соўсь: Ірына, на які міжнародны досьвед у адзначэньні 8 сакавіка варта арыентавацца беларусам і беларускам? Традыцыі якіх краінаў варта бы пераняць?

Ірына Альхоўка: Некалькі год таму ў Нью-Ёрку быў марш жанчын, які аб’яднаў вельмі многіх жанчын, якія пратэставалі супраць вынікаў выбараў амэрыканскага прэзыдэнта, у падтрымку #metoo...

У нас амаль 20 год таму быў марш пустых рондаляў, які арганізавала Беларуская арганізацыя працоўных жанчын і яе лідэрка Марыя Аліева. Гэты вопыт быў бы вельмі цікавы. Я думаю, што сёньня настаў час, каб жанчыны выйшлі на вуліцу і паказалі, як нас многа, і сказалі б, што нам ня ўсё роўна, і гэта не прыдумкі фэміністак: праблема гвалту, праблема няроўнай аплаты працы, праблема ігнараваньня ўнёску жанчын...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG