Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жывёльны» крэатыў да 8 сакавіка


Штогод 8 сакавіка — час, багаты на сумнеўны крэатыў, які ігнаруе сутнасьць гэтай даты і вымушае ўзгадваць словы «робяць яны, а сорамна чамусьці мне».

Тоны кветак і пажаданьні жанчынам быць прыгожымі і мілымі — гэта стандартны фон, на якім яскрава вылучаюцца зьявы накшталт конкурсу, у якім людзям прапаноўваюць адзначаць, да якіх жывёлаў падобныя знаёмыя ім жанчыны.

Такі конкурс сёлета прыдумаў Менскі заапарк. Першае, што хочацца запытацца ў адказ — гэта ці падобны да апілак мозг чалавека, які прыдумаў такое спаборніцтва. І здаецца мне, што той чалавек палічыць такое пытаньне абразай годнасьці. Іншая рэч — параўноўваць жанчын з совамі і малпамі.

Кажуць, гэта мусіць быць сьмешна. А калі ня сьмешна, дык гэта ў вас праблемы з пачуцьцём гумару.

Сама ідэя параўноўваць зьнешнасьць людзей з жывёламі даволі спрэчная, але калі б гэта быў конкурс, не прывязаны да асобнай даты, і параўноўваць прапаноўвалі ўсіх без разбору, сытуацыя не была б настолькі абсурднай. Больш за тое, такі конкурс някепска выглядаў бы як акцыя барацьбы супраць жорсткага абыходжаньня з жывёламі. Але заапарк вырашыў такім чынам зрабіць свой унёсак у сьвяткаваньне восьмага сакавіка — Міжнароднага жаночага дня.

Гэтая дата ў Беларусі агулам даўно згубіла сваю сутнасьць: у гэты дзень няма шэсьцяў і мітынгаў жаночай салідарнасьці, у масавай сьвядомасьці ён стаў сьвятам вясны і прыгажосьці, днём, калі жанчынам жадаюць ня посьпехаў у барацьбе за гендэрную роўнасьць, а быць мілымі, добрымі, клапатлівымі і проста зручнымі.

Мы хацелі роўнай аплаты за роўную працу, а атрымалі кветкі. А цяпер яшчэ і параўнаньне, напрыклад, з малпамі.

Для пратаколу: я лічу, што малпы — цудоўныя і вельмі разумныя жывёлы. Увогуле нічога супраць іх ня маю, хоць калісьці адна зь іх мяне і ўкусіла. Але ж як можна было прыйсьці да высновы, што параўнаньне жанчын з малпамі — добрая і нават сьмешная ідэя для восьмага сакавіка? І гэта ў сьвеце, дзе ўсё яшчэ лічыцца радыкальнай ідэя, што жанчына — таксама чалавек.

У Беларусі існуе вялікі сьпіс забароненых для жанчын прафэсій, заляцаньні на працы лічацца практычна нармальнай зьявай, застаецца вялікі разрыў паміж мужчынскімі і жаночымі заробкамі, жанчыны штодзённа сутыкаюцца з так званай шкляной стольлю, якая замінае разьвіцьцю кар’еры. Мы па змоўчаньні павінны балянсаваць паміж сям’ёй і кар’ерай і працаваць так, нібыта ў нас няма дзяцей, а клапаціцца пра дзяцей так, нібыта ў нас няма працы.

Але значна прыемней заплюшчыць на ўсё гэта вочы і зрабіць выгляд, нібыта адзінае, чаго не хапае жанчынам для шчасьця — гэта букет тульпанаў з укладзенай у яго паштоўкай з безгустоўным чатырохрадкоўем.

Калі прызнаць, што ў жанчын дагэтуль шмат спэцыфічных праблем, і што мы дагэтуль жывем ва ўмовах жорсткіх абмежаваньняў, давядзецца таксама прызнаць, што нашае вызваленьне можа шмат каму каштаваць улады.

Відавочна, што ніякіх наступстваў для людзей, якія прыдумалі параўноўваць жанчын з жывёламі, ня будзе. Яны працягнуць называць гэта жартам і казаць, што мы знайшлі абразу там, дзе яе насамрэч няма. Але ж хай не зьдзіўляюцца, калі мы загуляемся ў параўнаньні і станем лічыць, што надта падобныя — хто да мудрай і ваяўнічай Афіны, хто да разбуральніцы Калі. І гэта дакладна ня будзе жартам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG