Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму я ня стала рэктарам унівэрсытэту, прапрацаваўшы ў ім 50 гадоў»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Амаль усе ключавыя пасады ў навуковай сфэры ў Беларусі занятыя мужчынамі. Сярод кіраўнікоў у Нацыянальнай акадэміі навук жанчыны складаюць 4,3%, пры гэтым доля жанчын-дасьледчыц у НАН — амаль 48%. Што перашкаджае жанчынам рабіць кар’еру ў навуцы? Як шмат жанчын-навукоўцаў «загінулі» на кухні? Ці адрозьнівацца гендэрны балянс сярод навукоўцаў у Беларусі, Чэхіі і ЗША?

Абмяркоўваюць прафэсарка катэдры сацыялёгіі Ўнівэрсытэту Заходняга Мічыгану Алена Гапава, прафэсарка, доктарка гісторыі і выкладчыца факультэту гуманітарных дасьледаваньняў Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Алена Маркава, кандыдатка гістарычных навук, дацэнт, ляўрэатка прэміі ПЭН-цэнтру імя Багушэвіча Ніна Стужынская, сацыёляг, кандыдат філязофскіх навук, дацэнт Жанна Грышчанка.

Сьцісла пра галоўнае

  • Ніна Стужынская: Калі жанчына асьмеліцца на заняткі навукай, прысьвячае гэтаму жыцьцё, яна асуджае сябе на адзіноту.
  • Алена Маркава: Мужчына, які імкнецца да кар’ернага росту, асацыюецца з мэтанакіраванасьцю, а жанчына — са сьцярвознасьцю.
  • Жанна Грышчанка: Чаму я ня стала рэктарам унівэрсытэту, прапрацаваўшы ў ім 50 гадоў? Я і не плянавала для сябе такога карʼернага росту!
  • Алена Гапава: Гэты падзел — глябальная праблема. На кіруючых пасадах у вялікіх карпарацыях, якія ўваходзяць у сьпіс Forbes, 5% жанчын.

«Жанчыны, якія трапляюць у навуку, выглядаюць маргінальна»

Ганна Соўсь: За ўсю гісторыю існаваньня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пачынаючы з 1929 году, яе правадзейнымі членамі былі абраныя дзьве жанчыны — расейская гісторык Ганна Панкратава (1940 г.) і беларуская генэтык Любоў Хатылёва (1980 г.). Членамі-карэспандэнтамі сталі сем жанчын. Вельмі мала жанчын у складзе экспэртных радаў ВАК, навуковых радаў і радаў у абароне дысэртацый. Гэта дадзеныя дасьледаваньня Ірыны Чыкалавай пра сацыяльную ідэнтычнасьць жанчын-навукоўцаў. Чаму жанчын на ключавых пасадах істотна меней? Напэўна ж, не таму, што менш здольныя ў дасьледаваньнях, у кіраваньні, ў арганізацыі навуковага працэсу.

Ніна Стужынская на канфэрэнцыі «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасьць» у Віцебску
Ніна Стужынская на канфэрэнцыі «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасьць» у Віцебску

Ніна Стужынская: Мы назіраем гендэрны дысбалянс, асымэтрыю амаль ва ўсіх сфэрах жыцьця. Там, дзе ўлада, уплыў, заўсёды бальшыня — мужчыны. Навука — гэта публічная сфэра. У нашым грамадзтве традыцыйна лічыцца, што грамадзкая дзейнасьць — для мужчын, а прыватная сфэра — для жанчын. Таму традыцыйна ўсе пляны жанчын рэалізуюцца ў прыватнай сфэры, дома, на кухні, у сям’і. Жанчыны, якія трапляюць у навуку, выглядаюць даволі маргінальна. І чым вышэй па кіруючых прыступках у навуковай сфэры, тым менш жанчын. Гэта тычыцца і палітычнай сфэры ў Беларусі, і ўсіх іншых публічных галінаў.

Я працую ў галіне гістарычных дасьледаваньняў. У гуманітарыстыцы звычайна болей жанчын, чым у прыкладных навуках, тым ня менш жанчын і тут вельмі мала, асабліва тых, хто дасягае заўважных для грамадзтва вынікаў. Гэта сказана ня мной: Калі жанчына асьмеліцца на заняткі навукай, прысьвячае гэтаму сваё жыцьцё, яна па сутнасьці асуджае сябе на адзіноту. Я не лічу, што яна ня выйдзе замуж ці не народзіць дзяцей, хаця сям’я і дзеці — гэта тыя абставіны, якія абцяжарваюць галоўны занятак жыцьця. Тым ня менш, адзінокай жанчына застаецца і сярод сваіх калегаў. Не сакрэт, што трэба пераадолець саркастычныя адносіны, нават пагарду калегаў-мужчын, якія ставяцца зь вялікім скепсісам да навуковага прадукту, які прапаноўвае грамадзтву жанчына.

Жанна Грышчанка
Жанна Грышчанка

Жанна Грышчанка: Я абсалютная праціўніца гендэрнай перадвызначанасьці нашых праблем у тым ліку і ў ацэнцы сытуацыі ў навуцы. Яна неспрыяльная ў цэлым як для жанчын, так і для мужчын! Вырашальную ролю адыгрываюць іншыя фактары: слабае фінансаваньне па рэшткавым прынцыпе, самасьцьвярджальны, кіраўнічы аўтарытарызм і фармалізм, непрэстыжнасьць званьня навукоўца, які атрымлівае заробак, эквівалентны заробку грузчыка ў прэстыжным супэрмаркеце, кантрактная сыстэма, паралізуючая ініцыятыву і творчасьць, і цэлы шэраг іншых нэгатыўных зьяваў, ад якіх пакутуюць усё ў роўнай меры.

Алена Гапава
Алена Гапава

Алена Гапава: Мая маці была навукоўкай, амаль усе яе сяброўкі працавалі ва ўнівэрсытэце, у Акадэміі навук. Яны не былі загадчыцамі сэктараў ці інстытутаў, але гэта былі жанчыны ў навуцы, і мне здавалася гэта цалкам натуральным.

Я выкладаю ў Амэрыцы і даю сваім студэнтам пачытаць аповесьць Ніны Бажанскай «Тыдзень як тыдзень». Яна была надрукавана ў 1967-м годзе ў «Новым міры», потым перакладзеная на шмат моваў. Там ідзе гаворка пра тыдзень жыцьця маладой жанчыны ў Ленінградзе, якая працуе ў нейкім інстытуце, мае мужу і дваіх маленькіх дзяцей. І студэнты кажуць: «Пачакайце. Гэта 67-ы год, і гэтая жанчына — інжынэрка, мае навуковую ступень, працуе ў інстытуце ў аддзеле, дзе таксама шмат жанчын, і ўсе маюць навуковыя тэхнічныя ступені». У гэтым сэнсе Савецкі Саюз быў трошкі ў іншым стане дзякуючы спэцыяльнай палітыцы. Сапраўды ня толькі з жанчынамі, але справа з навукай увогуле значна пагоршылася, пачынаючы з 90-х гадоў. І мужчыны, і жанчыны туды ня ідуць, таму што гэта сфэра, дзе плацяць мала, яна не прэстыжная, там цяжка рабіць кар’еру...

Алена Маркава
Алена Маркава

Алена Маркава: У Чэхіі не такі гендэрны дысбалянс, але сытуацыя мянялася павольна. Зьмены пачаліся ў 90-я гады, калі навукоўцы пачалі дзяліцца досьведам пасьля замежных стажыровак на Захад. Што тычыцца Беларусі, справа ня ў тым, што жанчыны могуць горш кіраваць. Справа ў стэрэатыпах, якія ўсталяваліся й укараніліся ў грамадзтве. Мужчына, які імкнецца да кар’ернага росту, асацыюецца з мэтанакіраванасьцю, а жанчына — нават са сьцярвознасьцю, кар’ерыстка ў ня вельмі пазытыўным сэнсе. Трэба прасоўваць жанчын і выкараняць пануючыя стэрэатыпы, таму што аб’ектыўна жанчыны як навукоўцы ня горшыя за мужчын.

«Мужчына ў жыцьці жанчыны-навукоўца адыгрывае вялікую ролю»

Ганна Соўсь: Спадарыня Ніна, вы казалі пра тое, што жанчыне, якая пойдзе высока ў навуцы, наканаваная адзінота. Калі ваш лёс узгадаць, то вы шчасьлівая жанчына ў сям’і, маеце двух дзяцей, былі актыўная ў палітыцы, і ўсё гэта вам удавалася сумяшчаць. Вы дасьледавалі гісторыю палітычных рэпрэсій і ўзброенага супраціву ў Беларусі. Больш за 15 гадоў ужо не працуеце ў Акадэміі Навук, адкуль вас звольнілі за ўдзел у выбарах. Ці часта ў інстытуце гісторыі вам даводзілася сутыкацца з гендэрнай дыскрымінацыяй? Чаго вам было цяжэй або немагчыма дасягнуць толькі таму, што вы жанчына?

Ніна Стужынская: Тое, што вы жанчына, стварае пэўныя цяжкасьці, таму што мужчыны-кіраўнікі ацэньваюць ня толькі твае навуковыя здольнасьці, але і нейкія жаночыя вартасьці. Магу сказаць гэта жартам, такога слоўца як харасмэнт не існавала ў тыя часы, але дамаганьні былі. Гэта існуе і зараз. Даволі шмат інструмэнтаў у пакрыўджанага мужчыны пры пасадзе, каб нанесьці шкоду кар’ерным намаганьням жанчыны. Гэта і нядопуск да абароны дысэртацыі, і звальненьне з працы — «мэтадаў» вельмі шмат. Падчас працы ў Акадэміі навук я ведала толькі адну жанчыну члена-карэспандэнта — Ніну Каменскую, і ўжо ў тыя часы я разумела, што сваёй пасадай, тытулам яна ў асноўным была ўдзячная мужу, які займаў высокую пасаду ў Савеце міністраў. Мужчына ў жыцьці жанчыны-навукоца адыгрывае вялікую ролю. І дагэтуль такая ж сытуацыя.

Магчыма, я пераступіла нейкія межы дазволенага для жанчыны. Я працавала ў тэме, не характэрнай для жанчыны. Яна, скажам так, мілітарная. У ёй прысутнічае ўзброеная апазыцыя, баевікі-атаманы, зброя. І таму да майго навуковага прадукту існуюць вельмі прадузятыя адносіны. Жанчыны павінны сто разоў даказваць сваю прафэсійную кампэтэнтнасьць у адрозьненьне ад мужчыны, якому значна лягчэй. У нас традыцыйна лічыцца, што навука — прэрагатыва мужчын, і гэта вельмі несправядліва.

«Жанчына, якая з галавой пайшла ў палітыку ці карʼеру, выклікае спагаду ў супляменьніц»

Ганна Соўсь: Жана Грышчанка, ці сутыкаліся вы ў прафэсійнай дзейнасьці з дыскрымінацыяй ці з пэўнымі стэрэатыпамі толькі таму, што вы жанчына?

Жанна Грышчанка: Ніколі! Усё, што па жыцьці ўваходзіла ў мае асабістыя пляны, што мне было цікава, я цалкам бесьперашкодна і пасьпяхова рэалізавала. Іншая справа, погляд звонку. Чаму я ня стала рэктарам унівэрсытэту, прапрацаваўшы ў ім 50 гадоў? Справа ў тым, што я і не плянавала для сябе такога карʼернага росту! Навошта мне кагосьці вінаваціць у тым, што ніколі не ўваходзіла ў сфэру маёй цікавасьці.

Для мяне заўсёды была прыярытэтная поўная свабода самарэалізацыі! І паверце, я пасьпяхова рэалізавала праграму свайго жыцьцёвага посьпеху. А ў сучаснай жанчыны вельмі шмат спакусаў для самарэалізацыі, прычым куды больш цікавых, чым праца ў парлямэнце або на вельмі адказнай статуснай пазыцыі. Больш за тое, жанчына, якая з галавой пайшла ў палітыку ці ў карʼеру, выклікае нават спагаду ў супляменьніц, якія ацэньваюць дадзеныя факты яе біяграфіі як своеасаблівую сублімацыю, якая кампэнсуе няўдачы ў асабістым жыцьці.

2015 год. Сьвятлана Алексіевіч атрымлівае Набэлеўскую прэмію па літаратуры.
2015 год. Сьвятлана Алексіевіч атрымлівае Набэлеўскую прэмію па літаратуры.

Перакананая, што праблема гендэрнай няроўнасьці, ва ўсякім разе ў той яе фармулёўцы, якая гучыць у вас, надуманая! Калі жанчына моцна матываваная на посьпех, ёй складана перашкодзіць. Напрыклад, Нобэлеўскі ляўрэат у гісторыі Беларусі адзін! І гэта жанчына!

«На пачатку 1980-х у БДУ на факультэтах матэматыкі, прыкладной матэматыкі, хіміі большасьць студэнтаў — жанчыны»

Ганна Соўсь: Наколькі адрозьніваецца сытуацыя з гендэрным балянсам у навуковым асяродзьдзі ў Беларусі і ЗША?

Алена Гапава: Гендэрны падзел — рэальнасьць. Гістарычна склалася, што мужчыны выбіралі адны рэчы, а жанчыны іншыя. І мы можам растлумачыць, як так адбывалася, якія тут былі чыньнікі і г. д. Калі я пачынала навуковую кар’еру на пачатку 1980-х у БДУ, я выкладала на шмат якіх факультэтах — на факультэце матэматыкі, прыкладной матэматыкі, хіміі. І я бачыла, што большасьць студэнтаў на гэтых факультэтах — жанчыны. На фізыцы жанчын, мне здаецца, было 50%, на радыёфізыцы іх было вельмі шмат. І гэта было ў тыя гады, калі жанчын у навуцы ў ЗША (у Амэрыцы пад словам «навука» маюць на ўвазе тэхнічныя навукі ці прыродазнаўчыя) было 10-14%.

У Амэрыцы не існуе Акадэміі навук у такім сэнсе, як наша, як арганізацыі. Там гэта робіцца ва ўнівэрсытэтах ці ёсьць вялікія карпарацыі, якія робяць дасьледаваньні, вынаходзяць нейкія лекі. Я бачу, што ў кампутарных навуках жанчын з доктарскай ступеньню — 20%, у інжынэрыі — 22%, у фізыцы — 18%, увогуле няшмат. Гэты падзел — глябальная праблема. На кіруючых пасадах у вялікіх карпарацыях, якія ўваходзяць у сьпіс Forbes, 5% жанчын. Гэта ня толькі беларуская праблема, але тое, як у Беларусі да яе ставяцца, калі адна жанчына на высокай пасадзе кажа, што жанчыне трэба варыць боршч, гэта наносіць шкоду ня толькі жанчынам, але ўсяму грамадзтву.

«"Валасы даўгія — розум кароткі" — так глядзяць выкладчыкі старэйшай генэрацыі»

Ганна Соўсь: Алена Маркава, нядаўна вы ў вялікай канкурэнцыі выйгралі трохгадавы грант на дасьледаваньне беларусізацыі пачатку 90-х. Наколькі цяжэй вам, як жанчыне, было заваёўваць аўтарытэт сярод навукоўцаў і студэнтаў у параўнаньні з мужчынамі-выкладчыкамі, вашымі канкурэнтамі?

Алена Маркава: Калі прыходзіш у аўдыторыю, студэнты калі-нікалі думаюць, што, можа, калі б быў сівы, згорблены прафэсар, то кантэнт быў бы лепшым. Насамрэч гэта няпраўда. Вельмі цяжка жанчыне сярод выкладчыкаў старэйшай генэрацыі, якія таксама глядзяць на табе праз гэтую оптыку, кшталту «Валасы даўгія — розум кароткі».

Да гэтага яшчэ дадаецца завуаляваны шавінізм у вышэйшых навуковых колах у Чэхіі. Вельмі часта мне давалі зразумець, што прысутнасьць людзей з Ўсходняй Эўропы ня вельмі вітаецца, да таго ж і жанчына. Гэта вельмі вялікі гандыкап (няроўныя магчымасьці/умовы — РС), які даводзіцца пераадольваць амаль што кожны дзень у жыцьці. Але я ўжо прызвычаілася.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Ганна Соўсь: Беларусь знаходзіцца ў групе краінаў, дзе ўзровень адукацыі жанчын вышэйшы за мужчынскі, тады як усе ключавыя пасады ў навуцы — у мужчынаў. Як вы мяркуеце, што беларуская навука недаатрымала з прычыны недастатковага прадстаўніцтва ў ёй жанчын? Я недзе чытала, што велізарны акушэрскі досьвед жанчын, які перадаваўся вусна, ня быў аформлены ў навуковай форме і фактычна страціўся.

Ніна Стужынская: Недастатковая прысутнасьць жанчын у навуцы — гэта іміджавыя страты краіны, бо мы недзе ў хвасьце сусьветных рэйтынгаў. Гэта страты грамадзтва, якое ня выкарыстала патэнцыял жанчын. Вы прывялі яскравы прыклад, і ў іншых сфэрах жыцьця можна таксама знайсьці такія прыклады.

Ілюстрацыйная карцінка
Ілюстрацыйная карцінка

Нерэалізаваны праекты, праграмы, якія загінулі ў нейкіх запісах, я ўжо не кажу, што загінулі ў марах жанчын, калі яны гатавалі суп.

«Салідная частка нашых жанчын сёньня марыць у гарэме апынуцца раней, чым атрымаць дыплём аб вышэйшай адукацыі»

Жанна Грышчанка: Беларуская навука многае страціла, але з прычыны зусім іншых абставінаў, зьвязаных з агульным драматызмам нашых перманентных сацыяльных рэвалюцый. Разбурыць сыстэму заўсёды лягчэй, чым пабудаваць новую, тым больш з арыентацыяй на інавацыйны эфэкт. Тым больш, што краіна заўсёды жыла ў фармаце даганяючай мадэрнізацыі!

Хто марыў пра кухню, той менавіта там і вычарпаў свой творчы патэнцыял. І гэта выдатна! Толькі для іх гэта ня гібель, а зусім наадварот! Усё залежыць ад пункту адліку або позірку, ад сьветапогляду. Вы мяркуеце, што большасьць нашых жанчын марыць у палітыку патрапіць замест кухні або агароду на прысядзібным участку? Запэўніваю вас, гэта ня так!

Пасьля прагляду шэрагу сэрыялаў з усходнім калярытам, салідная частка нашых жанчын сёньня мараць у гарэме апынуцца раней, чым атрымаць дыплём аб вышэйшай адукацыі. Жанчына даўно стамілася ад той вагі адказнасьці і нагрузак, якія кладуцца на яе плечы ў штодзённасьці. Жанчына-вучоная тым больш! Калі яна да гэтага моманту ня дэградавала і не страціла здольнасьці заставацца жанчынай.

Ганна Соўсь: У Міжнародны дзень жанчын і дзяўчынак у навуцы Прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі выказала ўпэўненасьць, што «пашырэньне доступу да працы ў сфэры навукі, тэхналёгій, тэхнікі і матэматыкі дасьць жанчынам больш магчымасьцяў для самарэалізацыі, каб быць паўнапраўнымі і роўнымі ўдзельнікамі эканамічнага росту». І ў мінулым, і цяпер, жанчын значна меней у тэхнічных навуках. Алена Гапава, вы прывялі лічбы, што ў Амэрыцы жанчын у гэтых сфэрах няшмат, каля 20%. Ці будзе гэты працэнт павялічвацца з часам?

Алена Гапава: Здаецца, што чалавецтва рухаецца ў гэтым напрамку, але што будзе калісьці, цяжка сказаць. Гэта глябальная праблема, што больш жанчын у сацыяльных і гуманітарных навуках, а мужчын — у тэхнічных і прыкладных. Калісьці лічылася, што прычына — у біялёгіі. Потым лічылася, што прычына толькі культурная, што сацыялізацыя і тое, як збудаваная сфэра навукі, тармазіць жанчыну. Зараз у тлумачэньнях часам ужываюцца і біялягічныя, і культурныя фактары. Праблема ў тым, што жанчыны самі сабе ставяць пэўныя межы, якія не пераступаюць. Яны так выхаваныя, што трэба цырымоніцца, трэба быць дзяўчынкамі. Так сканструявана жыцьцё вакол нас.

Алена Маркава: Працаваць трэба. Гэтую працу ніхто за нас ня зробіць. Жанчына, якая працуе ў навуцы, часта мае ненармаваны працоўны дзень, і сям’я застаецца на другой каляіне. Якое выйсьце? У адэкватным разьдзяленьні хатняй працы і дагляду за дзецьмі. Хатняя праца такая ж натуральная, як іншая, проста яна недаацэньваецца і ўзвальваецца аўтаматычна на жанчыну. Трэба знайсьці балянс дома, бо ўсе патрабаваньні ў акадэмічнай сфэры такія ж самыя да мужчын, як і да жанчын.

Што б зьмяніла жанчына на чале Акадэміі навук

Акадэмія навук Беларусі
Акадэмія навук Беларусі

Ганна Соўсь: Ніна Стужынская, як вы мяркуеце, ці зьмянілася б штосьці, калі б беларускую Акадэмію навук узначаліла жанчына? І не дзякуючы мужу, а сама па сабе.

Ніна Стужынская: Цяжка ўявіць такую сытуацыю, таму што ў нас канкурэнцыя на гэтую пасаду вельмі вялікая. Калі ў нейкіх марах гэта ўявіць сабе, то навуковая палітыка ў нашай краіне была б іншая. Я думаю, што яна была б пераарыентаваная на зьмену каштоўнасьцяў. Я б шмат папрацавала на гуманітарнае аздараўленьне грамадзтва, таму што фізыкі, хімікі і матэматыкі могуць зрабіць важнае вынаходніцтва ў сваёй галіне, толькі калі яны сапраўдныя патрыёты сваёй краіны. Інакш яны зробяць атамную бомбу.

Навука — сфэра, прыдатная для рэалізацыі плянаў жанчын для падтрымкі мацярынства, усіх праектаў, якія падвышаюць якасьць жыцьця грамадзтва. Мы бачым літаральна азлобленае пакаленьне, апошнія выпадкі абмяркоўвае ўся краіна, і гэта сьведчыць пра гуманітарныя хваробы ў грамадзтве.

Алена Гапава: Залежыць ад таго, якая жанчына. Калі ўзначаліць жанчына, якая прымушае варыць боршч, то гэта поўны капец. А калі іншая жанчына, можа, нешта зьмянілася б.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Жанна Грышчанка: Маё візуальнае назіраньне даўно прывяло мяне да сумнай высновы, што паўсюль толькі адны жанчыны: у студэнцкай аўдыторыі, у выкладчыцкай сфэры, і ў сярэдняй школе, і ў ВНУ, навукова-дасьледчай практыцы — усе трымаецца выключна на жанчынах! Дзякуй Богу, што апошнім часам ня бачу, як жанчыны на трасе асфальт кладуць або рыюць катлаваны! Катастрафічна мала сапраўдных годных мужыкоў вакол! З тых нямногіх, што засталіся, мабыць, усё ў палітыку сышлі. Назіраю ў парлямэнце іх параўнальную перавагу або ў клюбе рэдактараў, да прыкладу. Ці можна туды прабіцца? Можна! Але ня хочацца! Хто хацеў, той пабываў. Я магу прывесьці прыклады нават зь ліку маіх калегаў-навукоўцаў.

Калі казаць пра досьвед савецкай улады, то ён настолькі зраўнаваў нас у правах з мужчынамі, што мы да гэтага часу ня ведаем, куды ад гэтага падзецца. Пакіньце нас у спакоі нарэшце! Дайце нам магчымасьць займацца сваёй жаночай справай — быць слабымі, прывабнымі, абаяльнымі, ачмураюць мужчын, нараджаць ад іх дзяцей, займацца добраўпарадкаваньнем побыту, бегаць па крамах у пошуках новага моднага брэнда, сустракацца з сяброўкамі ў кафэ і да т. п. Ну, а калі ў асобных з нас узьнікне шчырае жаданьне засяродзіцца на вырашэньні праблемы эканамічнага росту краіны, сьцяг ім у рукі! Ніхто гэтага права ў жанчын і не адбіраў!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG