Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Модна быць «батанікам», — Марына Львова, Ганна Любакова і Юлія Чарняўская пра адукацыю ў Беларусі і за мяжой


У перадачы «Толькі жанчыны» паспрабуем ацаніць «канкурэнтаздольнасьць» беларускай вышэйшай адукацыі і пагаворым пра плюсы і мінусы адукацыі за мяжой.

Удзельніцы — прафэсар, кандыдат культуралёгіі, пісьменьніца Юлія Чарняўская, кіраўніца International School of Advanced Learning у амэрыканскім Бостане Марына Львова, якая мае досьвед адукацыі і выкладаньня як у Беларусі, так і ЗША, і Ганна Любакова, якая цяпер вучыцца на міжнароднай журналістыцы ў магістратуры ў Brunel University London.

Ганна Соўсь: Юлія, Марына, Ганна, з вашага досьведу, у якіх сфэрах вышэйшай адукацыі пераважаць жанчыны (як студэнткі так і выкладчыцы) і які гэта мае вынік?

Юлія Чарняўская на прэзэнтацыі разам са Сьвятланай Алексіевіч
Юлія Чарняўская на прэзэнтацыі разам са Сьвятланай Алексіевіч

Юлія Чарняўская: Зараз у вучобе дзяўчыны больш цікавыя чым хлопцы. Калі я пачынала працаваць у ВНУ, гэта быў пачатак 90-х гадоў, былі больш цікавыя хлопцы. Таму што мужчыны дастаткова хутка лягічна разумеюць, хутчэй усё ўвязваюць, больш інтэнсіўныя па сваёй сутнасьці. А жанчынам трэба дастаткова доўга капацца, уваходзіць у матэрыял. Гэта асаблівасьці псыхафізіялёгіі. Затое да 30 гадоў жанчыны становяцца больш цікавымі і вышэйшымі за мужчын. А цяпер у сілу таго, што мужчыны вучацца ўсё менш, хлопцы ў асноўным працуюць у дзённы час, ужо гадоў 15 дзяўчыны становяцца больш цікавымі і ня толькі ў сілу працавітасьці, а ў сілу мысьленьня, здольнасьці да мысьленьня. Але пытаньне ў іншым. Сорамна ня ведаць амаль усім. Незалежна ад полу. Што да жанчын-выкладчыц, то я абсалютна ня бачу, чым яны могуць быць горшымі за мужчын-выкладчыкаў. Наадварот, часта і лепей.

Марына Львова: З майго амэрыканскага досьведу жанчыны вельмі пасьпяховыя як кіраўніцы бізнэс-праектамі, таму што гнуткасьць, уменьне слухаць і чуць, вельмі высока разьвіты эмацыйны інтэлект дазваляе жанчынам быць пасьпяховымі. Мае амэрыканскія калегі жанчыны-выкладчыкі ВНУ ў сфэры сацыялёгіі, антрапалёгіі — усе пасьпяховыя, і гэта тлумачыцца тым, што пералічыла Юлія.

​Ганна​ Любакова: Калі казаць практычна, то на маім кірунку больш выкладчыкаў-мужчынаў, хоць навучаецца больш дзяўчат. Але ва ўнівэрсытэце агулам жанчын-выкладчыц шмат, і ў розных сфэрах яны працуюць. У нас ёсьць кірункі праектаваньня робатаў і г.д. То бок практычна ў кожнай сфэры ёсьць жанчыны.

Ці канкурэнтаздольная беларуская вышэйшая адукацыя

Ганна Соўсь: Рыгор Мінякоў з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту калісьці сказаў, што «беларуская адукацыя — гэта сыстэма пазбаўленьня студэнтаў магчымасьцяў, якая страціла агульную мову з эўрапейскай адукацыяй і ня ведае, што рабіць і куды рухацца». Юлія Чарняўская, я з захапленьнем чытаю вашы допісы ў фэйсбуку пра працу са студэнтамі, нават часам зайздрошчу вашым студэнтам, якім пашанцавала з выкладчыцай. Але калі казаць не канкрэтна пра вашу працу, то як вы мяркуеце, ці мае рацыю Мінякоў, ці канкурэнтаздольная беларуская вышэйшая адукацыя цяпер?

на мой погляд, яна ўжо каторы год, на жаль,неканкурэнтаздольная

Юлія Чарняўская: Беларускую вышэйшую адукацыю даюць ня толькі ВНУ, і галоўным чынам не яны. Беларуская вышэйшая адукацыя, гэта значыць, што чалавек вучыўся і штосьці браў. Узяць можна адкуль заўгодна. У любым ВНУ, на кожнай катэдры, у кожным ВНУ знойдзецца некалькі чалавек, у якіх ёсьць чаму вучыцца. І гэтыя некалькі чалавек даюць хрыбет. Што тычыцца менавіта сыстэмы адукацыі, то, на мой погляд, яна ўжо каторы год, на жаль,неканкурэнтаздольная. Іншая справа, што я не прыходжу ў велізарнае захапленьне ад заходняй сыстэмы адукацыі таксама.

Ганна Соўсь: Марына Львова, вы скончылі філфак БДУ яшчэ за савецкім часам, далей скончылі Ўнівэрсытэт Брандэйса ў ЗША і атрымалі ступень магістра ў кіраваньні бізнэс-праектамі. Пра цяперашні ўзровень вышэйшай адукацыі ў Беларусі маеце добрае ўяўленьне, бо штогод выкладаеце ў БДУ кароткі курс. Якая ваша ацэнка канкурэнтаздольнасьці беларускай адукацыі?

Мы бачым шмат мінусаў і ў заходняй адукацыі. Праўда недзе пасярэдзіне

Марына Львова: Я пагаджуся з Юліяй, але з фразай, што беларуская адукацыя не дае магчымасьцяў, я не пагаджуся. Я сустракаю і ў Бостане, і ў Нью-Ёрку, і ў Сан-Францыска вельмі шмат адукаваных, канкурэнтаздольных у розных галінах людзей, якія паходзяць зь Беларусі. Гэта людзі, якія размаўляюць на некалькіх мовах, якія могуць цудоўна аналізаваць самыя сур’ёзныя пытаньні, якія добра пішуць... Я кажу пра гуманітарны аспэкт. Сярод беларускай моладзі, якая атрымлівае адукацыю на Захадзе, у Амэрыцы, цяпер гэта нейкі трэнд — казаць, што ніякіх шанцаў ня меў у Беларусі, што гэта не адукацыя, а страчаны час. Я ня згодная. Мы бачым шмат мінусаў і ў заходняй адукацыі. Праўда недзе пасярэдзіне.

Ганна Соўсь: А якія мінусы ў заходняй адукацыі?

Марына Львова: Калі мы кажам пра гуманітарныя дысцыпліны, то не хапае шырыні. Гэта вузкая спэцыялізаванасьць філёлягаў, сацыёлягаў у тым, што яны вывучаюць і чым займаюцца і ня бачаць таго, што атрымліваецца ў суседзяў ці ў дысцыплінах, якія знаходзяцца на мяжы паміж лінгвістыкай і філязофіяй, філязофіяй і сацыялёгіяй. Гэта прынцып нейкай вузкай спэцыялізаванасьці. Калі я размаўляю з чалавекам пра Ніцшэ, ён ведае пра Ніцшэ амаль усё, што напісана і сказана, але калі ты пачынаеш размаўляць пра нейкіх філёзафаў гэтай жа эпохі, яны ведаюць самыя базавыя рэчы. Я бачу гэта вельмі часта сярод студэнтаў-аспірантаў заходніх унівэрсытэтаў, нават такіх супервядомых як Бостанскі ўнівэрсытэт, як Гарвард.

Чаму Брытанія? Таму што гэта адна з найлепшых адукацый у сьвеце

Ганна Соўсь: Ганна, ваш лёс склаўся так, што вы вучыліся за мяжой, спачатку ў Польшчы, потым працавалі, а цяпер атрымалі стыпэндыю і рыхтуеце дыплём у магістратуры аднаго з найбольш прэстыжных унівэрсытэтаў Лёндану, унівэрсытэце Брунэля. Ці вы адразу былі настроеныя на тое, што трэба атрымаць адукацыю за мяжой? Якія перавагі гэта вам дае брытанская адукацыя?

Мяне перадусім пужала адпрацоўка пасьля бясплатнага навучаньня, таму я хацела зьехаць

Ганна Любакова: Я зьехала зь Беларусі ў 18 гадоў практычна адразу, калі атрымала дыплём аб сярэдняй адукацыі. Мяне перадусім пужала адпрацоўка пасьля бясплатнага навучаньня, таму я хацела зьехаць. Таксама мне было цікава пажыць за мяжой, бо я лічу, што гэта вельмі пашырае гарызонты. Чаму Брытанія? Таму што гэта адна з найлепшых адукацый у сьвеце. У Лёндане таксама знаходзяцца хіба не найлепшыя мэдыі ў сьвеце, і дзякуючы свайму ўнівэрсытэту я магу глядзець, як яны працуюць. У нас часта бываюць заняткі, напрыклад, у BBC, ці мы сустракаемся з журналістамі «Гардыян» ці іншымі медыяэкспертамі з усяго сьвету. Калі казаць пра прамы кірунак, міжнародная журналістыка, то мы вывучаем і тэорыю, і практыку.

Практычны блёк — гэта ўсе віды журналісцкай дзейнасьці — ад тэлебачаньня да радыё, друкаванай прэсы, вэб-журналістыкі. А тэорыя — гэта, вядома, кантэксты сучаснай журналістыкі, гістарычны кантэкст, этыка і г.д. Пасьля ўнівэрсытэту мы становімся экспэртамі, запатрабаванымі на рынку працы, і падрыхтаванымі да працы ў рэдакцыі. Я ня думаю, што ў Беларусі ёсьць такая магчымасьць. А калі казаць пра тое, што гучала да гэтага, усё ж такі я лічу, што заходняя адукацыя даволі інтэрдысцыплінарная, тут прадметы таксама зьвязаныя... Але зноў жа, у мяне гуманітарная адукацыя, і я магу чагосьці ня ведаць пра тэхнічную.

«Мы ўмудрыліся пакінуць усё самае кепскае ад савецкай школы і ўзяць усё самае кепскае як пародыю на Захад»

Ганна Соўсь: Юлія, якія плюсы і мінусы беларускай вышэйшай школы? Што пазытыўнага, а што нэгатыўнага з савецкай адукацыі яна ўзяла, а і чым адметная ўласна беларуская вышэйшая адукацыя?

Юлія Чарняўская: У нас была нейкая фантастычная колькасьць фізыкаў і матэматыкаў, якія з Савецкага Саюзу часьцей за ўсё не імігравалі, бо іміграваць было нельга, а зьяжджалі ў Расею, бо тут дзейнічае такое не галоснае правіла — ісьці ціха па прыступачках. Раней была магчымасьць, дапусьцім, у Расеі ў 60-я гады, калі чалавек прыходзіць кандыдацкую абараняць, а яму кажуць — гэта доктарская, і яму прысуджаюць доктарскую. Вось у нас такая сытуацыя амаль нерэальная была. У нас так пабудаваная і навука, і адукацыя, што ты ідзеш па маленькіх прыступачках угару, і з гэтых шасткоў сысьці практычна немагчыма. То бок трэба прайсьці ад першай клясы да абароны доктарскай дысэртацыі пэўныя этапы, і гэта зацягваецца на доўгія гады. І ярка таленавітыя людзі вельмі часта гэтага не вытрымліваюць... Гэта тычыцца ўжо навукі. Але ў адукацыі карцінка тая ж.

у савецкай вышэйшай і нават сярэдняй школе спрабавалі доўгі час стварыць чалавека энцыкляпэдычнага

Мы ўмудрыліся ўзяць, а дакладней пакінуць усё самае кепскае ад савецкая школы і ўзяць усё самае кепскае як пародыю на Захад. Я так жорстка кажу, бо я гэта бачу. У савецкай вышэйшай і нават сярэдняй школе спрабавалі доўгі час стварыць чалавека энцыкляпэдычнага. Таму ўсе вучылі матэматыку... Я ня маю на ўвазе менавіта матэматыкі ці фізыку, але ўяўленьне, якое яны даюць пра тое, што ў сьвеце існуе тое і тое, біялёгія, генэтыка... Былі сур’ёзныя прарывы ў адукацыі. У Савецкім Саюзе пачалі ўпершыню, калі не лічыць Хелен Келер, вучыць сьляпых і глуханямых дзяцей. Вядомая Мешчаракоўская школа зрабіла з гэтых дзяцей прафэсараў. Так яны былі бы проста няшчаснымі істотамі, якія ня ведаюць нават, што ёсьць прадметы і ёсьць сьвет. Некаторыя зь іх жывыя яшчэ. Былі вядомыя на ўсю краіну школы, ВНУ. Туды патрабаваўся чалавек, адукаваны дастаткова шырока, менш павярхоўны. Але насамрэч яшчэ Хасэ Артэга-і-Гасет пісаў пра жах вузкай спэцыялізацыі і меў рацыю. Таму што ў дадзены момант мы маем наступнае — крушэньне ідэі стварыць чалавека энцыкляпэдычнага, наўзамен прыйшла ідэя вузкай спэцыялізацыі, але вельмі вузкай. Вельмі практычнай, і ня ў тым выглядзе, як на Захадзе...

Чаму моладзь зьяжджае вучыцца на Захад

Ганна Соўсь: Марына, ці вы пагадзіцеся з крытычнай ацэнкай Юліі, што самае найгоршае з савецкай і заходняй сыстэмы ўзяла цяперашняя беларуская сыстэма вышэйшай адукацыі?

ня бачу на постсавецкай прасторы пакуль ніводнага ўнівэрсытэту, які гэтую функцыю можа выконваць

Марына Львова: Я з Юліяй у многім згодная.... Вось гэтая шырыня, якая была ў нашай адукацыі, вельмі дапамагала мне і людзям, якія прыяжджалі з постсавецкай прасторы вучыцца і працаваць на Захадзе. Гэта і ўменьне працаваць з тэкстам, з матэрыялам, з інфармацыяй. Я бачу ў сыстэме сусьветнай адукацыі і ў трэндах тэорыю трайной сьпіралі Іцкавіца, прафэсара Стэнфардзкага ўнівэрсытэту. Паводле яе ўнівэрсытэт робіцца горада ўтваральным і індустрыя ўтваральным прадпрыемствам рэгіёну. З аднаго боку, тут адбываюцца research & development, з іншага боку, рыхтуюцца кадры для research & development. Калі краіна гэта падтрымлівае на ўзроўні заканадаўства, а бізнэс гэта камэрцыялізуе, унівэрсытэт абсалютна іншыя задачы становіць. Я шчыра магу сказаць, што ня бачу на постсавецкай прасторы пакуль ніводнага ўнівэрсытэту, які гэтую функцыю можа выконваць, і думаю, што пройдзе не адзін дзясятак гадоў, пакуль такія ўнівэрсытэты зьявяцца. Што тычыцца менавіта беларускай адукацыі... Мне здаецца, што мы сапраўды згубілі тое, што было добра — фундамэнталізм, шырыню бачаньня працэсаў. І замянілі гэта нейкімі эрзацамі, якія ў заходняй мадэлі і існуюць, а цяпер ужо часта зжываюцца.

Марына Львова (зьлева)
Марына Львова (зьлева)

Пакуль я ня бачу рэцэптаў, як з гэтым справіцца. І таму я разумею, што гэта адна з прычынаў, чаму моладзь зьяжджае вучыцца на Захад, кажучы пра тое, што пэрспэктыў наша адукацыя не дае. З другога боку, мне здаецца, з рэчаў, якія абсалютна неабходныя ў адукацыі — гэта веданьне моў, і гэтае веданьне павінна быць прыкладным. То бок чалавек ня вучыць топік «London is the capital of Great Britain», а вучыцца гаварыць, думаць, камунікаваць з замежнікамі, не баючыся адкрыць рот, прабіваючы лёд, і робячы любую замежную мову такім жа дакладным, зручным у выкарыстаньні працоўным інструмэнтам як родная мова.

Вучоба за мяжой як будучыня для Беларусі

Ганна Соўсь: Ганна, пасьля сёлетніх пратэстаў з гістарычнага факультэту БДУ выключаюць Юрася Лукашэвіча, старшыню моладзі БНФ. У вас, як былой навучэнкі Коласаўскага ліцэю шмат сяброў, якія пацярпелі за свае палітычныя перакананьні, і часам вучоба за мяжой для многіх — гэта проста вымушаны крок, бо палітычна актыўныя студэнты ня маюць магчымасьці вучыцца на радзіме. Як вы лічыце, ці страчаны для Беларусі патэнцыял тых студэнтаў, якія вучацца за мяжой? Ці страчаныя для Беларусі студэнты ЭГУ, студэнты, якія вучыліся па праграме Каліноўскага?

мы маем права і нас заахвочваюць выказваць сваё меркаваньне, і яно тут улічваецца. Яно заўсёды тут важнае, і за яго тут ставяць найлепшыя адзнакі

Ганна Любакова: Я не лічу, што страчаная. Я ўвогуле лічу, што гэта будучыня для Беларусі ў пэўным сэнсе. Чым лепшым я буду экспэртам, прафэсіяналам, тым больш буду патрэбная Беларусі. І гэта ня толькі журналістыка, гэта любыя сфэры, якія вывучаюць мае суайчыньнікі. Бо гэта таксама сувязі. Нават калі чалавек не вяртаецца ў Беларусь, то ён жыве за мяжой, працуе ў нейкай кампаніі і гэткім чынам таксама дапамагае ўсталёўваць сувязі, распавядае пра нашу краіну і г.д. Тут, на Захадзе, вучаць фармуляваць і выказваць сваю думку, вучаць самастойнасьці. Таму гэта ўсё нам патрэбна.

Калі казаць пра маё навучаньне тут, то ўсе абстрактныя словы, што тут вучаць сумнявацца і думаць, шукаць адказаў самому, гэта ўсё праўда. І гэта вельмі важна, таму што мы спрачаемся з выкладчыкамі, і яны з намі на адным узроўні, мы маем права і нас заахвочваюць выказваць сваё меркаваньне, і яно тут улічваецца. Яно заўсёды тут важнае, і за яго тут ставяць найлепшыя адзнакі.

маладыя людзі тут разумеюць, што гэта — інвэстыцыя ў сябе

Тут, вядома, вельмі жорсткая сыстэма адзнак, дэдлайнаў, залікаў, іспытаў і г.д., але каля 70% навучаньня — гэта самастойная праца. Гэта змушае да адказнасьці і разуменьня таго, што мы самі адказныя за тое, як навучаемся. Вельмі важная матывацыя студэнта. Тут вельмі модна быць «батанікам», модна быць выдатнікам, бо маладыя людзі тут разумеюць, што гэта — інвэстыцыя ў сябе, гэта твой капітал, і чым лепшым ты будзеш экспэртам, тым больш ты будзеш запатрабаваным на рынку працы. Такія тут плюсы. Людзі, якія тут вучыліся і не вяртаюцца, іх патэнцыял таксама важны для нашай краіны. Але, вядома, гэта залежыць ад чалавека. Калі ён ня хоча нічога рабіць для ўласнай краіны, ён і ня будзе. Але тут ужо не ў заходняй ці беларускай адукацыі справа.

Поўны адрыў адукацыі ў ВНУ ад практыкі

Ганна Соўсь: Юлія, Ганна кажа пра тое, што модна быць выдатнікам. Я чытала ваш пэсымістычны тэкст пра матывацыю студэнтаў, вы пісалі, што многія студэнты ў параўнаньні з ранейшымі часамі проста ня хочуць шмат чаго рабіць, ведаць...

Юлія Чарняўская: Зараз мая дачка вучыцца за мяжой, атрымлівае MBA. Яна добра вучылася і працавала тут, вельмі шмат зрабіла. Калі прыехала туды, ёй сказалі: «гэта ня лічыцца», і яна пачынала з чыстага аркушу. Яна вучылася на ФФСН БДУ, на «Інфармацыі і камунікацыі», там добрыя выкладчыкі. І ёй кажуць: «Гэта ня так, ты так не павінна рабіць». А як павінна? У яе год пайшоў на тое, каб зразумець, што ня так. Цяпер яна прывучылася. Аказалася, усе тыя веды, якія яна тут набыла, уключаючы Бадрыяра, Фуко, тэорыю камунікацыі і іншае — гэта ўсё за бортам. Трэба на самай справе прасьцей. І вось гэты ляйтматыў «прасьцей» гучыць як «лепей».

поўны адрыў адукацыі ў ВНУ ад практыкі, ад таго, чым яны будуць займацца далей

Што зьяўляецца самай вялікай трагедыяй для нашых ВНУ? У нас ёсьць цудоўныя спэцыяльнасьці, цудоўныя выкладчыкі, іх няшмат, але на маёй памяці іх заўсёды было ня вельмі шмат. Жахліва нават ня толькі і ня столькі разьмеркаваньне, хоць і яно само па сабе ставіць вельмі шмат пытаньняў. Як мне напісала мая студэнтка, яна культуралёгію вучыла для таго, каб цяпер з дзеткамі скакаць на вёсцы? Гэтак і на іншых, больш прэстыжных працах: поўны адрыў адукацыі ў ВНУ ад практыкі, ад таго, чым яны будуць займацца далей... У мяне першая адукацыя філялягічная. На яе потым вельмі лёгка клалася і філязофія, і сэміётыка, і антрапалёгія, і філязофія культуры. Культуралёгія — такі тэрмін на Захадзе не прыняты, але ў нас можна толькі ім напэўна карыстацца... Я ў прынцыпе магла перавучвацца сама, і дастаткова лёгка, і дастаткова хутка. Я проста брала новую сфэру дзейнасьці. А вось мае студэнты... Будзь потым гэты чалавек HR-ам, афіцыянтам, DJ-ем, тое, чаму яны вучыліся, ім для далейшай кар’еры не спатрэбілася. Іншая справа, што яны сумуюць па кнігах. Частка зь іх сумуе па літаратуры. Цяперашнія студэнты ўжо добра ведаюць, што іх адукацыя дастаткова ўтылітарная, і незадаволеныя, калі гэтая ўтылітарнасьць, іх прадмет недастаткова добра выкладаецца, па якім яны хочуць ісьці далей...

Фэномэн беларускай ІТ-адукацыя існуе

Ганна Соўсь: Марына, як вы мяркуеце, у чым фэномэн беларускіх айцішнікаў, і наколькі ён зьвязаны з узроўнем вышэйшай адукацыі ў Беларусі?

Марына Львова: Якраз з беларускімі айцішнікамі я цяпер цесна зьвязаная ў сілу профілю маёй школы, таму што мы займаемся адукацыяй айцішнікаў, асаблівасьцям ангельскай мовы і карпаратыўнай культуры, зьвязанай з амэрыканскімі кампаніямі. І я працую з EPAM, iSoft, некалькімі іншымі кампаніямі. Я лічу, што фэномэн беларускай ІТ-адукацыя існуе, і ён усё роўна непасрэдна зьвязаны з нашым ужо даволі далёкім мінулым добрай фундамэнтальнай базы прыкладной матэматыкі і інфармацыйных тэхналёгій, якія былі ў БДУ і Радыётэхнічным унівэрсытэце.

Узровень ангельскай мовы супрацоўнікаў ЕРАМ, якія працуюць у продажы, проста бліскучы

Я бачу шмат беларускіх айцішнікаў, якія ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах МIT, Mass Challenge ( найбольш вядомы бізнэс-інкубатор), вучацца на прэстыжных магістэрскіх і pHd праграмах у самых лепшых унівэрсытэтах штату і дзяржавы. Гэта тое, на што трэба арыентавацца, калі мы кажам пра перавагі беларускай адукацыі. Такія кампаніі, як EPAM ці Oxagile, вельмі сур’ёзна ставяцца да гуманітарнай часткі адукацыі сваіх супрацоўнікаў. Узровень ангельскай мовы супрацоўнікаў ЕРАМ, якія працуюць у продажы, проста бліскучы. Выпускнікі нашага Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, якія праходзілі моўную практыку за мяжой, якія выдатна разумеюць і культурную частку, і тое, што мова гэта ня проста сродак выражэньня сябе, а яшчэ перадача культурнага коду, таму мне здаецца, што тут пэрспэктыва калі не зусім вясёлкавая, то цалкам аптымістычная.

Ганна Соўсь: Ганна, у вас шмат кантактаў з маладымі беларусамі, якія вучацца за мяжой, ці можна вызначыць, якім сфэрам, галінам беларусы аддаюць перавагу, у якіх найбольш пасьпяховыя? Ці ёсьць нейкая заканамернасьць у гэтым?

Ганна Любакова: Першая заканамернасьць — шмат маіх суайчыньнікаў езьдзіць па стыпэндыяльных праграмах, якія фінансуе Захад для разьвіцьця грамадзкай супольнасьці. Таму гэта людзі, якія могуць вывучаць ці то журналістыку, ці то паліталёгію, ці то камунікацыю, сфэры, у якіх у Беларусі прысутнічае ідэалёгія. Тут, у Лёндане, у мяне шмат знаёмых, якія вывучаюць і архітэктуру, якія зьвязаныя з нерухомасьцю, бізнэсам. Я лічу, што гэта добра, бо прафэсіяналы патрэбныя ў любой сфэры.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG