Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночы рэйс: 11 гадзінаў у самалёце, 3 няўдалыя пасадкі і 2 удалыя, але ня там


Ілюстрацыйнае фота.

Палёт Лісабон-Прага займае звычайна тры з паловай гадзіны. У нядзелю ў самалёце мне давялося правесьці каля 11 гадзінаў, цалкам усё падарожжа заняло ўдвая больш, і некалькі разоў пасажыры амаль разьвітваліся з жыцьцём.

Я ляцела, можна сказаць, жаночым рэйсам — капітан-жанчына, другі пілёт-жанчына плюс усе бортправадніцы.

Аэробус 320 вылецеў каля 7 раніцы зь Лісабону. Пілі каву, віно, елі смачныя бутэрброды з прэзунту (партугальскім хамонам) і сырам... Праз тры з паловай гадзіны наблізіўся да Прагі. Быў моцны туман. Самалёт пачаў зьніжацца, выпусьціў шасі — і раптам перад самай пасадкай рэзка пачаў набіраць вышыню. У салёне ад нечаканасьці ўсе змоўклі...

Зрабіўшы кола над праскім лётнішчам, самалёт ізноў зайшоў на пасадку. Зноў выйшлі шасі, зноў за ілюмінатарам нічога не было відаць — і зноў, перад самай пасадкай, самалёт рэзка пачаў набіраць вышыню, нас уціснула ў крэслы, было чуваць як працуе матор.

Абвестка: ляцім на бліжэйшае лётнішча ў Дрэздэн. Капітан карабля, прыгожая жанчына гадоў 40 з даўгімі сьветлымі валасамі, выбачалася і тлумачыла ўсё дрэнным надвор’ем і пэўнымі тэхнічнымі праблемамі ў самалёце

Селі нармальна. Больш за дзьве гадзіны мы чакалі ў самалёце ў Дрэздэне. Далі вылет — ізноў у Прагу. І трэці раз паўтарылася тая ж драматычная гісторыя — перад самай паласой самалёт рэзка пачаў набіраць хуткасьць і хутка набіраць вышыню. Рэакцыя салёна — вельмі эмацыйная, некаторыя рэплікі цытаваць ня буду.

У выніку мы вярнуліся ў Лісабон. Падчас чарговага 3,5-гадзіннага пералёту капітан неаднаразова выбачалася і казала, што гэта было адзінае слушнае выйсьце з пункту гледжаньня бясьпекі. Яна ізноў казала пра дрэнныя ўмовы надворʼя, пэўныя няспраўнасьці самалёту. А потым сказала яшчэ нешта, што ўразіла усіх пасажыраў — пра свой недастатковы досьвед прызямленьня ў такіх складаных умовах.

Па прылёце ў Лісабон частка пасажыраў, у тым ліку я, змаглі вылецець праз некалькі гадзінаў назад у Прагу, другая частка засталася ў аплачаным авіякампаніяй гатэлі на ноч. Яны вярнуліся ў Прагу на наступны дзень ранішнім рэйсам.

Тады я ўпершыню пачула ацэнку: «жаночы рэйс», добра яшчэ, што жывыя, маўляў, жанчына-капітан з недастатковым досьведам, калі б мужчына-капітан кіраваў самалётам, усё магло бы быць інакш.

Так, жанчын-пілётаў у авіяцыі меней за мужчынаў, таму і досьведу пакуль у іх меней. Але сытуацыя мяняецца, і авіяцыя становіцца ўсё больш і у тым ліку і жаночай справай жыцьця.

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Самалётам мог бы кіраваць капітан-мужчына зь недастатковым досьведам. І у крытычнай сытуацыі ніхто не зьвярнуў бы ўвагу на тое, што гэта мужчына, гаварылі бы толькі на нястачу вопыту.

Прымаючы рашэньне «садзіцца ці не садзіцца» пры дрэнных умовах надворʼя і пэўных тэхнічных складанасьцях, як мне падаецца, жанчына-пілёт кіравалася прынцыпам — лепей не рызыкаваць, калі няма 100% упэўненасьці ў бясьпечнай пасадцы, таму і былі гэтыя віражы ў паветры. Магу памыліцца, але мужчына-пілёт мог бы рызыкнуць і паспрабаваць пасадзіць самалёт. І гэта магло ў яго атрымацца. А магло і не атрымацца...

Тое, што жанчына-капітан публічна прызнала свой недастатковы досьвед у пасадцы ў складаных умовах, таксама мне падаецца прыкметай адэкватнай самаацэнкі і гатоўнасьці прыняць адказнасьць за свае дзеяньні. Магчыма, ня кожны пілёт-мужчына адважыўся бы зрабіць такое прызнаньне.

Прадстаўнік авіякампаніі ў Лісабоне прыносіў усе магчымыя прабачэньні пасажырам. Ён падкрэсьліў, што рашэньне вяртацца ў Лісабон было адзінае магчымае слушнае ў такой крытычнай сытуацыі.

Што і як адбылося з самалётам шматпакутнага рэйсу Лісабон-Прага, я насамрэч ня ведаю. Разьбяруцца спэцыялісты і зробяць адпаведныя высновы.

Адзінае, што я магу сказаць упэўнена. Я ўдзячная «жаночаму рэйсу» за тое, што я вярнулася дадому жывой і здаровай.

Кожная бортправадніца зрабіла ўсё магчымае, каб я і іншыя пасажыры не хвалявалася. Кампэнсацыяй за стрэс было і якаснае партугальскае віно, якое без абмежаваньня прапаноўвалі пасажырам падчас доўгага рэйсу. Пазьней можна будзе атрымаць і грашовую кампэнсацыю.

Нікому не жадаю атрымаць досьвед такога доўгага палёту, як мой «Лісабон-Прага-Дрэздэн-Лісабон-Прага», але ў небе здараюцца розныя рэчы. І палятаўшы больш за 10 гадзінай над Эўропай, і правёўшы амаль суткі на розных лётнішчах, скончу наступнай высновай: у небе вышэй за ўсё — бясьпека. І жанчыны за штурвалам у стане яе забясьпечыць.

Хай былі і тры няўдалыя пасадкі і дзьве удалыя, але ня там. Галоўнае, што была самая апошняя трэцяя ўдалая пасадка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG