Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія і Беларусь: хто дзейнічае больш эфэктыўна падчас пандэміі


Пусты Трафальгарскі пляц у Лёндане, 24 сакавіка 2020 году

З учорашняга дня ў Вялікай Брытаніі ўведзеныя вельмі жорсткія абмежаваньні эканамічнага і грамадзкага жыцьця. Як выглядаюць гэтыя захады? Як у сьвятле брытанскага досьведу выглядае сытуацыя ў Беларусі? Які плён прынясе палітыка карантыну, як у большасьці краінаў Эўропы, і які плён палітыкі адсутнасьці карантыну, як у Беларусі? Якія структуры будзённасьці эпохі каранавірусу ўзьнікаюць у Брытаніі?

На гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» разважаюць брытанскія беларусы: мэдыякансультант, палітычны аналітык Аляксей Лявончык і галоўны рэжысэр «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін.

Сьцісла:

Лявончык

  • Лічбы брытанскіх захварэлых «стрэлілі», і ўраду пачалі задаваць пытаньне: а чаму ўсе краіны робяць, а мы — не?
  • Лукашэнка разумее, што зараз утрымаць эканоміку на плаву можна будзе толькі пры ўмове, што яна застанецца адкрытай
  • Усе меры локдаўну разьлічаныя толькі на кароткі час
  • Як доўга вытрымае эканоміка такі стан? Ёсьць ацэнка ifo Institut, паводле якой ў выніку прыпыненьня на 3 месяцы ў Нямеччыне ВУП упадзе на 20%

Халезін

  • Калі Вялікая Брытанія выйшла на першае месца ў дынаміцы захворваньня, адразу былі прынятыя меры, хаця і са спазьненьнем
  • Хуткасьць пашырэньня вірусу ў Беларусі вельмі нізкая, і таму Лукашэнка можа выступаць з апартуністычных пазыцыяў, спрабуючы падтрымаць эканоміку
  • Салідарнасьці ў Эўропе няма
  • Хочацца знайсьці «залатую сярэдзіну» — і не памерці, і не зваліцца ў эканамічны крызіс

Чаму ўвялі локдаўн?

Дракахруст: У Брытаніі ўвялі локдаўн — слоўца, якое азначае амаль татальнае спыненьне эканомікі і грамадзкага жыцьця. Некалькі апошніх тыдняў Лёндан практыкаваў палітыку барацьбы з пандэміяй, мякчэйшую, чым краіны Эўразьвязу; некаторыя параўноўвалі брытанскую тактыку барацьбы з пандэміяй да беларускай. А чаму палітыка зьмянілася? Знайшліся нейкія навуковыя аргумэнты ці вырашальным стаў ціск грамадзкай думкі, маўляў, закрывайце ўсё, а то мы ўсе памром? У Брытаніі ўжо тысячы хворых, а памерлі каля 300 чалавек.

Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

Халезін: На мой погляд, другі матыў больш значны. Частка мэдыя здолелі праціснуць гэты падыход. Навукоўцы і раней казалі, што патрэбныя меры, што яны ня могуць абмяжоўвацца парадамі проста мыць рукі. Мне здаецца, што адной з асноўных памылак уладаў многіх краінаў быў няўлік асаблівасьцяў сваёй краіны.

Зараз у Лёндане сонечна. А значыць людзі пойдуць у пабы, пойдуць на рэчку піць піва, будуць бадзяцца па крамах. Гэта 4 мільёны чалавек, якія вядуць актыўнае жыцьцё. І было відавочна, што бяз локдаўну лічбы хворых і памерлых будуць расьці. Як толькі гэтыя лічбы ўдарылі па галаве ўраду, калі краіна выйшла на першае месца паводле дынамікі захворваньня, адразу былі прынятыя меры, хаця і са спазьненьнем.

Лявончык: Палітыка ўраду мянялася двойчы. Першы раз, калі прагучала рэкамэндацыя закрыць усё што толькі можна. Мікола пісаў пра гэта — што Джонсан замест таго, каб закрыць усе тэатры і іншыя публічныя пляцоўкі, проста параіў ім закрыцца. Тады прэм’ер Францыі сказаў, што калі мы не сынхранізуем захады на ўсім кантынэнце, то эпідэмія можа ў нас скончыцца, але мы яе завязем з-за мяжы. Пасьля гэтага Джонсан параіў усім публічным пляцоўкам закрыцца, і яны закрыліся.

Што прымусіла Джонсана пайсьці на локдаўн, які ён увёў у гэты панядзелак — я ня ведаю. Напэўна, немалая роля мэдыя, Guardian асьвятляе локдаўны ў іншых краінах выключна як вялікі пазытыў. Лічбы захварэлых «стрэлілі», і ўраду пачалі задаваць пытаньне: а чаму ўсе краіны робяць, а мы — не? Мяркую, што Джонсан пайшоў на локдаўн пад ціскам грамадзтва. Бо рацыянальна я не зусім разумею гэтага графіку, чаму гэта не адбылося раней ці пазьней.

Спусьцелая Оксфард-стрыт
Спусьцелая Оксфард-стрыт

Чаму ў Беларусі не абвясьцілі локдаўн?

Дракахруст: У Беларусі карантын праводзіцца, як мяккая беларусізацыя. Ня хочаце хадзіць на працу, выпраўляць дзяцей у школы — не хадзіце, не выпраўляйце. Праўда, хворых трымаюць у ізаляцыі, вось ужо і міністэрства аховы здароўя заклікала старых не выходзіць з дому. Але загадаў, скажам, насіць маскі, абмежаваньняў — няма. Зь іншага боку, пакуль і памерлых няма.

З досьведу Брытаніі, на падставе зьмены палітыкі, якая там адбылася, — ці ёсьць пэўная рацыя ў паводзінах уладаў Беларусі? Я не пра рыторыку наконт «псыхозу» — з таго, як дастаўляюць у шпіталі і як там трымаюць хворых на каранавірус, відаць, што разуменьне пагрозы ёсьць. Я пра выбраную палітыку, пра балянс паміж выжываньнем людзей і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умовай выжываньня людзей.

Аляксей Лявончык
Аляксей Лявончык

Лявончык: З майго гледзішча, пазыцыя Лукашэнкі выглядае апартуністычнай. З аднаго боку, вірус ёсьць, небясьпека ёсьць, асабліва для людзей сталага веку. Але ёсьць і рацыянальная матывацыя не закрываць эканоміку. Я думаю, што Лукашэнка разумее, што зараз, калі «лёг» асноўны эканамічны партнэр, Расея, калі сьціснуліся экспартныя рынкі Эўразьвязу, утрымаць эканоміку на плаву можна будзе толькі пры ўмове, што яна застанецца адкрытай. Ня факт, што і тады яна застанецца на плаву.

Беларуская эканоміка — адкрытая. Нават і без Лукашэнкі яна вельмі залежала б ад вонкавых шокаў. Зараз яны наблізіліся да стану «ідэальнага шторму». Закрыць эканоміку — у Беларусі ўсё ляжа. А далей узьнікае пытаньне — а хто будзе плаціць пэнсіянэрам і іншым? Я разумею, што гэта цынічнае пытаньне, але калі людзям няма чаго есьці, яны не жывуць.

Так што калі вынесьці за дужкі тыповыя для Лукашэнкі заявы кшталту «трактар усіх вылечыць», ён дзейнічае ў кірунку максымальнага эканамічнага выжываньня.

Дракахруст: Мікола, шмат галасоў у Беларусі патрабуюць карантыну. У Чэхіі, дзе я жыву, усе ходзяць у масках, за выхад у горад бяз маскі — вялікі штраф. У Беларусі ў масках нямногія і ніякіх штрафаў за хаджэньне безь яе. І гэта нармальна?

Халезін: Я выдатна разумею хітрую задуму Лукашэнкі. Ён выкарыстоўвае прынцып айкідо. У мяне краіна і без карантыну і локдаўну закрытая. У яе і так мала езьдзяць. Гэта значыць, што хуткасьць пашырэньня вірусу вельмі нізкая. І таму я магу выступаць з такіх апартуністычных пазыцыяў, спрабуючы падтрымаць сваю эканоміку. І калі гэтую эканоміку зараз закрыць, ня факт, што пасьля адкрыцьця праз пару месяцаў яе можна будзе рэанімаваць. І да выбараў ён прыйдзе зь неймавернымі мінусамі.

Я ня веру, што можна ўратавацца. Як толькі зьявіліся першыя лічбы, наш тэатар спыніў паказы ўсіх спэктакляў, перавялі калектыў на карантын і вынесьлі ўсю дзейнасьць онлайн. Мы хочам захаваць здароўе калектыву і гледачам. Пры беларускім падыходзе можа дапамагчы цуд, такая сытуацыя можа пратрымацца да часу, калі будзе знойдзеная вакцына ці пандэмія сама сабою пойдзе на спад.

Чарга ў аптэку ў Лёндане, 24 сакавіка
Чарга ў аптэку ў Лёндане, 24 сакавіка

Ці ёсьць той, хто ведае, што рабіць?

Дракахруст: Ці існуе сярод навукоўцаў кансэнсус, што трэба рабіць у гэтай сытуацыі, які мусіць быць балянс паміж мэтамі — каб імгненна не захварэлі ўсе і каб эканоміка душой не загавела? Цяпер часта прыгадваюць Чарнобыль, маўляў, ня слухалі тады навукоўцаў. А ці зараз усе навукоўцы кажуць адно і тое ж? І ці навукоўцы-мэдыкі кажуць тое самае, што і навукоўцы-эканамісты?

Халезін: Пэўны час людзі думалі, што гэта такі вірус, які немагчыма перамагчы і ён зьнішчыць палову плянэты. Навукоўцы кажуць усе ў прынцыпе адно і тое ж — мінімізаваць кантакты, мыць рукі, не чапаць твар, праветрываць дом. Гэта простыя меры. А мэдыкі робяць сваю справу — лечаць тых, хто захварэў. Гэта і ёсьць просты сакрэт посьпеху барацьбы з пандэміяй. У Вялікай Брытаніі было тры ўрады, якія нічога не рабілі, а толькі абмяркоўвалі Брэксыт. Гэта дэмаралізуе. Яны ня ў стане прымаць рэзкіх захадаў, крокаў, якія адпавядаюць выкліку. Але ў кожнага ўраду зараз гэты выклік розны. Салідарнасьці ў Эўропе няма.

Дракахруст: Зараз многія абмяркоўваюць мадэлі разьвіцьця пандэміі ў Вялікай Брытаніі, распрацаваныя брытанскімі навукоўцамі на чале з Нэйлам Фэргюсанам. Паводле гэтых мадэляў найлепшы вынік дае локдаўн, тады мінімальнай будзе перагрузка брытанскай сыстэмы аховы здароўя. Але гэтыя навукоўцы падкрэсьліваюць, што эканамічныя наступствы локдаўну яны пакідаюць за дужкамі свайго аналізу. А ці нехта з навукоўцаў бярэ пад увагу ўсе фактары? Падчас Чарнобылю не было дылемы — ратаваць людзей цаной краху эканомікі ці ратаваць эканоміку цаной чалавечых жыцьцяў. А зараз такая дылема, выглядае, ёсьць. Ці ёсьць зараз разумнік, якога «дурныя» ўлады ня слухаюць?

Лявончык: Не. У СССР у 1986 годзе не было рынкавай эканомікі, гэта не было фактарам сытуацыі. Фактар быў адзін — колькі людзей можна уратаваць. Плюс да таго Чарнобыль быў праблемай лякальна-тэрытарыяльнай. Там можна было вырашыць — адсяляем людзей у радыюсе 50 кілямэтраў, людзям парада — піце ёд. За пэўным радыюсам заражэньне былі не такім вялікім. А праблему пандэміі немагчыма лякалізаваць. І сапраўды ёсьць дылема — мы ратуем людзей ці мы ратуем эканоміку. І ўсе фактары ня ўлічвае ніхто.

Сапраўды, група Фэргюсана аналізавала толькі мэдычныя наступствы. У Брытаніі 4 мільёны чалавек самазанятых. Яны зараз ня маюць працы, нельга выходзіць з дому. Ёсьць варыянты працы онлайн, але не для 4 мільёнаў чалавек. У Польшчы іх таксама вельмі шмат, і гэтыя людзі зараз без працы. Дзе яны будуць працаваць, дзе яны здабудуць грошы?

Колькі вытрымае эканоміка такі стан? Ёсьць ацэнка ifo інстытуту, паводле яе ад прыпыненьня на 2 месяцы ў Нямеччыне ВУП упадзе на 8%, пры спыненьні на 3 месяцы — на 20%. Для параўнаньня: «Вялікая дэпрэсія» зьменшыла эканоміку ЗША на 30% у 1929–1933 гадах.

Можна, зразумела, сказаць — галоўнае, што застанемся жывымі. Але сыстэма, якая не атрымлівае падаткаў ад грамадзянаў і прадпрыемстваў, ня мае сродкаў, каб падтрымліваць шпіталі. І ўсе меры локдаўну разьлічаныя толькі на кароткі час. Дацкі ўрад кажа, што гатовы плаціць заробкі 3 месяцы. Больш грошай ня будзе. Немцы таксама не апэруюць часавым інтэрвалам больш за 3 месяцы. Экспэрты Інстытуту ifo ў прынцыпе даюць даволі аптымістычныя прагнозы. Але зараз пры локдаўне ў 3 месяцы яны прагназуюць падзеньне на 20%. Прагноз локдаўну на 4 месяцы яны нават не спрабавалі рабіць — наколькі абрынецца эканоміка Нямеччыны — найбагацейшай краіны Эўропы.

Ну, закрыем мы эканоміку — і што? Той жа Фэргюсан у сваім прагнозе на падставе мадэлі піша, што пасьля спыненьня карантыну вірус вернецца і будзе новая хваля.

Як выглядае брытанская штодзённасьць эпохі пандэміі?

Дракахруст: І ў канцы пытаньне — як выглядае будзённасьць пандэміі ў Ангельшчыне? Людзі ходзяць у масках, людзі зносяць тавары з паліцаў крамаў?

Халезін: Я бачу, як краіна пачынае вучыцца дысцыпліне. На вуліцах усё менш людзей. Усё больш людзей — у масках. Абсурдная сытуацыя, калі ўсе маскі скупленыя, але ніхто ў іх ня ходзіць.

Для мяне зараз найбольшая праблема — гэта праблема шпіталёў. Цешчы патрэбнае тэрміновае лячэньне (не ад каранавірусу, дзякуй Богу). А да дактароў дагрукацца вельмі складана. Сыстэма аховы здароўя перагружаная пацыентамі, якія, магчыма, хворыя на каранавірус. Але няма як лячыць людзей, якія дакладна хворыя, але на іншыя хваробы.

Ёсьць спадзеў, што стабілізацыя адбудзецца. Ужо ўчора былі пустыя вуліцы. Зразумела, што чым даўжэйшы будзе локдаўн, тым больш будзе праблемаў у малога і сярэдняга бізнэсу, а потым і ў вялікага. І тут хочацца знайсьці «залатую сярэдзіну» — і не памерці, і не зваліцца ў эканамічны крызіс.

Я сачу за тым, як адбываецца мабілізацыя ў віртуальнай прасторы, онлайн. Неймаверная колькасьць разнастайных навацыяў. За тыдзень колькасьць воркшопаў у аэробіцы, пілатэсе вырасла ў шмат разоў. Творчыя калектывы выкладаюць свае відэа, якія раней ішлі пад камэрцыйнае выкарыстаньне. Зараз іх выкладаюць бясплатна. Зьявілася велізарная колькасьць адукацыйных праектаў. Гэты аванс істотна паўплывае на сытуацыю пасьля пандэміі.

Лёнданцы
Лёнданцы

Лявончык: Вы, Юры, спыталі пра туалетную паперу. Сапраўды, зносілі, паліцы пустыя стаялі. Жонка мне сказала, што будзем хадзіць у краму раз на тыдзень. Мы так і ходзім, раніцай напачатку тыдня. Калі мы прыходзім, там ужо натоўп. Калі прыйсьці ўвечары, то туалетнай паперы сапраўды ня будзе. Але раніцай зьяўляецца.

Прычым дзіўна — паліцы з крупамі, макаронай, тушанінай, таварамі, якія могуць доўга захоўвацца, — поўныя ўвесь час. А з туалетнай паперай — гэта нейкая псыхалягічная рэакцыя, людзі хочуць вярнуць сабе кантроль над сытуацыяй. Чамусьці гэта адбываецца праз тую туалетную паперу. Не праз алькаголь — алькаголь стаіць на месцы.

А з туалетнай паперай пачалося спантанае рацыянаваньне. Касірка можа адмовіцца прабіць другі пачак гэтай паперы. Яна вырашае, колькі пачкаў ты можаш узяць.

Што да іншых асаблівасьцяў, то горад сапраўды стаў пустым. У мэтро натоўпаў таксама няма, цягнікі езьдзяць пустымі ўжо некалькі тыдняў. Усе кавярні зачыніліся, яны перайшлі на мадэль — замаўляйце праз аплікацыю, прыходзьце і забірайце. Упускаюць па адным, у чарзе людзі стаяць на адлегласьці адзін ад аднаго. Але большасьць кавярняў і рэстарацыяў проста закрыліся. Горш сталі прыбіраць сьмецьце. Але надалей працуюць будоўлі. У Сіці стала цішэй, самалёты не лятаюць. Дзіўна ня чуць безупынны шум самалётаў над галавой.

Калі не лічыць мэтро і цягнікоў з ускраінаў, якімі людзі езьдзяць на працу, то вялікай колькасьці людзей няма нідзе. Дзіўна бачыць Лёндан бяз звыклага жыцьця.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG