Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Севярынец: Можа, мой верш адкладзе на 15 хвілін рашэньне страляць


Ганна Севярынец

Настаўніца, пісьменьніца і дасьледчыца літаратуры Ганна Севярынец расказвае пра невядомыя дэталі звальненьня са смалявіцкай гімназіі за верш «Я за вас не галасавала ніколі», хвалю салідарнасьці і прапановы працы.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сьцісла

  • Можа, гэта адкладзе хаця б на 15 хвілін апошняе рашэньне страляць, і нехта пасьпее сысьці, альбо гэта будуць тыя пераломныя 15 хвілін, калі кінуць зброю тыя, хто павінен страляць.
  • Я праводжу 29 кастрычніка ўрокі памяці. І як я дзецям потым патлумачу, калі нешта здарыцца такое, а я нічога не сказала?
  • Думаю, што тут паўстала пытаньне нават не самазахаваньня дырэктара, а захаваньня гімназіі.
  • Я маю падтрымку з усіх бакоў, а ён са сваім выбарам застаўся адзін на адзін, і я зь вялікім спачуваньнем думаю пра яго.
  • Я адразу атрымала прапановы супрацы зь іншымі ўстановамі адукацыі, праўда, з прыватнымі.
  • Хачу, каб хваля салідарнасьці падзялілася на ўсіх настаўнікаў, якія маюць сілу супраціву. У гэтым жніўні шмат каму з маіх калегаў давядзецца рабіць гэты складаны выбар.


«Я ж не адзіная настаўніца, каго звальняюць з ідэалягічных прычын»

— Вам яшчэ трэба дапрацаваць гэты тыдзень да заканчэньня кантракту. Што адбывалася ў гімназіі? Ведаю, што вы спадзяваліся на падтрымку бацькоў вашых вучняў, што гэта паспрыяе вашаму аднаўленьню на працы. Ці так адбылося? Што вам казалі дзеці? Ці змагаліся іх бацькі за вас?

— Што да бацькоў, то я імкнуся дыстанцыявацца, ня мець дачыненьня да гэтага, але ведаю, што і бацькі, і калегі, і вучні вельмі перажываюць. Тое, што цяпер адбываецца, не адбываецца ў рэжыме супрацьстаяньня майго і адміністрацыі, не адбываецца ў рэжыме злога выключэньня і звальненьня. Усё вакол мяне насычана чалавечым — чалавечым пачуцьцем, чалавечым выбарам паміж тым, як трэба і як ня трэба рабіць, усе зараз робяць розныя маральныя выбары. Я ж не адзіная настаўніца, каго звальняюць з ідэалягічных прычын. За 26 гадоў такіх гісторый набярэцца некалькі дзясяткаў у беларускай сыстэме адукацыі. Скажу папраўдзе, я не разьлічвала на такі ўзровень падтрымкі менавіта сярод калегаў, бацькоў, вучняў, які я цяпер маю. І ў мяне няма ні хвіліны, каб я падумала, што людзі злыя ці няўдзячныя. Я атрымліваю ў падтрымку выключна кранальныя і цёплыя эмоцыі і не адчуваю сябе ахвярай унутры нашага смалявіцкага сусьвету.

«Я ўвесь час думаю, ці ня трэба было мне памаўчаць, не таму, што я баюся, а каб захаваць магчымасьць працаваць зь дзецьмі»

— Ганна, вы некалькі гадоў ведзяце блог на сайце Свабоды і ў сваіх тэкстах вельмі крытычна выказваецеся пра сыстэму адукацыі. Мне заўсёды кіраўніцтва смалявіцкай гімназіі падавалася адносна лібэральным. Але, выглядае, да пэўнай мяжы. Вам дырэктар так і сказаў, што як настаўніца вы маеце права на думкі наконт сыстэмы адукацыі, але ня маеце права крытыкаваць уладу, што «наша задача — абслугоўваць ідэалёгію, якая ёсьць». Як вы думаеце, ці было гэта самастойнае рашэньне кіраўніцтва гімназіі, ці паступіў загад зьверху? Ці гэта быў акт самазахаваньня для кіраўніцтва гімназіі — бо маглі б не працягнуць кантракт і яму?

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

— У нас з дырэктарам заўсёды былі нармальныя працоўныя гутаркі, ён не заўсёды пагаджаецца з маімі думкамі. Паміж намі быў такі этычны кодэкс, пра што я пішу, а пра што не пішу, і гэта не абгаворвалася. Ёсьць нейкія этычныя моманты працы ў калектыве, якія ты ня маеш права выносіць на сьвет — не таму, што ты баісься, а таму, што гэта пытаньне этыкі. У нас заўсёды ў гэтым сэнсе было паразуменьне, ён ведае, што я чалавек прыстойны, выхаваны і не зраблю дрэннага гімназіі. Я да яго стаўлюся з павагай, ён добры дырэктар. Я думаю, што тут сапраўды стала пытаньне нават не самазахаваньня, а захаваньня гімназіі, бо і наша гімназія ўвесь час знаходзіцца ў няпэўным становішчы. У нас няма свайго будынка, арандуем памяшканьне ў школы. У нас любая ўстанова адукацыі ў любы момант можа пачаць перажываць цяжкія часы.

Ці было гэта асабістае рашэньне, ці яно было прадыктаванае званком зьверху (што, я думаю, найбольш праўдападобна), у любым выпадку яму было няпроста гэтае рашэньне прымаць. Я маю падтрымку з усіх бакоў, а ён са сваім выбарам застаўся адзін на адзін, і я зь вялікім спачуваньнем думаю пра яго.

— Як вы разьвітваліся? Руку адзін аднаму паціснулі?

— Па-чалавечы. Я падпісала паперы, сказала, што калі пасьля 9 жніўня што-небудзь зьменіцца, тэлефануйце, і я прыйду. На працы мы віталіся, усё ў парадку. Усё ў рабочым рэжыме. Мы ўсе ўсё разумеем. Мы знаходзімся ў складаных варунках не палітычных, а маральных. Я ўвесь час думаю, ці ня трэба было мне памаўчаць, не таму што я баюся, а каб захаваць магчымасьць працаваць зь дзецьмі.

«Такія рэжымы не спыняюцца перад тым, каб страляць»

— Мне падаецца, што вы не маглі не напісаць той верш. Як хутка ён нарадзіўся?

— Вершы не пытаюцца, яны прыходзяць ці не прыходзяць. Ён бы напісаўся ўсё адно. Гэтыя рэчы з пагрозамі масавых расстрэлаў... Больш за тое, як чалавек, які працуе з гісторыяй, з гістарычнымі дакумэнтамі, я разумею, што гэта не эмацыйнае выказваньне, гэта не пустыя словы. На жаль, такія рэжымы не спыняюцца перад тым, каб страляць.

Верш можна было захаваць у хатнім кампутары. Я думала, выкладаць яго ці не выкладаць. Гэта ж ня тое, што нейкае імпульсіўнае, неабдуманае рашэньне. Мы шмат зь дзецьмі, асабліва са старшаклясьнікамі, размаўлялі пра масавыя рэпрэсіі, з 11 клясай чыталі «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына. Я праводжу 29 кастрычніка ўрокі памяці. І як я ім потым патлумачу, калі нешта здарыцца такое, а я нічога не сказала? Гэта будзе такая хлусьня з майго боку. Як я потым буду зь імі размаўляць пра гэта, калі летам раптам нешта адбудзецца, і я прыходжу на ўрок такая бесславесная? Я зразумела, што гэта не дае мне права маўчаць.

«Заўсёды было сьвядомым рашэньнем працаваць у дзяржаўнай школе зь дзецьмі, якія ня маюць магчымасьці плаціць за адукацыю»

— Вы настаўніца вышэйшай катэгорыі, ляўрэатка конкурсу «Настаўнік году Менскай вобласьці — 2017» і фіналістка гэтага ж конкурсу ў 2020 годзе. Вашы вучні станавіліся пераможцамі алімпіяд і конкурсаў. Калі не сакрэт, колькі вы зараблялі? Наколькі гэта цяпер будзе адчувальна для вашага сямейнага бюджэту?

— Не магу агучыць канкрэтныя лічбы, бо гэта таксама лічыцца непрымальным. Абяцаныя сярэднія заробкі па краіне я амаль заўсёды атрымлівала. Але гэта ня так проста давалася. Мае дзеці прыносілі ў гімназію дыплёмы, у маіх выпускнікоў заўсёды высокія вынікі ЦТ. Мне ня сорамна. Адміністрацыя імкнулася падтрымліваць мой дабрабыт. Што тычыцца сямейнага бюджэту, то, канечне, гэта сур’ёзна, але няма для мяне фінансавай катастрофы, таму што я адразу атрымала прапановы супрацы зь іншымі ўстановамі адукацыі, праўда, з прыватнымі. Хоць для мяне заўсёды было сьвядомым рашэньнем працаваць у дзяржаўнай школе зь дзецьмі, якія ня маюць магчымасьці плаціць за адукацыю, якія часам ня маюць магчымасьці наймаць рэпэтытара. Мае дзеці ведаюць, што калі яны ў мяне навучаюцца, то да ЦТ яны падрыхтуюцца выключна на ўроках.

— Колькі прапановаў вам было зроблена? І якога кшталту яны былі?

— Гэта былі ў асноўным прапановы ад установаў адукацыі. Былі прапановы ад выдавецтва, дзе я магу працаваць як філёляг. Было больш за 10 прапановаў. Разумею, што частка зь іх была зроблена на эмацыйнай хвалі. У любым выпадку ня можа быць такой сытуацыі, каб я не знайшла фінансавага выйсьця, бо я шматпрофільны спэцыяліст, я магу і пісаць, і вучыць, у тым ліку і дыстанцыйна. Страху няма, я падрыхтаваная да гэтага ўсім сваім прафэсійным жыцьцём.

«На кнігах я не зарабляю»

— Я ведаю, у якім шалёным тэмпе вы працуеце, бо акрамя школы вы пішаце кнігі, працуеце ў архівах, бераце ўдзел у розных літаратурных імпрэзах. Магчыма, за такое рашэньне кіраўніцтва смалявіцкай гімназіі вам падзякуюць аматары вашых кніг і літаратурных дасьледаваньняў?

— На кнігах я не зарабляю. Кнігі — гэта той кавалак працы, які я раблю для сябе, для прыемнасьці, для задавальненьня. Мае дасьледчыцкія праекты маюць працяг у школе. Дзеці ўключаныя, робяць сваю навуковую працу.

— Ці ведаеце вы пра вялікую хвалю салідарнасьці з вамі, што вельмі многія людзі ў сацсетках перапошчваюць ваш верш, каб падтрымаць вас?

— Я ўсё ж літаратуразнаўца, ведаю вагу гэтага верша. Гэта паўсядзённасьць, гэта ня тое што нейкі высокамастацкі верш. Я свае тэксты, свае вершы не магу перачытваць. Я бачу ўсе хібы, і мне ажно дрэнна. Падтрымка сапраўды вялікая, і мне няёмка, бо я не адзіная настаўніца, якая пацярпела ад перасьледу. У мяне быў самы лагодны варыянт, па артыкуле мяне ня звольнілі. Было вельмі прыстойна.

Я хачу, каб гэтая хваля салідарнасьці падзялілася на ўсіх — ня мне канкрэтна, а ўсім настаўнікам, якія маюць сілу супраціву. Тым больш што ў гэтым жніўні шмат каму з маіх калег давядзецца рабіць гэты складаны выбар. Калі чалавек прыйдзе ў выбарчую камісію і палічыць магчымым сказаць, што, калегі, усё нармальна, працуем як заўсёды, але я буду лічыць справядліва. Гэта вельмі складана, я ведаю, што для многіх гучыць як немагчымае, але я ведаю, што шмат настаўнікаў будуць гэты выбар рабіць, і я хачу авансам усю хвалю падтрымкі перадаць гэтым людзям, які будуць рабіць менавіта такі выбар 9 жніўня.

— Вы крытычна выказаліся пра свой верш, але яго цяпер масава цытуюць, нехта напісаў, што зь яго добры атрымаўся б рэп. Я згадаю верш «Убей президента», за які адным зь першых палітвязьняў стаў паэт Славамір Адамовіч. У вашым вершы якраз заклік не страляць. Як вы думаеце, які лёс чакае гэты літаратурны твор?

— Калі мы размаўлялі з дырэктарам і той паведаміў, што апошняй кропкай стаў гэты верш, ён сказаў: «Вы ж разумееце, што гэта нічым не дапаможа, а для вас будуць такія наступствы». Я яму сказала, і цяпер так думаю, што, можа, гэта адкладзе хаця б на 15 хвілін гэтае апошняе рашэньне страляць. Хаця б на 15 хвілін. І за гэтыя 15 хвілін нехта пасьпее сысьці. Альбо гэта будуць тыя пераломныя 15 хвілін, калі кінуць зброю тыя, хто павінен страляць. Для мяне гэта ня патасныя развагі. Разумеючы сытуацыю і працуючы ўвесь час з 1930-мі гадамі і масавымі расстрэламі, я разумею, што гэта тое, што можа стаць нашай паўсядзённасьцю. Я думаю, што 15 хвілін у гэтай справе шмат што могуць вырашыць.

«Ніколі масавыя рэпрэсіі не пачынаюцца раптам»

— Зь якім пэрыядам гісторыі вы б маглі параўнаць тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

— Што тычыцца мяне, то ўсё больш-менш лайтова. А наагул, што тычыцца рэжымаў і гістарычнай сытуацыі, я б сказала, што гэта прыкладна 1935 год. Ніколі масавыя рэпрэсіі не пачынаюцца раптам. Спачатку пачынаюцца адзіночныя затрыманьні, высылкі, 2–4 буйныя паказальныя працэсы, грамадзтва прывыкае да гэтага. Людзі прызвычайваюцца, што выйшаў чалавек на вуліцу — яго пасадзілі, напісаў верш — звольнілі. Гэта ўсё намотваецца, і потым гэта ўсё сасковае ў масавыя рэпрэсіі. Мне падаецца, што да таго, як пачнуцца тыя рэпрэсіі, якія называюцца масавыя, калі кожны чалавек будзе разумець, што да яго могуць прыйсьці за анэкдот, за сваяка, за тое, што нешта напісаў, як гэта было ў 1937 годзе, у нас да гэтага засталося 2–3 гады. І гэта трэба спыніць.

— Вы сказалі пра тое, што, магчыма, 15 хвілін будзе перад тым, каб даць ці ня даць загад страляць. Як вы думаеце, ці пачулі вас, ці зразумелі? Магчыма, увогуле такога загаду ня будзе ў выніку?

— Не, такія рэчы ня дзейнічаюць. Гэта зусім іншы ўзровень прыняцьця рашэньняў. Ён ня мае нічога агульнага з чалавечым. Гэта ўжо машыны, гэта ўжо гістарычныя заканамернасьці, і вельмі цяжка бывае людзям выбрацца зь іх, асабліва калі гэтыя людзі думаюць, што ўвасабляюць сабой уладу, калі яны забываюцца, што яны проста людзі, нечыя таты, браты, што яны такія ж самыя, як мы. Там зусім іншы ўзровень прыняцьця рашэньняў.

— І нават пра Колю не падумае?

— Я думаю, што гэта ў зусім іншых кірунках думаецца ў такіх справах, таму ніхто не прыслухаецца. Але што пачуць, то пачулі. Гэта відавочна.

Хто такая Ганна Севярынец?

Ганна Севярынец — настаўніца вышэйшай катэгорыі, ляўрэат конкурсу «Настаўнік году Менскай вобласьці — 2017» і фіналіст гэтага ж конкурсу ў 2020 годзе.

Вучні Севярынец станавіліся пераможцамі алімпіяд і конкурсаў.

Севярынец займаецца літаратурнымі дасьледаваньнямі. Яна знайшла архіў паэта Алеся Дудара і склала найбольш поўны збор яго твораў «Алесь Дудар. Выбраныя творы» (2017).

Ляўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» у 2017 годзе. Аўтарка і складальніца кніг «Уладзімір Дубоўка: ён і пра яго» (2017), «Вакол Пятра Глебкі» (2019), «Тры Анегіны» (2020), «Янка Купала. Выбраныя творы» (2020). Аўтарка мастацкай прозы: «Вспоминая Вегас», «Дзень сьвятога Патрыка» (2017), «Гасьцініца „Бэльгія“» (2019).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG