Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганьне Севярынец не працягнулі кантракт у гімназіі. За верш пра Колю


Ганна Севярынец, архіўнае фота
Ганна Севярынец, архіўнае фота

«[Дырэктар] сказаў, што як настаўнік я маю права на думкі наконт сыстэмы адукацыі, але я ня маю права як настаўнік крытыкаваць уладу, што наша задача — абслугоўваць ідэалёгію, якая ёсьць. І пакуль я не выказвалася на адрас першай асобы, то гэта разумелі, а цяпер не разумеюць».

Ганна Севярынец працуе ў Смалявіцкай раённай гімназіі, выкладае беларускую і расейскую мову і літаратуру. Кажа, што дачыненьні з кіраўніцтвам заўсёды былі добрыя.

«Як дырэктар навучальнай установы я прымаю рашэньне, працягваць ці не працягваць кантракт, — адказаў Радыё Свабода дырэктар Смалявіцкай раённай гімназіі Дзяніс Дубаневіч на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю з Ганнай Севярынец. — Больш нічога на гэты конт камэнтаваць ня буду».

Верш Ганны Севярынец «А я за вас не галасавала ніколі» быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода 6 чэрвеня.

5-гадовы працоўны кантракт Ганны Севярынец заканчваецца 17 жніўня.

«Я доўга думала, ці рабіць гэтую сытуацыю публічнай, — тлумачыць Ганна, чаму наважылася расказаць пра гэта. — Але пасьля я зразумела, што калі нічога не скажу і проста ў верасьні перайду на іншую працу, то дзецям ці мала што скажуць — „звольнілася, знайшла лепшае“. Толькі гэтая думка мяне насамрэч прымусіла выказацца, бо я разумею, што назад дарогі няма. На жаль, бо я б, вядома, да дзяцей вярнулася. Але я проста не хачу, каб дзеці думалі, што я іх „прамяняла на нешта“».

Яна кажа, што пасьля таго, як людзі даведаліся пра яе звальненьне, прапановы працы паступаюць. «Але для мяне тут галоўнае, каб дзеці разумелі, што я іх ня кінула», — тлумачыць Ганна Севярынец.

Хто такая Ганна Севярынец?

Ганна Севярынец — настаўніца вышэйшай катэгорыі, ляўрэат конкурсу «Настаўнік году Менскай вобласьці — 2017» і фіналіст гэтага ж конкурсу ў 2020 годзе.

Вучні Севярынец станавіліся пераможцамі алімпіяд і конкурсаў.

Севярынец займаецца літаратурнымі дасьледаваньнямі. Яна знайшла архіў паэта Алеся Дудара і склала найбольш поўны збор яго твораў «Алесь Дудар. Выбраныя творы» (2017).

Ляўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» у 2017 годзе. Аўтарка і складальніца кніг «Уладзімір Дубоўка: ён і пра яго» (2017), «Вакол Пятра Глебкі» (2019), «Тры Анегіны» (2020), «Янка Купала. Выбраныя творы» (2020). Аўтарка мастацкай прозы: «Вспоминая Вегас», «Дзень сьвятога Патрыка» (2017), «Гасьцініца „Бэльгія“» (2019).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG