Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дыстант: нараджэньне ў пакутах


Ілюстрацыйнае фота

Сапраўды, хочацца, як той бабе-павітусе зь беларускіх павер’яў, расплесьці касу, набраць вады ў рот, павесіць на крук ля дзьвярэй ручнік-радзільнік, паадкрываць усе куфры і скарбонкі і расшпіліць усе гузікі на Міністэрстве адукацыі, каб спрасьціць нашаму чынавенству цяжкія радзіны беларускай дыстанцыйнай адукацыі.

Дыстант, вялікі і неадменны, паўстаў перад намі не ў якасьці дэкаратыўных гульняў на мэтадычных паседжаньнях альбо настаўніцкіх курсах, а ў сваёй неабвержнай рэальнасьці.

Настаўнікі кінуліся шукаць рэсурсаў, пляцовак і магчымасьцяў. Мала хто з нас думае зараз пра што іншае, акрамя таго, як перавесьці хаця б свае родненькія клясы на дыстанцыйнае навучаньне ва ўмовах нізкай настаўніцкай кампэтэнтнасьці, пры малой тэхнічнай забясьпечанасьці і пры поўнай несуладнасьці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Між тым ёсьць адна невідавочная, але існая пагроза. Яе сфармуляваў Сяргей Дубавец у гутарцы са Змітром Лукашуком для чарговага эфіру «Эўрарадыё»: «Я пакуль бачу толькі, што паўсюль, дзе пераходзяць на дыстанцыйнае навучаньне, робяць гэта на расейскіх плятформах, бо там усё падрыхтавана, а свайго няма. Так зь вірусам павялічваецца абсяг русыфікацыі, прычым татальна».

Відавочна, нам, настаўнікам зараз не да гэтага. Ці будзем мы думаць, што велізарныя базы дадзеных беларускіх настаўнікаў і вучняў зараз трапяць на расейскія рэсурсы, адкуль пальецца на ўсіх нас адпаведная рэкляма, прапановы навучаньня ў Расеі, расейскі адукацыйны кантэнт? А ён пальецца.

І разам са зручнымі тэхналёгіямі, таленавітымі распрацоўкамі, магчымасьцямі сэрвэраў і досьведам перадавых настаўнікаў краіны-суседкі мы атрымаем бязьмежны чужы кантэнт, доступ да нашых адрасоў і залежнасьць ад чужых сыстэм і правіл.

А хацелася б свайго. Бо і ў нас ёсьць таленавітыя праграмісты, крэатыўныя настаўнікі, свае школьныя традыцыі і свае энтузіясты пэдагагічнай справы. І няхай мы пакуль не такія магутныя і моцныя, але ручнік-радзільнік ужо вісіць, брамы расчыненыя і гузікі расшпіленыя. Давайце ўжо нараджаць сваё.

Цяпер канкрэтыка.

  • На партале nastaunik.info сабраная вялікая колькасьць матэрыялаў для правядзеньня ўрокаў. Менавіта тут акумулююцца новыя напрацоўкі нашых настаўнікаў па арганізацыі першага навучальнага тыдня ва ўмовах дыстанту. У стварэньні адукацыйных ролікаў, якія можна выкарыстоўваць усім, прымаюць удзел пераможцы рэгіянальных прафэсійных конкурсаў, пэдагогі-наватары, ініцыятыўныя школьныя настаўнікі, усе — практыкі, усе — са сваімі клясамі ва ўмелых руках.
  • Вось тут галоўная рэдактарка пляцоўкі Тамара Мацкевіч дае самы сьвежы агляд зробленага: вельмі шмат матэрыялаў сабрана для пачатковай школы, што мае асаблівую каштоўнасьць.
  • Гарадзенскія настаўнікі падрыхтавалі ўсе школьныя ўрокі па ўсіх тэмах першага тыдня 4 чвэрці: Гэта невялікія, але густоўна зробленыя традыцыйныя ўрокі, скарочаныя да 5-15 хвілінаў, якімі можна скарыстацца пры фармаваньні праграм самастойнага навучаньня.
  • На сайце найбуйнейшага адукацыйнага выдавецтва выкладзеныя ў бясплатны доступ працоўныя сшыткі і падручнікі з матэрыяламі за 4 чвэрць: Ёсьць магчымасьць доступу праз мабільны дадатак.
  • Створаны адмысловы беларускі рэсурс для правядзеньня відэаканфэрэнцый, прасьцейшы ў выкарыстаньні за zoom. Плятформа шчэ адладжваецца, але менавіта мы можам дапамагчы ёй, карыстаючыся і паведамляючы ад праблемах у тэхпадтрымку. Важна, што разьмешчаная плятформа на беларускім сэрвэры, а значыць, ня будзе перагружаная ў сусьветных маштабах.
  • Існуе вельмі неблагая беларуская плятформа для дыстанцыйнага навучаньня Эффор.бай, дзе знаходзяцца ўжо распрацаваныя курсы і матэрыялы па большасьці вучэбных прадметаў (праўда, рэгістравацца ў ёй трэба цэнтралізавана школай, да канца 2020 года яна бясплатная).
  • Хочацца нагадаць і пра іншыя адукацыйныя рэсурсы, матэрыялы якіх можна з вялікім посьпехам і эфэктыўнасьцю выкарыстоўваць у навучаньні старэйшых клясаў — менавіта ў гуманітарнай сфэры. Гэта wir.by/be/ — відэа, падкасты, артыкулы па беларускай і сусьветнай культуры, створаныя маладой і крэатыўнай камандай, якая размаўляе з маладзёвай аўдыторыяй у самай прагрэсіўнай стылістыцы, гэта грунтоўныя матэрыялы, створаныя Лятучым унівэрсытэтам .
  • Не забываймася і пра Беларускую палічку, дзе складзеная большасьць беларускай клясыкі, і бібліятэку Камунікат.

Карацей, давайце ўжо як нараджаць — дык нараджаць сваё. Дарэмна, ці што, пакутуем?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG