Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я прыглядаюся да дзяцей» — Ганна Севярынец пра гібель «старога сьвету вэртыкаляў улады і паслухмяных чыноўнікаў»


Ганна Севярынец

Сказаць па праўдзе, у нейкі момант — літаральна сёньня — мяне перастала турбаваць тое, што адбываецца ў сувязі з пандэміяй у шматлікіх чыноўных сыстэмах нашай дзяржавы. Відавочна, што ўсе гэтыя хібы і заганы, мітусьня і незразумелыя крокі — зьявы ўчорашняга, дапандэмічнага дня.

Сьвет мяняецца, мы мяняемся, галоўнае — што мяняемся менавіта мы. Мы гатовыя самаарганізоўвацца, супраціўляцца, настойваць на сваім, выказвацца і прымаць рашэньні. Відавочна, што цяпер, у часы хуткіх эфэктыўных рашэньняў, перамагае стратэгія грамадзянскай супольнасьці. Стары сьвет вэртыкаляў улады, паслухмяных чыноўнікаў, несамастойных органаў кіраваньня яшчэ аганізуе, але ён загіне — проста таму, што ягоная неэфэктыўнасьць бачная няўзброеным вокам.

Самі людзі ўнутры неэфэктыўных сыстэмаў павінны будуць прымаць рашэньні аб перабудове — бо і ў іх ёсьць старыя бацькі, малыя дзеці, такое ці іншае сумленьне, разуменьне ўласнай годнасьці і жаданьне жыць прыстойна.

Але мяне зараз вельмі цікавіць дзень заўтрашні — дзень, у якім будуць прымаць рашэньні нашыя дзеці. Ён настане вельмі хутка — дзеці растуць, сталеюць, прыходзяць у сыстэмы. Няшмат зь іх мае жаданьне ўбудоўвацца ў стары, іржавы мэханізм старасьвецкага разуменьня стратэгій і тактык.

І я прыглядаюся да дзяцей.

Мяне моцна ўзрушыла адно рашэньне, якое днямі прынялі знаёмыя мне вучні, рэспубліканскія алімпіяднікі. Фінальны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды быў перанесены з сакавіцкіх датаў на нявызначаны час — а гэта значыць, што самыя моцныя, самыя матываваныя дзеці засталіся без апошняга спаборніцтва, да якога яны ішлі гадамі, працуючы з крывёй і потам.

Дык вось калі ў кулюарах пачалі абмяркоўваць магчымасьць правядзеньня гэтай алімпіяды — у да-пандэмічным фармаце, з выездам у іншыя гарады, з жыцьцём у інтэрнатах — частка дзяцей катэгарычна заявіла, што не паедзе. І тады іншыя дзеці, тыя, чые бацькі шчэ вагаліся з забаронай, бо ведалі, што значыць для школьніка-спартоўца апошні бой, іншыя дзеці сказалі: «Мы таксама не паедзем, бо мы ня хочам перамогі за такі кошт. Як мы можам змагацца, калі нашыя супернікі прымуць рашэньне не ехаць? Нам не патрэбная такая перамога».

Сказаць па праўдзе, я ня ведаю, ці дадумалася б я да такой бездакорна годнай фармулёўкі і да такога высакароднага ўчынку.
Я гляджу, як дзеці пераходзяць на дыстант. Пакуль мы, дарослыя, тумкаемся ў мэсэнджэрах і гугл-клясах, яны ўжо самаарганізаваліся і самастойна праводзяць оналйн-трэніроўкі сваіх «Што? Дзе? Калі?».

Яны імгненна адгукаюцца на любыя прапановы настаўнікаў: засвойваюць фарматы відэаканфэрэнцый, здымаюць для сваіх аднаклясьнікаў адукацыйны кантэнт, да ночы выконваюць тэсты, сочаць за дэдлайнамі, бяз жалю адкідаюць непатрэбнае і канцэнтруюцца на галоўным.

А яшчэ я стала зусім па-іншаму глядзець на супрацоўніцтва вучняў і іх бацькоў. Раней мне падавалася, што кожны вучань павінен вучыцца сам, і барані божа маме ці тату выправіць памылку ў дзіцячым сачыненьні! Але як жа слушна выглядае сёньня такое выпраўленьне! Як жа прыемна глядзець на чысьценькія, напісаныя пад бацькоўскім наглядам практыкаваньні і эсэ. Гэта значыць, што ў сям’і дарослыя і дзеці — за адно. Яны сапраўды гуртуюцца ў форс-мажорных абставінах. Сям’я сваіх не кідае.

Вядома ж, я кажу не пра ўсіх дзяцей. Усе дзеці, як і ўсе дарослыя, вельмі розныя. Я кажу пра тых, хто сёньня гатовы прыняць выклікі часу. І яны, нашы дзеці, гатовыя іх прыняць лепей за каго з нас.

Бывае, сумна глядзець назад, на тыя шчамлёткі старога сьвету, якія ўсё яшчэ матляюцца за нашымі сьпінамі. Але як жа хораша і шчасьліва глядзець наперад, туды, дзе будуць гаспадарыць нашыя дзеці.

А яны будуць. Іначай не бывае.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG