Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэтчэр, Піначэт, Лукашэнка і Сабчак з «самім Лордам Бэлам»


Мікалай Халезін.

Піша кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Што мяне рэгулярна прыводзіць у роспач — гэта запал грамадзкіх дзеячаў постсавецкай прасторы падставіць усе свае інтымныя часткі цела мэдыйным асобам «першага» сьвету, не разьбіраючыся ў іх рэпутацыі.

Ксенія Сабчак публікуе ў сваім інстаграме фатаграфію ў кампаніі з Лордам Бэлам і чароўным подпісам: «З самім Лордам Бэлам, які працаваў з легендарнай Маргарэт Тэтчэр, дамаўляемся пра міжнародную падтрымку кампаніі».

У гэтай публікацыі выдатна ўсё: і згадка Тэтчэр, якая зьвярнулася ў кампанію Bell & Pottinger, калі сытуацыя зь яе рэпутацыяй стала ў Брытаніі непапраўнай; і эпітэт «легендарная», сьмерць якой суправаджалася ў большасьці рэгіёнаў Вялікабрытаніі слоганам «С..а памерла!»; і чароўнымі пэрспэктывамі супрацоўніцтва, пра якія варта сказаць асобна.

Лорд Бэл на працягу ўсёй сваёй кар’еры імкнуўся да працы з палітыкамі «цяжкай рукі»: спачатку — з Маргарэт Тэтчэр, пазьней — з Аўгуста Піначэтам, у фінале карʼеры — з Аляксандрам Лукашэнкам...

Ксенія Сабчак перад інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. 2014 год.
Ксенія Сабчак перад інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. 2014 год.

Ведаем пра яго карʼеру не па чутках, паколькі «хавалі» яго праект падтрымкі беларускага дыктатара.

Дарэчы, менавіта тут, на сваёй старонцы ў Фэйсбуку я апублікаваў яго праграму адмываньня іміджу Аляксандра Лукашэнкі.

Лорд Цімаці Бэл
Лорд Цімаці Бэл

Яшчэ Ксеніі Сабчак варта было б ведаць пра тое, што «сам» Лорд Бэл выгнаны з кампаніі Bell & Pottinger за сваю дзейнасьць, і сёньня зьяўляецца спэцыялістам, які знаходзіцца па-за законам, ня маючы магчымасьці працаваць легальна ў рамках некалі заснаванай ім pr-структуры. І сёньня вядзецца расьсьледаваньне яго дзейнасьці брытанскімі праваабарончымі структурамі.

Мне было цікава, ці зможа Ксенія Сабчак, да дзейнасьці якой у апошнія некалькі гадоў меў сымпатыю, захаваць сваю «патэнцыю атакі», але сёньня разумею, што ня зможа. І таму асабіста для мяне яна перастала быць як-небудзь цікавая.

І справа ня толькі ў яе неахайнасьці ў адносінах з публічнымі асобамі, але і ў тым, што ў міжнародным полі яна абсалютна не трымае ўдар. Адна справа, супрацьстаяць лубачнаму нэандэртальцу Ўладзіміру Салаўёву, або падыгрываць Юрыю Дудзю, які мае да Ксеніі «рэспэкт», але зусім іншая справа вытрымаць падачу вядучага HardTalk Стывэна Сакера, які, намацаўшы слабае месца Сабчак у адносінах зь лідэрамі расейскай улады, праціснуў яе, прымусіўшы адысьці ад вострых пытаньняў, і прадэманстраваўшы такім чынам брытанскай аўдыторыі адсутнасьць якой бы там ні было патэнцыі да супраціву з боку «як бы кандыдата ў прэзыдэнты» Ксеніі Сабчак.

Мабыць, аб будучых расейскіх прэзыдэнцкіх выбарах у мяне ўсё.

Арыгінал публікацыі — на старонцы Мікалая Халезіна ў Фэйсбуку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG