Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога я не падпісвала». Як фармаваліся выбарчыя камісіі ў Фрунзэнскім раёне Менску


Ілюстрацыйнае фота

Грамадзяне, да якіх датэлефанаваўся карэспандэнт Свабоды, сказалі, што ня памятаюць, ці падпісваліся яны за вылучэньне прадстаўнікоў у выбарчую камісію.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Мянчук Яўген Жамойдзін паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ў яго выклікалі падазрэньне подпісы за вылучэньне прадстаўнікоў ва ўчастковую выбарчую камісію №63 Маргарыты Дудко і Юліі Жылінскай.

«Я і мой калега вылучаліся ад працоўнага калектыву ў склад участковай камісіі па Фрунзэнскім раёне. І мой калега Антон Мазец вылучаўся ва ўчастковую камісію №63 Фрунзэнскага раёну і не прайшоў на галасаваньні. Мы палічылі, што нашы правы парушаныя і абскардзілі гэтае рашэньне ў судзе Фрунзэнскага раёну. Мы зьвярталі ўвагу на розныя парушэньні заканадаўства», — сказаў Яўген Жамойдзін.

Аднак суд адхіліў скаргу і пакінуў рашэньне аб фармаваньні камісіі ў сіле. Камісія складаецца з работнікаў аднаго калектыву — настаўнікаў і дырэктара менскай школы №167, у якой і месьціцца ўчастак.

«Мы прааналізавалі склад сфармаванай камісіі. Заяваў было 14, а прайшлі 13 чалавек. Значыць, Антон Мазец быў адзіны, каму адмовілі», — кажа Яўген Жамойдзін.

Падчас судовага разбору ўдалося азнаёміцца з матэрыяламі справы, у якой былі заявы на вылучэньне ў камісію Дудко і Жылінскай.

«Мы азнаёміліся з матэрыяламі справы. Пасьля матэрыялу на Радыё Свабода мы пільней вырашылі зьвярнуць увагу на прозьвішчы і імёны. Выявілася, што пададзены амаль аднолькавыя сьпісы грамадзян і, больш за тое, у двух сьпісах, якія падавалі розныя людзі, подпісы грамадзян прынцыпова адрозьніваюцца. Відавочна альбо гэты чалавек не падпісваўся за аднаго зь іх, альбо ён не падпісваўся за абодвух. Бо калі адзін і той жа чалавек фактычна ў адзін і той жа час падпісваецца абсалютна рознымі почыркамі, гэта нейкі відавочны падвох», — мяркуе Яўген Жамойдзін.

«Па кватэрах я не хадзіла»

Настаўніца Маргарыта Дудко сказала карэспандэнту Свабоды, што людзі за яе вылучэньне падпісваліся самі. Як яна зьбірала подпісы?

«Ну падыходзіла, пыталася: як, што, магчыма такое ці не. Так, калі ласка. Па кватэрах я не хадзіла, прыходзілі ў школу».

Паводле Дудко, падпісваліся бацькі дзяцей, якія вучацца ў школе.

Што кажуць падпісанты?

У абедзьвюх заявах для вылучэньня кандыдата ў склад камісіі, за Жылінскую і Дудко, стаіць подпіс Валянціны Шульгі.

— Вы падпісваліся за вылучэньне сябра ўчастковай выбарчай камісіі?

— Нічога я не падпісвала, нават ня ведаю, што гэта такое.

— Але ваш подпіс стаіць за Жылінскую і за Дудко.

— Ды вы што, ня можа быць такога, я такой нават ня ведаю: ні Жылінскай, ні Дудко. А хто гэта такія?

— Ну вось яны вылучыліся ва ўчастковую выбарчую камісію…

— А, на выбарах? А-а-а... І што?

— Дык вы падпісваліся ці не?

— Ну калі ў школе быў сход, то магла падпісвацца там. Я ня памятаю.

— Тут подпіс за 9 чэрвеня.

— Ня памятаю. Мне ўжо столькі гадоў, што я ня памятаю. Але калі там мой подпіс стаіць, значыць, нешта недзе, відаць, падпісвала. Але я ня ўпэўнена, ня памятаю. А яшчэ нехта ёсьць з нашага дома?

— Нікога.

— Відаць, я была на сходзе ў школе, я ў школе прыбіральніца. І там, напэўна, падпісвала. Я зараз сазванюся са сваімі дзяўчатамі.

— А вы памятаеце, каго вы вылучалі ў выбарчую камісію?

— Ня памятаю і ня ведаю.

— А Жылінскую і Дудко вы ведаеце?

— Гэта настаўніцы ў школе. Значыць, падпісвала за іх. Калі гэта ў школе быў сход, напэўна, значыць, падпісвала.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў таксама зь Дзянісам Караваевым, подпісы якога стаяць пад заявамі Жылінскай і Дудко.

— Вы падпісваліся за вылучэньне прадстаўніка ва ўчастковую выбарчую камісію?

— Не-не-не.

— Не падпісваліся?

— Не.

— Але ваш подпіс у дзьвюх заявах: і за Жылінскую, і за Дудко.

— Ня памятаю. Які гэта быў дзень?

— Я вось хачу ў вас спытаць.

— Я ня памятаю.

— Дык вы падпісвалі ці ня памятаеце?

— Ды я ня памятаю ўжо.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG