Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеры Кабанаў, Лосік і Пятрухін у СІЗА. Лосіку падоўжылі арышт да 10 дзён для выстаўленьня абвінавачаньня


Ігар Лосік, архіўнае фота

Адвакат Ігара Лосіка паведаміў Свабодзе, што блогеру падоўжылі арышт да 10 дзён на час выстаўленьня абвінавачаньня. Цяпер Лосік знаходзіцца ў менскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Туды ж перавялі берасьцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як піша «Берасьцейская Вясна», Кабанава і Пятрухіна падазраюць у «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікам улады або актыўным удзеле ў іх» за падзеі 29 траўня ў Горадні, калі затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага.

Кабанаў, пішуць праваабароцы, «вельмі зьнямоглы».

Пятрухін ужо атрымаў перадачу вагой 5 кг зь ежай і лекамі, Кабанаў — перадачу зь лекамі. Перадачу Лосіку раней адмовіліся прыняць, «бо праводзіцца санітарная апрацоўка будынка».

Ігара Лосіка міліцыя затрымала 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў ягонай кватэры ў Баранавічах. Заведзена справа паводле артыкулу 342 КК — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ігар Лосік з пачатку зьняволеньня быў у менскай турме на Акрэсьціна, цяпер у менскім СІЗА №1.

Аўтара каналаў «Народны рэпартэр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня. Перад затрыманьнем міліцыянты паведамілі Пятрухіну, што забіраюць яго на «неадбытыя суткі», паплечнікі меркавалі, што за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага заводу.

Прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай і паплечніка Пятрухіна ў «Народным рэпартэры» Аляксандра Кабанава затрымалі пасьля наведваньня паліклінікі 15-га чэрвеня. Спачатку яго асудзілі на «суткі», а пазьней яго месцазнаходжаньне было невядомае. Кабанаў перахварэў на каранавірус.

Паводле артыкулу 342 КК абвінавачваюць таксама аўтара Youtube-канала «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, жонка якога Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі. Акрамя гэтага, блогера абвінавачваюць паводле артыкулу 191 КК (перашкода выбарам). Ціханоўскага трымаюць у менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

На Telegram-канал «Беларусь галаўнога мозгу», які вядзе Ігар Лосіск, падпісаны 170 тысяч чалавек. Апошнія месяцы канал актыўна асьвятляе падзеі вакол выбарчай кампаніі, у тым ліку разьмяшчаў відэазапісы з удзелам відавочцаў затрыманьняў падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня, затрыманьняў каля сталічнай крамы Symbal.by 23 чэрвеня. Ігар Лосік таксама зьяўляецца фрылансэрам-кансультантам Радыё Свабода, быў стыпэндыятам Вацлава Гаўла.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG