Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty  International  патрабуе вызваліць арыштаваных у Беларусі блогераў і актывістаў 


Amnesty International logo in English

Міжнародная арганізацыя Amnesty International патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць Ігара Лосіка і іншых арыштаваных беларускіх блогераў і актывістаў, паведамляе Інтэрфакс.

Amnesty International патрабуе вызваліць арыштаваных у Беларусі блогераў і актывістаў

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Міжнародная арганізацыя Amnesty International патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць Ігара Лосіка і іншых арыштаваных беларускіх блогераў і актывістаў, паведамляе Інтэрфакс.

«Беларускія ўлады праводзяць паўнамаштабную зачыстку іншадумцаў, выкарыстоўваючы рэпрэсіўныя законы для задушэньня крытыкі напярэдадні выбараў, на якіх прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка балятуецца на шосты тэрмін запар.

Кандыдаты ад апазыцыі, прыхільнікі і незалежныя СМІ сутыкнуліся з адвольнымі арыштамі, вялікімі штрафамі і турэмным зьняволеньнем. Цяпер тыя, хто актыўна вядуць сацыяльныя сеткі, становяцца мішэньню перасьледаў», — заявіла старэйшая кіраўніца кампаній Amnesty International па Беларусі Аіша Джанг.

Так яна пракамэнтавала паведамленьні, што прынамсі тры выбітныя блогеры — Ігар Лосік, Сяргей Пятрухін і Сяргей Спарыш — былі затрыманыя ў чацьвер.

«Мы ўзрушаныя гэтымі апошнімі арыштамі. Прынамсі яшчэ два папулярныя блогеры, Уладзімер Няронскі і Ўладзімер Цыгановіч, ужо знаходзяцца пад арыштам і ім прад’яўленае абвінавачаньне. Ніхто не павінен быць пакараны за выкарыстаньне інтэрнэту для выражэньня думкі пра ўрад і ягоную палітыку. Улады павінны разумець, што свабода слова — гэта права, а не злачынства», — дадала Джанг.

«Amnesty International заклікае неадкладна і безагаворачна вызваліць усіх блогераў і пакласьці канец задушэньню свабоды выражэньня думак у Беларусі, якое працягваецца», — гаворыцца на сайце арганізацыі.

Amnesty International нагадвае, што за суткі беларускія ўлады арыштавалі паводле сфабрыкаваных абвінавачаньняў

  • Ігара Лосіка, аўтара папулярнага тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу»,
  • Сяргея Пятрухіна, адміністратара тэлеграм-каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-депутаты»,
  • Сяргея Спарыша, сябра ўстаноўчага камітэту партыі «Народная грамада».
  • Уладзімеру Цыгановічу ў часе 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірнай дэманстрацыі выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімера Няронскага абвінавацілі ў «публічнай зьнявазе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК)

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG